- Зямля ў цябе ёсць? - спытаўся.
- Ёсць... - адказала.
- Араць яе трэба?
- Трэба, - кiўнула, i вусны расплылiся ва ўсмешцы.
- Ну, дык вось я i прыехаў араць, - сказаў Хомчык засмяяўшыся. Аксеня яшчэ больш зачырванелася.
- А божа, адкуль такое шчасце? Цi ж я спадзявалася? Злазьце з воза хутчэй, распрагайце конi, няхай папасуцца на падворку. - Яна кiнулася было распрагаць сама, але Хомчык ёй не даў.
- Распрагу сам. У цябе ёсць свая работа.
Распрогшы коней i прывязаўшы iх мiж слiвак i вiшань, Хомчык зайшоў у хату. За маленькаю адгародачкай была кухня. Праход у пярэднюю быў завешан кужэльнай занавессю. Туды папрасiла прайсцi Хомчыка Аксеня. Хомчык увайшоў у паўзмрочную таксама невялiчкую пярэднюю, чыста прыбраную i ўтульную. Насупраць на сцяне вiсела вялiкае люстра, за яго былi заткнуты пучкi сушаных кветак, перамешаных з каноплямi i лёнам. Збоку - фатаграфii ў рамках. У пярэднiм кутку над сталом невялiчкi абразок, прыбраны ручнiком. Пры сцяне жалезны ложак, засцелены саматканай коўдрай у светла-блакiтных колерах. Хомчык павесiў аўтамат на драўляны крук i, распрануўшыся, стаў перад люстрам прычэсвацца. Калi ён пачуў, як Аксеня на падворку клiкала курэй i ўбачыў, як яна мiльганула ў акно, выйшаў з хаты.
- Вось што, Аксеня, - у мяне конi i плуг. Ад цябе патрабуюцца пастронкi i ворчыкi.
- Знайду, усё знайду, - сказала яна прыпынiўшыся. - А вы адпачывайце, яшчэ маем час. Як паснедаем, тады...
- Не, не - давай зараз... Адпачываць мы, дарагая, адвучылiся.
Праз хвiлiн пяць Аксеня вынесла з хлява пастронкi з ворчыкамi. Хомчык пачаў рыхтаваць плуг.
На снеданне яна паставiла на стол салёныя агуркi з бульбай, потым сала з блiнамi, сырам i малаком. Прынесла з каморы бутэльку гарэлкi, настоенай на вiшнi.
Хомчык не хацеў адзiн есцi, пратэставаў, аж пакуль не прымусiў Аксеню снедаць разам.
- Ну, то добра, зараз сяду, зараз. - Яна выйшла ў сенцы i хутка вярнулася прыбраная па-святочнаму. I белая кофта з рукавамi па локцi, i чорная шарсцяная спаднiца, i белая хустка надавалi ёй прывабны выгляд. Села яна за стол, заружавелася, як кветка. Спачатку Хомчык не адважыўся ўзняць на яе вочы - быў неяк прыдаўлены яе прысутнасцю... З гэтага ўсяго.. заўзята рвануў чарку гарэлкi, чокнуўшыся з Аксеняй.
- А вы ешце, ешце... - запрашала яна.
- А ты мяне не завi на 'вы', - сказаў Хомчык, - а проста, на 'ты'.
- Як жа... Я вас паважаю. Вы ж нашы i абаронцы i аратыя.
Хутка выехалi ў поле. Аксеня паказала, дзе араць. Хомчык закiнуў аўтамат за плечы i ўзяўся за плуг. Конi, адвыклыя ад плуга, сталi крывiць баразну.
- Давайце я буду паводзiць, - сказала Аксеня i ўзялася за павадкi аброцi. Плуг пайшоў роўна, адвальваючы скiбы цёплай, бурай зямлi. Аксеня, адвярнуўшыся, сказала: - Нашто ты стрэльбу павесiў на плечы? Гэта ж цяжка...
Сказаўшы 'ты', яна крыху сумелася. Блiснула вачыма, усмiхнулася.
- Зброi нам кiдаць нельга. Вайна.
- То дай хоць я паднясу трохi...
- Каб ты ўмела страляць, даў бы, а так - не магу. Стрэльба, усмiхнуўся Хомчык, - мне не перашкаджае...
Конi ступалi бойка, а побач iшла Аксеня, iшла роўнаю, павольнаю хадою.
Вецер раздуваў грывы коней i свежым струменем плыў ля вушэй Хомчыка. Прад яго вачыма мiльгацеў белы фартушок Аксенi.
Шуршэла зямля пад плугам.
Хомчык, iдучы за гэтай жанчынай, мог бы i забыцца, што ён партызан, што на свеце вайна. Але плечы муляў аўтамат. Час ад часу даносiлася стралянiна: партызаны ў лагеры выпрабоўвалi зброю. Ззаду ў свежай баразне дзяўблi раллю вароны, вецер падуваў недзе, здаецца, з сiнявы нябёс. Цёмны лес атуляў поле высокаю сцяною. Здавалася, што гэта мiрны куточак зямлi, якi адрэзаны ад свету i жыве сваiмi законамi, сваёй штодзённай цiхаю плынню. Каб не далёкi недзе гул самалётаў, каб не праезды партызан, не стралянiна, можна было б сказаць, што на свеце ўсё iдзе цiха i мiрна.
Калi сонца паднялося высока над лесам i сагнала расу, верхам на канi аб'язджаў поле камiсар атрада - правяраў, як працуюць партызаны. Едучы ўскраiнай лесу, ён наблiзiўся да Хомчыка i Аксенi.
- Як працуецца, Хомчык?
- Добра, таварыш камiсар.
Камiсар глянуў на Аксеню i, усмiхнуўшыся, сказаў:
- Ну, я думаю, што добра... Маеш такую гаспадыню, што нi ў казцы сказаць, нi пяром апiсаць...
Аксеня пачырванела i адказала:
- Жартуеце, таварыш...
- Вось што, - зварочваючыся да Аксенi, сказаў камiсар сур'ёзна, - калi ён вам дрэнна будзе рабiць, прыдзеце i заявiце мне...
- Ды ў мяне i работы нямнога...
- Усё будзе як мае быць, таварыш камiсар.
- Ну, глядзi... - Камiсар сцебануў каня.
Хомчык завярнуўся, усадзiў плуг у зямлю i спынiў коней.
- Адпачнём, Аксеня, вось пад гэтым дубком, закурым, хай конi перадыхнуць, - i ўзяўшы Аксеню пад руку, ён павёў яе ў цянёк. Яны селi.
- Ты бойкая песнi спяваць, а вось мужчын баiшся...
- Дый такi баюся...
- Ты вырасла, як дзiчка ў лесе... Яна i цвiце i калючая...
- Не, я не калючая...
Скруцiўшы папяросу, Хомчык стаў красаць агонь. Яна склала паперу i завязвала яго кашпук.
- Нехарошы ў цябе капшук...
- Гэты капшук, як маё жыццё... Бачыш, не нажыў сабе яшчэ нiякай Аксенi, каб пашыла лепшы...
- Ой, у вас можа многа было гэтых Аксеняў...
- Клянуся, галубка, што не... Не было часу. То навука, то ваенная служба, то вайна вось... Так i памрэш без Аксенi.
- Ну, яно можа быць i так, але штосьцi не верыцца.
- Вер не вер, а гэта так... Вось скончым вайну, тады ажанюся.
Аксеня аглянулася ў лес i сказала:
- Трэба iсцi чабру, сунiчнiку назбiраць, увечары чаю наварым.
- А цукру дзе возьмеш?..
Аксеня ўскiнула вачыма на Хомчыка i хутка iх адвяла ўбок.
- Для цябе знойдзецца, - сказала гуллiва i скочыла з месца. Хомчык ляжаў i курыў. I зноў, як тады, данеслася песня. Хомчык заварушыўся i азiрнуўся на лес. Чамусьцi пацягнуў шапку за казырок, i, нацiснуўшы цясней на лоб, устаў i падаўся на песню. Зноў спалохаў Аксеню, як тады. Але цяпер абое рассмяялiся.
- Прыйшоў памагчы табе рваць... Не пярэчыш?
Яна прадаўжала песню:
Ой, за лесам, за ракою,
Там Марыся жыта жала,
У правай ручцы серп дзяржала...
Хомчык, забегшы за куст, трапiў на шырокую купiну чабру i стаў iрваць яго спрытна.
Хутка нарваў цэлае бярэмя.
- На, бачыш, як скора...
- Ой, цi ж так iрвуць? Цэлае бярэмя з травою.
- Нiчога, дома перабярэш. Хадзем да коней... Давай бягом, хто хутчэй...
Аксеня зiрнула, адвярнуўшыся, на Хомчыка i з месца шуганула праз кусты. Хомчык за ёю. Перад вачыма мiльганула ў лiсцi белая хустка. Хомчык прыбавiў ходу i, даганяючы Аксеню, абхапiў яе рукамi. Яна