Не паспеў ён яшчэ як след адпачыць, а ўжо зноў пацягнула ў плаванне.
'Напэўна, такая ўжо мая натура, - думаў ён. - Неспакойнае жыццё марскога бадзягi мне больш падабаецца, чым мiрнае жыццё маiх сухапутных сяброў'.
Адным словам, праз два месяцы пасля свайго вяртання на радзiму ён ужо зноў быў залiчаны доктарам на карабель 'Адвенчар', якi выпраўляўся ў далёкае плаванне пад камандай капiтана Джона Нiкалса.
20 чэрвеня 1702 года 'Адвенчар' выйшаў у адкрытае мора.
Вецер быў спадарожны. Карабель iшоў на ўсiх ветразях да самага мыса Добрай Надзеi. Тут капiтан загадаў кiнуць якар i набраць свежай вады. Пасля двухдзённай стаянкi 'Адвенчар' павiнен быў рушыць далей.
Але нечакана карабель стаў цячы. Давялося выгрузiць тавары i распачаць рамонт. А тут яшчэ капiтан Нiкалс захварэў цяжкай лiхаманкай.
Карабельны доктар Гулiвер уважлiва агледзеў хворага капiтана i вырашыў, што яму нельга плысцi далей, пакуль ён зусiм не паправiцца.
Так 'Адвенчар' i зазiмаваў каля мыса Добрай Надзеi.
Толькi ў сакавiку 1703 года на караблi зноў былi ўзняты ветразi, i ён шчаслiва дайшоў да Мадагаскарскага пралiва.
19 красавiка, калi карабель быў ужо недалёка ад выспы Мадагаскар, лёгкi заходнi вецер змянiўся моцным ураганам.
Дваццаць дзён карабель гнала на ўсход. Уся каманда змучылася i марыла толькi аб тым, каб гэты ўраган нарэшце сцiх.
I вось настаў поўны штыль. Цэлы дзень на моры было цiха, i людзi пачалi ўжо спадзявацца, што iм удасца адпачыць. Але капiтан Нiкалс, бывалы марак, якi не раз плаваў у гэтых водах, з недаверам паглядзеў на прыцiхлае мора i загадаў мацней прывязаць гарматы.
- Надыходзiць шторм! - сказаў ён.
Сапраўды, на другi ж дзень узняўся моцны, шквалiсты вецер. З кожнай мiнутай ён станавiўся ўсё мацнейшы i мацнейшы, i нарэшце ўсхадзiлася такая бура, якой яшчэ не бачыў нi Гулiвер, нi матросы, нi сам капiтан Джон Нiкалс.
Ураган бушаваў шмат дзён. Шмат дзён змагаўся 'Адвенчар' з хвалямi i ветрам. Умела манеўруючы, капiтан загадваў то ўзняць ветразi, то спусцiць iх, то iсцi з ветрам, то легчы ў дрэйф.
У рэшце рэшт 'Адвенчар' выйшаў пераможцам з гэтай барацьбы. Карабель быў добры, правiянту хапала, каманда здаровая, вынослiвая i ўмелая. Адно толькi было дрэнна: на караблi канчалiся запасы прэснай вады. Трэба было папоўнiць iх. Але як? Дзе? За час буры карабель так далёка аднесла на ўсход, што нават самыя старыя i бывалыя маракi не маглi сказаць, у якую частку свету iх закiнула i цi ёсць паблiзу зямля.
Усе былi ўстрывожаны не на жарт i з непакоем чакалi слова ад капiтана.
Але вось нарэшце юнга, якi стаяў на мачце, убачыў удалечынi зямлю.
Нiхто не ведаў, што гэта такое - вялiкая зямля цi выспа. Пустынныя скалiстыя берагi былi незнаёмы нават капiтану Нiкалсу.
На другi дзень карабель падышоў так блiзка да зямлi, што Гулiвер i ўсе маракi маглi выразна разгледзець з палубы доўгую пясчаную касу i бухту. Але цi была яна дастаткова глыбокай, каб у яе мог увайсцi такi вялiкi карабель, як 'Адвенчар'?
Асцярожны капiтан Нiкалс не адважыўся без лоцмана ўводзiць свой карабель у не вядомую нiкому бухту. Ён загадаў кiнуць якар i паслаў на бераг баркас з дзесяццю добра ўзброенымi матросамi. Матросам далi з сабой некалькi пустых бочак i даручылi прывезцi прэснай вады, калi толькi iм удасца знайсцi дзе-небудзь непадалёк ад берага возера, рэчку цi ручай.
Гулiвер папрасiў капiтана адпусцiць i яго на бераг разам з матросамi.
Капiтан добра ведаў, што яго вучоны спадарожнiк для таго i выправiўся ў далёкае падарожжа, каб пабачыць чужыя краiны, i ахвотна адпусцiў яго.
Хутка баркас прычалiў да берага, i Гулiвер першы выскачыў на мокрыя камянi. Навокал было пуста i цiха. Нi лодкi, нi рыбацкай хацiны, нi ляска ўдалечынi.
У пошуках прэснай вады матросы разбрылiся па беразе, Гулiвер застаўся адзiн. Ён пайшоў наўздагад, з цiкаўнасцю аглядаючы новыя мясцiны, але не ўбачыў нiчога цiкавага. Усюды - направа i налева - цягнулася бясплодная, скалiстая пустыня.
Стомлены i незадаволены, Гулiвер пайшоў назад.
Мора распасцiралася перад iм суровае, шэрае, няветлiвае. Гулiвер абышоў нейкi велiзарны камень i раптам спынiўся, спалоханы i здзiўлены.
Што такое? Матросы ўжо сядзелi ў баркасе i з усяе сiлы грэблi да судна. Як жа гэта яны маглi пакiнуць яго аднаго на беразе? Што здарылася?
Гулiвер хацеў закрычаць, паклiкаць матросаў, але язык у роце быццам акамянеў.
I не дзiўна. З-за прыбярэжнай скалы раптам выйшаў чалавек вялiзнага росту - сам не меншы за скалу - i пагнаўся за лодкай. Мора ледзьве даходзiла яму да каленяў. Ён рабiў велiзарныя крокi. Яшчэ некалькi такiх крокаў, i ён схапiў бы баркас за карму. Але, мусiць, вострыя камянi на дне замiналi яму iсцi. Ён спынiўся, махнуў рукой i павярнуў да берага.
У Гулiвера ад жаху закружылася галава. Ён упаў на зямлю, папоўз мiж камянёў, потым усхапiўся на ногi i стрымгалоў пабег, сам не ведаючы куды.
Ён думаў толькi аб тым, дзе б схавацца ад гэтага страшнага вялiзнага чалавека.
2
Нарэшце ўзбярэжныя пяскi i камянi засталiся далёка ззаду.
Задыхаючыся, Гулiвер узбег па схiле крутога ўзгорка i азiрнуўся. Навокал усё было зелена. З усiх бакоў яго абступалi гаi i лясы.
Ён спусцiўся з узгорка i пайшоў па шырокай дарозе. Справа i злева суцэльнай сцяной стаяў густы лес - гладкiя голыя ствалы, прамыя, як у соснаў.
Гулiвер задраў галаву, каб паглядзець на верхавiны дрэў, i ажно ахнуў. Гэта былi не сосны, а сцяблiны ячменю вышынёй з дрэва!
Напэўна, была пара жнiва. Спелыя зярняты велiчынёй з вялiкую яловую шышку раз-пораз балюча бiлi Гулiвера па спiне, па плячах, па галаве. Гулiвер прыбавiў крок.
Ён iшоў, iшоў i нарэшце дабраўся да высокай агароджы. Агароджа была разы ў тры вышэйшая, чым самыя высокiя сцяблiны, i Гулiвер ледзь мог разгледзець яе верхнi край. Трапiць з гэтага поля на суседняе было не так лёгка. Для гэтага трэба было спачатку ўзабрацца па каменных замшэлых прыступках, а потым пералезцi цераз вялiкi, урослы ў зямлю камень.
Прыступак было ўсяго чатыры, але кожная з iх была нашмат вышэйшая за Гулiвера. Толькi стаўшы на дыбачкi i высока ўзняўшы рукi, ён з цяжкасцю мог дацягнуцца да краю нiжняй прыступкi.
Нечага было i думаць падняцца па такой лесвiцы.
Гулiвер вырашыў уважлiва агледзець агароджу: цi няма ў ёй хоць якой-небудзь шчылiнкi цi адтулiны, праз якую можна было б выбрацца?
Шчылiнкi не было.
I раптам на верхняй прыступцы лесвiцы з'явiўся велiзарны чалавек - яшчэ большы за таго, што гнаўся за баркасам. Ростам ён быў не меншы за пажарную вышку!
Мярцвеючы ад жаху, Гулiвер кiнуўся ў ячменны гушчар i прытаiўся, схаваўшыся за тоўсты колас.
Са сваёй засады ён убачыў, як велiкан памахаў рукой i, павярнуўшыся, нешта моцна крыкнуў. Напэўна, ён проста зваў некага, але Гулiверу здалося, быццам гром загрымеў у ясным небе.
Здалёк пачулiся гэтакiя ж грымоты, i праз хвiлiну побач з велiканам стаялi яшчэ сямёра хлопцаў гэтакага ж росту. Напэўна, гэта былi парабкi. Апрануты яны былi больш проста i бедна, чым першы велiкан, i ў руках у iх былi сярпы. Ды якiя сярпы! Калi шэсць нашых кос раскласцi на зямлi паўкругам, наўрад цi выйшаў бы такi серп.
Выслухаўшы свайго гаспадара, велiканы адзiн за другiм спусцiлiся на поле, дзе схаваўся Гулiвер, i пачалi жаць ячмень.
Гулiвер, не памятаючы сябе ад страху, кiнуўся назад, у гушчыню ячменю.
Ячмень рос густа. Гулiвер з цяжкасцю прадзiраўся памiж высокiмi, прамымi стваламi. Дождж цяжкiх