- Ну i што, Джэн? - запытаўся Фiл, баючыся сама горшага.
- М-м... мы ставiмся да гэтага неяк адмоўна, Фiл, - сказала яна, гледзячы на мяне ў пошуку падтрымкi - i я спрабаваў даць ёй яе сваiмi вачыма.
- Да Бога? Да любога Бога?
Джэнi кiўнула.
- Можна, я растлумачу, Фiл? - умяшаўся я.
- Добра, тлумач.
- Мы абое не верым, Фiл. I не хочам двудушнiчаць.
Думаю, ён сцярпеў гэта адно таму, што я быў ягоным госцем. А ўжо Джэнi дык магла б i поўху зарабiць. Аднак цяпер ён адчуваў сябе ўсё роўна як лiшнiм, чужанiцаю. Ён нават не мог глядзець на нас - апусцiў вочы.
- Ну што ж, выдатна, - сказаў ён пасля доўгага маўчання. - Цi магу я хоць даведацца, хто правядзе цырымонiю?
- Мы, - адказаў я.
Мiстэр Кавiлеры дапытлiва паглядзеў на дачку. Джэнi кiўнула ў знак згоды.
Ён зноў надоўга змоўк, потым яшчэ раз сказаў: 'Выдатна' - i спытаўся, цi лiчу я, як будучы юрыст, што такi шлюб будзе - як гэта называецца? - законным?
Джэнi растлумачыла, што на цырымонii, якую мы прыдумалi, будзе прысутнiчаць, пакуль жанiх i нявеста звярталiся адно да аднаго, унiверсiтэцкi капелан-ўнiтарый.
- Ах, капелан, - прамармытаў Фiл. - Нявеста таксама будзе гаварыць? спытаўся ён, нiбы менавiта гэта магло неяк суцешыць яго.
- Фiлiп! - усклiкнула Джэнi. - Няўжо ты можаш уявiць сабе такую сiтуацыю, у якой я магла б змаўчаць?
- Не, дзетка, - адказаў ён, паспрабаваўшы ўсмiхнуцца. - Ты заўсёды што-небудзь скажаш.
Па дарозе назад у Кембрыдж я папытаўся ў Джэнi, як, на яе думку, прайшла сустрэча.
- О'кэй, - адказала яна.
10
Мiстэр Уiльям Ф. Томпсан, намеснiк дэкана Гарвардскай Юрыдычнай школы, не паверыў сваiм вушам.
- Я не ачуўся, мiстэр Барэт?
- Не, сэр...
Найцяжэй было гэта сказаць першы раз. Паўтарыць было лягчэй.
- На наступным курсе мне спатрэбiцца стыпендыя, сэр.
- Сапраўды?
- Таму я i прыйшоў да вас, сэр. Вы ж загадваеце фондам фiнансавай дапамогi, цi не так?..
- Але, загадваю, толькi неяк дзiўна... Ваш бацька...
- Цяпер ён тут нi пры чым.
- Даруйце? - Мiстэр Томпсан зняў акуляры i пачаў працiраць iх кончыкам гальштука.
- Памiж намi ўзнiклi пэўныя непаразуменнi.
Мiстэр Томпсан зноў надзеў акуляры i паглядзеў на мяне так безвыразна, як могуць глядзець хiба што дэканы ды iхнiя намеснiкi.
- Гэта вельмi сумна, мiстэр Барэт, - сказаў ён.
'Для каго?' - ледзь не запытаўся я. Гэты тып пачынаў дзейнiчаць мне на нервы.
- Згодны, сэр, - пацвердзiў я. - Вельмi сумна. Таму я цяпер i ў вас... У наступным месяцы я жанюся. Улетку мы з жонкаю будзем працаваць. Потым Джэнi, жонка, уладкуецца настаўнiцай у прыватную школу. На жыццё мы заробiм, але ж трэба яшчэ плацiць за вучобу. А ў вас плата за навучанне, дарагi мiстэр Томпсан, досыць высокая.
- М-м... высокая, - сказаў мiстэр Томпсан, але нiчога больш не дадаў.
Ён што, не зразумеў, чаго мне ад яго трэба? Якога ж тады чорта, ён думае, я да яго прыйшоў?
- Мiстэр Томпсан, я хачу атрымаць стыпендыю, - зноў сказаў я яму ў лоб. Трэцi ўжо раз. - У банку ў мяне нi цэнта, а я ўжо залiчаны ў студэнты.
- М-м... разумею, - марудзiў ён, як раптам знайшоў зачэпку: - Аднак тэрмiн падачы заяў на стыпендыю даўно скончыўся.
Што ён хоча з мяне выцягнуць, гэты пацук? Крывавыя падрабязнасцi сямейнае драмы Барэтаў? Цi хоча, каб я ў яго тут наскандалiў? Чаго яму трэба ад мяне?!
- Мiстэр Томпсан, я не мог падаць заяву раней, бо не ведаў, што так здарыцца.
- Я разумею вас, мiстэр Барэт, аднак змушаны вам сказаць, што не бачу за дэканатам права ўмешвацца ў сямейныя справы. Хоць i, паўтараю, мне сумна ўсё гэта чуць.
- О'кэй, мiстэр Томпсан, - сказаў я, устаўшы. - Я бачу, да чаго вы хiлiце. Але я не збiраюся лiзаць пяткi свайму бацьку дзеля таго, каб вашая школа атрымала ўласны Барэт-Хол.
Ужо iдучы да дзвярэй, я пачуў, як намеснiк дэкана прамямлiў:
- Гэта несправядлiва.
Я быў згодны з iм цалкам.
11
Джэнi атрымала дыплом у сераду. Якая толькi яе радня не прыехала на цырымонiю ў Кембрыдж: з Крэнстана, Фол-Рывэра i нават нейкая цётка з Клiўленда. Па папярэдняй дамоўленасцi, каб нi ў кога не было заўчаснае крыўды з-за таго, што iх не запрасiлi на вяселле, мяне не рэпрэзентавалi як жанiха i Джэнi не надзела заручальнага пярсцёнка.
- Цётка Клара, гэта мой сябра Олiвэр, - казала Джэнi, рэкамендуючы мяне чарговаму сваяку, i абавязкова дадавала: - Ён яшчэ не закончыў каледжа.
Сваякi штурхалiся пад бокi, шапталiся, нават абменьвалiся ўголас сваiмi меркаваннямi наконт нас, аднак нiчога не маглi выведаць нi ў Джэнi, нi ў мяне, нi ў Фiла, якi, мяркую, быў рады, што ўхiлiўся ад абмеркавання такое рэчы, як каханне памiж атэiстамi.
У чацвер я займеў аднолькавы з Джэнi акадэмiчны статус, атрымаўшы дыплом як i яна, з высокай ухвалою.
Нават больш, як стараста курса я ўзначальваў працэсiю выпускнiкоў, якiя iшлi да сваiх лавак, - iнакш кажучы, iшоў на крок уперадзе нават за сама лепшых, што атрымалi дыплом 'з найвышэйшай ухвалою'. Мне карцела сказаць гэтым хлопцам, што маё цяперашняе становiшча лiдэра лiшнi раз пацвярджае слушнасць маёй тэорыi: адна гадзiна, праведзеная на лёдзе Дзiлан Фiлд Хаўз, вартая дзвюх гадзiн, аддадзеных Уайднэраўскай бiблiятэцы. Аднак устрымаўся. Навошта псаваць людзям настрой?
Паняцця не маю, цi быў сярод гасцей Олiвэр Барэт III. У дзень цырымонii ў двары ўнiверсiтэта збiраецца больш як семнаццаць тысяч чалавек, а я, ведама ж, не разглядваў натоўп у бiнокль. Два мае 'бацысоўскiя' пропускi на ўрачыстасць я перадаў Фiлу i Джэнi. Вядома, як выпускнiк Гарварда, старая каменная 'фiзiя' магла прайсцi без пропуска i сесцi разам з выпускным курсам дваццаць шостага года. А з другога боку, навошта яму гэта трэба? Банкi ж гэтым часам адчыненыя.
Ажанiлiся мы ў нядзелю. Галоўнай прычынаю, чаму мы не запрасiлi радню Джэнi, была асцярога, што выключэнне з цырымонii Бацькi, Сына i Святога Духа стане для набожных католiкаў задужа цяжкiм выпрабаваннем. Адбылася цырымонiя ў Фiлiпс-Брукс-Хаўзе, гiстарычным будынку ў паўночнай частцы ўнiверсiтэцкага гарадка. Прысутнiчаць пры ёй у якасцi духоўнае асобы мы запрасiлi, як i збiралiся, Цiмацi Блоўвэлта, унiтарнага капелана каледжа. Вядома, я запрасiў Рэя Стратана. I яшчэ аднаго сябра, Джэрэмi Наўма, майго прыяцеля па Эксэтэры, якi аддаў перавагу не Гарварду, а Амхэрсту, дзе i вучыўся цяпер. А Джэнi запрасiла сяброўку па каледжы i - мажлiва, з сентыментальнасцi - тую няўклюдную дзяўчыну, з якой працавала разам у Рэдклiфскай бiблiятэцы таго дня, калi мы пазнаёмiлiся. Ну i, ведама ж, прыехаў Фiл.
Яго я перадаў пад нагляд Рэю. Перадаў у тым сэнсе, што папрасiў Рэя сачыць, каб стары не хваляваўся. Але дзе там - Стратана самога трэба было супакойваць! Так гэтая пара i стаяла - нязграбна пераступаючы з нагi на нагу i моўчкi ўмацоўваючы адзiн аднаго ў прадузятым перакананнi, што гэтае 'самаробнае вяселле' (як назваў яго Фiл) ператворыцца (як прадказваў Стратан) у вiдовiшча кшталту 'фiльма жахаў'. Усяго толькi таму, што мы з Джэнi мусiлi сказаць колькi слоў адно аднаму, а не святару. Мы ж ужо бачылi, як гэта робiцца, увесну, калi адна з каляжанак Джэнi па музычных занятках, Мэры Рэндал, выходзiла замуж за студэнта факультэта дызайну Эрыка Лэвэнсана. Усё было вельмi прыгожа, i мы захварэлi iдэяй зрабiць гэтаксама.
- Цi гатовыя вы? - спытаўся капелан.
- Гатовыя, - адказаў я за абаiх.
