Але ён не даў мне дагаварыць:
- Пара табе ўжо ўзяцца за работу. Iдзi да сваёй машыны. Я буду чакаць цябе тут. Вяртайся ўвечары.
Я вагаўся. Мне ўзгадаўся Лiс. Нялёгка стрымаць слёзы, калi дазволiш, каб цябе прыручылi...
ХХVI
Непадалёку ад калодзежа грувасцiлiся руiны старажытнай каменнай сцяны. На другi вечар я вяртаўся сюды ад самалёта i яшчэ здалёк заўважыў Маленькага прынца, якi сядзеў на сцяне i матляў нагамi. Да мяне данёсся яго голас:
- Хiба ты не памятаеш? - казаў ён. - Але не тут!
Нехта, безумоўна, падтрымаў гамонку, бо Маленькi прынц запярэчыў:
- Ну так, так! Гэта было роўна год назад, дзень у дзень, толькi ў iншым месцы...
Я наблiжаўся да сцяны. Як i раней, нiкога не бачыў i не чуў. Аднак Маленькi прынц зноў запярэчыў:
- Ну безумоўна. Ты знойдзеш мяне па слядах на пяску. Чакай. Сёння ўночы я прыйду туды.
Я быў за дваццаць метраў ад развалiн i па-ранейшаму нiкога не бачыў.
Маленькi прынц памаўчаў, потым спытаў:
- А ў цябе добрая атрута? Ты ўпэўнены, што я не буду доўга пакутаваць?
Я спынiўся як укопаны, сэрца маё сцiснулася, але я ўсё роўна нiчога не разумеў.
- А цяпер iдзi, - сказаў ён. - Я хачу злезцi!
Я апусцiў вочы долу i - аж адскочыў! Там, каля сцяны, выцягнуўшы да Маленькага прынца агiдную пляскатую галаву, пакалыхвалася ядавiтая змяя такiя змеi ў трыццаць секунд здольны адправiць чалавека на той свет. Я лiхаманкава сунуў руку ў кiшэню па рэвальвер i кiнуўся да яе, але на мой шум змяя мякка, нiбы памiраючы струмень вады, асунулася ў пясок i не надта паспешлiва, з лёгкiм металёвым шорхатам слiзганула пад каменне.
Я падбег да сцяны i падхапiў на рукi бледнага як палатно Маленькага прынца.
- Гэта яшчэ што прыйшло табе ў галаву?! Ты гутарыш са змяёй?!
Я разматаў яго вышываны золатам шалiк. Змачыў скронi вадой, даў папiць. Але я не мог болей нiчога выпытваць у яго. Ён сур'ёзна паглядзеў на мяне i абвiў маю шыю рукамi. Сэрца яго калацiлася, нiбы ў прыстрэленай птушкi.
- Я рады, што ты знайшоў непаладку ў сваёй машыне, - сказаў ён. - Цяпер ты зможаш вярнуцца на радзiму...
- Адкуль табе гэта вядома?!.
Я ж якраз iшоў паведамiць яму, што зусiм неспадзявана я адрамантаваў самалёт!..
Маленькi прынц нiчога не адказаў на маё пытанне, але дадаў:
- Сёння я таксама вярнуся дадому...
Потым, задуменна:
- Гэта значна далей... i значна цяжэй...
Усё было неяк незразумела-дзiўна. Я сцiскаў яго ў абдымках, нiбы малое дзiця, але мне здавалася, што ён выслiзгвае з маiх рук, правальваецца ў бездань, а я не магу яго ўтрымаць...
Ён задуменна глядзеў некуды далёка-далёка.
- У мяне застаецца твой баранчык. I напыснiчак...
I ён сумна ўсмiхнуўся.
Я доўга маўчаў. Ён нiбы зноў ажываў: я адчуваў, як ён паволi саграваўся.
- Хлапчанятка маё, як ты спалохаўся...
Вядома, ён спалохаўся! Але ён мякка засмяяўся:
- Сёння ўночы мне будзе яшчэ страшней...
Я зноў пахаладзеў ад прадчування нейкай непапраўнай бяды. Няўжо, няўжо я нiколi не пачую больш, як ён смяецца?.. Гэты смех для мяне - нiбы крынiца ў пустынi.
- Хлапчанятка маё, я хачу яшчэ паслухаць, як ты смяешся...
Але ён адказаў:
- Сёння ноччу спаўняецца роўна год. Сёння мая зорка будзе якраз над той мясцiнай, дзе я прызямлiўся летась...
- Хлапчанятка маё, скажы, гэта ўсё проста нядобры сон - i змяя, i спатканне, i зорка - проста нядобры сон, праўда?
Але ён не адказаў на маё пытанне.
- Сама галоўнае - тое, чаго не ўбачыш вачыма... - прамовiў ён.
- Гэта праўда, канечне...
- Гэта як з кветкай. Калi любiш кветку, што расце недзе на зорцы, так прыемна ноччу глядзець на неба. Здаецца, усе-усе зоркi цвiтуць.
- Гэта праўда, канечне...
- Гэта як з вадой. Тая вада, што ты даў мне напiцца, была як музыка. Музыка калаўрота i вяроўкi... Памятаеш... Як жа гэта было цудоўна...
- Гэта праўда, канечне...
- Начамi ты будзеш глядзець на зоркi. Мая зорка вельмi маленькая, я не магу паказаць табе, дзе яна. Але гэтак нават лепей. Яна будзе табе проста адной з зорак. I ты палюбiш глядзець на ўсе зоркi... Усе яны стануць тваiмi сябрамi. А яшчэ я зраблю табе сякi-такi падарунак...
Ён зноў засмяяўся.
- Ах, малыш, малыш, як я люблю, калi ты смяешся!
- Вось гэта i будзе маiм падарункам... Гэта будзе, як з вадой...
- Як гэта?
- У кожнага чалавека - свае зоркi. Адным людзям - тым, хто любiць падарожнiчаць, - зоркi паказваюць дарогу. Для iншых гэта проста маленькiя светлячкi. Вучоным яны - задачы, якiя трэба рашыць. Майму дзялку яны - золата. Але ва ўсiх людзей зоркi - нямыя. У цябе ж будуць зоркi, якiх не будзе анi ў каго на свеце...
- Як гэта?
- Ноччу ты глянеш на неба, а там будзе ж i тая зорка, дзе я жыву, дзе я смяюся. Ты не будзеш ведаць, дзе яна, мая зорка, таму табе будзе здавацца, што смяюцца ўсе-усе зоркi. Вось i выходзiць, што ў цябе будуць зоркi, якiя ўмеюць смяяцца!
I ён зноў засмяяўся.
- I калi ты ўцешышся, - а рана цi позна заўсёды прыходзiць суцяшэнне, табе будзе прыемна, што калiсьцi ты ведаў мяне. Ты назаўсёды застанешся маiм сябрам. Табе захочацца пасмяяцца разам са мной. I аднойчы ты адчынiш акно, проста так, ад радасцi... I твае сябры будуць вельмi здзiўлены, чаго гэта ты смяешся, калi глядзiш на неба. А ты iм скажаш: 'Так, так я заўсёды смяюся, калi гляджу на зоркi'. I яны падумаюць, што ты звар'яцеў. Бачыш, як кепска я абышоўся з табою...
I ён зноў засмяяўся.
- Нiбыта замест зорак я падарыў табе мноства званочкаў, якiя ўмеюць смяяцца...
I ён зноў засмяяўся. Потым твар яго пасур'ёзнеў:
- Ты... вось што... сёння ноччу... ты... не прыходзь...
- Я не пакiну цябе аднаго.
- Табе памроiцца, што мне нядобра... Памроiцца нават, быццам я памiраю. Што зробiш, так трэба. Але я не хачу, каб ты бачыў гэта. Не прыходзь, не трэба...
- Я не пакiну цябе аднаго.
Але ён ўсё непакоiўся.
- Разумееш... гэта яшчэ i праз змяю. А раптам яна цябе ўкусiць... Змеi злыя. Iм адно задавальненне - уджалiць каго-небудзь.
- Я не пакiну цябе аднаго.
Нечакана ён трошкi падбадзёрыўся:
- Але ж праўда, на двух у яе не хопiць атруты...
Вечарам я i не заўважыў, калi Маленькi прынц сабраўся ў дарогу. Ён знiк цiшком. I калi мне ўсё-такi ўдалося дагнаць яго, ён крочыў хутка i рашуча.