Маленькi прынц яшчэ тады падумаў, што кветка не дужа сцiплая, але яна была такая чароўная!

- Калi не памыляюся, якраз час снедаць, - хутка дадала яна. - Будзьце ласкавы, паклапацiцеся пра мяне...

Збянтэжаны Маленькi прынц схапiў лейку з крынiчнай вадой i палiў кветку.

Неўзабаве яна лiтаральна замучыла яго сваёй трошкi крыўдлiвай пыхлiвасцю. Аднойчы, да прыкладу, у размове пра свае чатыры калючкi, яна сказала Маленькаму прынцу:

- Сюды могуць прыйсцi тыгры, i ў iх такiя кiпцюры!

- На маёй планеце няма тыграў, - сказаў Маленькi прынц, - ды тыгры i не ядуць травы.

- Я не трава, - мякка запярэчыла кветка.

- Прашу прабачэння...

- Мяне нiколечкi не палохаюць тыгры, але я страшэнна баюся скразнякоў. У вас часам не знойдзецца парасона?

'Раслiна, а баiцца скразнякоў... Як дзiўна... - падумаў Маленькi прынц. Якi складаны характар у гэтай кветкi...'

- Нанач мяне трэба накрываць шкляным каўпаком. Тут так холадна, няўтульна. Там, адкуль я прыйшла...

Але яна змоўкла. Яна прыйшла насенiнкай i нiчога не магла ведаць пра iншы свет. Прысаромленая, што так вiдавочна хацела зманiць, ды не выйшла, яна разы два-тры кашлянула, каб Маленькi прынц адчуў, як ён вiнаваты перад ёю.

- То як з парасонам?..

- Я хацеў iсцi па яго, але ж вы гаварылi са мной!

Яна зноў знарок закашляла, каб дадаць яму пакуты. I Маленькi прынц, хоць i вельмi палюбiў кветку, хутка перастаў верыць ёй. Ён усур'ёз прымаў яе пустаслоўе i адчуваў сябе вельмi няшчасным...

- Дарэмна я слухаў яе, - неяк прызнаўся ён мне, - нiколi не варта слухаць, што кажуць кветкi. Трэба толькi любавацца iмi ды дыхаць iх водарам. Ад маёй красунi па ўсёй планеце iшоў цудоўны пах, але я не ўмеў яму радавацца. Трэба было замiлавацца гэтай байкай пра калючкi, а яна так засмуцiла мяне...

Маленькi прынц замаўчаў, потым дадаў:

- Нiчога я тады не разумеў! Трэба было судзiць яе па ўчынках, а не па словах. Яна была мне як гаючыя лекi, як святло. Не трэба было мне ўцякаць! Я павiнен быў разгледзець яе пяшчотнае сэрца за гэтымi няўдалымi хiтрыкамi. Кветкi такiя супярэчлiвыя! Але я быў надта юны, каб умець любiць.

Як я зразумеў, Маленькi прынц вырашыў вандраваць з пералётнымi птушкамi. Наранку ў дзень ад'езду ён, як нiколi старанна, прыбраў сваю планету. Клапатлiва прачысцiў дзейныя вулканы. У яго было два дзейныя вулканы. На iх вельмi ёмка разаграваць сняданкi. Быў у яго i адзiн патухлы вулкан. Але, як ён казаў: 'Да прыгоды не тры годы!' I ён прачысцiў i гэты. Калi вулканы добра прачышчаны, яны гараць цiха i раўнамерна, без вывяржэнняў. Вулканiчныя вывяржэннi - гэта як полымя ў печы. Канечне, мы занадта малыя, каб чысцiць свае зямныя вулканы. З гэтай прычыны яны i прыносяць нам безлiч непрыемнасцей.

Маленькi прынц задуменна павырываў апошнiя сцяблiнкi баабабу. Ён думаў, што ўжо нiколi болей не вернецца сюды. Усе гэтыя будзённыя клопаты здалiся яму ў той ранак надзвычай прыемнымi. I калi ён апошнi раз палiў кветку i намерыўся закрыць яе каўпаком, ледзь не заплакаў.

- Бывай, - сказаў ён кветцы.

Але тая маўчала.

- Бывай, - паўтарыў ён.

Кветка закашляла. Але не ад прастуды.

- Я была дурнiца, - прамовiла яна нарэшце, - Прабач мне... Пастарайся быць шчаслiвым.

I нiводнага папроку... Здзiўлены Маленькi прынц разгублена стаяў над ёю са шкляным каўпаком у руцэ. Ён не разумеў гэтай спакойнай пяшчоты.

- Так, я люблю цябе, - сказала яму кветка. - Сама вiнавата, што ты не ведаў пра гэта. Цяпер гэта ўжо не мае нiякага значэння. Але i ты быў такi ж неразумны, як я. Пастарайся быць шчаслiвым... I кiнь ты гэты каўпак! Мне ён больш не патрэбен.

- Але ж вецер...

- Не гэткая ўжо я i далiкатная... Свежае начное паветра карысна мне. Я ж кветка.

- Але ж звяры...

- Нiчога страшнага, калi з'явяцца тут два-тры вусенi, калi хочаш пазнаёмiцца з матылькамi. Здаецца, яны вельмi прыгожыя. А то хто ж наведае мяне? Ты будзеш далёка. Што ж да вялiкiх звяроў, то я нiчога не баюся. У мяне таксама ёсць кiпцюры.

Яна наiўна паказала чатыры калючкi.

- Толькi не марудзь, гэта нясцерпна! - дадала яна. - Вырашыў пайсцi адсюль - дык iдзi!

Яна не хацела, каб ён бачыў яе слёзы. Такая ўжо гордая кветка...

Х

Блiжэй усяго да планеты Маленькага прынца былi астэроiды 325, 326, 327, 328, 329 i 330. Вось ён i вырашыў для пачатку наведаць iх: трэба ж знайсцi сабе хоць якi занятак ды навучыцца чаму-небудзь.

На першай планеце жыў кароль. Увесь у пурпуры i гарнастаях, ён сядзеў на простым, але дужа велiчным троне.

- Ага! Вось i падданы! - усклiкнуў задаволены кароль, як толькi заўважыў Маленькага прынца.

'Як ён можа ведаць, хто я такi, калi нiколi не бачыў мяне?!' - падумаў Маленькi прынц.

Ён не ведаў, што для каралёў свет надта спрошчаны. Усе людзi для iх падданыя.

- Падыдзi блiжэй, я хачу лепей разглядзець цябе, - загадаў яму кароль, страшэнна горды, што ён можа быць некаму каралём.

Маленькi прынц пашукаў вачыма, дзе б прысесцi, але ўся планета хавалася пад велiкапышнай каралеўскай мантыяй. Давялося стаяць, але ён быў моцна стомлены i пазяхнуў.

- Непрыстойна пазяхаць у прысутнасцi караля, - заўважыў яму манарх. - Я забараняю табе гэта.

- Нiяк не мог утрымацца, - адказаў збянтэжаны Маленькi прынц. - Я з доўгай дарогi, не выспаўся...

- У такiм разе, - злiтаваўся кароль, - загадваю табе пазяхаць! Гадамi не бачу, каб хто пазяхаў. Мне гэта нават цiкава. Ну, пазяхнi яшчэ раз. Гэта загад.

- Прабачце... Не магу больш... - вымавiў Маленькi прынц i залiўся чырванню.

- Гм! Гм! - кашлянуў кароль. - У такiм разе, я... я загадваю табе то пазяхаць, то...

Ён заблытаўся i, здаецца, нават трошкi зазлаваў.

Бо каралю ж сама важнае - каб яму безагаворачна падпарадкоўвалiся. Ён не цярпеў непаслушэнства. Гэта быў абсалютны манарх. Але ён быў вельмi добры, таму i аддаваў толькi разумныя загады.

'Калi б я загадаў, - сцiпла тлумачыў ён, - калi б я загадаў якому-небудзь генералу перакiнуцца ў марскую птушку i калi б генерал не паслухаўся, вiнаваты быў бы не генерал. Вiнаваты быў бы я'.

- Можна мне сесцi? - нясмела запытаў дазволу Маленькi прынц.

- Я загадваю табе сесцi, - адказаў кароль i велiчным рухам падабраў палу сваёй мантыi.

Але Маленькi прынц не пераставаў дзiвавацца. Планета была зусiм невялiчкая. Над чым жа пануе гэты кароль?

- Пане, - сказаў ён, - дазвольце запытацца ў вас...

- Загадваю: пытайся! - паспешна сказаў кароль.

- Пане... над чым вы пануеце?

- Над усiм, - з невымоўнай прастатою адказаў кароль.

- Як - 'над усiм'?

Кароль сцiплым рухам абвёў сваю планету, паказаў на iншыя планеты i зоркi.

- Над усiм гэтым? - моцна ўразiўся Маленькi прынц.

- Над усiм гэтым, - пацвердзiў кароль.

Бо гэта быў не проста абсалютны, а ўсеадзiны, нiчым не абмежаваны манарх.

- I зоркi слухаюцца вас?

- А як жа? - адказаў кароль. - Iменна слухаюцца. Я цярпець не магу непаслушэнства.

Такая ўсемагутнасць прывяла ў захапленне Маленькага прынца. От, калi б у яго была такая ўлада! Тады ён змог бы любавацца не толькi сарака чатырма, а сямiдзесяццю двума цi нават сотняй або двумастамi захадамi сонца ў адзiн дзень. I нiколi не перастаўляў бы свайго крэсла! Успамiн пра сваю пакiнутую планету

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату