- Дык вось-жа, збайдарылi сакратара райкому партыi самi, а прычапiлi бацьку твайму. Самi-ж i ратунак для яго знайшлi - Польшчу тую. Канешне, ён ня вернецца адтуль, але пра яго скажуць, што забiў чалавека ён i ўцёк туды. Тут, браце, цэлая сыстэма. А Шаркевiч i я, ты думаеш - для чаго? Каб, канешне, справаджаць вас туды. Мы як-бы дапамагаем вам, на справе-ж мы робiм сваё, што нам загадана. Мы - вашыя i адначасна iхныя. А потым яны назавуць нас бандытамi, шпiёнамi i дывэрсантамi. Думаеш, i начзаставы езьдзiў на хутар Баранкевiча так сабе? Не, браце! Ён прапусьцiў праз гранiцу цябе, бацькоў тваiх i сястру. Ён тут у ваднэй кампанii з намi. Ён пацёг Шаркевiча, пацягнуць i яго, калi ўжо не пацягнулi. Ад хутару Баранкевiча й метлуху не застанецца згалелых дачок, i тых забяруць. Як-жа дзяржава можа глядзець на ўсё гэта, заплюшчыўшы вочы, думаеш? А начзаставы, думаеш, ня мае сяброў-аднамысьнiкаў у Менску? Мае! А калi-б i ня меў, дык знойдуць. Знойдуць таго, хто даваў яму загады i зьвяжуць разам iх у вадно. НКВД карае i тых, хто выконвае ягоныя загады. Бачыш, як тут усё скручана-зьверчана. А цяпер, якая-ж мая роля ўва ўсiм гэтым? Пачакай, скажу.
Раман Корзюк закурыў, асьвяцiўшы на момант запалкай Кандраценю. Папяроска доўга блiшчэла ў цемры, i гэта нэрвавала Кандраценю.
- Не смалi, а слухай! Каму гавару? Не сабе. Табе. Кажу, будзеш на бацькавым судзе. Дык вучыся. Вучыся жыць. А то надта скачаш па версе блыхой лятучай. Згiнеш. На Дальнi Васток позна ўжо. Учора было яшчэ ня позна, а сёньня позна ўжо. НКВД сьцiснула ўжо зялезны абруч. I ты апынуўся ў гэтым абручы-коле. Але ня толькi ты адзiн у iм. У гэтым абручы ўся Беларусь. Але ўся Беларусь iм не патрэбная. Навошта? Апрача твайго брата-студэнта, у абручы апынулiся выкладчыкi, у тым лiку i твае, песьняры вашыя, акторы, сьпевакi, нават калгасьнiкi, i каго яшчэ не захапiў гэты абруч? Шырака хапянуў ён i цяпер паволi сьцiскаецца i сьцiскаецца. Будзь пэўны, выйсьця з гэтага абруча няма! У гэтым абручы i табе адведзеная роля. I ты граеш яе дасканала. Ты дайграўся ўжо - заўтра твой судны дзень, Ромусь. А хто-ж твой рэжысэр? Здагадайся сам! Я табе ўжо шмат чаго падказаў. У твайго рэжысэра i я на службе. Чаму гэта ўсё патрэбна? Спадзяюся-ж, маю службу ты разумееш, як сьлед. Ты, канешне, замалады яшчэ. Вось чаму, паважаючы бацькоў тваiх, я вучу цябе.
Раман дакурыў i кiнуў агарак на падлогу. Хутка ён згас. Цямнота насунулася яшчэ больш. За хатаю шорхла ноч, стаяла за вугламi, церлася аб сьцены, быццам прасiлася нанач. Змоўк на часiнку i Кандраценя i, як Раман, слухаў за вокнамi ноч. Быў у нейкай трывозе сказаў:
- Так, гэта ноч. Але ня будзем гаварыць аб ночы. Ведаеш, калi цябе дапытвалi ў НКВД, я быў таксама там i бачыў цябе, але не хацеў табе паказвацца на вочы. Яны выклiкалi цябе, каб паглядзець, якi ты чалавек. Цябе адпусьцiлi (я ведаў, што яны адпусьцяць), а я яшчэ заставаўся там i праседзеў усю ноч навылёт. Тады я й даведаўся, якую махiну яны задумалi. Галоўны архiтэктар гэтай махiны - Цiмошка. Веры не даваў сабе, што ён будзе гаварыць гэтак адкрыта са мною, як з братам. Сядзiць Цiмошка за сталом, дык галава ледзь вiдна з-за стала, а мазгi мае, дармо што... Каб ты ведаў сваю ролю, гаворыць ён мне, мусiш ведаць, браце, усю драму i сцэну, на якой гэта драма будзе пастаўленая: кажнае слоўка, усе хады i выхады. Тады-ж я прайшоў у яго i першую рэпэтыцыю. Патрабаваў, каб iгра была артыстычнай i каб было поўнае суладзьдзе, а не абы што. Не адзiн-жа ты будзеш на сцэне... Дык вось, Ромусь, узялiся й за нас, лапцюжнiкаў. Гiсторыя загаворыць пра нас, ня будзе болей маўчаць. Дасюль мы хацелi будаваць самi Беларусь. Але-ж не... Дапамога патрэбная. Сiлы ў нас свае мала. Трэба ўдарыць чалом перад паньскай Польшчай. З дапамогай яе адчэплiваем Беларусь ад Расеi, але не для Польшчы, а для сябе самiх. Годзе ўжо нам быць то ў Польшчы, то ў Расеi! Цiмошка клёку ў галаве мае досыць. Ён стварае для гэтай мэты нацыянальныя кадры, заганяе гэтыя кадры ў сваю арганiзацыю-махiну i дае ёй назоў заканспiраванай нацдэмаўскай партыi. Нацдэмы - гэта агентура польскай дэфэнзывы. Чытаў можа ў газэце? Вось для чаго ты, браце, хадзiў у Польшчу! Скажы, дрэнны з Цiмошкi архiтэктар? I вось уявi сабе такога памочнiка Цiмошкi, як я! Я-ж хачу, каб нешта было беларускае. Пакуль вы, беларусы, самi надумаецеся што-небудзь, дык Цiмошка хутчэй за вас зробiць. I тут я зусiм згодны з НКВД: нам патрэбна нацдэмаўская арганiзацыя! I будзь упэўненым, НКВД яе згарусьцiць. У гэтым, можна сказаць, гiстарычная заслуга НКВД перад Беларусяй. Яно стаўляе беларускую праблему на дзённы парадак, актуалiзуе яе, надае ёй дзяржаўнае значэньне. Цiмошка, гавару, ня дурны чалавек. Самi-ж мы ня можам нiчога справiць. А то, глядзi, i твая кватэра сталася штабам. I грошы тут, i зброя i стратэгiю во разьбiраем. Вось i пяцягнуць усiх вас, i агалее ваша Беларусь. I яшчэ казаў Цiмошка: бярэцца ў сiлу фашызм i здань вайны матляецца недалека ад нашых рубяжоў. I тады на каго, пытаўся ў мяне Цiмошка, абапрэцца фашызм у нас у Беларусi? Канешне-ж, на нацдэмаў. У Беларусi можа няма нiводнага нацдэма, але палiтыка патрабуе iх. Вось Цiмошка й бярэцца за гэта. Ён высока ўзьняў свой зялезны абруч над Беларусяй, над яе галавой i ўжо няпрыкметна апусьцiў яго. Застаецца толькi крэкнуць i косткi хруснуць. Беражыся, браце! Шкадую вас, птушанятаў. Цяжкая выпала мне доля, крыж пакутны. Узяўся несьцi яго, дык вось i нясу. Стаў памiж iмi i вамi i ня ведаю, цi ўстаю. Я не баюся вас, я баюся iх. Я гавару во з табою пра ўсё - гэта мне дазволена, нават патрэбна, а з iмi гаворка кароткая. Уськiнулi мяне на зубцы вялiкага зялезнага махавiка i круцiць мяне той махавiк аж пакуль ня скруцiць. Шматкi майго цела ляцяць i душа пакутуе. Знайшлi мяне аж на мёрзлай поўначы i прывезьлi сюды во, у родныя мясьцiны, на Бацькаўшчыну, па якой занудзiўся i вытрымаць ня мог. Лепшага чалавека, казалi, у iх няма. Кажуць, мне ўсё даруецца, калi я нешта сьцяпаю для iх. Дык вось i цяпаю. Ня вельмi блiскуча, ды ўсё-ж... Я хацеў-бы, каб нешта з гэтага засталося i для вас, каб ахвяры не дарэмна прапалi. А што ахвяры будуць, дык гэта нават добра. Хутчэй насеньне прарасьце. У нас-жа яшчэ ня было вялiкiх ахвяраў. У нас была толькi пакута. Цiхая пакута. А з цiхай пакуты нiчога ня выйдзе. Гэта пакута нявольнiкаў. Нявольнiцкiя ахвяры ня ў лiк. Патрэбны высокiя ахвяры. Ты ўжо высокая ахвяра, Ромусь. Ты ў матку ўдаўся. Мацi твая - чалавек шляхетнай крывi. Я рады, што ў цябе адазвалася гэтая кроў. Пакуль што я нiчога не скажу табе болей пра тваiх бацькоў...
Я даўно ведаю гэтыя абшары - Менскiя, Вiленскiя, Слуцкiя, Магiлеўскiя. Маладосьць мая пакiнула сьляды й памяць на гэтых абшарах. Рэвалюцыя кiдала мяне ў самы вiр жыцьця. Менск быў апошняй маёй авантурай, як назваў гэта Цiмошка ў сваiм досьледзе Кастрычнiцкай рэвалюцыi ў Беларусi. Але Цiмошка, мусiць памылiўся. Вось цяпер ужо Менск - гэта хiба мая апошняя авантура, сапраўды... Ромусь, трэба канчаць ужо. Наслухаўся ты мяне досыць. Позна ўжо. Позна ўжо наогул. Ня бойся свайго дня, як не баяўся я. Я буду наведваць цябе i там. Ты ня згiнеш. Iдзi туды! Бачыш, як я табе памагаю? Толькi йдзi на ўвесь рост! Ня прысядай! Чуеш мяне? Нешта й духу твайго ня чуваць!
Раман Корзюк, як акамянелы, увесь гэты час стаяў ля вакна i слухаў Кандраценю, яго нязвычайную гаворку, споведзь i запавет. Кандраценеў напамiнак аб мацi засмуцiў Рамана, якому стала шкада сваiх родных, што цяпер ня з iм, недзе ў iншай краiне пакутуюць, наракаючы на сваю долю i вiнавацячы ўва ўсiм яго. А ён тут таксама адзiн сумуе па iх, хоць яны й ня ведаюць пра гэта. Думаюць, што ён усё-ж такi, як i быў, жыве сабе бястурботна й бадзяецца абы дзе. Яны таго ня ведаюць, што ён цяпер стаiць во ў пацёмках i душа яго заходзiцца па iх. Раман думаў, што каб яны былi цяпер на сваiм хутары, яны чулi-б яго i яму было-б лягчэй, а так яны на тым баку i таму iх няма як-бы на сьвеце зусiм. I што iх няма, у тым толькi ён адзiн вiнаваты. Каб ён не адводзiў iх туды, яны былi-б тут разам з iм, i ён ня мусiў-бы во слухаць Кандраценю i не баяўся-б яго. Яму здавалася, што на цэлым сьвеце ён застаўся толькi з адным Кандраценем, i што апрача яго, у яго няма цяпер нiкога. Адчуваньне было такое, быццам ён ехаў у акiяне на вялiкiм параплаве, на якiм было многа пасажыраў, але параплаў гэты няўцям затануў i з усiх пасажыраў, якiя былi на гэтым параплаве, у жывых застаўся толькi ён адзiн з Кандраценем, i вось цяпер знаходзiцца з iм у вадным цесным труме на самым дне акiяну.
- Што-ж ты маўчыш, Ромусь?
Раман Корзюк нiчога не адказваў Кандраценю. Заскрыпелi палавiцы на кухнi, i ў дзьверы, што вялi туды з Раманавага пакою, пастукалася, як трэба было думаць, гаспадыня. I сапраўды, увайшла гаспадыня з лямпай у руках. Ад нечаканага сьвятла Кандраценя зажмурыўся за сталом, а Раман падыйшоў да гаспадынi i, узяўшы ў яе з рук лямпу, паставiў на маленькi зэдлiк у кутку. Раман быў рады гаспадынiнаму прыходу.
Генадзь Кандраценя, хуценька падняўшыся з-за стала, усьмiхаўся, чакаў, пакуль яго пазнаёмiць Раман з гаспадыняй. Але Корзюк ня прыкмячаў гэтага. Тады Кандраценя сам фанабэрыста падыйшоў да гаспадынi i прывiтаўся з ёю, пацалаваўшы ёй руку. Але прозьвiшча свайго не назваў. Гаспадыня на момант зьбянтэжылася, але хутка знайшла што сказаць:
- У цябе, - звярнулася яна да Рамана, - няма пасьцелi для госьця, дык я прынясу i пасьцялю во тут на гэтым дыванчыку, хай нам даруе госьць.
Раман, канешне, добра ведаў, што на самай справе гаспадыня прыйшла да яго, каб пабачыць 'госьця'.