Мэгрэ звярнуўся не да сына, а да бацькi. Аднак i на гэты раз адказаў сын.

- Не. Яна ў Ансевалi.

- Выбачайце. Не зразумеў.

- У нашым замку, замку Ансеваль каля Пуiйiсюр-Луар, у дэпартаменце Ньеўр.

- Значыць, пакой яе пусты?

- Маю ўсе падставы меркаваць.

I дадаў iранiчна:

- Здаецца, вы гарыце жаданнем пераканацца ў гэтым? Я правяду вас. А заўтра змагу павiншаваць нашага сябра Лё Брэ з надзвычайнай стараннасцю яго падначаленых. Прашу за мной.

На здзiўленне Мэгрэ, бацька таксама нерашуча паплёўся за iмi.

- Вось той пакой, пра якi вы пытаецеся. На шчасце, ён не замкнёны.

Ён шчоўкнуў выключальнiкам. Спальня была абстаўлена светлай палiраванай мэбляй, сцены ўбраны блакiтным шоўкам. Бакавыя дзверы вялi ў будуар, дзе панаваў iдэальны парадак, кожная рэч, здавалася, была на сваiм месцы.

- Толькi ўважлiва перагледзьце ўсё, малю вас! Сястра прыйдзе ў захапленне, калi даведаецца, што палiцыя поркалася ў яе рэчах.

Не даючы збiць сябе з панталыку, Мэгрэ падышоў да акна. Цяжкiя шаўковыя шторы былi трошкi цямнейшага блакiту, чым драпiроўка. Ён расхiнуў iх, убачыў цюлевую фiранку, прызначаную змякчаць дзённае святло, i заўважыў, што адзiн край фiранкi прышчэмлены аконнай рамай.

- Нiхто не заходзiў сюды вечарам? - спытаў ён.

- Хiба што хто-небудзь з пакаёвак.

- Iх шмат у вас?

- А як вы думалi? - з сарказмам перапытаў Рышар. - Дзве, Жэрмена i Мары. Ёсць яшчэ жонка Луi, яна ў нас за кухарку. I кастэлянка, але яна замужам, ранiцай прыходзiць, а вечарам iдзе дадому.

Фелiсьен Жандро-бацька моўчкi глядзеў то на аднаго, то на другога.

- У чым справа? - нарэшце, адкашляўшыся, спытаў ён.

- Далiбог, не ведаю. Спытайцеся ў месье Мэгрэ.

- Адзiн чалавек, якi праходзiў мiма вашага дома прыблiзна паўтары гадзiны таму, пачуў, як раптоўна расчынiлася акно ў гэтым пакоi. Ён падняў галаву i заўважыў перапалоханую жанчыну, якая клiкала на дапамогу.

Мэгрэ заўважыў, як рука бацькi з усёй сiлы сцiснула залатую булдавешку трысцiны.

- А далей што? - запытаў Рышар.

- Жанчыну адцягнулi ад акна, i ў той жа момант раздаўся стрэл.

- Ды што вы кажаце?!

Жандро-малодшы, быццам зацiкаўлены i ўстрывожаны, азiрнуўся, прыкiдваючыся, што шукае след кулi ў шоўку, якiм былi задрапiраваны сцены.

- А ведаеце, што мяне асаблiва здзiўляе, месье Мэгрэ, - прабачце, я не пераблытаў ваша прозвiшча? Месье Мэгрэ? - Дык вось, мяне здзiўляе, што пры наяўнасцi такога сур'ёзнага абвiнавачвання вы не прынялi элементарных мер перасцярогi, не папярэдзiлi сваё начальства. Па-мойму, вы дзейнiчалi трошкi легкадумна, кiнуўшыся адразу сюды. Вы хоць ведаеце гэтага прахожага з такiм багатым уяўленнем?

- А ён унiзе.

- Мне дужа прыемна, што ён знаходзiцца пад маiм дахам. Адным словам, вы не толькi самi ўварвалiся сюды ноч-апоўнач, насуперак законам, якiя стаяць на варце свабоды грамадзян, а яшчэ i прывялi з сабою нейкую даволi падазроную прынамсi, у маiх вачах - асобу. Аднак, раз вы ўжо тут, то, дзеля таго каб заўтра вы змаглi далажыць падрабязна пра ўсё нашаму сябру Лё Брэ, прашу вас прыступiць да неабходных фармальнасцей. Думаю, вам не пашкодзiць пераканацца, што пасцеллю маёй сястры сёння ноччу нiхто не карыстаўся?

Ён сарваў з ложка шаўковае пакрывала, пад якiм аказалiся просцiны без нiводнай зморшчынкi i бездакорна чыстая падушка.

- Шукайце, прашу вас! Абмацвайце ўсе закуткi. Вы, канешне, захапiлi з сабой лупу?

- У ёй няма патрэбы.

- Прабачце. За выключэннем Лё Брэ, я не меў гонару быць знаёмым з палiцыяй, хiба што па раманах... Вы кажаце, стралялi? То, можа, дзе-небудзь ляжыць i труп? Давайце паходзiм! Пашукаем яго разам! Мо ў гэтай шафе? Усяляк бывае!

Ён расчынiў створкi шафы, i Мэгрэ ўбачыў мноства сукенак, акуратна развешаных на вешалках.

- Можа, тут? Гэта абутак Элiз. Яна, як бачыце, не ведае ў iм нi лiку, нi меры. Прашу ў будуар...

У рэплiках яго ўсё болей i болей адчувалася з'едлiвая насмешка.

- Цi не праз гэтыя дзверы? Праўда, яны забiты наглуха з таго часу, як памерла маман. Але ў пакой можна трапiць i з калiдора. Хадзем. Ну хадзем жа! Прашу вас!..

Цэлых паўгадзiны цягнуўся гэты кашмар. Мэгрэ не заставалася нiчога iншага, як падпарадкавацца. Рышар лiтаральна загадваў яму. А прысутнасць старога Жандро-Бальтазара, якi хадзiў за iмi след у след, у сваiм цылiндры, з палярынай на плячах i трысцiнай з залатой булдавешкай у руцэ, надавала iх блуканню па асабняку нешта тэатральна-жахлiвае.

- Ну што вы! Яшчэ рана ўнiз. Вы забылiся, што над намi ёсць яшчэ адзiн паверх, мансардны, дзе начуе прыслуга.

Лямпачкi ў калiдоры без абажураў. Пакатая столь. Рышар стукае ў дзверы.

- Адчынiце, Жэрмена. Ды адчынiце ж! Не мае значэння, што вы ў кашулi. Гэта палiцыя.

Пышная дзяўчына з заспаным тварам, пах вiна, скамечаная пасцель, на туалетным столiку грэбень са злямцаванымi валасамi.

- Вы чулi стрэл?

- Што?!

- Калi вы леглi спаць?

- Я паднялася сюды ў дзесяць.

- I вы нiчога не чулi?

Пытаннi задае Рышар.

- Пайшлi ў пакой!.. Адчынiце, Мары... Ды нiчога, малышка, гэта не мае значэння.

Шаснаццацiгадовае дзяўчо ў накiнутым паверх кашулi зялёным палiто дрыжыць усiм целам.

- Вы чулi стрэл?

Яна з непрытоеным жахам глядзiць на Рышара i Мэгрэ.

- Вы даўно спiце?

- Не ведаю.

- Вы чулi што-небудзь?

- Не. У чым справа? Што здарылася?

- У вас ёсць пытаннi, месье Мэгрэ?

- Я хацеў бы запытацца ў яе, адкуль яна родам.

- Адкуль вы родам, Мары?

- З Ансеваля.

- А Жэрмена?

- Таксама з Ансеваля.

- А Луi?

- З Ансеваля, месье Мэгрэ, - адказвае Рышар, не тоячы насмешкi. - Я бачу, вам невядома, што ўладальнiкi замкаў звычайна набiраюць слуг са сваiх маёнткаў.

- Што тут?

- Пакой мадам Луi.

- Муж яе таксама тут спiць?

- Ён спiць унiзе, у швейцарскай.

Мадам Луi доўга не адчыняе. Маленькая, чарнавалосая i смуглая, залiшне поўная жанчына з недаверлiвымi вачыма.

- Вы яшчэ доўга будзеце чынiць гэты гармiдар? Дзе Луi?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату