Пры гэтых словах Вiтаўта Ваявода Станiслаў засмучана апусьцiў вочы й, разьвёўшы рукамi, прамовiў:
- Забудзь, Княжа!... Не варта... Хто старое памяне, таму вока вон...
Пачаўшы было супакойвацца гнеў Вялiкага Князя ўспыхнуў з новай сiлай i залiў твар густой чырваньню. Стрымлiваючы сябе, ён зашаптаў, але так, што нават у самых аддаленых кутках залi было выразна чуваць:
- Бач як яно выходзiць! Калi Вiтаўт нешта крыўднае ўспомнiць, дык яму кажуць: 'Не памiнай! Забудзь!' А калi Кароль успомнiць i зброяй бразгаць пачне, то гэта нiчога. А мо нават i добра... Так, Ваявода? Не?
- Што Ваша Высокасьць мае на ўвазе?... - Станiслаў ужо бачыў ва ўяўленьнi, як Лiтоўскiя Дружыны, на чале з гнеўным Вiтаўтам, руйнуюць Кракаў...
- Што маю на ўвазе? Шмат! Шмат, Ваявода! Аж зашмат!
- Ваша Высокасьць, я прасiў-бы...
- I не патрабуеш прасiць! - перабiў Вiтаўт. - Я сам табе прыпомню! Толькi маленькую частку!... Памятаеш, калi я замест таго каб ехаць у Кракаў, на хрэсьбiны, павёў Дружыну на ўзбунтаваўшыся Бранск? Памятаеш, калi я адмовiўся парушыць старыну Лiтоўскую й ня даў нiшчыць Праваслаўе? Калi я ня даў багатых банiфацыяў[13] Каталiцкiм Кляштарам?... Цi ня бразгаў тады Кароль зброяй!? Цi не напамiнаў ён мне ўсё гэта пры кожнай нагодзе й нават без нагоды? Чаму-ж ты яму тады не сказаў, што за гэта 'вока вон'?
- Ваша Высокасьць перабольшвае! Кароль ужо даўно прабачыў усе гэтыя правiны, i нiколi аб iх не ўспамiнае!
- Вось ты кажаш: 'прабачыў'. А хто ў яго прасiў прабачэньня?... У кожным разе ня я! Можа з вас хто? - i Вiтаўт зьвярнуўся да Нарады.
Суровае маўчаньне было яму адказам.
- Ваша Высокасьць злаўжывае цярпеньнем i дабратой Яго Каралеўскае Мосьцi... - абразiўся Станiслаў.
- Чуеце, што ён кажа?! - ускочыў Вiтаўт. - Я злаўжываю! Я, каторы сурова й пiльна даглядаю, каб усе дамовы выконвалiся сумленна й непарушна. Цi думеш ты, Ваявода, аб тым, што гаворыш? Твой Валадар злаўжывае нашым цярпеньнем! I цярпеньню прыходзiць канец! Сьцеражыцеся тады!...
- Ваша Высокасьць! Я ведаю, што я кажу! I адказваю за сказанае! Па першае: Кожнае слова Вашай Высокасьцi гучыць як абраза майму Валадару - Каралю Польскаму! Па другое: Ваша Высокасьць не дагледзiлi, што дагавор аб свабодзе руху падданых Кароны Польскай на землях Лiтоўскiх парушаны! I стала парушаецца! Каталiцтва ў Лiтве перасьледуецца й гонiцца горш за паганства! Жыцьцё й маёмасьць Лiтоўцаў-Каталiкоў знаходзiцца ўвесь час у небязьпецы! Цi ня гэта, Ваша Высокасьць называе суровым i пiльным даглядам за выконваньнем дагавароў?... Але Кароль добры. Ён церпiць i молiцца!
Вiтаўт доўга маўчаў, пiльна ўглядаючыся ў вочы Станiслава. Нарэшце ён загаварыў - ня так сурова, як перад тым, але насьмешлiва:
- Ваявода, ты сам ведаеш, што хлусiш. Ведаю я, куды ты гнеш. З хворай галавы на здаровую зьвярнуць хочаш? Ня выйдзе! Бо б'е банда апрышак ня толькi Каталiкоў i Палякаў, а й Лiтоўцаў i Праваслаўных! Доказам гэтаму могуць быць Мацей Вадзянiк, перавожчык з Прыпяцi, зь сям'ёю. Пасёлак Чапрукi, спалены разам з жыхарамi. Стары гусьляр Макар Сьляпы й яго павадыр, забiтыя недалёка Вiцебску. Праўда, хлапчука знайсьцi не ўдалося... I шмат, шмат iншых... Але ведай, Ваявода, што пасьля гэтае нарады нядоўга ўжо будуць гуляць апрышкi!
Станiслаў адчуў, што навальнiца прайшла: Вiтаўт зьмякчыўся, а раз так, то й апасацца болей няма чаго. Ён крыва ўсьмiхнуўся й, неяк нязграбна пакланiўшыся, папрасiў:
- Вялiкi Княжа, дазволь мне пайсьцi. Я сёньня вельмi стамiўся...
- Можаш iсьцi сабе! Усё, што нам было трэба, мы пачулi.
Пасьля таго як Пасол выйшаў, нарада хутка наблiзiлася да канца. Вырашана адправiць свайго Пасла ў Кракаў. Выбар Вiтаўта й згода прысутных палi на iнiцыятара гэтай задумы - Ваяводу Фёдара Грозаўскага, калi ён будзе жывы й здаровы пасьля паядынку з Войтам Скабелём.
- А цяпер, вырашым каго пашлём на пошукi гэтай банды апрышак, - сказаў Вiтаўт. - Можа, ёсьць ахвотнiкi?
Нiхто з прысутных не абазваўся, бо лiчылi, што мала гонару, а яшчэ менш задавальненьня ў 'шуканьнi ветру ў полi'.
- Значыць, ахвотнiкаў няма? - запытаў iзноў Вiтаўт. - Ну што-ж, прыйдзецца кагосьцi вызначыць. Дык вось! На пошукi пайдзе сотнiк Васiль з Капыля, палку Ваяводы Грозаўскага! Ваявода, клiч яго сюды!
- Ён тут, Ваша Высокасьць!
Васiль, выступiўшы ўперад, нiзка пакланiўся Вялiкаму Князю. Усе прысутныя зь цiкавасьцю прыгледзелiся гэтаму невядомаму дасюль чалавеку, i кожны адчуў, што Гаспадар выбраў яго не надарма - гэта была нейкая, яшчэ нiкому не зразумелая ласка...
10. СУСТРЭЧА
Цэлыя хмары вераб'ёў зь вясёлым i клапатлiвым шумам варушылiся на вулiцы, вышукваючы на абмёрзлым i ўтаптаным сьнезе чаго-небудзь да ежы. Мароз адпусьцiў зусiм, i надвор'е стаяла яснае й сьвежае. Празрыстая нябесная далячынь зiхацела асьляпляючым блакiтам. I адтуль радасна ўсьмiхалася сонейка, як-бы абяцаючы хуткую вясну. У адказ яму звонка барабанiла капель.
З самай ранiцы Вялiкi Князь адправiў сотню жаўнераў на Воўчую Паляну, каб для паядынку добра ўтапталi сьнег.
Вялiзарная паляна напоўнiлася людзьмi. Маладзейшыя дружыньнiкi адразу завязалi бой у сьнежкi, умiнаючы рыхлы сьнег цэлымi дзялянкамi. Стары сотнiк з усьмешкай пагладжваў вусы, назiраючы за абаротамi 'бою'. Старэйшыя й паважнейшыя воi ўпарта й сумленна тапталiся на мейсцы, прымiнаючы сьнег стапа за стапою. I хоць праца тут выконвалася шчыра, аднак у моладзi яна йшла хутчэй. I ня дзiва - бо цi-ж умнеш столькi нагою, колькi прыплешча шырокая сьпiна...
I вось паляна ўбiта. Засталося толькi дзе-нiдзе выраўнаць няроўнасьцi. Пакiнуўшы гэта старэйшым, сотнiк загадаў маладым iсьцi падправiць лаўкi для гледачоў i бар'еры, працягнуўшыяся на ўскраiнах. Стук сякер i звон маладых галасоў рэхам пакацiлiся па пушчы.
Дзесь зь непраглядных лясных нетраў вылез лясьнiчы, валасаты й страшны як зубр. Акiнуўшы вокам паляну, ён, нiчога ня кажучы, сеў на сьвежы бярозавы пень i, нешта перажоўваючы, стаў прыглядацца да працы.
У поўдзень стук сякер зацiх. Жаўнеры, сабраныя каля вялiзарных вогнiшчаў, падагравалi мяса й пiва на абед, зь нецярпеньнем чакаючы на прыезд працiўнiкаў.
Першымi на мейсца паядынку прыехалi чужаземцы на чале з Графам дэ ля Шэр. Ваяўнiчы Шкот, Алан Марцiмер Мак Марцiмер, адразу-ж памалу аб'ехаў паляну, прымяркоўваючыся да магчымасьцяў бою, i стараючыся вызначыць найвыгаднейшую пазiцыю. Падняўшы некалькi разоў на дыбкi свайго рудога каня, ён пераканаўся ў цьвярдынi сьнежнай падлогi. З задавальненьнем ён пад'ехаў да сьпешыўшыхся каля вогнiшча сваiх спадарожнiкаў.
- Я спадзяюся, Вы знайшлi масу недахопаў? - з насьмешкай заўважыў Граф, пацiраючы над агнём рукi.
- Не, на вашы жаль, не знайшоў - прахрыпеў у адказ Шкот, - але думаю, што байцы, к вашаму, Граф, задавальненьню, будуць у горшым стане...
- Чаму гэта к майму задавальненьню?
- А таму, што начныя прагулянкi па лесе, ды яшчэ напярэдадне паедын...
Гутарка раптоўна абарвалася. Да вогнiшча пад'ехаў усiмi нелюбiмы Камандор фон Кройцэнбэрг. Шкот памаленьку адыйшоў ад сабраных i йзноў апынуўся каля свайго каня. Ласкава пагладзiў па шыi й занёс нагу ў стрэмя. Умошчваючыся ў сядле, недаверлiва зiрнуў на Графа й прамармытаў:
- Лiс сьнiўся не на дарма! Гэта верны знак... I клянуся Сьвятым Андрэем, нешта будзе! Дый Граф у лесе бадзяецца ў ночы таксама не надарма!...
На паляне, мiж тым, сабралося ўжо шмат гледачоў. Паедынкамi ў Полацку цiкавiлiся, i народ сьцякаўся сюды як на кiрмаш. Прыехаў i пасол Польскi Ваявода Станiслаў, i пасол Маскоўскi Баярын Рацiшчэў, i пан Келябовiч з дачкой, i Шумiлiнскi Войт, i Захар Кузьмiч, i шмат iншых. Чакалi толькi на байцоў i на Вялiкага Князя з Дваром.
Мак Марцiмер ад няма чаго рабiць накiраваўся ў лес. Прадзiраючыся па глыбокаму сьнегу праз кусты, ён