Фiрму, згадаў Мэгрэ, закрылi ў кастрычнiку.
- А як вы даведалiся?
- Выпадкова. Неяк пад вечар я разносiла квiткi...
- Вы ўжо тады працавалi на вулiцы Рывалi?
- Я пайшла працаваць туды ў васемнаццаць. Дык вось, мне трэба было якраз у той самы дом, у двары якога была бацькава кантора. Было ўжо цёмна, а святло ў ёй не гарэла. Я спыталася ў кансьержкi, у чым прычына, i тая сказала, што фiрма Капланаў закрылася.
- I, вярнуўшыся дамоў, вы нiчога не сказалi мацi?
- Нiчога.
- Чаму?
- Не хацела яго выдаваць. Ён пазбягаў сцэн. А тут пачалiся б такiя разборы...
- Ён баяўся мацi?
- Хутчэй, хацеў, каб яна не чапала яго.
У голасе дзяўчыны чулася пагарда.
- А ў бацькi вы спыталiся, дзе ён цяпер робiць?
- Не.
- Дык вы высачылi яго?
- Высачыла. Назаўтра паехала ў Парыж раней за яго, сказала, што ў мяне тэрмiновая праца, а на вакзале дачакалася ягонага цягнiка. I пайшла ўслед за iм.
- Што ж ён рабiў у той дзень?
- Хадзiў па розных установах. Папалуднаваў булкаю. Потым спынiўся каля дошкi аб'яў. I я ўсё зразумела: ён шукаў працу.
- Але ж ён кожны месяц, як i раней, прыносiў у дом зарплату?
- I мяне гэта вельмi дзiвiла. Я ўсё чакала, калi ён нарэшце прыйдзе дамоў без грошай. А ён замест гэтага неяк нават аб'явiў мацi, што запатрабаваў у Каплана надбаўкi i той яе даў!
- Калi гэта было?
- Прыкладна праз паўгода. У жнiўнi.
- I вы вырашылi, што бацька знайшоў працу?
- Але мне ўсё-такi хацелася праверыць, i я зноў дзень сачыла за iм. А ён i не думаў iсцi нi на якую працу: гуляў па скверы, сядзеў на лаўцы. Я вырашыла, што ў яго выхадны. Праз тыдзень я зноў прасачыла за iм. Тады ён i заўважыў мяне - на Вялiкiх бульварах, калi сядзеў на лаўцы. Ён збляднеў, але, доўга не думаючы, сам падышоў да мяне.
- Ён зразумеў, што вы сачылi за iм?
- Не думаю. Напэўна, вырашыў, што гэта выпадковасць. Была спякота, i ён запрасiў мяне выпiць кавы з марожаным на тэрасе.
- Што ён вам сказаў?
- Што фiрмы Капланаў больш няма, што ён застаўся без працы, але не кажа нiчога мацi, каб не турбаваць яе, бо ўпэўнены, што хутка знойдзе новую працу.
- Ён тады ўжо быў у жоўтых чаравiках?
- Не, я ўбачыла iх на iм пазней, калi ён сказаў мне, што знайшоў працу. Ён дадаў тады яшчэ, што ўсё было цяжэй, чым ён думаў, але цяпер усё выдатна, ён займаецца страхаваннем i ў яго багата вольнага часу.
- А чаму ён не сказаў пра гэта мацi?
- Яна пагарджае людзьмi, якiя, каб зарабiць сабе на жыццё, ходзяць па кватэрах i нешта там прапануюць. Для яе гэта ўсё бадзягi, жабракi. Калi б ён сказаў ёй такое, яна б яго са свету зжыла. I ўсё праз сясцёр...
- Ваша мацi, гляджу, дужа да iх прыслухоўваецца.
- Яна нi ў чым не хоча здацца горшай за iх.
- А вы яму паверылi?
- Спачатку.
- А потым?
- А потым засумнявалася.
- Чаму?
- Надта ўжо добра ён зарабляў.
- Надта?
- Не ведаю, што для вас - 'надта'. Праз некалькi месяцаў ён сказаў мацi, што яму зноў павялiчылi зарплату, бо прызначылi памочнiкам дырэктара. Мацi пачала спрачацца: яна хацела, каб ён не пiсаўся больш у пашпарце кладаўшчыком - яна гэтага заўсёды саромелася. Яна адчувала прынiжанасць праз тое, што ейны муж - кладаўшчык! А ён адказаў, што не варта мiтусiцца з-за такой драбнiцы, былi б адно грошы.
- У гэты момант вы з бацькам, мабыць, пераглянулiся?
- Ён заўсёды, калi быў упэўнены, што мацi не бачыць, пераглядваўся са мною. З таго часу ён пачаў падкладваць мне ў сумку грошы. Уранку, калi-нiкалi.
- Каб заплацiць за вашае маўчанне?
- Не, чаму? Проста яму падабалася дапамагаць мне.
- Вы казалi, час ад часу ён запрашаў вас абедаць.
- Запрашаў. Шэптам прызначаў спатканне i частаваў у рэстарацыi сама дарагiмi стравамi. Ён мяне i ў кiно запрашаў.
- I ўвесь гэты час вы сустракалi яго ў Парыжы ў жоўтых чаравiках?
- Заўсёды. Я спыталася ў яго, дзе ён пераабуваецца, i ён сказаў, што здымае для сваiх спраў пакой у Парыжы.
- Ён вам даў адрас?
- Не адразу. Прайшло яшчэ багата часу.
- У вас ужо быў якi-небудзь сябра?
- Не.
- А калi вы пазнаёмiлiся з Альбэрам Жарысам?
Яна не запнулася, не пачырванела. Вiдаць, яна i да гэтага пытання падрыхтавалася.
- Месяцаў пяць назад.
- Вы яго, прабачце, кахаеце?
- Мы павiнны разам з'ехаць.
- Каб ажанiцца?
- Тады, калi можна будзе. Пакуль яму яшчэ толькi дзевятнаццаць i ён не можа ажанiцца без згоды бацькоў.
- А бацькi яе не даюць?
- I не дадуць.
- Чаму?
- Дык у яго ж яшчэ нiчога няма: нi працы нармальнай, нi адукацыi. Бацькi ж толькi пра гэта i думаюць. Як мая мацi.
- I куды ж вы збiраецеся ехаць?
- У Паўднёвую Амерыку. Я ўжо падала заяву на вiзу.
- У вас ёсць грошы?
- Трохi. Мацi пакiдае мне частку майго заробку.
- Калi вы першы раз папрасiлi грошай у бацькi?
На нейкi момант яна пiльна ўгледзелася ў Мэгрэ, потым уздыхнула.
- Дык вы i гэта ведаеце?
Але адразу ж перастала вагацца.
- Я так i думала, што ведаеце. Таму i кажу праўду. Я не думаю, што вы сподлiчаеце i перакажаце ўсё мацi. Хiба толькi калi вы такi ж, як i яна.
- Я нiчога не збiраюся расказваць вашай мацi.