Сартр Жан Поль
Блiзкасць (на белорусском языке)
Жан-Поль Сартр
Блiзкасць
Пераклаў Змiцер Колас
I
Люлю клалася спаць голая: ёй падабалася лашчыцца аб просцiны, i апроч таго - здаваць бялiзну ў пральню каштавала дорага. Спачатку Анры гэтаму вельмi працiвiўся: дзе гэта бачылi, каб у ложак клалiся голыя, нiхто так не робiць, гэта брыдка. Але ўрэшце i ён паследаваў прыкладу жонкi. Праўда, у яго гэта было хутчэй праз нядбальства. Калi да iх прыходзiлi госцi, ён заўсёды, каб выглядаць важнейшым, трымаўся напружана i быў прамы, як палка (яму падабалiся швейцарцы, асаблiва з Жэневы: ён лiчыў, што ў iх вельмi паважны выгляд - таму што яны заўжды як драўляныя), але ў дробязях ён за сабой не глядзеў: напрыклад, ён быў не надта ахайны i не вельмi часта мяняў майткi; калi Люлю клала iх у бруднае, яна не магла не заўважыць, што праз доўгае шараванне мiж ног на iх ужо ўтварыўся жоўты налёт. Зрэшты, Люлю асабiста неахайнасць не гiдзiла: яна нават неяк зблiжала, ахунала ўсё ў мяккiя ценi - у ямках на згiнах рук, напрыклад; а ангельцаў дык яна ўвогуле не трывала - нейкiя безаблiчныя целы, абсалютна нiчым не пахнуць. I тым не менш мужава неахайнасць Люлю абурала: у яго яна была толькi праз любоў папялегавацца. Ранiцай, прачынаючыся, ён быў з сабою заўсёды такi пяшчотны, а ў свята - халодная вада i шчотка здавалiся яму жудаснай i несправядлiваю карай.
Люлю ляжала на спiне, усунуўшы вялiкi палец левай нагi ў прарэшак на падкоўдранiку; зрэшты, гэта быў не прарэшак - у гэтым месцы тканiна разышлася па шве. Люлю гэта злавала: 'Заўтра трэба будзе зацыраваць', - але яна яшчэ крыху нацягнула нiткi, каб адчуць, як яны лопаюцца. Анры не спаў, але на яго ўжо можна было не звяртаць увагi. Ён сам часта казаў Люлю: як толькi ён заплюшчваў вочы, яго нiбыта аблытвалi магутныя i неадольныя путы i ён не мог варухнуць нават мезеным пальцам. Гэткая вялiзная, укручаная ў павучынне муха. Люлю падабалася адчуваць побач гэта вялiкае цела вязня. 'Каб ён быў паралiзаваны i заўсёды ляжаў вось так, нерухома, я сама за iм даглядала б, падцiрала б яго, як дзiцё, i часам пераварочвала б на жывот i пляскала па азадку, а калi б да яго прыходзiла мацi, я знаходзiла б якую-небудзь зачэпку i раскрывала б яго - задзiрала б коўдру, каб яна ўбачыла яго зусiм голага. Яна, вiдаць, так бы i села - яна ж не бачыла яго голага гадоў, мусiць, пятнаццаць'. Люлю мякка правяла рукою па мужавым сцягне i лёганька ўшчыкнула за пахвiну. Анры буркнуў, але не варухнуўся. 'У поўнай бяссiльнасцi'. Люлю ўсмiхнулася: слова 'бяссiльнасць' яе заўсёды смяшыла. Калi яна яшчэ кахала Анры i ён вось так, паралiзаваны, ляжаў побач, ёй падабалася ўяўляць, быццам яго з усiх бакоў старанна абкруцiлi i ўвязалi нейкiя малюпасенькiя чалавечкi накшталт тых, што яна бачыла на малюнку, калi яшчэ дзяўчынкай чытала гiсторыю пра Гулiвера. Яна часта называла Анры Гулiверам: яму гэта падабалася, бо iмя было ангельскае i надавала Люлю адукаваны выгляд; але ён хацеў, каб яна яшчэ i вымаўляла яго з ангельскiм акцэнтам. 'Як ужо яны мне абрыдлi! Калi хацеў сабе мець кагосьцi адукаванага, няхай бы ажанiўся з той Жанаю Бедэр, грудзi ў яе з кулачок, затое яна ведае пяць моваў. Божа, раней, калi мы яшчэ ездзiлi па нядзелях у Со, я так сумавала ў яго крэўных, што хапала першую лепшую кнiгу, якая трапiцца, i заўсёды нехта падыходзiў i глядзеў: што я чытаю? А яго сястрычка пыталася: 'Вы разумееце, Люсi?..' Яны лiчаць, што ў мяне не стае выхавання. Вось швейцарцы дык гэтыя, вядома, гэта людзi выхаваныя, бо яго сястра выйшла замуж за швейцарца, i той зрабiў ёй пяцярых дзяцей. Ён iх паважае за адны ўжо iхнiя горы. А я не магу мець дзяцей - такая ў мяне фiзiялогiя, што тут зробiш, але я нiколi не думала, што лiчыцца выхаваным тое, што робiць ён, калi iдзе са мной у горад i ўвесь час толькi i бегае ў прыбiральнi, а я павiнна чакаць i перыцца на вiтрыны - на каго я тады падобная? - а ён выходзiць пасля i, як нейкi стары дзед, згiнаючы ногi, падцягвае штаны'.
Люлю выняла палец з прарэшка i крыху паварушыла нагамi, ёй было прыемна адчуваць сваю жвавасць побач з гэтым млявым, знерухомленым целам. Да яе вуха данеслася цiхае булькатанне: 'Бурчыць у жываце; як я гэта ненавiджу, нiколi немагчыма зразумець, у каго гэта - у яго цi ў мяне'. Яна заплюшчыла вочы: 'Нейкая вадкасць пералiваецца ў мяккiх, перакручаных трубках; i так ва ўсiх у Рырэты i ў мяне (не хачу пра гэта думаць, ад гэтага толькi пачынае балець у жываце). Ён кажа, што любiць мяне, але ж ён не любiць маiх вантробаў: каб яму паказалi ў слоiку мой апендыкс, ён бы яго не пазнаў; увесь час мяне цiскае, а каб яму сунулi ў рукi слоiк, ён бы нiчога i не адчуў, i не падумаў бы: 'Гэта належыць ёй'. А трэба было б, каб чалавека любiлi цалкам - i стрававод, i пячонку, i кiшкi. А можа, iх не любяць, таму што не прызвычаiлiся? Можа, каб iх бачылi ўвесь час - як нашыя рукi цi плечы, - дык iх таксама любiлi б? Напэўна, марскiя зоркi любяць адна адну болей, чым мы: яны, калi вылазяць на пляж пагрэцца на сонейку, высоўваюць страўнiк - каб ён трошкi праветрыўся, i ўсе могуць яго пабачыць. Цiкава, а кудой бы мы высоўвалi свой - праз пуп?' Яна заплюшчыла вочы, i перад ёй адразу закруцiлiся сiнiя кругi - як учора, на кiрмашы. 'Я страляла ў iх гумовымi стрэламi, i ў iх былi лiтары, якiя запальвалiся, па адной, кожны раз, як пацэлiш, i потым складалася назва горада; але ён так i не даў мне выбiць цалкам 'Дыжон' са сваёю манiяй ляпiцца ззаду; Божа, як я ненавiджу, калi да мяне лезуць ззаду; вось бы добра было, каб у мяне ўвогуле не было спiны: я цярпець не магу, калi са мной нешта робяць, а я пры гэтым нiчога не бачу, i галоўнае - немагчыма ўбачыць iх рук, толькi адчуваеш, як яны ходзяць уверх-унiз, i нiколi не здагадаешся, куды яны цэляць; яны на вас зырацца на ўсе вочы, а вы iх нават не бачыце; яму гэта больш за ўсё падабаецца; Анры дык такое ў галаву нiколi не прыйдзе, а гэты толькi i думае, каб прыляпiцца ззаду, хоць ведае, што я памiраю ад сораму, што ў мяне гэты зад ёсць; калi мне сорамна, дык гэта яго яшчэ больш распаляе; не хачу пра яго думаць (ёй раптам зрабiлася страшна), хачу думаць пра Рырэту'. Яна думала пра Рырэту штовечар у аднолькавы час, якраз перад тым, як Анры ўва сне пачынаў трызнiць i енчыць. Але цяпер нешта перашкаджала, у думкi пастаянна стараўся пралезцi iншы, на нейкае iмгненне яна нават убачыла чорныя кучаравыя валасы i падумала: 'Ну вось, пачынаецца', - яе прабрала дрыготка; нiколi не ведаеш, што потым выйдзе: калi твар, дык няхай яшчэ, але бывалi ночы, калi яна была няздольная заплюшчыць вачэй ад брыдкiх успамiнаў. 'Гэта жудасна, калi ў мужчыне ведаеш усё, асаблiва гэта. З Анры ўсё iначай, я яго магу ўяўляць з галавы да ног, i мяне гэта адно замiлоўвае: ён такi млявы, мяккi, i цела ў яго бясколернае, шэрае, толькi жывоцiк ружовенькi; ён кажа, што ў добра складзенага мужчыны, калi ён сядзiць, на жываце павiнна быць тры складкi, а ў яго iх шэсць, толькi ён лiчыць кожную другую i не хоча заўважаць астатнiя'. Раптам яна ўспомнiла пра Рырэту, i ёй зрабiлася прыкра: 'Люлю, вы яшчэ не ведаеце, што такое прыгожае мужчынскае цела'. Смех, натуральна - ведаю; яна, вядома ж, мае на ўвазе - цвёрдае, як камень, з маслакамi, а мне такое не падабаецца, у Патэрсана было такое, дык я, калi ён мяне сцiскаў, адчувала сябе як нейкi вусень; за Анры я таму i пайшла, што ён мяккi i нагадвае свяшчэннiка; усе свяшчэннiкi - такiя пухленькiя, як жанчынкi, асаблiва ў сваiх сутанах, можна нават падумаць, што ў iх на нагах панчохi; памятаю, калi мне было пятнаццаць, мне ўвесь час карцела пацiху задзерцi iм расу i паглядзець на iх мужчынскiя ногi i на майткi - мяне, напэўна, вельмi здзiвiла б, каб у iх там нешта было, памiж ног; адной рукою я трымала б сутану, а другою ласкава так павяла б уверх, уздоўж ног - туды, куды ўсе разумеюць; урэшце, мне не тое каб вельмi падабалiся жанчыны, але гэтая мужчынская штуковiна, калi яна пад плаццем, - яна такая пяшчотненькая, як вялiкая кветка, а галоўнае - яе нiколi па-сапраўднаму немагчыма ўзяць у рукi; каб яна хоць магла паляжаць спакойна, дык не - адразу пачынае варушыцца, як нейкi звярок, i цвярдзее, мяне гэта заўсёды палохае; калi яно цвёрдае i прамое, як палка, яно адразу робiцца грубым i жорсткiм; каханне ўсё-такi жудасная брыда! Анры я любiла якраз за тое, што яго маленькая штучка не цвярдзее нiколi; яна нiколi не падымае галоўкi, гэта нават мяне весялiла, i я часам яе цалавала; i зусiм я яе не баюся - не больш за бязвiннае дзiцятка; а па вечарах я брала яго мяккую штучку ў рукi, а ён чырванеў i, уздыхаючы, адварочваўся, i я на яе не цiснула, i мы так доўга ляжалi, пакуль ён не засынаў. Тады я клалася на спiну, i думала пра свяшчэннiкаў, пра нешта чыстае, пра жанчын, i лашчыла сабе спачатку жывот, свой прыгожы роўны жывот, i апускала рукi, апускала, i прыходзiла прыемная асалода; я толькi сама ўмею рабiць сабе прыемна'.
Кучаравыя валасы, валасы мурына. I трывога ў горле стаiць камяком. Але яна моцна сцiснула павекi, i ўрэшце выйшла вуха, маленькае малiнавае Рырэцiна вуха, крыху залацiстае, нiбы зробленае з цукровага ледзяша. Але звычайнага задавальнення не ўзнiкла, бо ў той самы момант Люлю пачула Рырэцiн голас. Ён быў пiсклявы i катэгарычны i таму заўжды раздражняў Люлю: 'Мiлая мая Люлю, вы павiнны паехаць з П'ерам; гэта адзiная разумная рэч, якую варта зрабiць'. 'Рырэта мне, вядома, падабаецца, але мяне раздражняе, калi яна пачынае напускаць на сябе важнасць i сама ж захапляецца тым, што кажа'. Напярэдаднi, у кавярнi 'Пад купалам', Рырэта схiлiлася да яе i з гэткiм разумным, крыху няўважлiвым выглядам прамовiла: 'Вы не можаце больш заставацца з Анры, вы ж яго не любiце, гэта было б злачынства'. 'Яна не выпускае нiводнага выпадку, каб не сказаць пра яго блага, а я лiчу, што гэта няветлiва: ён заўсёды быў з ёй вельмi прыязны; ну, не люблю я яго - магчыма, але ж не Рырэце мне пра