- А як зь Несьцяровiчам? Спалiлi?

- Дзе там! Замоцны выявiўся для iх, дык на Коневе злосьць спаганяюць. Прыслухайся-ка!

З боку Конева даносiўся трывожны гук Царкоўнага набату.

- Набат! - ускочыў Сыч. - Хлопцы, да зброi! А ты, - крыкнуў ён гайдуку, бяжы да свайго пана й скажы яму, што сёньня Сыч з сычанятамi загляне да яго ў госьцi! - i кiнуўся ка стайням. Гайдук пабег са двара.

- Гэй, пачакай! - спынiў яго Францiшак. - Як там Даша? Даўно я яе ўжо ня бачыў...

- Прыйдзi й пабачыш.

* * *

Зь дзiкiм гiкам i сьвiстам, ударыў Сыч на разгубiўшыхся гайдукоў Самойчыка й Белагрудзкага. Падбадзёраныя конеўскiя сяляне, лавiнай навалiлiся на ўцякоўцаў.

Дзьве крайнiя хаты - ярка гарэлi. Зь iх разносiўся жудасны дзiцячы плач i жаночыя крыкi.

Першым-жа наскокам, зьмяўшы гайдукоў Самойчыка, Сыч ахапiў паўколам гайдукоў Белагрудзкага, зьбiўшыхся наўкола сваго пана.

З маёнтку Несьцяровiча, раськiнуўшагася на ўзгорку недалёка ад Конева, даносiлiся крыкi й сьвiст. Цi то падбадзёрвалi Сыча, цi то насьмяхалiся над няўдачнiкамi... Адтуль бачылi, як узьляцеў на вяроўцы Самойчык, як падагнулася над iм галiна маладой таполi...

Белагрудзкi, бачачы, як хутка разправiлiся зь ягоным сябрам, рашыў жыўцом не здавацца. Зацята адбiваючыся ад Сычанятаў, ён пачаў адыходзiць да маёнтку Несьцяровiча. Але Сыч разгадаў ягоны намер. Замкнуў кола й, пасьля кароткае бойкi, зьмяў гайдукоў. Параненаму Белагрудзкаму накiнулi на шыю пятлю й пацягнулi да Самойчыкавай таполi...

- Як пасьцелеш, гэтак i высьпiсься! - прамармытаў, перахрысьцiўшыся, адзiн зь сялян, назiраючы за канцом Белагрудзкага.

Убачыўшы раптам Францiшка, ён злавiў яго за крысо кажуха й прамовiў:

- Дык i ты, сынку, тут?

- Тут, дзедусь, тут. Дзе-ж мне болей быць?

- А як-жаж вы, дзеткi, даведалiся аб нашай бядзе? Цi мо хто падказаў?

- Мы, дзедусь, усё ведаем! - горда адказаў Францiшак. - I як дзе крыўдзяць нашага брата - люд паспалiты, дык i мы тут як тут.

- Так, так... Дай вам Бог здароўечка! А ад нас вялiкае дзякуй!

- Няма за што, дзед! - прамовiў, падыходзячы, Сыч. - Мы самi такiя, як вы, i самi бяды ды крыўды нацярпелiся. За тое й у лес падалiся... Вось прабачце нам за тое, што крыху спазьнiлiся, - указаў на дагараючыя хаты.

- Нiчога, нiчога, сынку. Абы болей бяды не было, а з гэтай мы як небудзь талакой[17] парадзiм. Вось каб вы, сынкi, не падасьпелi, то й кабеты зь дзецьмi пагарэлi-б, то горш. А хата - рэч нажыўная... Унь глянь, як на сяле заварушылiся. Цягнуць пагарэльцам, хто што можа, а з грамады па нiтцы - голаму кашуля.

- I мы ад сябе дадамо. Ад паноў здабыча багатая засталася! - прамовiў Сыч, адыходзячы. - Ты, Францiшак, каб не забыўся прыпамянуць пра гэта Цiмоху!

- Што то за ён? - пацiкавiўся дзед.

- Гэта наш Ваявода, Яснавяльможны пан Сыч! - пажартаваў Францiшак.

- Ах ты Божа-ж мой! - замiтусiўся дзед. - А я нават i не пакланiўся яму, Яснавельможнаму... - i стары, пакiнуўшы свайго суразмоўцу, кiнуўся даганяць Сыча.

Але яму не ўдалося пакланiцца атаману. Сыч, ускочыўшы на каня, галёпам панёсься ў Маркулiчы, а за iм некалькi ягоных хлопцаў. Сьледам кiнуўся й Францiшак.

Дзед скiнуў шапку й перахрысьцiў аддаляючыхся коньнiкаў:

- Хай Бог беражэ вас, дзеткi мае, i пасылае вам ласкi й шчадроты свае!

* * *

Па дарозе зь Лiды, рысьсю пасоўваўся невялiкi аддзел коньнiкаў у белых плашчах ды ўзброеных цяжкiмi дзiдамi й галябардамi[18]. Уперадзе, на буланым каню, скача чалавек у Рыцарскiм панцыры. Белы плашч на лiсей падбiўцы, трапечацца з тылу, адкрываючы блiскучыя дасьпехi Мiланскай работы. На шоламе Рыцара кутая галава зубра. Дзяржальна мяча зiхацiць дарагiмi каменьнямi. На правай руцэ, вышэй локця, абвязаны жоўты едвабны шаль.

Кароткi зiмовы дзень ужо падыходзiў да канцу, калi коньнiкi, выехаўшы зь лесу, убачылi ўмацаваны маёнтак Несьцяровiча.

- Тут i заначуем! - указаў Рыцар на маёнтак i, прышпорыўшы каня, паскакаў па дарозе к браме. Сустрэчныя з жахам кiдалiся ўбок з дарогi, яшчэ здалёк убачыўшы зьнявiдныя белыя плашчы.

Несьцяровiч сам выйшаў насустрач нечаканым гасьцям, але браму не адчынiў. Прыглядаючыся праз бойнiцу, запытаў:

- Каго маю гонар вiтаць?

- Кжыжаноўскi! Ваявода! - пачулася ў адказ. - Еду зь Лiды. Хачу ў пана пераначаваць.

Несьцяровiч яшчэ раз акiнуў вокам Рыцара й ягоны пачот. У галаву прыйшла думка: 'Сыч абяцаў сёньня завiтаць у госьцi, дык лiшнiх два дзясяткi вояў, на чале з дасьвечаным Рыцарам, напэўна прыдадуцца'. I ён гукнуў:

- Адчыняй браму! Хутка! - а зварочваючыся да госьця, прамовiў. - Прабачце, Яснавяльможны Пане, што так доўга не ўпускаў, але тут па суседзтву стаяць апрышкi, дык трэба быць асьцярожным.

- Няўжо пан iх баiцца? - прамовiў з пагардай у голасе Ваявода, уяжджаючы ўва ўмацаваны падворак.

Праз кароткi час гаспадар, госьць i некалькi ягоных спадарожнiкаў-шляхцiцаў, разьмясьцiлiся за сталом, устаўленым ежай i выпiўкай.

Рэшта Ваяводавага пачоту, зьмяшаўшыся з гайдукамi, прыглядалiся да ўмацаваньняў i знаёмiлiся з абаронцамi. Прыехаўшыя зь вялiкiм задавальненьнем падкрэсьлiвалi перавышаючую якасьць свайго ўзбраеньня. Гайдукi-ж, са свайго боку, з зайздрасьцю прыглядалiся да панцыраў, тонкiх, але моцных кальчугаў, доўгiх i цяжкiх двуручных мячоў, дзiдаў, адпалiраваных да бляску, галябардаў, лукаў i наагул усяго рыштунку й польскiх вояў, каторыя, ня ў крыўду iм будзе сказана, размаўлялi чысьцейшай Лiтоўскай мовай. Такою мовай, якою размаўляюць у Полацку, Слуцку, Вiльнi, Смаленску, Тураве. Карацей сказаўшы, так, як яны гутараць у Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм ад Прыпяцi да Пскова, i ад Белавежы да Вязьмы. Але гэта нiкога не бянтэжыла, бо нават у самiм Кракаве лiчылася за добры тон гутарыць па Лiтоўску. I сам Ваявода Кжыжаноўскi - толькi час ад часу ўжываў польскiя словы й звароты. Пагэтаму ён, адказваючы на тост, запрапанаваны Несьцяровiчам, прамовiў:

- Так! Вып'ем за Караля! I я магу з пэўнасьцю сказаць, што хутка дачакаесься свайго, пане Несьцяровiч! Запэўняю ў гэтым!

- О! Пане Ваявода! Слухаць пана - проста мёд пiць! Хутчэй-бы той час ужо, i Ясьнейшы Кароль запанаваў у нас...

- Дык вып'ем, пане Несьцяровiч! Каб хутчэй пан дачакаўся свайго! Кжыжаноўскi падняў свой кубак i ў два заходы асушыў яго.

Несьцяровiч не адставаў ад госьця й яго спадарожнiкаў, але зь людзьмi вайсковымi супернiчаць было цяжка, i ён хутка п'янеў.

- Бачыш, пане Ваявода, цяжка стала жыць сумленным людзям, - мармытаў Несьцяровiч. - Свае цурацца пачалi, стараною аб'яжджаюць, а з Польшчы гасьцей мала ў нашых краях... Глуш... А тут хамы й панцырныя баяры з апрышкамi братаюцца... воўкам паглядаюць... Сёньня завiтаць абяцалi, але недачаканьне iхнае!... Гайдукоў маю хвацкiх... Тыдзень, другi вытрымаю, а там...

- А што там?... - хутка зацiкавiўся госьць.

- Выпi, Яснавяльможны Ваявода! Выпi!... - ледзь варочаў языком Несьцяровiч. - Першы раз за за ўсю зiму дазваляю сабе так павесялiцца... Такога госьця Бог паслаў... Выпi!...

- Ну, а што па двух тыднях будзе? - напалягаў рашуча госьць, падлiваючы ў кубкi вiна.

Несьцяровiч зрабiў урачыстую мiну на сваiм п'яным твары й, грукнуўшы кулаком па столу, абвесьцiў:

- Праз два тыднi, а мо й хутчэй, i разпраўлюся з Конеўскiмi валацугамi!... Закатую ўсiх... Да адзiнага...

- А чаму ты, пане, такi пэўны гэтага?

- Бо прыйдзе Ваявода Капыльскi... З войскам!... Во!... Сам Князь Вiтаўт яму грамату даў, каб усiх

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату