астраном, чытаю кнiгу нябеснай механiкi. Я таксама засяроджаны i далёкi да ўсяго зямнога. У вонкавым свеце ўсё быццам вымерла. А тут толькi Прэво, якi пасля доўгага змагання з сабой нарэшце ўсё-такi здаўся i задрамаў, i цяпер яшчэ паўней я адчуваю адзiноту. Тут толькi роўнае ракатанне матора ды гэтыя спакойныя зоркi на прыборнай дошцы перада мною.
I ўсё-такi я задумваюся. Месяц нам сёння не саюзнiк, радыё ў нас няма. Нiводная сама тоненькая нiтачка не звяжа нас са светам, пакуль мы не выйдзем да ланцужка агнёў на Нiле. Мы цяпер па-за ўсiм на свеце, адзiн толькi матор утрымвае нас i не дае прапасцi ў гэтай смале. Як у казцы, мы перасякаем мёртвую далiну, чорную далiну выпрабаванняў. Тут не спадзявайся на дапамогу. Тут не спадзявайся на прабачэнне сваiм пахiбкам. Мы аддадзены волi лёсу.
З-за прыборнай дошкi ў адным месцы праточваецца промнiк святла. Буджу Прэво, каб ён прытушыў яго. Прэво, як мядзведзь, варушыцца ў цемры, фыркае, вылазiць са свайго кутка. Засяроджана майструе нешта з насовак i чорнай паперы. Промнiк святла знiкае. Ён занадта рэзка ўрываўся ў гэты свет. Ён быў зусiм недарэчы тут, сярод бледнага, бясстраснага фасфарычнага свячэння прыбораў. Гэта было святло начнога шынка, а не зоркi. Да таго ж ён сляпiў мяне, зацямняў мiгценне прыбораў.
Мы ляцiм ужо тры гадзiны. I раптам справа ўспыхвае нейкае дзiўнае мiготкае святло. Разглядваю яго. За сiгнальным агнём на канцы крыла, якi дагэтуль быў нябачны мне, цягнецца доўгi блiшчасты след. Нейкае хiсткае ззянне, якое то з'яўляецца, то знiкае: ага, гэта ж я ўваходжу ў воблака. Гэта яно адлюстроўвае сiгнальны агонь. На падыходзе да маiх арыенцiраў я аддаў бы перавагу чыстаму небу. Над крылом самалёта ўзнiкае светлы нiмб. Ззянне ярчэе, цяпер яно ўжо ўстойлiва прамянiцца, як ружовы букет. Мяне моцна ўстрэсвае - пачынаецца гайданка. Я лячу недзе ў вантробах кучавых аблокаў, таўшчыня якiх мне невядомая. Паднiмаюся на вышыню дзве пяцьсот - вакол усё тое ж. Спускаюся да тысячы метраў. Агнявы букет быццам прырос да крыла i толькi разгарэўся яшчэ ярчэй. Ну добра. Ну што ж. Нiчога не трэба. Я стараюся не думаць пра гэта. Што будзе, тое будзе. Але мне ўсё-такi не даспадобы гэтае асвятленне - карчма, дый годзе.
Я пачынаю разважаць: 'Што я трошкi танцую тут - гэта нармальная з'ява, гэта зразумела, але мяне ўсю дарогу трошкi трэсла, нягледзячы на чыстае неба i вышыню. Вецер нiколечкi не аслаб, значыць, мая хуткасць напэўна перавышала трыста кiламетраў у гадзiну'. Зрэшты, я нiчога дакладна не ведаю, паспрабую сарыентавацца, калi выйду з хмар.
I вось выходжу. Букет раптоўна знiкае. Менавiта па яго знiкненню я i даведваюся, што выйшаў з аблокаў. Я ўзiраюся перад сабой i заўважаю, наколькi можна разлiчыць, вузкi прасвет, а далей зноў сцяна кучавых аблокаў. I зноў ажыў букет на крыле.
Вынырнуўшы на iмгненне, я зноў вязну ў чорнай смале. Гэта пачынае непакоiць, я лячу ўжо тры з паловай гадзiны, вось-вось Нiл, калi я не памылiўся ў разлiках. Мне, можа, i ўдасца заўважыць яго ў прасветах, але на гэта мала шанцаў, бо прасветы вельмi рэдкiя. Я не адважваюся апусцiцца яшчэ нiжэй: калi, выпадкам, хуткасць была меншая, чым я думаў, то пада мной яшчэ ўзвышша.
Я пакуль не адчуваю вялiкай трывогi, проста баюся страцiць шмат часу. Але я ведаю, калi надыдзе канец майму спакою: праз чатыры гадзiны пятнаццаць хвiлiн лёту. Праз гэты час, нават калi б зусiм не было ветру - а вецер, вядома, быў, - далiна Нiла не магла не застацца ззаду.
Калi я трапляю ў кудзелю аблокаў, агняны букет на крыле адкiдвае ўсё болей i болей таропкiя, мiгатлiвыя водблiскi, затым раптоўна гасне. Мне не падабаюцца гэтыя зашыфраваныя перагаворы з дэманамi ночы.
Уперадзе загараецца зялёная зорка, праменная, нiбы маяк. Што гэта, зорка цi маяк? Зусiм не падабаецца мне i гэтае ненатуральнае святло, гэтае свяцiла чараўнiка, гэтыя небяспечныя запросiны.
Прачнуўся Прэво, запальвае лямпачку, правярае абароты матора. Я адмахваюся ад яго i ягоных лямпачак. Якраз трапiўся прасвет у хмарах, i я карыстаюся гэтым, каб зiрнуць, што там, унiзе. Прэво зноў упадае ў дрымоту.
Зрэшты, нiчога там не выглядзiш.
Ляцiм ужо чатыры гадзiны пяць хвiлiн. Падышоў Прэво, сеў побач.
- Пара было б ужо прыбыць у Каiр...
- Даўно пара...
- Што гэта там, зорка? Можа, маяк?
Я трошкi збавiў хуткасць, ад гэтага i прачнуўся Прэво. Ён вельмi чуйны да любых перамен у голасе матора. Я пачынаю павольна знiжацца ў надзеi выслiзнуць з-пад аблокаў.
Перад гэтым я зверыўся па карце. У любым выпадку я прамiнуў пласкагор'i, пада мной нiшто не павiнна ўзвышацца над узроўнем мора: я нiчым не рызыкую. Прадаўжаю знiжацца i раблю паварот на поўнач. Гэтак я абавязкова пабачу агнi абодвух гарадоў. Я iх, безумоўна, пераляцеў, значыць, агнi з'явяцца злева. Цяпер я лячу пад скопiшчам аблокаў. Але злева адно спусцiлася яшчэ нiжэй, трэба яго абысцi. Каб не трапiць да яго ў пастку, я разварочваюся i бяру куре на норд-норд-ост.
Не, гэтае воблака апускаецца ўсё нiжэй i засланяе мне ўвесь далягляд. Я не асмельваюся знiзiцца яшчэ больш. Я ўжо i так на вышынi чатырохсот метраў, так паказвае мой вышынямер, але хто ведае, якi тут цiск. Прэво нахiляецца да мяне. Крычу яму: пайду да мора, там буду знiжацца, а то яшчэ наскочым на што- небудзь...
Зрэшты, нiчога невядома, можа, я ўжо лячу над морам. Цемра пад гэтай хмарай проста апраметная. Прыпадаю да шкла. Хоць бы што-кольвечы разгледзець унiзе. Я намагаюся. Хоць бы якi агеньчык мiгнуў, хоць бы якая-небудзь вяха. Я нагадваю чалавека, якi засяроджана корпаецца ў прыску. Якi сiлiцца адшукаць у нетрах ачага хоць адну жарынку жыцця.
- Марскi маяк!
Мы адначасова ўбачылi гэтую мiгатлiвую пастку! Якое вар'яцтва! Дзе ён быў, гэты прывiдны маяк, гэтая выдумка ночы? Бо ў тую ж секунду, калi мы з Прэво нахiлiлiся, каб разгледзець яго за трыста метраў пад намi, раптоўна...
- А!
Здаецца, толькi гэта ў мяне i вырвалася. Здаецца, я толькi i адчуў, як наш свет скалануўся i затрашчаў, гатовы разляцецца на друзачкi. На хуткасцi дзвесце семдзесят кiламетраў у гадзiну мы ўрэзалiся ў дол.
Потым сотую долю секунды я чакаў: вось агромнiстай пунсовай зоркай палыхне выбух, i мы абодва знiкнем... Нi Прэво, нi я зусiм не хвалявалiся. Я ўлавiў у сабе адно толькi гэта бязмежнае чаканне, чаканне асляпляльнай зоркi, якая ў тую ж секунду павiнна была знiшчыць нас. Але пунсовай зоркi ўсё не было. Было толькi нейкае жорсткае скалананне, якое руйнавала нашу кабiну, вырывала вокны, на сотню метраў убок адшпурвала кавалкi абшыўкi, да вантробаў напаўняючы нас сваiм грукатам. Самалёт калацiўся, як нож, запушчаны здалёк у цвёрды камель. Нас шалёна трэсла i падкiдала. Секунда, другая... Самалёт усё тросся, i я з нейкай дзiкай нецярплiвасцю чакаў, калi гэтая нерастрачаная сiла разарве яго, як гранату. Але падземныя штуршкi прадаўжалiся, а канчатковага выбуху ўсё не было. I я нiчога не цямiў, што ж гэта робiцца. Я не разумеў нi гэтага скаланання, нi гэтага гневу, нi гэтай бясконцай адтэрмiноўкi... пяць... шэсць секунд... Нечакана нас так шалёна крутанула, што вылецелi праз акно кабiны нашы цыгарэты i рассыпалася правае крыло, - потым усталявалася цiшыня. Усё здранцвела i замерла. Я крыкнуў Прэво:
- Выскоквайце! Хутчэй!
- Згарым! - усклiкнуў ён.
I мы кульнулiся праз вырванае акно. Спынiлiся толькi метраў за дваццаць.
- Вы цэлы? - пытаюся ў Прэво.
- Цэлы! - адказвае ён.
Але чамусьцi трэ калена.
- Паскачыце, пабегайце, прысягнiце, што ў вас нiчога не зламана! - прашу я.
А ён у адказ:
- Нiчога, гэта аварыйная помпа...
Мне мроiлася, што ён вось-вось рассыплецца, развалiцца напалам, а ён, утаропiўшыся ў адну кропку, усё паўтараў:
- Гэта аварыйная помпа!..
'Ён звар'яцеў, - падумаў я, - зараз пусцiцца ў скокi...'
Але, адарваўшы вочы ад самалёта, якi нарэшце перастаў гарэць, ён паглядзеў на мяне i паўтарыў:
- Нiчога, гэта аварыйная помпа ўдарыла мяне па калене.
3
Проста неверагодна, што мы засталiся жывыя. З электрычным лiхтарыкам у руцэ iдзём па следзе самалёта на зямлi. Ужо праз дзвесце