Я ўстаў i прайшоўся да вугальнай кучы. Том здрыгануўся i зiрнуў на мяне нiбыта з нянавiсцю: я яго раздражняў - у мяне рыпелi падэшвы. Неба было цудоўнае, нiводнага водблiску не пранiкала ў гэты змрочны закутак, толькi над самай маёй галавой свяцiўся Вялiкi Воз. Але цяпер усё было не так, як раней: заўчора, седзячы ў арцыбiскупскiм карцэры, я таксама глядзеў на вялiкi кавалак неба, якi быў вiдзён за акном, i кожная гадзiна прыносiла новы ўспамiн. Ранiцай, калi неба было ахiнутае сакавiтым празрыстым блакiтам, мне прыгадваўся пляж на ўзбярэжжы Атлантыкi, апоўднi, калi ў акно зазiрала сонца, я ўспамiнаў пра бар у Севiллi, дзе пiў вiно i закусваў хамсою з алiўкамi, а надвячоркам, калi карцэр апускаўся ў сутонне, думаў пра змрочны цень, якi пакрываў палову арэны, калi другая ўся зiхацела пад сонцам: было балюча i сумна бачыць усе гэтыя зямныя выявы адбiтымi толькi на небе. Але цяпер, колькi я нi глядзеў на неба, яно не выклiкала ў мяне нiякiх успамiнаў. I па-мойму, так было нават лепш. Я адышоў i сеў побач з Томам. Доўга панавала цiшыня.

Потым, амаль шэптам, загаварыў Том. Ён павiнен быў гаварыць, бо iначай не мог разабрацца ў сваiх думках. Па-мойму, ён гаварыў са мной, хоць на мяне не глядзеў. Яму было страшна ўбачыць мяне такога - шэрага, аблiтага потам: мы абодва былi падобныя, i зiрнуць адзiн на аднаго нам было горш, чым паглядзецца ў люстра. Ён пазiраў на бельгiйца - на таго, хто жыў.

- Ты разумееш, - казаў ён, - га? Я гэтага не разумею.

Я таксама загаварыў цiхiм голасам. Я глядзеў на бельгiйца.

- Што? Пра што ты гаворыш?

- Заўтра з намi адбудзецца такое, чаго я няздольны ўразумець.

Ад Тома iшоў нейкi дзiўны пах. Мне здалося, што я зрабiўся болей чуйны да пахаў, чым гэта было раней. Я крыва ўсмiхнуўся:

- Хутка ўразумееш.

- Не, гэта незразумела, - упарта прамовiў ён. - Вядома, я не збiраюся распускаць нюнi, але ж трэба, прынамсi, ведаць... Слухай, значыць, нас вывядуць на двор. Перад намi выстраяцца некалькi тыпаў. Колькi iх будзе?

- Не ведаю. Можа, пяць цi восем. Не болей.

- Ну, добра. Няхай будзе восем. Iм крыкнуць: 'На плячо!' - i я ўбачу, як на мяне ўтаропяцца восем стрэльбаў. Мне, напэўна, захочацца ўвайсцi ў мур, я ўсiм цяжарам навалюся на яго спiнай, а ён не падасца, як у кашмарным сне. Я ўсё гэта выдатна ўяўляю. О, каб ты ведаў, як я гэта выдатна ўяўляю.

- Супакойся! - сказаў я. - Я гэта таксама ўяўляю.

- Напэўна, гэта жудасны боль. Ведаеш, яны цэляцца ў рот i ў вочы, каб болей знявечыць, - са злосцю сказаў ён. - Я ўжо адчуваю раны, ужо цэлую гадзiну мне ўсё балiць: галава, шыя. Гэта яшчэ не той, не сапраўдны боль, гэта горай: гэта боль, якi я адчую заўтра. Але што будзе потым?

Я выдатна разумеў, што ён мае на ўвазе, але не хацеў паказваць выгляду. I боль я таксама адчуваў - ва ўсiм целе, нiбыта пасечаным безлiччу маленькiх ранак. Да гэтага немагчыма было прызвычаiцца, але тут мы з Томам былi падобныя, болю я не надаваў значэння.

- Потым? - груба сказаў я. - Потым стапоршчышся, братка.

Ён пачаў гутарыць сам з сабой, ён не зводзiў вачэй з бельгiйца. Той, здаецца, яго не слухаў. Я ведаў, нашто ён прыйшоў сюды; тое, што мы думаем, яго не цiкавiла, ён прыйшоў паглядзець на нашыя целы - на целы, якiя б'юцца ў агонii яшчэ пры жыццi.

- Гэта як у кашмарным сне, - казаў Том. - Хочаш сабе ўявiць, i ўвесь час такое ўражанне, што вось - зараз уразумееш, а яно потым - раз! - i выслiзгвае, унiкае з-пад самага носа, i зноў - нiчога. Я кажу сабе: потым ужо нiчога не будзе. Але не разумею, што гэта значыць. Часам я падыходжу, здаецца, ужо зусiм блiзка... а яно зноў унiкае, i я пачынаю думаць пра стрэлы, пра кулi, пра боль. Я матэрыялiст, клянуся табе; я яшчэ не вар'яцею. Але нешта тут не так. Я бачу свой труп: гэта зусiм не цяжка, але ж гэта я яго бачу, маiмi вачыма. I ўсё-такi мне трэба нарэшце прымусiць сябе ўявiць... уявiць, што пасля нiчога не будзе, я нiчога не ўбачу i нiчога не буду чуць, а свет застанецца - для iншых. Мы не створаны, каб падумаць такое, Пабла. Можаш мне паверыць: мне ўжо выпадала не спаць цэлую ноч, чакаючы нечага невядомага. Але гэта - гэта нi на што не падобна: яно заўжды падкрадаецца ззаду, Пабла, i мы няздольныя да гэтага падрыхтавацца.

- Заткнiся, - сказаў я яму, - можа, паклiкаць табе духоўнiка?

Ён не адказаў. Я ўжо заўважыў, што яго ўвесь час цягне састроiць з сябе прарока i вымаўляць маё iмя - Пабла! - нейкiм знямелым голасам. Мне гэта не надта падабалася; але, здаецца, усе iрландцы такiя. Я цьмяна адчуваў, што ад яго пахне мачой. Шчыра кажучы, у мяне нiколi не было да Тома вялiкай сiмпатыi, i я не бачыў, чаму толькi праз тое, што мы памiрацьмем разам, я павiнен яе адчуваць больш. Ёсць хлопцы, з якiмi ўсё, мусiць, было б iначай. З Рэйманам Грысам, напрыклад. Але побач з Хуанам i Томам я адчуваў сябе даволi самотна. Зрэшты, па-мойму, гэта было i лепш: з Рэйманам я, можа, яшчэ расчулiўся б. А тут я быў непахiсна цвёрды i хацеў заставацца такiм да канца.

Том па-ранейшаму комчыў словы, нiбы ў забыццi. Ён гаварыў, вядома, каб не даць сабе думаць. Вакол яго ўжо нясцерпна пахла мачой, як вакол нейкай бабы, што хварэе на нетрыманне. Вядома, я падзяляў яго думкi, я i сам мог бы сказаць усё, што казаў ён: памiраць - гэта ненатуральна. I з той хвiлiны, як мне наканавана было памерцi, нiшто ўжо не здавалася мне натуральным, нi гэтая куча друзу, нi лава, нi паскудная Пэдрава пыса. Але мне было непрыемна думаць пра тое, пра што думаў Том. I я выдатна ведаў, што ўсю ноч, кожныя пяць хвiлiн, мы зноў i зноў будзем адначасова думаць пра тое самае i будзем пацець i дрыжаць адначасова. Я зiрнуў на яго, i ўпершыню мяне ўразiла яго аблiчча: на iм адбiлася смерць. Гэта ўзяло мяне за жывое: вось ужо цэлыя суткi я жыў побач з Томам, я слухаў яго, гаварыў з iм i ведаў, што ў нас няма нiчога агульнага. А цяпер - мы былi падобныя, як два браты-блiзняты, i толькi таму, што мусiлi памерцi разам. Не глядзячы на мяне, Том узяў мяне за руку:

- Пабла, я пытаюся ў сябе... я пытаюся, цi праўда, што пасля - знiкаеш навечна.

Я выслабанiў руку i сказаў:

- Зiрнi сабе пад ногi, свiнтух.

Памiж ног у яго была лужына, з калашын па нагавiцах цяклi брудныя кроплi.

- Што гэта? - збянтэжана сказаў ён.

- Ты насцаў у нагавiцы, - сказаў я яму.

- Няпраўда, - гняўлiва сказаў Том, - я не сцаў, я нiчога не адчуваю.

Падышоў бельгiец. Ён запытаўся з iлжывай спагадаю:

- Вам дзе-небудзь балiць?

Том не адказаў. Бельгiец моўчкi зiрнуў на лужыну.

- Я не ведаю, што гэта, - сказаў Том зацкаваным, раз'юшаным голасам, - але мне не страшна. Я клянуся вам, мне не страшна.

Бельгiец не адказаў. Том устаў, адышоў у кут i памачыўся. Потым ён вярнуўся, па дарозе зашпiльваючы прарэх, сеў i больш не прамовiў нi слова. Бельгiец нешта пiсаў у блакноце.

Мы ўтрох глядзелi на яго, бо ён быў - жывы. Усе яго рухi, усе клопаты усё гэта было жывое; ён тросся ад холаду ў гэтым склепе, як мусiў бы трэсцiся любы жывы чалавек; у яго было добра наетае, паслухмянае яму цела. А мы - мы ўжо не адчувалi сваiх цел, ва ўсякiм выпадку, калi i адчувалi, то ўжо зусiм не так, як адчуваў ён. Мне рупiла памацаць сабе нагавiцы памiж ног, але я не адважваўся; я глядзеў на бельгiйца, якi сядзеў, абапершыся локцямi на каленi, - ён быў гаспадар сваiм мышцам, ён мог думаць пра заўтра. А мы - мы былi адно бяскроўныя ценi; мы глядзелi на яго i, як ваўкалакi, смакталi вачыма яго жыццё.

Урэшце бельгiец падышоў да малога Хуана. Цi ён хацеў памацаць яму патылiцу дзеля нейкай сваёй прафесiйнай цiкавасцi, цi проста паддаўся спагадзе? Калi гэта была спагада, то яна прачнулася ў iм першы i адзiны раз за ўсю ноч. Ён ласкава правёў малому рукой па галаве i патылiцы. Хуан моўчкi глядзеў, як той яго гладзiць, не зводзячы з бельгiйца вачэй. Потым раптам схапiў яго за руку i неяк дзiўна ўтаропiўся на яе. Ён сцiскаў бельгiйцаву руку абедзвюма сваiмi лапамi, i ад падобнага параўнання глядзець на iх было яшчэ больш непрыемна яны нагадвалi дзве шэрыя клюшнi, у якiх ушчамiлася пульхная ружовая ручка. Я падазраваў, што зараз адбудзецца, i Том, вiдаць, падазраваў таксама, але бельгiец прымаў усё гэта за гарачы Хуанаў парыў i толькi па-бацькоўску ўсмiхаўся. I тут малы падняў яго ружовую руку да рота i хацеў ужо ўкусiць, але бельгiец паспеў рэзка вырвацца i, спатыкаючыся, адступiў да сцяны. Нейкую секунду ён глядзеў на нас з жахам; мусiць, толькi цяпер ён усвядомiў, што мы такiя самыя людзi. Я зарагатаў - так, што адзiн наглядчык нават падскочыў. Другi па-ранейшаму спаў, вочы ў яго былi шырока расплюшчаныя, i мiж

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×