ўмеў гаварыць са мной i ня ведаў, як адыйсьцiся ад мяне. Шкада мне яго.
Нешта-ж ня вiдно Дзiчкоўскай! Няйначай, затрымалася дзесьцi. А, вось i яна! Цiсьне проста да мяне. Абедзьвюма рукамi ўхапiлася за маю працягнутую руку i, жартуючы й сьмяючыся, задам пацягнула мяне ў клясу - паказаць 'рэабiлiтаванага злачынцу i ворага'.
- Ну, як, братва, - прымем? - i паказвае на мяне.
Нiхто нiчога не адказваў ёй, але такая акалiчнасьць не зьбянтэжыла яе, i яна зьвярнулася да Шыракова:
- Пятро, сыйграй туш, хоць на губах, калi медзi няма!
Пятро Шыракоў вiнавата ўсьмiхнуўся: пад сталом Цыпiна наступiла яму на нагу, каб ён ня слухаўся Дзiчкоўскай.
Iншыя, хто быў у клясе, зьдзiўлена i моўчкi пазiралi на мяне.
- Ну, ня хочаце прывiтаць чалавека, дык i ня трэба! - раззлавалася Дзiчкоўская. Яна не спадзявалася, што ў яе выйдзе так дрэнна.
- Рамашачка! (гэта яна так далiкатна ахрысьцiла мяне) сядай са мной за адным сталом i пагаворым! Бяда, браце, - Валiчкi тваёй няма, бачыш. I што гэта рабiць?
Падыйшла i Лагоўская i таксама сказала мне, што Валiчкi няма.
У аўдыторыю ўвайшоў выкладчык. Шмат хто думаў, што цяпер я выйду (можа, зайшоў сюды ў якой справе), але я ня выходжу, сяджу. 'Значыць яго ня выключылi. А за што-ж сядзiць тады Валя? Ён прыйшоў во i слухае, нiчога з iм ня сталася. Яшчэ й нос задзiрае'.
Лекцыi я ня слухаў. Чытаў гiсторыю пэдагогiкi Фрыдман. Як i звычайна, свае тэзы ён падмацоўваў гучным плясканьнем аднэй сваёй даланi аб другую. Рукавы ў яго былi закасаныя (ён нiколi ня прыходзiў на лекцыi ў гарнiтуры).
Валi няма. Сапраўды, гэта жудка: усе сядзяць, а яе няма. Паўзло на мяне як-бы нешта чорнае з вуглоў, абымала мяне, шаптала. Быццам рэха Валiнага голасу насiлася тут, абвiнавачвала мяне i дакарала. А то, як праз туман, глядзелi яе вочы, прасiлi, усьмiхалiся, зноў зьнiкалi.
На перапынку да мяне падыйшло ўжо болей сяброў. Пераканалiся, што я ўсё яшчэ студэнт. Ад Цыпiнай атрымаў 'вымову з апошнiм папярэджаньнем' за тое, што высылаю лiсты (ня ёй) на ейны адрас. Ды, не зважаючы на 'вымову', запрасiла мяне i Шыракова завiтаць да яе ўвечары. Але я не пайду.
20
Няма прыгажэйшых у сьвеце восеньскiх вечароў, як у Менску! Яны некуды цягнуць, вабяць. Халодна-звонкае паветра кружыць тваю галаву i ты ступаеш, узвышаючыся i вырастаючы, быццам не датыкаешся да зямлi, радасны й прыемны сабе самому. Асьветлены знутра, iдзеш як на сустрэчу, яшчэ першую ў тваiм жыцьцi, нязнаную й нязвычайную. Лёгкасьць i хараство... Заходзячы, хлiпае над узгоркам сонца, а тут, у месьце, калеюць i стынуць ужо трамвайныя рэйкi, выпростваючы свае доўгiя рукi i запрашаючы цябе. Але ты ня хочаш ехаць. Цябе маняць вунь тыя сады, голыя, павасеньняму смутныя, сьведкi твайго каханьня, одуму й рашчараваньня.
У вячэрнiм паўзмроку сады - як прывiды мiнулага, яны стаяць як за мяжою, па той бок, у краiне ўчарайшага шчасьця. I табе цяпер хочацца поглядзець на iх. Не паглядзець, а пабачыць iх. Не паглядзець, а пабыць у iх, пастаяць i прыслухацца.
Такi вечар выдаўся й сягоньня. Раман ведаў (ён нiколi не памыляўся, калi моцна чаго-небудзь хацеў, або быў узрушаны), што i сягоньня на кватэры будзе чакаць яго Генадзь Кандраценя. I Раман вырашыў тымчасам ня йсьцi нi на кватэру, нi да Цыпiнай, якая запрасiла яго на вечар. Iм апанавала рамантыка адзiнотных блуканьняў, знаёмая толькi такiм натурам, як Корзюк - бязмэтным, непасьлядоўным, чулым, хiсткiм i адначасна бязьмежна рашучым у сваёй наважнасьцi. Ня дай Божа захацець чаго-небудь такiм натурам - яны праглынуць самiх сябе i пойдуць на якую хочаш ахвяру!
Корзюка манiлi ўскраiны Менску. Вясной ён ня любiў iх. Ён любiў iх толькi ўвосень. Iнстытуцкi дзень яго стамiў i прытупiў яго пачуцьцi... Раман уцякаў ад людзей, каб паслухаць сябе самога i набрацца нейкiх асаблiвых уражаньняў-мамэнтаў, зыркiх i прарочых, ад якiх-бы яму было лягчэй у мiтусьнi й разгубленасьцi, частай у яго.
У сваiм бязмэтным руху Раман адчуў новае захмяленьне ў крывi, выраслы, ён парываўся наперад, некуды ў шырыню i ў смутна-радасную разьлегласьць вечару.
Вылузнулiся першыя, павасеньняму буйныя i чыстыя зоры. Белым сьвятлом сваiм, як знаёмыя госьцi, яны iскрыста цалавалiся ўгары iз шпiлямi касьцёлу i з адзiным залатым крыжам на царкве, што ўзвышалася недзе ў напрамку Нямецкiх могiлак. Раман пайшоў туды, на тое зьзяньне i бляск.
Ён ня раз блукаў у гэтых ваколiцах яшчэ калi працаваў на цагельнi. Вунь, палiчы, колькi iх, цагельняў, налева ўзьнялося сваiмi ненажэрнымi глоткамi-трубамi ў неба! Калiсьцi амаль кожны дзень, пасьля працы, увечары, Корзюк уцякаў з-пад гэтых труб на ўзгоркi, што разьлеглiся цяпер перад iм, i адпачываў. Але гэта ўсё ў мiнулым. На душы цяпер зусiм iншае сьветла-ўзьнёслае, прыемнае, журботна-трывожнае. Яно шукае выхаду i не знайшоўшы, жыве ў заходлiвасьцi сэрца, у думах, у рытме хады i ўва ўсiм.
Раман бяжыць на ўзгоркi подскакам, каб зiрнуць унiз. Не, каб быць вышэй над усiм, радвацца й захапляцца!
З гэтага самага ўзгорку, на якiм ён стаiць цяпер, Раман некалi штурхаў унiз Валю i, даганяючы, лавiў яе ў свае абдымкi. Яны ўзьбiралiся на вяршыню зноў, i ў зорах, у сьвятле месяца, гукалi сусьвет i, жартуючы, кулакамi пагражалi яму за тое, што ён маўчаў. А потым Раман пачынаў кпiць з Валi: як гэта яна паддалася яму i робiць тое, што й ён! Валя злавалася i Раман ведаў, што яе трэба тады моцна прытулiць. Корзюк смяяўся, што Валя была настаўнiцай: настаўнiкi i мэдыкi, на думку Корзюка, людзi бяз сэрца i ня здольныя на нейкую там гарэзьлiвасьць i захапленьне. Такое азначэньне абурала Валю, - як ня штурхаў яе Раман з гары, яна ня бегла ўнiз, садзiлася i, наравiстая, не ўставала з зямлi, аж пакуль ня ўзьнiмаў яе пад пахi Корзюк. Аднак злосьць яе, як i заўсёды, праходзiла хутка i яна зноў станавiлася Валяй - прагнай, увiшнай i пякельна лiпкай.
З гэтых во самых узгоркаў яны праектавалi сабе шлях на Польшчу. Каб хто запытаўся ў iх тады чаму, яны не змаглi-б адказаць на гэтае пытаньне, iм прост хацелася пабачыць iншага сьвету або хаця лятуцець аб iм. Такой краiнай лятуценьняў у Корзюка была Польшча, як самая блiзкая загранiца. На месцы Польшчы магла быць хаця якая краiна - яна аднолькава вабiла-б Корзюка, як iншая дзяржава, не свая. Свае, мясцовай рэальнасьцi, як-бы не хапала, каб жыць. I ня было было куды йсьцi. А йсьцi трэба было. Ня йсьцi Корзюк ня мог. Рамантыка рэвалюцыi больш не захапляла. У цяпершчыне-ж нiчога ня было цiкавага. Тургенеў быў прачытаны i перажыты, i з мiнулага пара было выбiрацца. Рамантыкi Зарэцкага не хапiла. Нацыянальных герояў было замала. I трэ было станавiцца героем самому. I Корзюк пайшоў, адчуўшы ў сабе героя. Аднак, гэтае геройства абярнулася нейкiм авантурызмам.
А вось i Нямецкiя могiлкi! З Валяй мы нiколi ня мiналi iх, як былi тут. Цяпер тут сьцюдзёна й боязна. Болей змрочна, як раней. Здаецца, i такiх манумэнтаў раней тут ня было. Адкуль яны ўзялiся? I як-бы высачэйшыя. Калi мы былi тут апошнi раз, Валя трывожылася i казала, што калi я памру, яна станiць помнiкам над маёю памяцьцю. (Гэта калi мы праходзiлi з ёю памiж гэтых крыжоў.) Я тады прашу яе паказаць мне, як гэта яна будзе стаяць нада мною тым помнiкам? А яна й гаворыць, трэба, каб я найперш памёр, тады яна й зможа паказаць на практыцы, як яна распастрэцца крыжам. Ну, я й кладуся на зямлю, галавою ў ногi ёй - гэта значыць, памiраю. Валя ўяўляе мяне ўжо мёртвым. Стоячы нада мною, распасьцiрае свае рукi й замiрае. Вось бачыш, гаворыць яна, аднэй магiлкай i крыжам болей стала. Я ўсхоплiваюся, не хачу быць могiльнiкам. Цягну Валю за руку адсюль. Дрэнь гэтыя Нямецкiя могiлкi! Гайда ў горад назад!
I Раман бяжыць з вышыняў унiз. Там загарэўся ўсiмi лямпачкамi Менск. Кiнулася сваёй пабелкаю турма на Валадарскага. Вунь у той вежы, што ад мяне на поўнач, мусiць, сядзiць Валя. Але не: Валi яшчэ няма ў гэтай турме. Яна марнуецца на допытах i, пэўна, сядзiць яшчэ ў 'Амэрыканцы'. Толькi пасьля заканчэньня сьледства, яе перавядуць на Валадарскага. (Для жыхароў гораду ня было сакрэтам, што апрача старой турмы на Валадарскага, усiм вядомай i вiдочнай, ёсьць яшчэ ў горадзе другая турма, новая - 'Амэрыканка', якой з вулiцы ня ўгледзiш, яна стаiць недзе на двары, за мурамi будынку НКВД.)
Раман уздумаў 'паглядзець' Валю ў 'Амэрыканцы'. Прынамся, хоць зблiзку пахадзiць каля яе. Заўтра ён панясе для Валi перадачу. У кожным разе, ня лiшне пазнаёмiцца блiжэй з гэтым Валадарскiм, якога ня мiнеш. Раман успомнiў пiсульку бацькi, якую перадаў яму ў сваiм часе Кандраценя, i словы ў ёй пра тое, што ён, Раман, ходзiць на волi тымчасам i толькi дзякуючы нейкiм хiтрыкам.
Тут, у горадзе, пры сьвятле, усё выглядае пасьвяточнаму - хутка Кастрычнiк! У вiтрынах болей выстаўлена i вулiцы былi запоўненыя людзьмi, асаблiва Савецкая. Але на тым адцiнку яе, дзе стаяў будынак