такiх ахвяраў, як ты. I яны знойдуць, набяруць памiж вас такiх, як ты. Пабачыш - за адну ноч нахапаюць. Дык я й прыйшоў цябе папярэдзiць, а не за душой тваёй, як ты можа думаеш. Вось i разьбярыся, каму i як я памагаю. Я табе ня дзядзька, але лепш, як дзядзька. Шкадую цябе дзеля тваiх бацькоў, з якiмi я зьвязаны ня толькi дружбай. Але гэта iншая стацьця. Ня ўсё табе, бачу, тут ясна, дый ня трэба. Адно кажу - едзь! Кiруй свае ветразi ў iншы бок! Хай нiхто ня дзьме ў iх! Дзьмi сам!

- Добра табе гаварыць.

- Але я гавару праўду. Каб цябе тут больш нiчога ня трымала, скажу табе яшчэ адно: твая паненка ўжо ў НКВД. Не ўбярог. Дабранач. Мне трэба йсьцi.

Раман Корзюк не затрымлiваў яго.

19

А ранiца выдарылася сонечная, як рэдка ў Менску ў лiстападзе. Раман упяршыню за колькi дзён добра выспаўся, але з ложку не ўставаў: яму было прыемна ляжаць i быць задаволеным сваiм ляжаньнем. У вадно акно сьвяцiла сонца, у другiм - быў вiдзён сад. На старой грушы яшчэ трымалася лiсьцё, жаўрэла ў ранiшнiм сонцы i зглела. Было суха, звонка, ясна, i Раман падумаў, што вярнулiся кастрычнiцкiя, павасеньняму халодныя, налiтыя яблыкамi ранiцы, такiя прыгожыя на ўскраiнах Менску! Адчуваньне было такое, быццам Раман дома, на хутары. Бацька й мацi працуюць дзесьцi на полi, а яго ня будзяць, даюць яму выгаду, як гасьцю, што прыехаў дахаты толькi на кароткi час. На стале чакае яго пад абрусам смачнае сьнеданьне, згатаванае мацi, - напэўна, яечня. Раману, даросламу, сорамна заставацца аднаму ў хаце, калi ўсе працуюць. Нават сястрычка, i тая разам з бацькамi пяклуецца. Але сьвята ў душы ад гэтага ня сьцiраецца. Душа - як прыгожа прыбраная сьвятлiца: дзiвiцца ўсяму ў цiшынi сваёй, расьце, дужэе, сама сабе спавядаецца.

Пастукалася гаспадыня i прынесла гарбату. Была ўжо дзевятая гадзiна ранiцы. Пасьля гарбаты Раман адразу-ж пачаў зьбiрацца ў iнстытут. А куды-ж больш? Падаўся ў навуку, значыць i трымайся яе, iдзi напралом! Вучыся сам, а потым вучы! I ў першую чаргу - дзяцей. Бо-ж будаўнiцтва бацькаўшчыны пачынаецца з дзяцей. Як доктар прышчапляе воспу, гэтак ён будзе прышчапляць iм бацькаўшчыну. (Iдэя бацькаўшчыны засела ў яго галаве з часу ягонай гутаркi з высокiм польскiм чынам.) Прышчапляць на векi вечныя! Усё гэта ён, мусiць, вычытаў у Лёсiка. Тым-жа часам трэба йсьцi на заняткi, а не ўцякаць 'на Дальнi Васток'. На ганку яго затрымала гаспадыня й запыталася, калi ён вернецца. Корзюк адказаў, што бавiцца нiдзе ня будзе. Прайшоў цiхiя вулiчкi, мiнуў Берасьцейскi i стаў на трамвайным спынку. Сеў на трамвай i праз колькi хвiлiн зьлез насупраць кватэры Цыпiнай, ля самага манастыра. Калi ён, бывала, сыходзiў тут а восьмай, дзяўчаты якраз у гэтым часе выходзiлi з свае рэзыдэнцыi i ён iшоў з iмi разам, але сёньня яны пайшлi ўжо i ён ня сустрэне iх тут.

Раман яшчэ ня вырашыў, цi йсьцi яму перш да дырэктара цi адразу на заняткi. I калi пайсьцi да дырэктара - што яму сказаць? Пра гэта Корзюк, як зьбiраўся на заняткi, не падумаў, а цяпер гэтае пытаньне налезла на яго гвалтам, узьняло ў iм зноў неспакойную сiлу. Ад ранейшага настрою i ценю не засталося. Дзень пачаў граць сваю драму i ўжо ўцягнуў у яе Корзюка, як чулага i ўразьлiвага актора.

'Не могу-ж я цярпець такога палажэньня бясконца! Канешне, пайду й скажу ўсю праўду! Нелегальна сядзець у клясе ня буду! Гэта было-б сьмешна! Мала што можа быць...'

З гэтым Корзюк падаўся да дырэктара. Сакратарка прыняла яго ветлiва. Папрасiла пачакаць, пакуль яна павядомiць дырэктара аб iм. З ейных вачэй Раман вычытаў, быццам яна яго доўга чакала i цяпер абрадвалася, што ён прыйшоў.

- Заходзьце! - запрашала Рамана сакратарка, выйшаўшы ад дырэктара, у якога яна прабыла можа з пяць хвiлiн.

- Ну, што вы нам скажаце, таварыш Корзюк?

- Можна мне пайсьцi на заняткi?

- Чаму-ж не? Вы ня звольненыя! Вы такi-ж у нас студэнт, як i ўсе iншыя! Тое, што мы вас пакрытыкавалi, яшчэ нiчога ня значыць - лес сякуць, трэскi ляцяць. Канешне, iдзiце, iдзiце на заняткi! Наведвайце рэгулярна заняткi! Прашу не прапушчаць! Здавайце экзамены, якiя вы яшчэ ня здалi. Адным словам, вучэцеся!

I спынiўшыся на сэкунду:

- Можа маеце якую спэцыяльную просьбу, патрэбу?

- Не, дзякую.

- Значыць усё ў парадку. Можаце йсьцi.

Раман не чакаў такога i быў зусiм раззброены. Да 'прызнаньня' не дайшло. Што-ж гэта такое? Няўжо ён нiчога ня ведае? Быць ня можа! Такi ветлiвы, лагодны. Ах, трасцы! Ведаў-бы, не пайшоў-бы. Нешта занадта паслухмяным i пакорлiвым стаў я. Вось-жа, паказаў сваю дурноту! Канешне, усё ён ведае, толькi прыкiдваецца.

З затоеным дыханьнем i з страхам чакаў канца лекцыi на сваiм курсе. Дзьверы ў аўдыторыю былi зачыненыя. Як гэта яго сустрэнуць? Пэўна, першым выскачыць з аўдыторыi Пелагейчык i пабяжыць наверх у буфэт, каб стаць у чаргу за малаком i булачкай. Такая ненажэра! I грошы ёсьць скульсьцi. Падыйдзе да буфэту i доўга будзе цмокаць-плямкаць губамi, пакуль ня купiць i не пачне есьцi. А буфэтчыца, каб трымаць у памяцi колькi i каму яна мусiць даць рэшты, будзе ўсё паўтараць для сябе самой тую рэшту i налiваць малако ў шклянкi i падаваць булачкi. Нялёгкая праца буфэтчыцы! Студэнты празвалi яе 'Семь копеек': у ейным вымаўленьнi слова 'сем', 'м' выходзiла дужа мяккiм. Нiхто з студэнтаў-беларусаў ня ўмеў вымавiць гэтае 'м' так, як яна. Адсюль i пайшло прозьвiшча 'Семь копеек'.

За Пелагейчыкам высьлiзьне Дзiчкоўская, стане ля вакна i сваiмi гарачымi вачыма прапячэ наскрозь кожнага, хто пройдзе па карыдоры паўз яе. А калi будзе iсьцi дацэнт Аляхновiч, яна абавязкава спынiць яго i папросiць у яго прыкурыць, каб толькi пачаць з iм гутарку.

Затым выйдуць усе разам Шкляр, Голдзiна i Аўсеева i табунком стануць пасярэдзiне карыдору, размаўляючы памiж сабой, сьмяючыся i мякка размахваючы рукамi.

Высунецца Шарамецьцеў - высокi, як жэрдзь, трохi сарамлiвы i цiхi юнак, зiрнець паўзверх галоваў i ўсьмiхнецца: значыць, пра нешта цiкавае падумаў. От, такая прастэча!

Тады лёгкай хадой выкацiцца Шынкевiч i будзе з кажным нюхацца: яму гэта патрэбна для свайго дзёньнiка, пад назовам 'Хто чым дыша'.

Маяком пакажыцца двуаблiчны Янус - 'iнтэлiгент' Яначкiн, як яго празвалi студэнты. Ён не гаворыць пабеларуску i ня любiць гэтай мовы. Кожнае слова, непадобнае на расейскае, называе 'нацдэмаўскiм' або 'польскiм'.

Шыракоў i Цыпiна будуць сядзець i есьцi свае бутэрброды, дамаўляючыся, у якое кiно яны пойдуць увечары. Яны ня выйдуць на карыдор.

Лагоўская ня выйдзе таксама - яна будзе вучыцца.

А ад Камоцкай усяго можна чакаць: або яна сядзiць за адным сталом з Ларысай i гаворыць з ёй, як з сястрой, або глядзiць у вакно, каб нi з кiм не гаварыць. Так цi iнакш - ня выйдзе на карыдор.

Сьцяпан Мялешка абавязкава выйдзе: яму трэба пабачыць дырэктара або таварыша сакратара партарганiзацыi.

'Цiкава, як i хто сустрэне мяне? Стану ля вакна насупраць дзьвярэй i буду ў кожнага ўглядацца. От, зраблю нешта накшталт апытальнiка'.

Званок. Найбольш сягоньня энэргiчны - як на пажар цi на надзвычайны сход.

Зьнiзу, напэўна з падвалу, азвалiся духавыя трубы, - дзьмулi голосна i прарэзьлiва, ажно рвалi поветра: заўтра-ж Кастрычнiк, аркестра рыхтуецца да выступленьня i да ўдзелу ў сьвяточнай дэманстрацыi.

Нарэшце, рашчынiлiся абедзьве палавiны дзьвярэй.

Прайшоў Пелагейчык паходкай хлапчука, закружыўся на месцы, убачыўшы мяне, але выраўнаўся i пайшоў. Думаеце, гэта лёгка высьлiзнуцца з-пад вачэй?

Мялешка ажно спужаўся, угледзеўшы мяне тут: хто як хто, а ён думаў, што мяне ўжо няма. Пайшоў заклапочаны.

Шынкевiч нюхаўся з усiмi, а мяне - рабiў выгляд - не прыкмячае.

Двуаблiчны Янус - 'iнтэлiгент' Яначкiн, пагардлiва зiрнуўшы на мяне, пачаў нешта высьвiстваць, захоплены, вiдаць, мэлёдыяй з падвалу.

Табунок (гэта значыць, Шкляр, Голдзiна i Аўсеева) памахаў мне рукой, але не падыйшоў да мяне i хутка схаваўся ў прыбiральнi.

Шарамецьцеў, пасьля некаторага ваганьня, усё-ткi падыўшоў да мяне i нясьмела падаў мне руку. Ён таксама не хацеў-бы бачыць мяне, але ўжо, угледзеўшы, ня меў сiлы адыйсьцiся: слабую меў натуру. Ня

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату