- Сябры! - сказаў мiстэр Блоўвэлт, звяртаючыся да гасцей. - Мы сабралiся тут, каб стаць сведкамi з'яднання ў сямейны саюз двух маладых людзей. Паслухаем тыя словы, якiя вырашылi яны сказаць адно аднаму з гэтае святое нагоды.

Нявеста гаварыла першая. Джэнi павярнулася да мяне i прачытала выбраны ёю верш. Ён вельмi крануў, як мне здаецца, усiх - асаблiва, магчыма, мяне, бо гэта быў санет Элiзабэт Барэт Браўнiнг:

Маўчанню падуладныя, як Богу,

Сустрэнемся з табой на той мяжы,

Дзе лёс адзiн сагрэе дзве душы...

Краем вока я бачыў Фiла. Ён быў бледны, ягоныя вусны прыкметна дрыжэлi, у поглядзе змяшалiся здзiўленне i захапленне. Джэнi дачытала санет, якi заканчваўся словамi, падобнымi да малiтвы:

Абсяг душы, дзе доўжыцца каханне,

Да змроку вечаровага, да смерцi.

Настала мая чарга. Мне цяжка было знайсцi верш цi фрагмент паэмы, якi я мог прачытаць не чырванеючы. Не буду ж я пераступаць з нагi на нагу i мямлiць якуюсьцi лухту. Але ўрыўкам з 'Песнi вялiкай дарогi' Уолта Ўiтмэна, хоць i крыху кароткiм, я сказаў усё, што хацеў:

... я даю табе сваю руку!

Я даю табе сваё каханне, якое каштоўней за грошы,

Я даю табе самога сябе наперад усiх навучанняў i законаў,

Ну, а ты, цi аддасi мне сябе? Цi пойдзеш са мною ў дарогу? Цi будзем мы з табою падтрымлiваць адно аднаго праз ўсё жыццё?

Я скончыў, i ў пакоi запала трапяткое маўчанне. Затым Рэй Стратан працягнуў мне пярсцёнак, i мы з Джэнi - самi, а не за кiмсьцi паўтараючы, прысягнулi адно аднаму ў вернасцi, каханнi i пашане - адгэтуль i да самае смерцi.

Уладаю, дадзенай яму штатам Масачусэтс, капелан аб'явiў нас мужам i жонкаю.

Як разабрацца, дык наш 'пасляiгравы мiжсабойчык' (як назваў тое, што адбылося потым, Стратан), можна назваць прэтэнцыёзна-непрэтэнцыёзным. Мы з Джэнi рашуча адхiлiлi апрыкралае звычаёвае шампанскае, i, паколькi нас было вельмi мала i такая кампанiя магла спакойна змясцiчца за адным столiкам у бары, мы пайшлi выпiць пiва да Кронiна. Джымi Кронiн абслугоўваў нас сам у знак павагi да 'найвялiкшага хакеiста Гарварда з часоў братоў Клiры'.

- Лухта ўсё гэта, - стукнуў кулаком па стале, разышоўшыся, Фiл Кавiлеры. Усе гэтыя Клiры, разам узятыя, падноска ягонага нявартыя.

Мяркую, ён хацеў сказаць (не пабыўшы нi на адным хакейным матчы з удзелам Гарварда), што, як бы выдатна нi каталiся на каньках Бобi i Бiлi Клiры, нi аднаму, нi другому не пашчасцiла ажанiцца з ягонай дачкою-кветкаю...

Я дазволiў Фiлу расплацiцца i заслужыў тым самым ад Джэнi адзiн з рэдкiх камплiментаў маёй здагадлiвасцi.

- Ты яшчэ можаш стаць чалавекам, падрыхтунчык, - прашаптала яна.

Пад канец, калi мы праводзiлi Фiла да аўтобуса, нас трохi развязло: паплакалi ды паабдымалiся...

Пасля ўсялякiх развiтанняў Фiл сеў у аўтобус, а мы стаялi на прыпынку i махалi яму ўслед, пакуль аўтобус не знiк за паваротам. I толькi тады мяне пачала бянтэжыць ашаламляльная праўда.

- Джэнi, мы ж цяпер законныя муж i жонка.

- Ага, цяпер я маю поўнае права быць сцервай.

12

Калi паспрабаваць апiсаць адным словам першыя тры гады нашага сумеснага жыцця, дык слова гэтае было б 'эканомiя'. Мы толькi пра тое i думалi, як наскрэбцi грошай, каб звесцi канцы з канцамi. Калi вы думаеце, што ў гэтым ёсць нешта рамантычнае, дык вы памыляецеся... Памятаеце славутае рубаi Амара Хаяма пра тое, як гэта прыемна - ляжаць у цяньку пад разгалiстым дрэвам, з томiкам вершаў, лустаю хлеба ды збанком вiна? Дык вось, замянiце томiк вершаў на 'Трэсты' Скота i паспрабуйце ўмаляваць мяне ў гэтую iдылiчную карцiну. Райскае жыццё, цi ж не так?.. Я мучыўся б усё тымi ж пытаннямi: колькi каштуюць гэтыя самыя 'Трэсты' (i цi можна набыць iх у букiнiста), дзе купiць па меншай цане хлеба ды вiна i, нарэшце, дзе дастаць потым грошай, каб расплацiцца з пазыкамi?

Вось як мяняецца жыццё. Цяпер нават сама сцiплы праект даводзiлася выносiць на скрупулёзны разгляд бюджэтнай камiсii, пастаянна прысутнай у маёй галаве на сваiх няспынных пасяджэннях.

- Олiвэр, давай сходзiм увечары на Бекета?

- Паслухай, гэта ж тры долары.

- Як?..

- Паўтара долары - твой бiлет, i паўтара - мой.

- Дык 'так' цi 'не'?

- I не так, i не гэтак. Гэта значыць тры долары.

Мядовы месяц мы прабавiлi на яхце. Разам з двума дзесяткамi дзяцей. Iнакш кажучы, з сямi гадзiн ранiцы i пакуль не надакучыць юным пасажырам, я кiраваў яхтаю, а Джэнi тым часам наглядала за дзяцьмi. Нас наняў яхт-клуб 'Пекод' у Дэнiс-Порце... Клуб меў лодачную станцыю, вялiкi гатэль i некалькi дзесяткаў летнiх домiкаў для здачы ўнаймы. На адным з сама нягеглых бунгала я прымацаваў у думках мемарыяльную шыльду: 'Тут спалi Олiвэр i Джэнi - калi не займалiся каханнем'. Трэба аддаць належнае нам абаiм - пасля доўгага дня, на працягу якога мы старалiся быць як мага больш уважлiвымi да нашых клiентаў (бо велiзарную долю нашых даходаў складалi iх чаявыя), у нас яшчэ хапала часу быць як мага больш уважлiвымi адно да аднаго. Я кажу проста: 'быць... уважлiвымi', бо не знаходжу слоў, каб выказаць, якi гэта цуд - кахаць Джэнi Кавiлеры i быць каханым ёю. Выбачайце, я хацеў сказаць - Джэнi Барэт.

Перш чым паехаць на мора, мы нанялi танную невялiкую кватэру ў паўночным Кембрыджы. Я называю гэты раён 'паўночным Кембрыджам', хоць фармальна, па адрасе, дом знаходзiўся ў межах горада Сомэрвiла. Катэдж, што, як казала Джэнi, быў у 'перадразвальным стане', праектавалi на дзве сям'i, але потым перарабiлi ў чатырохкватэрны. Узялi з нас нашмат болей за сапраўдны кошт гэтага 'таннага' жытла. Але што зробiш? На гэтым рынку дыктуюць прадаўцы.

- Паслухай, Ол, як ты думаеш, чаму пажарныя не павесiлi замок на гэтай халупе? - спыталася Джэнi.

- Мабыць, пабаялiся падысцi, - адказаў я.

- I мне крыху страшна.

- У чэрвенi ты была смялейшая. (Размова адбывалася ў вераснi, калi мы вярнулiся ў Кембрыдж.)

- Тады я яшчэ не была замужам. А цяпер як замужняя жанчына лiчу, што гэтая будынiна небяспечная для жыцця.

- I што ты думаеш зрабiць?

- Пагаварыць з мужам, - адказала яна. - Ён штось прыдумае.

- Паслухай, твой муж - гэта я.

- Сапраўды? Дакажы гэта.

- Як? - папытаўся я, падумаўшы: 'Не, толькi не на вулiцы'.

- Перанясi мяне цераз ганак.

- Джэнi, няўжо ты верыш ва ўсю гэтую лухту?

- Ты перанясi, а потым я ўжо вырашу.

О'кэй. Я падхапiў яе на рукi i, пераадолеўшы шэсць прыступак, унёс на ганак.

- Чаму запынiўся? - спыталася яна.

- Хiба гэта не ганак?

- Не ганак, не ганак.

- Тут на дзвярах нашыя iмёны.

- Ну i што? Гэта не сапраўдны ганак. Марш наверх, гультай!

Да 'сапраўднага ганка' было дваццаць чатыры прыступкi, i мне прыйшлося спынiцца на паўдарозе, каб перавесцi дух.

- Чаму ты такая цяжкая?

- А ты не падумаў, што я магла зацяжараць?

Ад такога пытання дыханне ў мяне раўнейшым не стала.

- Ты што, сур'ёзна? - нарэшце спытаўся я.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ОБРАНЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату