Убачыўшы ля варот на вулiцы Юзюка, яна злякнулася, як немаведама чаго. Юзюка яна адразу не пазнала: бачыла даўна, вясной, калi сеялi на загуменнi бульбу. Ён як усё роўна недзе быў дзеўся з вёскi: нi знай нi ведай куды.

Юзюк iшоў па двары спавагi, як стары. Яго босыя ногi былi мокрыя ад расы, i на iх паналiпала пяску. Iшоў, нi разу не азiрнуўшыся за раку на Выганчык, дзе стралялi. Яго нястрыжаныя валасы рассыпалiся на галаве на рад i закрывалi вушы. Рукi ён усунуў у кiшэнi, бы хаваў ад людзей. Глядзеў на Таню што чужы, насупiўшыся i спадылба, як не пазнаваў. Вочы ў яго былi вялiкiя i бегалi: з Танi - на гарод, дзе стаялi калёсы, з гароду - на яе, Таню.

- Што, не запраглiся? Я так i знаў. Адны на ўсю вёску... Дзе кабыла? ён узяў аброць у Танi з рук, а яна стаяла i нiчога не магла сказаць. Адкручвала толькi павадок, якi быў закруцiўся ў яе за руку.

- У хлеве... - пасля як апомнiлася яна.

- А матка дзе?

- У хаце...

Ён нiчога не сказаў, крутнуўся толькi на нагах, i ёй падумалася, што ў яго шырокiя плечы i ходзiць ён па двары як усё роўна мужчына... Ён запражэ кабылу, i яны паедуць з усiмi ў Карчаваткi.

Стала цiха, i ёй здалося яшчэ, што пашырэў двор; яна ўбачыла, як блiшчыць на падарожнiку i ў гародчыку на высокiм бацвiннi раса. У гародчык праз дзiркi ў паркане палезлi куры.

'У агуркi... Завязь дзяўбаць... - падумала яна. - Цяпер буду ведаць, якiя памаўзлiвыя...'

- Акы-ыш!.. - закрычала была яна, але куры яе не пачулi: iшлi баразной мiж град, клюючы бацвiнне. Яно было высокае i краталася ў iх над галовамi.

Яна ўбачыла яшчэ, што на небе нi воблака - яно, як i ўчора, чыстае з самай ранiцы. Сонца яшчэ над лесам, чырвонае i не грэе. Недзе за вёскай, у Камене, мусiць, нешта гарыць - угару слупам падняўся чорны дым. На вулiцы ля Панка бегалi i пiшчалi курчаты, маленькiя, жоўценькiя. Адны, без квактухi. Ля маста, мусiць, у Махоркi ў гародзе, рыкала цяля.

Тады зноў пачалi страляць: i ў канцы вёскi i за ракой на могiлках - ля Сушкава.

На ганак выйшла мацi, несучы перад сабой дзве падушкi, звязаныя рудой пасцiлкай; паклала iх на зямлю, села на парог i стала глядзець на яе, Таню, падпёршы рукой галаву. Глядзела i плакала.

Юзюк вывеў на двор кабылу - кабыла iшла за iм, дрыжучы i хмылячыся; з-пад грывы ў яе блiшчалi вочы; у зубах краталiся i бразгалi цуглi.

- Здарова, матка!.. - загаманiў Юзюк адразу на ўвесь двор.

- А дзеткi... Адкуль жа ты, сынок? - мацi падымалася з парога. - А што ж гэта робiцца? Гэта ж кiнуць- рынуць усё... Гэта ж бегчы нiтведама куды...

- Нiчога, матка. Мы цiхачом... Карчаваткi блiзка... - Юзюк паказваў зубы, смяяўся.

- А вашы, сын? Паехалi, мусiць, калi прыбег... Толькi мы адны i хворыя i апушчоныя... - мацi стаяла на нагах.

- Нашых ужо чорт не возьме. Калёсы грымелi на загуменнi, аж немцы папужалiся i - назад, за раку... Як мышы - тыц, тыц у кусты... Сам вiдзiў.

- Не трэба так, сын... У вашай жа мацi малыя...

- I малыя i старыя далi драйлозы... Дагонiм. Не плач, матка... - Ён вёў кабылу на павадку далёка ад сябе, баючыся, каб яна не наступiла на босыя ногi, тая грызла цуглi, секучы падковамi зямлю ля ганка. I зноў Таня падумала, што Юзюк як мужчына. Падумала яшчэ, што ён усё лета босы, а вялiкi ўжо; што i на вечарынкi прыходзiў босы - абуць, вiдаць, не было чаго добрага, а лапцi не хацеў насiць.

Кабыла рвалася з аглабень, i Таня ўчапiлася ў дзве рукi за аброць ля цугляў. Юзюк, задраўшы нагу i ўпёршыся ступнёй у белыя клешчы ад хамута, што меў сiлы цягнуў за супонь. Шырокая чорная супонь з сырамцу - ад яе яшчэ пахла - уядалася яму ў пальцы: яны аж пасiнелi. З-пад босай ступнi ў яго церусiўся на траву пясок.

- Таня...

- Га?

- Дзе матка?

- У хаце. Па хатуль пайшла. Пакуль вынесе, нямогучы...

- Таня...

Яна маўчала, учапiўшыся рукамi за аброць: кабыла аж са скуры лезла.

- Таня... На Палiк пайдзём... Супонь чортава... Сырызна... Не сцягнеш... Таня...

Яна маўчала. Не думала, што ён скажа такое.

- Дугу яшчэ знайшлi!.. - ён ужо аж кiпеў. У яго пачырванелi i рукi i твар: налiлiся крывёю. - Таня! Я сумысля... Па цябе... На Палiк усе iдуць. Немцы прыйдуць - нойдуць i Карчаваткi... Таня! - Ён быў памаўчаў. - Мы з табой будзем, удваiх... Не бойся... Мацi пакiнем з нашымi... Старых не зачэпяць...

З Сушкава немцы стралялi не сцiхаючы, i ён аж крычаў на ўвесь гарод, не могучы засупонiць хамут. Яна маўчала; чула толькi, як гараць шчокi, бы хто надаваў па iх, i думала:

'Што ж гэта... Што ён гаворыць? Кiнуць матку?'

- Таня... З Карчаватак тады пойдзем... калi хочаш... Яшчэ дагонiм усiх. А матка будзе з нашымi, я ж кажу...

- Налiха яно мне куды iсцi... - Таня i сама не ведала, як у яе гэта зляцела з языка.

Ён быў сцiх, паглядзеў на яе спадылба вялiкiмi вачыма i закрычаў пасля зноў, паказваючы рукой за раку на могiлкi:

- Чуеш?

Таню адпусцiла злосць. Захацелася плакаць.

- Дацямна яшчэ будзем аж за Дзвiнасой... Таня...

Пасля ёй ужо здавалася, што Юзюк нiчога не гаворыць, толькi клiча: Таня... Таня... Нiхто такiм голасам яе нiколi не зваў...

Сцiхла раптам у Сушкаве стралянiна; было яшчэ чуваць, як па лесе iдуць адгалоскi. Бiла нагамi кабыла, соп, змарыўшыся, Юзюк. Пасля, адвярнуўшыся ад хамута, ён каторы ўжо раз як шапнуў усё роўна:

- Таня...

Яна больш не падымала на яго вачэй: баялася.

Ён маўчаў, стоячы ля аглабнi пад самай паветкай, i не кратаўся, мусiць, глядзеў на яе, Таню, спадылба.

У вёсцы было цiха. За ракой, дзе нядаўна стралялi, кiгiкала, як шалёная, кнiгаўка, i за гумном, у сасоннiку, ляскаталi па карэннi калёсы.

Бiла аб зямлю падковамi кабыла, дастаючы наверх белую, маленькую, што боб, маладую бульбу. Калi ёй адпусцiлi павады, сцiхла i павярнулася пад паветку да сена, падцялежыўшы калёсы.

Далёка ў лесе зарыкала скацiна, i зноў стала цiха. Пасля за грэбляй, у тым баку, дзе могiлкi, нешта заныла, як пад зямлёй. Заныла i сцiхла. Тады зазвiнела, што пчала, i раптам, ужо над самай грэбляй ля маста, загудзела на ўсю вёску.

Таня ўгледзела 'раму', калi тая была над Панковай хатай. 'Рама' ляцела нiзка, дастаючы да стрэх, як i ўчора надвечар. Праляцела над самай вулiцай i, скрывiўшыся, заварочвалася ля лесу над ямамi, дзе хавалi на зiму бульбу i дзе ўсходам сонца, калi Янук гнаў у поле скацiну, хадзiлi з рыдлёўкамi партызаны - капалi акопы. Назад ляцела зноў над вулiцай, яшчэ нiжэй. Чорная i дзiравая, як старая засланка ад печы, яна махала крыллямi. У канцы вёскi адразу схавалася з вачэй, звалiлася некуды, як падбiты груган, за лес i там доўга ныла, не сцiхаючы.

Тады ў тым баку, далёка, мусiць, аж у самым Камене за ракой, глуха бухнула, як што цяжкое дзе боўтнула ў ваду; пасля прашумела над загуменнем, як бусел ляцеў на сасну, што стаяла на бульбянiшчы ля лесу, i грымнула на самых ямах. У хаце, было чуваць, дробненька зазвiнелi вокны.

- Та-аня!.. - закрычаў Юзюк, i яна адскочыла ад калёс. Рванула ў аглобнях кабыла, Юзюк, ухапiўшыся за лейцы, падвярнуў яе пад паветку, зусiм падцялежыўшы калёсы: - Матку бяжы бяры! Матку!..

Калi Таня перавалiлася ў хату цераз парог - ударыла, што перуном, мусiць, ля варыўнi на бульбе. Здалося, у сцяну ад Панковага двара. Задрыжалi вокны. Са столi аднекуль на падлогу пасыпаўся пясок.

- Та-аня!.. - крычаў на гародзе Юзюк.

Калi яны выйшлi з мацi на двор, над вёскай зноў зараўла 'рама'.

Таня глядзела з калёс на дарогу... Тут, дзе яны падымаюцца на гару да школы, кабыле па каленi пяску, i яна iдзе як бы па балоце ў

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату