Божа лiтасцiвы, гэтым Стод мяне даканаў. Няўжо хоць раз нельга было абысцiся без дэманстрацыi набожнасцi? Што падумае Джэнi? Цёмнавечча нейкае, дальбог.

- Амiн, - сказала матулька (i Джэнi, дарэчы, таксама, толькi вельмi цiха).

- Душою з вамi, - паспрабаваў пажартаваць я.

Але жарт нiкога не развесялiў. А менш за ўсiх Джэнi.

Яна адвяла ад мяне вочы. Олiвэр III холадна зiрнуў на мяне:

- Я вельмi хацеў бы, Олiвэр, каб ты калi-нiкалi быў з намi душою.

Абед не прайшоў у невыносным маўчаннi дзякуючы адно фенаменальнай матчынай здольнасцi весцi свецкую гутарку.

- Дык вашыя бацькi з Крэнстана, Джэнi?

- Толькi тата. Мацi з Фол-Рывэра.

- Барэты маюць заводы ў Фол-Рывэры, - заўважыў Олiвэр III.

- Дзе яны эксплуатавалi пакаленнi беднякоў, - дадаў Олiвэр IV.

- У дзевятнаццатым стагоддзi, - парыраваў Олiвэр III.

Мацi ўсмiхнулася, вiдавочна, задаволеная, што ў гэтым сэце мяне перайграў яе Олiвэр. Але, як кажуць, яшчэ не вечар.

- А як наконт планаў аўтаматызаваць гэтыя самыя заводы? - нанёс я ўдар у адказ.

Зноў запала маўчанне. Зараз ён сцебане якой-небудзь рэплiчкай.

- А як наконт кавы? - спыталася Элiсан Форбс Барэт.

Мы вярнулiся ў бiблiятэку на апошнi раўнд. Абавязкова апошнi: заўтра нам трэба iсцi на заняткi, Стода чакаў банк, дый мацi пэўна ж збiралася зранку ажыццявiць нейкую запланаваную годную акцыю.

- Табе з цукрам, Олiвэр? - папыталася яна.

- Олiвэр заўсёды п'е каву з цукрам, дарагая, - сказаў бацька.

- Але не сёння, дзякуй, - сказаў я. - Без малака i без цукру, мама.

Кожны ўзяў свой кубак, i мы ўселiся ў фатэлi, адчуваючы, што нам абсалютна няма чаго сказаць адно аднаму. Але раптам я знайшоў тэму.

- Скажы, Джэнiфэр, што ты думаеш пра Корпус Мiру? - пацiкавiўся я.

Яна змрочна зiрнула на мяне i змаўчала.

- Ты што, Олiвэр, яшчэ не сказаў iм? - здзiўлена спыталася мацi ў бацькi.

- Цяпер не час, дарагая, - сказаў Олiвэр III з фальшывай сцiпласцю, у якой, аднак, выразна чулася: 'Спытайцеся ў мяне, спытайцеся!'

- Пра што гаворка, бацька?

- Нiчога асаблiва важнага, сын.

- Не разумею, як ты можаш так гаварыць, - сказала мацi i павярнулася да мяне, каб з пыхаю паведамiць навiну. (Я ж кажу: яна заўсёды на ягоным баку.) Твайго бацьку прызначаюць дырэктарам Корпуса Мiру.

- О! - усклiкнуў я.

Джэнi таксама ўсклiкнула: 'О!' - толькi зусiм iнакш, голасам нашмат больш радасным.

Бацька зрабiў выгляд, што ён засмуцiўся, а мацi, здаецца, чакала, што я цi не вобзем грымнуся ад пашаны да такога таты. Можна падумаць, што яго дзяржаўным сакратаром прызначылi, няйначай.

- Вiншую вас, мiстэр Барэт! - узяла iнiцыятыву на сябе Джэнi.

- Прымiце i мае вiншаваннi, сэр, - далучыўся да яе я.

Мацi аж не магла, так хацела прадоўжыць гэтую гутарку.

- Я ўпэўненая, што гэта будзе вельмi цiкавая i карысная праца, - сказала яна.

- О, вядома, - падхапiла Джэнi.

- Згодны, - сказаў я без асаблiвай перакананасцi. - Э-э... мама, перадай мне, калi ласка, цукру.

8

- Джэнi, яго ж, урэшце, не дзяржаўным сакратаром прызначылi!

- I ўсё ж такi, Олiвэр, ты мог бы сустрэць гэтае паведамленне з большым iмпэтам.

- Я яго павiншаваў.

- Глядзi ты - якая высакароднасць!

- Чорт, чаго ты ад мяне чакала?

- Божа, - адказала яна, - ды мяне проста выварочвае ад усяго гэтага!

- Мяне таксама, - заўважыў я.

Потым мы доўга ехалi моўчкi - анiводным словам не перакiнулiся. Але я адчуваў: нешта тут не так.

- Дык ад чаго - 'ад усяго' - цябе выварочвае, Джэн?..

- Ад таго, як ты ставiшся да свайго бацькi.

- А ён да мяне як ставiцца?

I тут яна вывалiла на мяне рандолю маралiзатарскай лапшы. Дакладней, спагецi. Ведама ж, я зрабiў замах на сама святое, што было ў Джэнi: на бацькоўскую любоў i на пачуццi да бацькi. Сама сапраўдны iталiйска-мiжземнаморскi сiндром. Якi ж я благi сын!

- Ты яго зневажаеш, зневажаеш i зневажаеш!

- А ён мяне не? Цi ты не заўважыла, Джэн?

- Ды я ўпэўненая, што ты нi перад чым не спынiшся, абы дапячы няшчаснаму старому!

- 'Дапячы' Олiвэру Барэту Трэцяму немагчыма.

Памаўчаўшы - i маўчанне гэтае мяне насцярожыла, - яна раптам сказала:

- Хiба толькi ажанiўшыся з Джэнiфэр Кавiлеры.

Гэтыя словы так пранялi мяне, што я ледзь змог збочыць на стаянку каля прыдарожнага шынка. Спынiў машыну i павярнуўся да Джэнiфэр, злы, як чорт.

- Ты што, i праўда так думаеш?

- Прыкладна так, - адказала яна вельмi спакойна.

- Джэнi, ты што, не верыш, што я кахаю цябе?! - крыкнуў я.

- Веру, - зноў спакойна адказала яна. - Але ёсць нешта вар'яцкае ў тым, што ты ўпадабаў мой дужа сцiплы сацыяльны статус.

Ну што я мог сказаць? Не - адназначна. Я паўтарыў ёй усё, што пра гэта думаю, некалькi разоў з сама рознымi iнтанацыямi. Я быў такi засмучаны, што нават задумаўся: цi ж няма хоць калiўца праўды ў гэтым яе жахлiвым меркаваннi?

Яна таксама не ззяла.

- Я не сцвярджаю, што гэта так, Олi. Проста мне здаецца, што нейкая рацыя ў маёй развазе ўсё-такi ёсць. Ведаеш, я ж таксама не толькi кахаю цябе. Я люблю тваё iмя. I твой, скажам так, рэйтынг. - Джэнi адвярнулася, i мне здалося, што зараз яна заплача. Аднак яна не заплакала, а прамармытала: - У рэшце рэшт, тваё iмя - гэта частка цябе.

Я сядзеў у машыне i глядзеў на неонавы надпiс 'Мiдзii i вустрыцы'. Болей за ўсё я любiў у Джэнi тое, што яна ўмела зазiрнуць мне ў душу, зразумець рэчы, якiх не перадасi словамi. Яна i цяпер усё разумела. Аднак цi хопiць у мяне сiлы паглядзець праўдзе ў вочы? Божа, яна ж знайшла ў сабе мужнасць убачыць i прызнаць недасканаласць i маю, i сваю ўласную! Божа, якiм нiкчэмным я цяпер сябе адчуваў! Не ведаў, што i сказаць.

- Джэн, ты не хочаш мiдзiй цi вустрыц? - запытаўся я ў яе.

- А ты не хочаш у зубы, падрыхтунчык?

- Хачу, - адказаў я.

Яна сцiснула кулак i размахнулася, а потым лёгка прыклала яго да маёй шчакi. Я пацалаваў гэты кулачок i пацягнуўся да яе, аднак, як толькi я паспрабаваў абняць яе, яна ўпёрлася рукамi мне ў грудзi i гаркнула, як сама сапраўдны гангстэр з 'пугачом' у руцэ:

- Пагналi, падрыхтунчык! За руль - i гайда!

Добра, любая. Добра.

Найболей бацька папракаў мяне ў залiшняй таропкасцi. Мiтуслiвасцi. Нецярплiвасцi. Не памятаю добра, што за словы ён мне казаў, але пропаведзь, якую ён прачытаў мне ў Гарвард-клубе, датычыла перадусiм маёй паспешлiвасцi. Напачатку, каб разагрэцца, ён загадаў мне не есцi так хутка. Я пачцiва нагадаў яму, што я ўжо досыць дарослы чалавек i яму няварта спрабаваць выправiць мае паводзiны цi нават каменцiраваць iх. У адказ ён заявiў, што нават вялiкiм дзяржаўным дзеячам неабходная час ад часу

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату