скрынку на борт карабля.
Людзi наверсе засмяялiся, загаманiлi, але нiхто нiчога не адказаў Гулiверу. Потым ён пачуў тонкi свiст пiлы, i праз некалькг хвiлiн у столi яго пакоя свяцiлася вялiкая чатырохвугольная дзiрка.
Гулiверу спусцiлi трап. Ён вылез спачатку на дах свайго домiка, а затым падняўся на карабель.
Матросы акружылi Гулiвера i, перабiваючы адзiн другога, пачалi распытваць яго, хто ён, адкуль, цi даўно плавае па моры ў сваiм плывучым доме i за што яго туды пасадзiлi. Але Гулiвер толькi разгублена глядзеў на iх.
'Што за малюсенькiя чалавечкi! - думаў ён. - Няўжо я зноў трапiў да лiлiпутаў?'
Капiтан судна, мiстэр Томас Вiлькокс, убачыў, што Гулiвер ледзь стаiць на нагах ад стомленасцi, хвалявання i разгубленасцi. Ён завёў яго ў сваю каюту, паклаў у пасцель i параiў добра адпачыць.
Гулiвер i сам адчуваў, што яму гэта неабходна зрабiць. Але перш чым заснуць, ён паспеў сказаць капiтану, што ў яго ў скрынцы засталося шмат цудоўных рэчаў - шаўковы гамак, стол, крэслы, камода, дываны, фiранкi i шмат iншых цiкавых прадметаў.
- Калi вы загадаеце прынесцi мой домiк у гэту каюту, я з задавальненнем пакажу вам маю рэдкую калекцыю, - сказаў ён.
Капiтан са здзiўленнем i жалем паглядзеў на яго i моўчкi выйшаў з каюты. Ён падумаў, што госць яго страцiў розум ад перажытага, а Гулiвер проста яшчэ не паспеў прывыкнуць да думкi, што вакол яго такiя ж людзi, як i ён, i што нiхто ўжо не зможа падняць яго домiк адным пальцам.
Аднак, калi ён прачнуўся, усе яго рэчы былi ўжо на борце карабля. Капiтан паслаў матросаў дастаць iх са скрынкi, i матросы добрасумленна выканалi гэты загад.
На жаль, Гулiвер забыўся сказаць капiтану, што стол, крэслы i камода ў яго пакоi прышрубаваны да падлогi. Матросы гэтага, зразумела, не ведалi i моцна папсавалi мэблю, адрываючы яе ад падлогi.
Больш таго, у час работы яны пашкодзiлi i сам домiк. У сценах i падлозе з'явiлiся шчылiны, вада пачала залiваць пакой.
Матросы ледзь паспелi садраць са скрынкi некалькi дошак, якiя маглi спатрэбiцца на караблi, - i яна пайшла на дно. Гулiвер быў рады, што не бачыў гэтага. Сумна бачыць, як iдзе на дно дом, у якiм ты пражыў шмат дзён i начэй, хай сабе i невясёлых.
Гэтыя некалькi гадзiн у каюце капiтана Гулiвер праспаў моцна, але неспакойна: яму снiлiся то велiзарныя восы з краiны велiканаў, то заплаканая Глюмдальклiч, то арлы, якiя б'юцца ў яго над галавой. Але ўсё-такi сон асвяжыў яго, i ён ахвотна згадзiўся павячэраць разам з капiтанам.
Капiтан быў гасцiнным гаспадаром. Ён сардэчна частаваў Гулiвера, i Гулiвер еў з задавальненнем, але яму смешна было глядзець на маленькiя талерачкi, блюды, графiны i шклянкi, якiя стаялi на стале. Часам ён браў iх у рукi i разглядаў, кiваючы галавой i ўсмiхаючыся.
Капiтан заўважыў гэта. Спачувальна паглядзеўшы на Гулiвера, ён спытаў у яго, цi здаровы ён i цi не пашкодзiлi яго розум стомленасць i няшчасцi.
- Не, - сказаў Гулiвер, - я зусiм здаровы. Але я даўно ўжо не бачыў такiх маленькiх людзей i такiх маленькiх рэчаў.
I ён падрабязна расказаў капiтану пра тое, як ён жыў у краiне велiканаў. Спачатку капiтан слухаў яго з недаверам, але чым далей расказваў Гулiвер, тым больш уважлiвы быў капiтан. З кожнай хвiлiнай ён усё больш пераконваўся, што Гулiвер сур'ёзны, праўдзiвы i сцiплы чалавек, што ён не з тых, якiя любяць выдумляць i перабольшваць.
У заключэнне Гулiвер дастаў з кiшэнi ключ i адчынiў сваю камоду. Ён паказаў капiтану два грабянi: адзiн быў з драўлянай спiнкай, другi - з рагавой. Рагавую спiнку Гулiвер зрабiў з абрэзка пазногця яго брабдынгнежскай вялiкасцi.
- А з чаго зроблены зубы? - спытаў капiтан.
- З валасоў каралеўскай барады!
Капiтан толькi развёў рукамi.
Потым Гулiвер дастаў некалькi iголак i шпiлек - з паўаршына, з аршын i болей. Ён разматаў перад здзiўленым капiтанам чатыры валасы каралевы i падаў яму абедзвюма рукамi залаты пярсцёнак, атрыманы ад яе ў падарунак. Гэты пярсцёнак каралева насiла на мезеным пальцы, а Гулiвер - на шыi, замест караляў.
Але больш за ўсё здзiвiў капiтана зуб. Гэты зуб памылкова быў вырваны ў аднаго з каралеўскiх пажаў. Зуб быў зусiм здаровы, i Гулiвер пачысцiў яго i схаваў у сваю камоду. Заўважыўшы, што капiтан не можа адвесцi вачэй ад велiканскага зуба, Гулiвер папрасiў яго прыняць гэтую рэч у падарунак.
Расчулены капiтан аслабанiў у сваёй шафе адну палiцу i асцярожна паклаў на яе дзiўны прадмет, з выгляду падобны на зуб, а па велiчынi - на добры камень.
Ён узяў з Гулiвера слова, што, вярнуўшыся на радзiму, той абавязкова напiша кнiгу пра свае падарожжы...
Гулiвер быў чалавек сумленны i стрымаў слова.
Так з'явiлася на свет кнiга пра краiну лiлiпутаў i пра краiну велiканаў.
16
3 чэрвеня 1706 года карабель, якi падняў на свой борт Гулiвера, падышоў да берагоў Ангельшчыны.
Некалькi месяцаў ён быў у дарозе i тры-чатыры разы заходзiў у парты, каб папоўнiць запасы правiзii i свежай вады, але Гулiвер, стомлены сваiмi прыгодамi, нi разу не пакiнуў каюты.
I вось падарожжа яго скончылася. Ён па-сяброўску развiтаўся з капiтанам, якi даў яму на дарогу грошай, i, наняўшы каня, паехаў дамоў.
Усё, што ён бачыў на знаёмых з дзяцiнства дарогах, здзiўляла яго.
Дрэвы здавалiся яму нiзкiмi кустамi, дамы i вежы - картачнымi домiкамi, а людзi - лiлiпутамi.
Ён баяўся раздушыць прахожых i моцна крычаў iм, каб яны збочылi з дарогi.
На гэта яму адказвалi лаянкай i насмешкамi. А нейкi сярдзiты фермер ледзь не адлупцаваў яго палкай.
Нарэшце дарогi i вулiцы засталiся ззаду.
Гулiвер пад'ехаў да варот свайго дома. Стары слуга адчынiў яму дзверы, i Гулiвер, нагнуўшы галаву, пераступiў цераз парог: ён баяўся стукнуцца галавой аб вушак, якi здаўся яму цяпер занадта нiзкiм.
Жонка i дачка выбеглi яму насустрач, але ён не адразу ўбачыў iх, бо па прывычцы глядзеў угору.
Усе родныя, сябры i суседзi здавалiся яму маленькiмi, бездапаможнымi i кволымi, як матылькi.
- Напэўна, вам вельмi дрэнна жылося без мяне, - гаварыў ён з жалем. - Вы так схуднелi i паменшалi, што вас цяжка ўбачыць!
А сябры, родныя i суседзi, са свайго боку, шкадавалi Гулiвера i лiчылi, што небарака з'ехаў з глузду.
Так мiнуў тыдзень, другi, трэцi...
Гулiвер пакрысе зноў пачаў прывыкаць да свайго дома, да роднага горада i знаёмых рэчаў. З кожным днём ён усё менш здзiўляўся, бачачы вакол сябе простых, звычайных людзей звычайнага росту.
У рэшце рэшт ён зноў навучыўся глядзець на iх, як на роўных, а не знiзу ўгору i не зверху ўнiз.
Глядзець на людзей так вельмi зручна i прыемна, таму што не трэба нi задзiраць галаву, нi згiнацца ў тры пагiбелi.