НКВД i дзе шпацыраваў чырвонаармеец-вартавы, пападалiся толькi паадзiнокiя прахожыя: рух быў на другiм баку вулiцы, а ня тут. Раман Корзюк спачатку абыйшоў гэты будынак з боку Ўрыцкага, а потым з боку Савецкай, заглядаючыся ў кожнае вакно. Потым павярнуўся назад i зноў пачаў рабiць свой абход. Калi Раман паглядзеў направа, унiз - на ўзроўнi тратуару, праз забруджаныя маленькiя вакенцы, прабiвалася з падвалу на волю цьмяное сьвятло i адкiдвала ценi ад торбачак i вузялкоў, што вiселi ў сярэдзiне на кратах. Раман Корзюк не хацеў надта сьцiшаць свае хады, каб ня кiнуцца ў вочы вартавому. Завярнуў за вугал Урыцкага. Насустрач - вартавы. Разыйшлiся. Раман iшоў паўз сьцяны будынку. Направа шырокiя - шэсьць крокаў - зялезныя вароты. Мусiць, сюдою вязьлi Валю. На сэкунду Корзюк затрымаўся, павяртаючыся назад. У гэтым-жа часе, нечакана для яго, павярнуўся назад i вартавы. Корзюк iшоў прост на яго. Яны хутка зблiжалiся. Параўналiся - вартавы хоць-бы глянуў на яго! Але 'iнспэкцыi' Корзюк болей не рабiў. Пайшоў на трамвайны спынак. Ён i раней часта езьдзiў абы куды толькi для таго, каб, апынуўшыся ў трамваi сярод людзей, паглядзець 'гораду ў аблiчча'. Бывала, спадабаецца яму якое-небудзь 'аблiчча' - будзе ехаць за iм да тых пор, пакуль гэтае 'аблiчча' ня зьлезе на якiм-небудзь спынку. Гэтак i цяпер, ён сеў на трамвай з такой-жа мэтай. Але сягоньня яму не шэньцiла - нiводнага выдатнага 'аблiчча'! I ён, праехаўшы адзiн пралёт, зьлез, ня хочучы глядзець у 'звычайнае аблiчча гораду'. Якраз апынуўся ў сваiм Гарадку. Куды яму пайсьцi? Няма куды! I ён пайшоў да свае адзiнае, добра знаёмае сяброўкi, якая нiколi яму не здраджвала, была паслухмянай i ў радасьцi i ў смутку, адзывалася ўсiмi акордамi свае душы. Яна помнiла яго i заўсёды чакала яго. Маўчала ў кутку, пакуль ён не падыходзiў да яе i пакуль не дакранецца да яе. Нiкога iншага яна ня прыймала так ахвотна, нiкому не аддавалася так, як яму. Убег ня сьпераду, а ззаду ў Галоўны корпус. Узабраўся на самы апошнi паверх, дзе яна стаяла.У гэтым кутку нiколi ня было сьвятла. I Раман любiў гэтае месца сустрэчы з ёю. Адсюль было вялiкае адчуваньне вышынi. Тут было толькi два вакны. Ён адчынiў iх: адно на двор, другое - на вулiцу. I зайграў... Хто толькi хоць раз паслухаў Корзюка, як ён iграе, той, заплюшчыўшы вочы, праз дзесяць, дваццаць, трыццаць год уявiць сабе Корзюка. Ня трэба глядзець на яго. Трэба толькi слухаць ягонае граньне. Нi аблiчча, нi постаць, нi рукi, нi ногi, нi вочы - нiчога вам не сказала-б гэтулькi, колькi сама музыка, якая йшла ад яго. Тое, што Раман граў - аднолькава было i кампазытарава i Корзюкава. I няхай-бы вы ня бачылi Рамана i ў вочы, слухаючы яго, вы сказалi-б, як ён выглядае: i рост, i аблiчча, i вочы, i нават колер валосься, i ўсё тое, што называецца характарам, уявiлася-б вам дакладна.

Так i цяпер, Корзюк сядзеў у змроку i граў. Усё тое, што ён граў, ён граў напамяць - ноты яму перашкодзiлi-б. З вышынi праз вокны лiлася музыка - то ўзьнёслая, то цiхая, то журботна-далiкатная, то як успамiн i вечнасьць - i запаўняла ўсё: вулiцы, плошчы, надзем'е, хапаючы зоркi. Прахожыя на момант спынялiся на тратуарах i на плошчы, ня ведаючы адкуль музыка, i йшлi зноў, паслухмяныя рытму, лёгкiя i зьдзiўленыя. Увесь гэты дзень Раман шукаў уцелаўленьня сябе ў чым-небудзь i, знайшоўшы яго ў музыцы, быў памiж нябыцьцём i найвышэйшым iснаваньнем. Музыка была самой iснасьцяй, i ўвабрала ў сябе ўсё ад нараджэньня i па гэтую часiнку. Але найболей у ёй было, чаго яшчэ ня было: страху, мукi i суму чалавека, што гэтак мучыцца i шукае свайго зьiшчэньня.

Чулi Раманава граньне i ў манастыры. Дзiчкоўская выхапiлася i ўжо бегла на паддашша, на тую пляцоўку, дзе стаяла пiянiна. Яна добра ведала гэтае месца спатканьняў. Раман не пераставаў граць. Цiха, на цыпачках, падыйшоўшы да яго, Дзiчкоўская, стаўшы ззаду, накрыла далонямi вочы ў Корзюка: адгадай! Рухам галавы Раман хацеў вызвалiцца, але ня мог, i яшчэ адданей прылягаў да пiянiны. Дзiчкоўская не адпушчала сваiх рук, i нахiляла Корзюкаву галаву да сябе. Змоўкла музыка. Па тым, як пахлi пальцы (гэта тыя самыя рукi, што цягнулi яго сягоньня з карыдору ў аўдыторыю) Раман пазнаў: Дзiчкоўская.

Яны не заставалiся тут доўга. Дзiчкоўская прыходзiла, як яна сказала, трошкi пашкадаваць Корзюка. Але гэтая спагада абразiла яго: спачуваньне ён лiчыў самым нiкчэмным пачуцьцём. Быў не гаваркi, вiдавочна, усё яшчэ знаходзячыся ў уяўным сьвеце. Яны выйшлi на вулiцу. Разьвiтаўшыся з Дзiчкоўскай, Раман сеў на трамвай. Ён не заўважыў позiрку, якi кiнуў на яго кандуктар.

21

- Ну, дык i што будзем рабiць, Ромусь?

- Нiчога.

- Як нiчога? Усё так надарэмна й прапала? Пашто тады было ўсё ўсенькае?

- Можа ваша й праўда - пашто? Але скажэце, нарэшце, чаго вы прылiплi да мяне? З пят ня злазiце!

Корзюк пахопiста падняўся з крэсла i пайшоў да дзьвярэй. Кандраценя падумаў - Раман хоча ўцячы ад яго.

- Нiкуды, браце, не ўцячэш.

I, апярэдзiўшы Рамана, стаў задам да дзьвярэй, распасьцёршы рукi:

- Вось калi хочаш, дык падыйдзi да мяне, я абнiму цябе й пацалую. Надта ты харошы, калi злуешся.

Раман моўчкi пачаў хадзiць па пакоi, ад сьцяны й да сьцяны. Кандраценя вярнуўся ад дзьвярэй i зноў сеў за стол.

Ноч стаяла за сьценамi на дварэ, аблягала хату. Яны баялiся гаварыць, сьцiхлi. Корзюк наперад ведаў - зараз Кандраценя яму скажа: 'Ромусь, патушы сьвятло - навошта яно?' Бо нiколi яшчэ такога ня было, каб Генадзь сядзеў у Рамана пры сьвятле.

Але Кандраценя з такой просьбай не зьвяртаўся цяпер да Рамана, заставаўся сядзець за сталом, супакоiўшыся i нешта думаючы. I Раман, спынiўшыся ля вакна, глядзеў паўз верх фiранкi ў сад, хоць i нiчога там ня бачыў. Так яны й засталiся - Раман ля вакна, Кандраценя - за сталом. Нiводзiн з iх ня быў цяпер адзiн аднаму блiзкiм, яны як быццам вялi асобнае, паралельнае iснаваньне, бяз нiякай сувязi аднаго з другiм. Калi-б хто-небудзь назiраў за iмi цяпер збоку, можна было-б падумаць, што кожны з iх рыхтуецца да нападу i чакае зручнага для гэтага моманту, старанна маскуючы свой намер. Хата была для iх той пляцоўкай, на якой вiда-вiда разыграецца бой.

- Дык ўсё-ткi, Ромусь, што мы будзем рабiць?

- А што ты хочаш, каб я рабiў?

- Ну, разумееш... каб нешта-ж рабiў.

- Так табе хочацца, га?

- А табе - не?

- Не!

Гутарка не наладжвалася. Седзячы, Кандраценя ёрзнуў з пару разоў.

- Дык у цябе няма аб чым i гаварыць са мною?

- Няма!

Корзюк зноў пачаў хадзiць па хаце. Змоўк i Кандраценя. На гаспадыненай палавiне прарэзьлiва каўкнула кошка, як-бы ёй хто наступiў на хвост. Кандраценя i Корзюк пераглянулiся.

- Чапаю-чапаю я цябе i ўсё не магу зачапiць.

- А ты лепей не чапай.

- Як-жа цябе не чапаць, калi трэба.

- Нашто я табе спатрэбiўся, скажы ты мне, нарэшце?

- Але-ж, скажу.

- Гавары!

Гэтае 'гавары' Раман сказаў гэтак, быццам ужо цiснуў Кандраценю за горла.

- Патушы, браце, святло! Я цябе не баюся. У пацёмку й гаварыць ляпей. Сядзь i ты за стол. Ня тырчы! Можа й бачыш ты мяне апошнi раз.

У Кандраценевым голасе, як у тым звану, нешта трэснула, ён зазьвiнеў неяк жаласьлiва, журботна й трывожна. Раман затушыў сьвятло. У апалым Кандраценевым голасе чулiся сьлёзы i Раман спужаўся, што Кандраценя заплача.

- Дык слухай, нягоднiк, усё скажу.

Голас у Генадзя падужэў.

- Надыйшоў i твой час. Заўтра твой дзень. Будзь вартым яго!

Крэсла, на якiм ён сядзеў, затрашчала.

- Я ведаў, ты ня ўцерпiш у Польшчы. Але гэта ня важна. Важна, што ты быў там. Слухай чуйна. Шкада мне цябе, а найболей бацькоў тваiх. От, пакутнiкi, ня дай Божа! Праз тыдзень бацьку твайго будуць судзiць у Заслаўi. Ня пужайся, бацькоў тваiх тут няма й ня будзе. Суд будзе над, iм без яго, суд завочны. I ты будзеш на бацькавым судзе. Пабачыш! Ты слухаеш мяне?

Раман слухаў, але ня мог уседзiць за сталом. Адыйшоў i стаў ля вакна.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату