- А! Гэта ты... - толькi i сказаў ён.

Ён узяў мяне за руку. Але нешта ўсё яшчэ трывожыла яго.

- Дарма ты iдзеш са мной. Табе будзе балюча. Табе здасца, што я памiраю, але я не памру...

Я маўчаў.

- Разумееш, гэта надта далёка. Маё цела надта цяжкае. Мне не ўзнесцi яго.

Я маўчаў.

- Але гэта ўсё роўна нiбы скiнуць старую абалонку. Тут няма чаго журыцца... :

Я маўчаў.

Ён трошкi ўпаў духам. Але ўсё-такi зрабiў яшчэ адно намаганне:

- А ведаеш, будзе дужа мiла! Я таксама буду глядзець на зоркi. Усе зоркi будуць, як калодзеж з заржавелым калаўротам. I кожная падасць мне напiцца...

Я маўчаў.

- Падумай, як забаўна! У цябе будзе пяцьсот мiльёнаў званочкаў, а ў мяне пяцьсот мiльёнаў крынiчак...

I Маленькi прынц змоўк. Ён плакаў...

- Ну, вось i прыйшлi. Застанься тут, я зраблю яшчэ крок.

Але ён апусцiўся на пясок, бо яму стала страшна.

- Ведаеш, - сказаў ён, - мая кветка... Я ў адказе за яе! Яна такая кволая! I такая наiўная... У яе ўсяго i ёсць, што чатыры недалужныя калючкi, каб уберагчы сябе ў гэтым свеце...

Я таксама сеў, ногi не трымалi мяне болей. Ён сказаў:

- Ну... Вось i ўсё...

Павагаўся яшчэ з хвiлiну i ўстаў. I зрабiў адзiн-адзiны крок. А я не мог варухнуцца.

Нешта, як жоўтая маланка, блiснула каля яго косткi. Нейкi мiг ён стаяў нерухома. Нават не ўскрыкнуў. Потым паволi, як падае ссечанае дрэўца, бясшумна ўпаў на пясок.

ХХVII

I вось шэсць гадоў мiнула з тае пары... Яшчэ нiколi i нiкому я не расказваў пра гэта. Мае таварышы былi вельмi радыя зноў убачыць мяне жывога i здаровага. На роспыты ж, чаму я такi засмучаны, я адказаў: 'Проста знямогся...'

Цяпер я трохi суцешыўся. Праўда... не зусiм. Але я ведаю, што Маленькi прынц вярнуўся на сваю планету, таму што на досвiтку я не знайшоў яго цела. Яно было не такое ўжо i цяжкае. А начамi я так люблю слухаць зоркi. Яны - нiбы пяцьсот мiльёнаў званочкаў...

Але iншы раз са мною творыцца нешта незвычайнае. Справа ў тым, што да напыснiчка, якi я намаляваў для Маленькага прынца, я забыў дадаць скураны аброжак. Маленькi прынц нiколi не здолее прывязаць свайго баранчыка. I я проста месца сабе не знаходжу. 'Што адбылося на яго планеце? - пытаюся я ў сябе. - Няўжо баранчык з'еў ружу?'

То я кажу сабе: 'Ды, безумоўна, не! Маленькi прынц штовечар накрывае сваю ружу шкляным каўпаком, ды i за баранчыкам ён добра наглядае...' Тады я шчаслiвы. I ўсе зоркi цiха смяюцца.

А то я кажу сабе: 'Хiба не здараецца, што мы бываем няўважлiвыя? На бяду шмат не трэба! А што, калi аднойчы ён забыўся пра шкляны каўпак, альбо баранчык ноччу ўпотай выбраўся на волю i...' I тады ўсе званочкi горка-горка плачуць...

Усё гэта так загадкава, незразумела-дзiўна. Вам, хто таксама палюбiў Маленькага прынца, як i мне, гэта зусiм, зусiм не ўсё роўна: увесь свет робiцца для нас iнакшым ад таго, што дзесьцi ў невядомым куточку Сусвету баранчык, якога мы нiколi не бачылi, можа, ужо з'еў незнаёмую нам ружу...

Гляньце на неба. I спытайцеся ў сябе: красуецца яшчэ тая ружа цi не? А раптам баранчык з'еў яе? Убачыце, як усё пераменiцца...

I нiколi нiводны дарослы не зразумее, як гэта важна!

Гэта для мяне сама прыгожая i сумная мясцiна на свеце. Гэта той самы куточак пустынi, што намаляваны i на папярэдняй старонцы, але я намаляваў яго яшчэ раз, каб вы лепей разглядзелi яго. Менавiта тут Маленькi прынц з'явiўся на Зямлi, а потым знiк.

Уважлiва прыгледзьцеся да малюнка, запомнiце гэты куточак да драбнiцы, каб маглi пазнаць яго ў пустынi, калi вам некалi, можа, давядзецца падарожнiчаць па Афрыцы. I калi вам надарыцца праходзiць гэтымi мясцiнамi, малю вас, не спяшайцеся, супынiцеся на хвiлiнку пад гэтай зоркай! I калi да вас падыдзе невялiчкi золатавалосы хлапчук, калi ён будзе звонка смяяцца i не будзе адказваць на вашы роспыты, - вы ўжо, несумненна, здагадаецеся, хто гэта такi. То майце ласку! Здымiце з сэрца майго гэтую журбу: хутчэй напiшыце мне, што ён вярнуўся...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату