Камоцкая нават iшла далей - ейны шлях прадбачаны нейкай вышэйшай сiлай, самiм космасам, як i шлях Корзюка. Як i Раман, яна чалавек з мiсiяй. 'Нiхто з гранiц сваiх ня выйдзе', - пацяшала яна сябе. Таму сваё прызначэньне яна мусiць споўнiць. У гэтым 'споўнiць' былi для Валi i насалода, i боль, i шчасьце. Адно было толькi ў гэтым няўцешлiвае - цi разумее Раман супольнасьць, наканаванасьць ягонай i ейнай долi? Адказ на гэтае пытаньне ў Валi выходзiў часта адмоўным. I яшчэ было адно балючае месца: гатовая 'споўнiць', спаўняючы ўжо сваю 'долю', Валя не магла споўнiць практычна-зямнога хаценьня сваiх бацькоў: выйсьцi ў людзi праз навуку. Не магла, бо навука ня йшла ў пары з ёю, з ейнаю 'доляй', дый навука - гэта няшчасьце: каб яна сядзела ў бацькоў на зямлi, не пайшла ў гэтую навуку, усё можа пайшло-б паiншаму, хоць яна й усьведамляла, што ўжо й тая зямля перакуленая дагары i болей не ратуе, што ў спакойны быт зямлi ўварвалася грозная, разбуральная сiла. Адвеку чамусьцi так на нашай зямлi, што людзi, якiя йшлi ў навуку для сябе й зямлi свае, толькi цярпелi ад навукi. Яна ня была нiколi такой разгубленай, нiколi не паддавалася сваёй збытнасьцi, усе ейныя практычныя здольнасьцi пакiнулi яе i яна нат радая была паддацца нейкаму свайму вышэйшаму прызначэньню. Такi настрой у яе пачаўся, калi яна йшла 'хаваць сябе' на Ваенныя могiлкi.

'Прыдзi, калi хочаш i можаш пабачыць мяне'. Помнiш нашае 'трошачкi'? сьвяцiлiся ў Валiнай душы словы Раманавых запросiнаў.

8

Вярстох у трох ад савецка-польскай мяжы тулiўся да лесу аднэй сваёю хатай i вялiкай стадолаю хутар Баранкевiча. Гаспадара з сямёю некуды выслалi, як кулака, а на яго месца пасадзiлi многадзетнага бедняка Шаркевiча, даўняга прыяцеля Генадзя Кандраценi. З Шаркевiча гаспадар быў неважнецкi, але сельсавет, вiдавочна, не кiраваўся гаспадарскiмi якасьцямi Шаркевiча, i надзялiў яго гэтым хутарам з нейкiх iншых меркаваньняў. Гэтак i апынуўся Шаркевiч нечакана для сябе на гэтым аселiшчы з сваёю вялiкай сям'ёй - з дзьвюма дарослымi дачкамi i з драбязой-падлеткамi, голымi i абдзёртымi. Ведама, бяз маткi. Гультаяватыя, як i бацька, дарослыя дочкi ня дбалi пра меншых, глядзелi толькi самых сябе. Параўнаўча вялiкая хата Баранкевiча была разьдзеленая на чатыры пакоi-каморкi, якiя й зьмясьцiлi ўсю сям'ю Шаркевiча. На гэтую сялiбу i прывёў уначы Кандраценя Рамана Корзюка.

Шаркевiчы i палавiны не сабралi з поля таго, што пасееў быў колiшнi гаспадар Баранкевiч: няскошаная сенажаць ляжала пажоўклай, а перасьпелае жыта ўпала крыччу, - Шаркевiч казаў, што яно было ўжо перасьпелым i высыпалася, калi ён перабiраўся на хутар. Затое Шаркевiчы накапалi сабе на зiму бульбы, насеклi капусты, нарылi буракоў, а мяса пасьвiлася на полi - цэлы гурт зьдзiчалых авечак. Быў конь i карова. Усё гэта дасталася Шаркевiчу дарма. Цэлая раскоша была тут Шаркевiчам.

Хоць было ўжо запоўнач, калi Генадзь з Раманам прыйшлi на хутар, хата ўсё яшчэ сьвяцiлася адным сваiм вакенцам. Сьвятло яны заўважылi толькi тады, калi бралiся за клямку. Дзьверы былi не на засове, i Генадзь увайшоў з Раманам ня стукаючыся.

За вялiкай старою пiянiнай, у кутку, пры газоўцы, сядзеў, як потым выявiлася, п'яны Шаркевiч i сьмяяўся з маладога ката, што асьцярожна хадзiў па клявiшах, нацiскаючы на iх сваiмi лапкамi, i палохаўся, калi клявiшы адзывалiся. Гэта, вiдаць, падабалася Шаркевiчу, i ён вяртаў ката зноў хадзiць па клявiятуры, забаўляючыся кацiнай iмправiзацыяй. З гасьцьмi прывiтаўся неяк ненатуральна шумна, апёкшы Рамана як незнаёмага затоеным бляскам сваiх вачэй.

- Ага, ведаю, ведаю... Добра, добра! Пагаворым потым. Цяперка позна ўжо, трэба класьцiся спаць... Заседзеўся во... Дрынзы-брынзы пад кустом, накрывай... лiстом, - сьпяваў нешта сабе пад нос Шаркевiч. - Ну, як у цябе ўсё, Кандрацiк мой залаценькi? У мяне дык расход з барышом на адным полазе едуць... Дзе будзеш спаць, гэй ты (ён ляпнуў па плячы Рамана)? Пойдзеш да бацькi на сена, цi да дзявок?

З каморкi выглянула на кухню цупкая дачка Шаркевiча, засланяючы ночнай сарочкай грудзi.

- Я табе пакажуся! Га, якая! Брысь!

Раман пайшоў у стадолу да бацькi. Яго завёў туды Шаркевiч, аддаючы на рукi 'бадзяку', як ён назваў Рамана, тармозячы за плячо старога Корзюка. Вярнуўшыся ў хату, Шаркевiч распачаў з Генадзем гаворку, налiваючы яму чарку за чаркай гарэлкi.

- Дык, кажаш, хочыш перакiнуць iх туды? Як гэта зрабiць, я й сам ня ведаю. Сплавiў туды не аднаго, i як канцы ў воду... Але цяперака... Цяперака, глядзi, я й Шмэрку не таварыш. Вунь колькi ўсяго маю. Няхай сабе яно й чужое... Тымчасам я спажываю. Дык ня хочацца неяк на ражон лезьцi.

- Памажы яшчэ трохi, пан Шаркевiч, цярпеньню нашаму прыйдзе хутка канец ня сяньня, дык заўтра выбухне вайнiшча. Запануем, дальбог, i зап'ема тады! А за сваё атрымаеш, колькi скажаш, дармо, што разбагацеў, кажаш.

- Хай яны спрахнуць грошы - ня хочу! Здаецца, на мой сьлед натрапiлi ўжо. Во-во, ляпне пастка. Чуе сэрца.

- Ня бойся, пане Шаркевiч. Хiба ты ўжо ня верыш мне? Скажы, Кандраценя падвёў цябе калi? Ня бойся, кажу, у мяне ўсе тут у кiшанi... да самага начальнiка пагранзаставы! Ня верыш? Хочаш, нiводнага пагранiчнiка ня будзе там, дзе ты будзеш пераходзiць. Адцягну! Разумееш? Хоць пры тваёй спрытнасьцi й розуме табе гэтага й ня трэба. Ты-ж сам калiсь казаў, што ўдача дружыць з табою толькi тады, калi ёсьць рызыка. А тут, браце, канечне-ж, не бяз рызыкi. Ну, дык i што?

- А ўжо-ж, няхай будзе й так, - закiльзаў, не адчэпiшся. Позна мне каiцца.

- Ну вось што ўздумаў! Цi выпiў зашмат?.. Трэба-ж пашкадаваць людзей. Ведаеш, як смачна хавацца чалавеку. У сене век не праляжыш. Трэба калi-небудзь i вылазiць. А куды вылезеш? За забойства - забойства! Сам ведаеш. Прывёў табе й сына. Бачыш якi! Гэты махне праз тваю гранiцу, як праз плот. Клопату з iм ня будзеш мець. Вось толькi, як вычапiць iхную мацi з дачкою? Вось пра гэта падумай. А гранiца - глупства!

- Хто iх там сьцеражэ гэтак у iхнай хаце? Дурныя, дык i сядзяць павалачэмся во зараз i забярэм! НКВД ужо, я думаю, паехала. А сьцерагуць для прычэльля толькi. Бяз вiнтовак i, пэўна-ж, свае людзi. Якая гэта стража?

Загаманiлi пад вокнамi сосны, дасюль яны маўчалi, як-бы падслухоўваючы гутарку ў хаце, а мо' гэта толькi яны азвалiся пад восеньскi ранак сваiм затоеным шумам? За перагародкаю, як конi ў хляве, стукалi нагамi сонныя дзецi. Кандраценя й Шаркевiч, устрывожаныя шумам сосен, вышлi на двор пераканацца, цi ў гомане хвояў ня было сапраўды чаго-небудзь трывожнага, цi цiшыня, парушаная гоманам сосен, была надзейнаю цiшынёю. Шаркевiч i Кандраценя прывыклi ня верыць цiшынi, што залягла на колькi кiлямэтраў памiж двума бакамi - гэным i тым. Не, гэта ненадзейная i як-бы чалавекам штучна створаная цiшыня. Сама прырода недаверлiва прыслухоўваецца й рэагуе пасвойму на яе, заўсёды папераджае цябе аб небясьпецы, калi ты толькi заадно з прыродаю i ўмееш разгадваць яе. Кожны рух, трэск, павеў, моўкнасьць i грук - гэта ўмоўны для цябе знак. Хутар Баранкевiча - хатаю, стадолаю, соснамi, авечкамi ў хляве i коньмi - настаўляў вушы i разгадваў цiшыню, перасейваючы яе на сiце недаверу. Вушы хутару Баранкевiча, яшчэ ў часы свайго першага гаспадара, навучылiся рапартаваць ня толькi аб тым, што дзеецца на гэтым баку, а й хапалi той бок. I восень тут гулка-цiхая, яна глядзiць на цябе з пагранiчнай пушчы папераджальна. Заўважыўшы яшчэ цябе здалёк, пужае, калi ты баiшся, i запрашае цябе, калi разумееш яе i йдзеш да яе.

Кандраценя з Шаркевiчам заснулi воддаль хаты ў iмшанiку - невялiкай будынiне, накшталт лазьнi. Звычка ня спаць у хаце сталася законам для Кандраценi: чатыром сьцянам ня вер, калi-небудзь закутаюць цябе. Куды ляпей назiраць за хатай збоку, як за няпрыяцельскiм пунктам - прынамся, ты бачыш, каго нялёгкая прыгнала й зачым, i калi што - ногi могуць уратаваць.

На досьвiтку старэйшая з дачок Шаркевiча вывела на папас каня, што ўсё нечага фыркаў. Вярнуўшыся, Шаркевiчанка цiхенька ўвайшла ў стадолу. Прыслухалася. Па дыханьню адрозьнiла малодшага з Корзюкаў: ёй запаў у вока Раман адразу, як толькi яна пабачыла яго на кухнi, назiраючы за iм з свае каморкi-спальнi. У пасьцелi ёй было душна, яна круцiлася i не магла заснуць i, нарэшце, наважылася - начныя пляны сьмелыя - злазiць да Корзюкава сына на сена. Паўзла ня дыхаючы, але сена шамацела, Корзюкi пераставалi сапсьцi, Шаркевiчанка замiрала, ды, перачакаўшы часiнку, зноў паўзла, покуль не дабралася да Рамана. Але напрыканцы ў яе не хапiла адвагi выканаць свой намер - ашчаперыць соннага Корзюка моцна-моцна i пацалаваць яго гэтак, каб ён, ня ведаючы хто, прачнуўшыся, ў жарсьцi прытулiў яе да сябе i, зьнясiлены асалодай, заснуў з ёю разам. Вокамгненная думка, як да гэтага ўсяго паставiўся-б сын Корзюка, размагнiцiла Шаркевiчанку, i яна пахопiста спаўзла долу. Каб нечым апраўдаць перад сабою свой заход у стадолу, яна наскубла, быццам для авечак, дробнага сена i з ахапкам выйшла з стадолы.

Ранiцою Шаркевiчанка саромiлася паказвацца на вочы Раману. Бацька Рамана коса глянуў на яе - мусi, ня спаў i ўсё чуў i ўсё разумеў, ня выдаючы сябе.

Шаркевiч папрасiў усiх трох - i Савосту, i Рамана, i Генадзя - адыйсьцiся куды-небудзь ад хаты да

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату