Толькi цяпер Корзюк рэальна ацанiў, хто ён, што з iм. У сэрцы азвалася пякучаю ранай трывога, Раман хацеў, каб цягнiк вёз яго ўвесь час, не сьпяшаючыся, мiма гораду, далей ад усяго. Але цягнiк, абагнаўшы горад, яшчэ з большай, здавалася, пасьпешнасьцяй, з грукатам, з лязгам, з iмпэтам кiраваўся на вакзал, што ўжо чакаў яго i гатовы быў прыняць у свае абдымкi.
18
З менскага вакзалу Раман Корзюк ня ведаў куды яму пайсьцi: на кватэру цi шукаць Камоцкую. Пакуль ён быў яшчэ ў цягнiку, ён ведаў, што ён некуды едзе, што ў яго ёсьць месца й напрамак, а калi зьлез нiчога з гэтага не засталося: на гэтым вакзале ён апынуўся, як на канцовай станцыi, адкуль цягнiкi нiкуды ня йдуць, ды й калi-б iшлi, на iх ужо ня сядзеш. Ён ужо прыехаў i нiякiх iншых дарог у яго няма. Ён пачуўся адзiнокiм ня толькi на гэтым вакзале, а й адзiнокiм наогул. Ён думаў, што дзе-як-дзе, а ў Менску яго ссодзяць, возьмуць i павядуць, i гэта ўжо будзе нейкай дарогай. Але такога ня сталася. Раман не заўважыў, як апусьцела платформа, i на ёй зьявiўся ўжо невядома кiм прывезены багаж i кiнуты, вiдаць, для наступнага цягнiка. У Корзюка ня было цяпер нiякага абавязку, яму ня было да чаго прыкласьцi рук, ён быў пакiнутым, як той багаж, з тэй толькi розьнiцай, што багаж некуды паедзе, а ён застанецца тут. Калi-б ён нават лёг плашмя на гэтай плятформе, дык i тады яго напэўна, абыходзiлi-б, каб не спаткнуцца, не зачапiцца за яго. Яму здавалася, што нехта глумiцца над iм, зьдзекуецца з яго, даўшы яму такую поўную свабоду. Раман разглядаўся - нiчога ня было такога, што сьведычыла-б аб нейкiх зьменах i што пагражала-б яму. Менск ня быў цяпер блiзкiм, родным горадам для яго, не акрыляў, быў пустым, як гняздо бяз птушак. Калiсьцi Менск прыймаў яго, як i бацькоўскi хутар - аднолькава шчыра. I дзе-б ня жыў - на хутары цi ў Менску гэтыя два месцы былi ў яго, як адно месца. Такога месца цяпер ня было ў яго. Раману хацелася крыкнуць гэтаму менскаму вакзалу: 'Дык што-ж ты, д'ябла, не прыкмячаеш мяне? Хiба-ж я прыехаў не для цябе?' Нейкi чыгуначнiк зiрнуў на яго, i Раман падумаў, можа ён i сапраўды сказаў гэтыя словы ўголас.
Выйшаў на Прывакзальную плошчу, дзе людзей было болей. Iм апанаваў такi настрой, што калi-б была тут трыбуна, ён узьлез-бы на яе i, ўзьняўшыся высока над плошчай, кiнуў-бы адно толькi слова ў натоўп, i ад таго слова, пабачыўшы яго, пайшла-б за iм уся плошча з сваiм манумэнтам. I тады ня трэба было-б зварачаць на сябе ўвагу, кожны яго прыкмецiў-бы, здагадаўся-б, адкуль ён, хто ён такi i чаго ён хоча. Але, сквiлячы на завароце, прыйшоў на плошчу трамвай i забраў людзей, агалiўшы яе. На ёй нiкога не засталося, i ня было да каго гаварыць прамовы.
Раман Корзюк павярнуў на вулiцу Бухарына. Пачалася iмжа, пацямнела, дзень скончыўся раптам, асеў у шэрай восеньскай муцi. Калi Раман выбраўся на Савецкую, як па камандзе там запалiлiся лямпачкi, але вулiцу не асьвяцiлi, а надалi ёй фантастычны казачны выгляд, Закалыхалiся ценi, ад слабога току лямпачкi гарэлi жоўтым агнём i па колеру нагадвалi надзьмутых, як ад холаду птушанят. Вось направа будынак НКВД. З ягонага падвалу тхнула на Рамана нейкай смачнай ежай - нi то яешняй, нi то шмальцам. Ад гэтага пахнага смуроду закружылася галава, страшэнна захацелася есьцi. У вачох плыў сiнi куродым, як у нядзелю, калi мацi пякла блiны. З дзьвярэй, кружачы iх, выходзiлi людзi ў ваенным. З-за вугла вынырнуў чырвонаармеец з вiнтоўкай. Ня глянуўшы на яго, Раман пасьпяшаўся па Савецкай у напрамку да Дому ўраду. Вось той i Дом ураду. Ён тануў, як вялiзарны карабель з запаленымi агнямi ў шэрым, мутным вокнiшчы васеньняга надвячорку. Насупраць Дому ўраду, асьветлены iм, маўклiва, як вiнаваты, прысядаў да зямлi Галоўны корпус Унiвэрсытэцкага гарадка. Раман украдкам зiрнуў на яго, адным толькi вокам, i пайшоў, не сьпяшаючыся, мiма дзявочага манастыра, мiма дому, дзе жыве Цыпiна, мiма ўсяго яму знаёмага, як-бы выпраўляючыся ў вялiкую i новую для яго дарогу.
Не, ён не пайшоў на сваю кватэру. Вярнуўся назад. У сэрцы вырасла iмгненна пастанова... Вось ён у манастыры. Нiкуды ня дзенешся ад дажджу. Валя хуценька апранаецца i ён iмчыць з ёю ўсё-ткi на сваю кватэру праз дождж i iмглу. Валя дае яму цёплы, сухi свiтар. Гладзiць яму шчокi. Яму гэтак прыемна, што Валiны пальцы дакранаюцца да яго i выклiкаюць цiхую буру пачуцьцяў. Валя бярэ яго за падбародавiч, прыўзьнiмае галаву i, сьмяючыся, пытаецца, чаго яму не стае. Зьнiзу глядзяць на яго яе вочы i зацьвiтаюць сiньню. Ён адказвае, што яму цяпер добра, утульна й ня холадна. Просiць яе маўчаць. Ён кладзе сваю галаву на ейныя далонi i заплюшчанымi вачыма бачыць Валю такой, якой ён яшчэ яе нiколi ня бачыў - добрай. Яны слухаюць, як сячэ дождж вокны. Дармо - ён не дастае iх.
Раман Корзюк стаў пад сьцяной манастыра i цiхенька стукаў, выклiкаючы даўнiм спосабам Валю. Ён стукае там, дзе стаiць ля сьцяны ейны ложак. Бывала, толькi чыркне па сьцяне пазногцем i Валя ўжо прачынаецца. Але нiхто не адгукаецца. Ён пастаяў з хвiлiнку i, адубелы, пайшоў прэч. Цяпер ён не сьпяшаўся, iшоў паволi, не зважаючы на дождж. Дайшоў да свае кватэры адзiнага свайго кутка, якi яшчэ мог яго прыняць.
Гаспадыня сустрэла Рамана з усёй шчырасьцяй i сардэчнасьцяй, хоць, вiдаць было, ужо й не чакала яго. Дала яму сухое пераадзецца. Напаiла гарбатай з мёдам i ўлажыла спаць, накрыўшы цяжкою ватняю коўдрай. Ужо ў ложку Раман пачуў, як цiкаў на стале ягоны гадзiньнiк, якi ён забыў колькi дзён таму, пакiдаючы з Кандраценем хату. Гаспадыня накручвала яго кожны дзень, каб ня спыняўся, а йшоў i чакаў свайго гаспадара. Рамана гэта вельмi ўзрушыла - ён адчуў шчырасьць, любасьць чужога яму чалавека.
Рамана абыймаў сон, ён ужо быў заснуў, але ў падсьвядомасьцi, у нейкай затоенай шчылiне душы, азвалася неакрэсьленая, але трывожная думка й прыпынiла той сон. Раман заплюшчваў вочы, але заснуць ужо ня мог i, каб ня мучыцца, устаў i запалiў сьвятло. Яму здалося - нехта грукнуў у дзьверы. Раман прыслухаўся - той самы лёгкi стук яшчэ. Корзюк падыйшоў да дзьвярэй, але ня ведаў, цi адчыняць iх. Далiкатнае, але настойлiвае стуканьне ўзнавiлася. Нерашучасьць, з якой нехта хацеў зайсьцi да яго заiнтрыгавала Рамана i ён адчынiў дзьверы - увомiрг, хутка, лёгка ўкацiўся Генадзi Кандраценя i адразу да Рамана:
- Прыбег ужо?
Раман зачынiў за Кандраценем дзьверы i стаў воддаль яго.
- Чаго ты ўталопiўся й глядзiш? Прыбег, пытаюся?
Раман толькi акiнуў вачыма Кандраценю.
- Г-м-м... Ня хочаш гаварыць. Запанеў цi што, пабыўшы ў Польшчы?
Кандраценя ўсьмiхнуўся, гледзячы на Рамана, але ягоная ўсьмешка адразу-ж пахаладзела ад Раманавай маўклiнi i насупленасьцi.
- Мусiць, не ўдалося цi што якое? - асьцярожна ўшчынаў Кандраценя гаворку зноў. - Бацькi-ж, я думаю, засталiся там? Ты толькi сам? Нiхто не падстрэлены i ўсе жывы? Ну, расказвай-жа, як усё было?!
Раман прыплюшчаным вокам акiнуў Кандраценю, але той ня прыкмецiў гэтага i гаварыў далей:
- Можа якая-кольвечы дапамога патрэбна табе цяпер?
Раман ўсё маўчаў.
- Ромусь, ты што-ж? Крыўду на мяне маеш якую? А мо думаеш, што нельга памагчы тваёй бядзе? Мне ўсё тут ясна. Ведаеш, што - махнi на Дальнi Васток, i ўсёй нацдэмаўшчыне будзе канец! Думаеш, я ня ведаю, што яны табе шыюць? Го, дзядзька твой ня дурны! Усё бачыць! У нас-жа, на нашай бацькаўшчыне, заўсёды так: як бяда - уцякай! Паў-Беларусi зьбегла ўжо! Хто на захад, а хто на ўсход. I шукаць нiхто ня будзе цябе! Усё гэта - блеф, як вы, кнiжнiкi, сказалi-б. Шмат гаварыць табе не хачу. Ты можа ня бачыш сваiм дурным розумам, куды яны заганяюць цябе, як зайца? У якую пастку? Ты думаў, ты сам бег у Польшчу? Трасцы! Яны загналi цябе туды! Ты думаеш, што ты прыбег адтуль сам? Не! Усё тыя-ж самыя сiлы выпхнулi цябе i адтуль! Бачыш, якая твая самастойнасьць? Ты толькi паслухмяны струмант у iхных руках! Яны дзьмуць у тваю чулую душу, i ты плывеш на iхным ветразi туды, куды яны хочаць, куды iм трэба. Вось у чым, браце, твая трагедыя! Ты думаеш можа, што твой бацька i сапраўды забiў сакратара? Усё гэта патрэбна было iм, а ня бацьку твайму! Пашто гэта было яму? Прост яны абралi вас, як трагiчных людзёў.
- I ты памагаў iм у гэтым? - кiнуў сваё слова Корзюк i падыйшоў блiжэй да Кандраценi.
- Толькi ня бiся, Ромусь! - памагаў!
- Дык хто-ж ты тады?
- Вось i бачу, што ты не зразумеў. Сядайма лепей! Я старэйшы за цябе i табе трэба вучыцца ад мяне. У цябе цяпер няма тут бацькоў i нiкога!
Раман i Кандраценя селi за стол, за якiм яны некалi сядзелi i раней. Як i ў тую ноч, калi яны выходзiлi з хаты i накiроўвалiся на хутар Баранкевiча, Кандраценя папрасiў Корзюка згасiць сьвятло i цяпер.
У садзе шумелi голыя дрэвы i гольле iх зачапляла страху над Раманавым пакоем. Усхадзiўся вецер. I было трывожна.
- Дык вось як яно ўсё. Хутка разыграецца ня гэткае i ты, Ромусь, мусiш быць гатовым. Не давайся ў рукi тым, хто цябе хоча закласьцi, як барана на ўрачыстасьць. З цябе будзе добрая ахвяра. Але iм трэба шмат