- 'Жыве Вялiкi Князь Вiтаўт!' 'Слава Гаспадару Лiтоўскаму!' 'Вiват!'...

Зь невялiкае групы чужаземцаў прагучэў звонкi малады голас, вылучаючыся з агульнага гулу:

- Вiват Чароўная Княгiня Рынгайла! Вiват!

Яраслаў Смаленскi крута павярнуўся ў той бок. Правая рука сама ўхапiлася за дзяржаньне мяча. Падпарадкуючыся нацягнутым павадам, яго конь узьвiўся на дыбкi й, танцуючы на заднiх нагах, таксама павярнуўся на голас.

- Хто пасьмеў? Выхадзi! - зарычэў, як леў, узвар'яваны Яраслаў. Але нiхто яго не пачуў. Пастаяўшы трохi на мейсцы, ён ускач дагнаў сьвiту Вiтаўта й, параўняўшыся з Рынгайлай, запытаў:

- Я бачу, Вы задаволены? Вам падабаецца?

- А Вы не задаволены? Вам не падабаецца? - усьмiхнулася яна.

- Я найду яго й скручу яму шыю!...

- Тады не пападайцеся мне на вочы! - i Рынгайла выехала ўперад, пакiнуўшы няшчаснага Яраслава скрыгатаць зубамi ў бязьсiльным шалу.

- Што за жанчына! - прашапацеў ён. - Чарадзейка! Зьмяя! Якая нячыстая мяне сюды прынесла? Сядзець-бы спакойна ў Смаленску.

А бедны малады Бургундзец, Олiвер дэ Арно, стоячы побач Графа, згараў ад зайздрасьцi, бачачы, як усьмiхаецца Каралева ягонага сэрца Спадкаемцу Смаленскаму...

Паступова гул прывiтаньняў зацiх. Гэрольды абвесьцiлi аб пачатку паядынку. На супрацьлежных канцах паляны разгарнулiся харугвы працiўнiкаў.

Ваявода Фёдар i Войт Скабель, з паднятымi забраламi, пад'ехалi да Вялiкага Князя й, адсалютаваўшы мячамi, застылi нерухома.

Вiтаўт падняўся зь мейсца й, перадаўшы чырвоны шаль Вялiкаму Гэрольду, загутарыў:

- Хай Усемагутны й Справядлiвы Бог будзе мiж вамi судзьдзёй! Абвiнавачаньне цяжкое. Цяжкая й абраза, калi яно не справядлiвае. Фёдар, Ваявода Грозаўскi! Табе, як пакрыўджанаму, належыць права выбраць зброю й род паядынку!

- Я жадаю вольнага паядынку, Ваша Высокасьць!

- Войт! - павярнуўся да Скабеля Вiтаўт. - Ваявода жадае вольнага паядынку. Цi прымаеш ты?

- Гаспадар Вялiкi Князь! Я прыняў выклiк Ваяводы! Мушу прыняць i яго выбар! Хай Ваша Высокасьць i ўсе тут прысутныя будуць мiж намi судзьдзямi! Я абвiнавачваю Ваяводу Фёдара Грозаўскага з Княства Слуцкага ў баязьлiвасьцi й здрадзе!

Рынгайла зь ненавiсьцю й пагардай адвярнулася ад Скабеля. Вiтаўт мiмаволi ўсьмiхнуўся. А ў наступiўшай цiшынi пачуўся голас Графа дэ ля Шэр:

- Гэты чалавек вынес сам сабе сьмяротны прысуд!

- Як так? - пацiкавiўся Олiвер дэ Арно.

- На паядынках, Ваявода Грозаўскi яшчэ нiколi не забiваў свайго працiўнiка: звалiць з каня й памiлуе, - разтлумачыў Граф. - Ён рэдка бывае выклiканы, i яшчэ радзей выклiкае сам. Але такую абразу наўрад цi прабачыць, а як ён валодае зброяй, зараз убачыце самi!

Працiўнiкi, тым часам, паскакалi да сваiх збраяносцаў. Над палянай запанавала магiльная цiшыня.

Княгiня Рынгайла, з жалем i непакоем, не адрывала вочы ад аддаляючагася Фёдара.

На ўскраiнах паляны збраяносцы падалi байцам вострыя цяжкiя дзiды. Клацнулi апускаючыся забралы. Працiўнiкi сталi на йзгатоўку. Конь Ваяводы, адчуваючы напружанасьць моманту, зь нецярпеньнем бiў капытамi й, прысядаючы на заднiя ногi, тузаў павады.

Васiль у апошнi раз абмацаў падпругу, шлеi крупэра й нагруднiка[14], ды, застаўшыся задаволеным, толькi цяпер крадком зiрнуў туды, дзе сядзеў пан Келябовiч з дачкой Рэгiнай...

Гэрольды пратрубiлi сыгнал. Вялiкi Гэрольд паволi ўзьняў шаль угару, i рыўком апусьцiў яго...

У той-жа мiг, Ваявода Фёдар, падняўшы каня на дыбкi, зь мейсца пусьцiўся ўскач. Войт Скабель, з апушчанай дзiдай i прыкрыўшыся шчытом, як вецер паляцеў насустрач.

Глядачы, затаiўшы подых, з жахам назiралi за зьблiжаючымiся коньнiкамi.

Ваявода Фёдар трымае дзiду пры назе, пiльна прыглядаючыся да Войта. Вецер сьвiшча ў кратах забрала, плашч чорнай хмарай трапечыцца з тылу... Адлегласьць робiцца карацейшая й карацейшая... Ваявода ўжо ясна бачыць адтулiну памiж шчытом i высокай, акутай стальлю, лукой сядла - вось сюды й ударыць дзiдай. Не спускае ён вока й з вострага наканечнiка Войтавай дзiды.

Васiль, назiраючы за Ваяводай, з хваляваньнем пракусiў сабе губу. Кроў тонкiм струменчыкам сьцякала яму на бараду, а адтуль на панцыр.

Кiрым, нiколi ня бачыўшы падобных забаў, аж прысеў ад захапленьня.

Кандрат Тур з выгляду спакойны, але падрыгваньне вусоў выдае яго хваляваньне.

Мак Марцiмер са шчырым захапленьнем прыглядаецца да сваёй улюбёнай забавы. Хто выйдзе пераможцам, яму амаль усёроўна.

Княжна Рынгайла закрывае вочы рукамi й хавае твар у складках плашча, на плячы Яраслава, чаго той не заўважае...

Коньнiкi ўжо зусiм блiзка... Ваявода рыўком апускае дзiду,... i з трэскам разьлятаюцца абедзьве дубовыя дзiды, спатыкнуўшыся на каваных шчытах. Абодва байцы застаюцца ў сёдлах. I, разьмiнуўшыся на хуткiм скаку, робяць невялiкае паўкола. Выхапiўшы мячы, зь лютасьцю кiдаюцца адзiн на другога.

- Надзвычайна! Цудоўна! - гудзiць Мак Марцiмер.

- Так, нядрэнна, - пагаджаецца Граф.

Конi з храпам узьнiмаюцца на дыбкi. Два цяжкiх мяча са звонам сустракаюцца ў паветры. Удар за ўдарам гудзiць над палянай. Конi то прысядаюць, то ўзьнiмаюцца на дыбкi, то, адступаючы ў тыл, зрываюць сьнежны наст.

Нарэшце Ваявода, выбраўшы зручны момант, сячэ зь левага пляча. Войт, не пасьпеўшы адвесьцi ўдар, прыкрываецца шчытом. Але ўдар настолькi моцны, што меч урэзваецца ў шчыт i перабiвае пасак левага наплечнiка. Звонка стукнуўшыся аб крупэр, наплечнiк падае на сьнег. Iрвануўшы да сябе моцна засеўшы меч, Ваявода мала ня выкiнуў Войта зь сядла. Але меч засеў моцна, не вылазiць. Пусьцiўшы яго з рук, Ваявода выхапiў сякеру, i ў той-жа час прыкрыўся сваiм шчытом - ад граду пасыпаўшыхся ўдараў. Размахнуўшыся сякерай, Ваявода ўсадзiў яе Скабелю ў бядро. Скабель захiстаўся ў сядле, але, сабраўшы рэшту сiл, сякануў наводмаш мячом... i разьсёк галаву Фёдараву каню. З грукатам завалiўся конь, прыцiснуўшы ногу сядуну...

- Ганьба! - зароў на ўвесь пляц Мак Марцiмер.

- Ганьба! Ганьба! - паўскаквалi глядачы. - Каня забiў! Мясьнiк! Канавал!

Кiрым, iрвануўшы з похвы кiнжал, кiнуўся на падмогу Фёдару.

- Стой! Нячыстая сiла... Куды? - злавiў яго за полы Васiль.

- Ваявода... конь... нага... - стагнаў, вырываючыся, Кiрым.

Войт, мiж тым, нiчога ня чуючы, хiстаўся ў сядле. Удар сякеры быў страшэнны, i, каб Скабель ня быў такi моцны, паядынак быў-бы скончаны.

Нарэшце Ваявода вызвалiў нагу. Хутка падняўшыся, ён кiнуўся на Войта. Той-жа, да гэтага часу апрытомнеўшы, узьняў каня на дыбкi i, накiраваўшы на Ваяводу, пусьцiў павады. Ваявода адскочыў убок, але пасьлiзнуўся й павалiўся. Скабель другi раз падняў каня на дыбкi й грымнуў на Ваяводу. Але й тут Фёдару ўдалося скокнуць убок з-пад цяжкiх капытоў. Затое конь, трапiўшы нагой на валяўшыся наплечнiк i сьлiзгануўшы па iм, упаў на каленi. Войт стрымгалоў выляцеў зь сядла.

Працiўнiкi паволi паднялiся. Войт, сьцякаючы крывёю, ледзь стаяў на нагах. Ваявода, падняўшы сякеру, падыйшоў да яго й загадаў:

- Кiдай меч i станавiся на каленi! Ты пераможаны!

Скабель не варухнуўся.

- Дык здохнi як сабака!

Але ў гэты момант Скабель узмахнуў мячом. Ваявода прысеў i са страшнай сiлай секануў сякерай. Скабель захiстаўся, i з-пад шолама пацякла кроў. Ад другога ўдару, раскалоўшага шолам, ён як сноп павалiўся на сьпiну.

Ваявода каленам стаў яму на грудзi й падняў забрала. Войт ня дыхаў. Зрэзаўшы пласт сьнегу, Фёдар паклаў яго на твар Скабелю й, адклаўшы ўбок сякеру, выцягнуў мiзэрыкордыю...

Ад сьнегу Скабель адплюшчыў вочы й, убачыўшы занесеную мiзэрыкордыю над сваiм горлам,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату