павекаў былi вiдны толькi белыя вiрлы.

Я адчуваў сябе стомленым i адначасова ўзбуджаным да астатняй ступенi. Я не хацеў болей думаць пра тое, што адбудзецца на свiтанку, не хацеў думаць пра смерць. Гэта не мела нiякага сэнсу - я ўсё роўна натыкаўся паўсюль толькi на словы цi на пустэчу. Але як толькi стараўся падумаць пра нешта iншае, як адразу зноў бачыў рулi, нацэленыя на мяне. Я, мусiць, дваццаць разоў запар перажыў свой расстрэл, i аднойчы мне нават здалося, што ўсё адбываецца наяве: я, вiдаць, на хвiлiну заснуў. Мяне цягнулi да мура, я адбiваўся, я прасiў у iх прабачэння. I потым, як падскочыў, -прачнуўся i адразу зiрнуў на бельгiйца: я баяўся, што ў сне закрычаў. Але той спакойна гладзiў вусы, ён нiчога не заўважыў. Можа быць, каб была такая ахвота, я здолеў бы трошкi паспаць: апошнiя двое сутак я не заплюшчыў вачэй i быў зняможаны ўшчэнт. Але мне не хацелася так марна трацiць дзве астатнiя гадзiны жыцця: яны прыйшлi б па мяне на свiтанку, разбудзiлi i павялi за сабой, i я, ачмурэлы яшчэ спрасонку, здырдзiўся б, не паспеўшы нават i пiкнуць; я не хацеў гэтага, я не хацеў памiраць, як бязглуздае быдла, я хацеў зразумець. Апроч таго, я баяўся, што ў мяне пачнуцца кашмары. Я ўстаў, прайшоўся сюды-туды па пакоi i, каб неяк перамянiць думкi, пачаў прыгадваць, як жыў раней. На мяне нахлынула цэлая хваля бязладных успамiнаў. Былi i добрыя, i благiя - прынамсi, так я называў iх раней. У маёй памяцi праплывалi розныя гiсторыi, твары. Я зноў убачыў аблiчча таго малога novillero, якi даведаўся, што жонка падчас la Feria ў Валенсii наставiла яму рогi, я ўбачыў твар аднаго свайго дзядзькi, твар Рэймана Грыса. Мне прыгадалася, як у 1925 годзе я тры месяцы бадзяўся без працы, як я ледзь не здох з голаду. Я ўспомнiў i тую маркотную ноч у Грэнадзе, калi заснуць мне прыйшлося на лаве: я тады не еў ужо тры днi, мяне грызла шалёная роспач, я не хацеў здыхаць. Цяпер я толькi крыва ўсмiхнуўся. З якой прагнай упартасцю я ганяўся за шчасцем, за жанчынамi, за свабодай. Навошта было ўсё гэта? Я хацеў вызвалiць Гiшпанiю, захапляўся Пi-i-Мiргалем, далучыўся да анархiстаў, я выступаў з прамовамi на публiчных сходах: я ўсё прымаў усур'ёз - так, нiбыта я быў бессмяротны.

I вось цяпер у мяне было такое ўражанне, што ўсё жыццё адразу паўстала перада мною, i я падумаў: 'Якая ж гэта жудасная хлусня'. Яно болей нiчога не каштавала, бо цяпер - яно кончылася. Я казаў сабе: як жа я мог вось так проста шпацыраваць па бульварах, выскаляцца з нейкiмi дзеўкамi, ды я б нават пальцам не варухнуў, каб ведаў, што мне давядзецца вось так памiраць. Усё жыццё было цяпер перада мной, абведзенае рысай, нiбы накрытае каўпаком, але ўсё, што было ўсярэдзiне, - было незавершанае. Я пастараўся неяк яго ацанiць. Я вельмi хацеў бы сказаць сабе: гэта было цудоўнае жыццё. Але яму немагчыма было даць нiякай ацэнкi - гэта быў усяго толькi невыразны накiд; я ўсё жыццё пражыў, пазычаючы за кошт вечнасцi, я нiчога тады не разумеў. Але нiшто цяпер не выклiкала ў мяне шкадавання: можа, у мяне i была цэлая безлiч такога, пра што я мог бы пашкадаваць - прыемны смак 'Мансанiльi' цi мора ўлетку, калi я плаваў у невялiкай затоцы непадалёк ад Кадыкса, - але смерць сцерла з усяго гэтага былую прывабнасць.

Раптам бельгiйцу прыйшла ў галаву чароўная думка.

- Сябры, - сказаў ён, - я магу - вядома, калi на тое будзе згода вайсковага кiраўнiцтва, - перадаць ад вас некалькi слоў цi, можа, якi напамiнак людзям, якiя вас любяць...

Том буркнуў:

- У мяне нiкога няма.

Я нiчога не адказаў. Том хвiлiну счакаў i потым здзiўлена зiрнуў на мяне:

- Ты нiчога не перадасi Кончы?

- Не.

Мне была непрыемна гэта яго змоўнiцкая спагадлiвасць, але я быў сам вiнаваты: пра Кончу я расказаў мiнулаю ноччу, хоць, безумоўна, павiнен быў бы стрымацца. Увесь апошнi год я пражыў побач з ёй. Яшчэ ўчора я быў гатовы адсекчы сабе руку, каб зноў убачыць яе хоць на хвiлiну. Таму я i загаварыў пра яе - гэта было неадольна. А цяпер - цяпер мне зусiм не хацелася яе бачыць, я не меў чаго ёй сказаць. Мне нават не хацелася сцiснуць яе ў абдымках: маё цела выклiкала ў мяне агiду, яно было шэрае i потнае, - i я не ўпэўнены, што не адчуў бы такой самай гiдлiвасцi i да яе. Вядома, Конча будзе плакаць, калi даведаецца пра маю смерць; можа, некалькi месяцаў ёй не будзе хацецца жыць. Але памерцi ўсё ж павiнен быў я. Я, а не яна. Я ўспомнiў яе прыгожыя i пяшчотныя вочы. Калi яна глядзела на мяне, нейкая частка ад яе пераходзiла мне. Але цяпер я падумаў, што ўсё ўжо скончана: каб яна зiрнула на мяне цяпер, яе позiрк застаўся б у яе ў вачах i нават не дакрануўся б да мяне. Я быў адзiн.

Том быў таксама адзiн, але ў яго ўсё было iначай. Ён сеў верхi на лаву i ўтаропiўся на яе, скрывiўшы на губах нешта накшталт усмешкi, выгляд у яго быў здзiўлены. Ён працягнуў руку i асцярожна памацаў дрэва, нiбыта баяўся штось паламаць, потым адразу жвава адхапiў далонь i здрыгануўся. На месцы Тома я не забаўляўся б мацаннем лавы; усё гэта зноў былi яго iрландскiя штучкi, але i мне пачынала здавацца, што ўсе рэчы выглядаюць дзiўна: яны зрабiлiся меней выразныя, болей кволыя, чым звычайна. Мне досыць было зiрнуць на лаву, газнiцу, на вугальны друз, каб адразу адчуць, што хутка я мушу памерцi. Натуральна, я не мог сабе ясна ўявiць сваю смерць, але я бачыў яе паўсюль: у рэчах, у тым, як яны адступiлi i сцiпла трымаюцца воддаль, як людзi, што перашэптваюцца каля ложка смяротна хворага сябра. Да сваёй смерцi - вось да чаго дакрануўся на лаве Том.

I каб цяпер мне, у гэтым стане, паведамiлi, што я магу спакойна вярнуцца дамоў, што мне даруюць жыццё, гэта мяне зусiм не кранула б, я застаўся б халодны: калi знiкае iлюзiя, што ты вечны, чакаць колькi гадзiн цi колькi гадоў - усё адно. У пэўным сэнсе я да ўсяго цяпер быў абыякавы i адчуваў сябе вельмi спакойна. Але гэта быў страшны спакой - з-за таго, як паводзiла сябе маё цела: я глядзеў праз яго вочы, чуў праз яго вушы, але гэта ўжо быў не я; яно пацела i дрыжала само па сабе, я абсалютна яго не пазнаваў. Каб даведацца, што з iм адбываецца, я мусiў паглядзець на яго, памацаць, нiбы гэта было цела чужога, iншага чалавека. Часам я яго яшчэ адчуваў - я адчуваў, як у iм нешта слiзгоча i нiбы абрынаецца, як гэта бывае ў самалёце, што зайшоў у пiке, цi, iншы раз, пачынаў чуць, як тахкае маё сэрца. Але гэта нiчога не мяняла: вонкi з майго цела выходзiў толькi падазроны агiдны дух. Найчасцей жа яно маўчала, нiбы замiрала, i я нiчога не адчуваў, апроч няяснага цяжару, быццам на мне было нешта брыдкае, i ў мяне ўзнiкала ўражанне, што я прывязаны да вялiкага, гiганцкага рабака. У пэўны момант я памацаў нагавiцы i адчуў, што яны наскрозь мокрыя; я не ведаў, ад чаго - ад поту цi ад мачы, але на ўсякi выпадак пайшоў памачыцца на кучу вугалю. Бельгiец выняў гадзiннiк, зiрнуў на яго i сказаў:

- Палова на чацвёртую.

Падла! Ён зрабiў гэта, напэўна, знарок. Том падскочыў; мы нават не заўважалi, што час - цячэ; ноч агортвала нас сваёй бясформеннай, змрочнаю масай, а я i не памятаў, што яна пачалася.

Малы Хуан раптам пачаў крычаць. Ён выкручваў рукi, малiў:

- Я не хачу памiраць, я не хачу памiраць!

Ён пачаў кiдацца па склепе, ускiдваючы рукi ў паветра, потым упаў на матрац i зарыдаў. Том глядзеў на яго згаслымi вачыма i цяпер ужо зусiм не хацеў супакойваць. Дый гэта наўрад цi было патрэбна: малы больш за нас рабiў шуму, але пакутаваў меней - ён быў як хворы, якому гарачка дапамагае змагацца з немаччу. Калi ж няма нават гарачкi - гэта намнога горай.

Ён плакаў, i я бачыў, што яму проста шкада сябе; пра смерць ён не думаў. На адно iмгненне, усяго на адно iмгненне мне захацелася таксама заплакаць i пашкадаваць самога сябе. Але здарылася якраз наадварот: я зiрнуў на малога, убачыў яго худыя плечы, што пацепвалiся ў плачы, i адчуў, што нiчога чалавечага ўва мне больш няма, - я быў няздольны шкадаваць нi другiх, нi сябе. Я сказаў сабе: 'Я хачу памерцi дастойна'.

Том устаў, падышоў пад самую адтулiну ў столi i пачаў пiльнаваць дзень. У галаве ў мяне ўпарта круцiлася адна думка, я хацеў памерцi дастойна i думаў толькi пра гэта. Але пасля таго як доктар сказаў, каторая цяпер гадзiна, я мiмаволi пачаў адчуваць час: ён цёк, сачыўся кропля за кропляй.

Было яшчэ цёмна, калi я пачуў Томаў голас:

- Ты iх чуеш?

- Так.

На дварэ хадзiлi нейкiя людзi.

- Якога чорта яны там робяць? Не могуць жа яны страляць у такой цемры.

Хутка ўсе гукi сцiхлi. Я сказаў Тому:

- Днее.

Пэдра, пазяхаючы, устаў i пагасiў газнiцу.

- Холадна, каб яго, - сказаў ён свайму сябру.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×