Гарпуська нават не паспела адумацца - ды яна i не чакала гэтага, - як Гарлач, разняўшы рукi, ашчаперыў яе аберуч i ўжо лез колкай барадой да яе шчакi. Ад яго патыхала гарэлачным перагарам. Выгляд у Мiтрафана быў такi, што Гарпуська аж спалохалася. Барада шчацiнiлася, як пожня, вочы гарэлi нечалавечым бляскам. Гарпуська на ўсю сiлу штурханула брыгадзiра ў грудзi, неяк спрытна вылузалася з яго рук.
- Дык куды ты ўцякаеш? Я ж думаў...
- Што ты думаў? - спытала Гарпуська.
- Каб ты за мяне замуж пайшла...
- У цябе ж ёсць жонка, як табе не сорамна, - абурылася Гарпуська.
- Я сваю кiну, толькi слова адно скажы, - сiпеў п'яным голасам Гарлач.
- Каб цябе кiнула ды не ўзняло, - зусiм ужо раззлавалася дзяўчына i хутчэй пабегла да гурту.
- Перастарка чортава, яшчэ фанабэрыцца, не даецца ў рукi ўзяць, ляцела ёй наўздагон Гарлачова лаянка.
Хто яго ведае, што было б далей, калi б з вулачкi не паказалася фурманка. Дзяўчаты пазналi, ды, мусiць, i Гарлач пазнаў, што гэта ехаў на iхняе поле старшыня калгаса Варакса, якога брыгадзiр баяўся як агню. Конь бег шустра, чутно ўжо было, як колы сакаталi ў каляiнах. Гэты сокат абудзiў i напалохаў Гарлача. Ён хуценька паўз старую бярозу пайшоў нацянькi ў бок лесу. Так што наўрад цi згледзеў яго старшыня, бо, пад'ехаўшы да дзяўчат, ён спытаў, цi не бачылi яны брыгадзiра. Дзяўчаты пераглянулiся i, не хочучы выдаваць брыгадзiра, не адказалi, нiбы не пачулi старшынёвага запытання. Адно Гарпуська, можа таму, што яе аж распiрала злосць на Гарлача, а можа, хочучы выславiцца перад старшынёй, сказала:
- А хiба вы не бачылi, як ён драпануў у лес?
- Дык чаго ён у той лес?
- Можа працвяраджвацца падаўся. А можа ад вашага вока драпануў наўцёкi.
Дзяўчаты дакорлiва зiрнулi на Гарпуську: навошта выдае брыгадзiра. Яны ведалi, што цяпер Гарлачу не здабраваць. Надоечы ж на праўленнi яго гэтак прабiралi за п'янства, што з яго сем патоў выступiла. Брыгадзiр даў тады слова, што ён не тое, што не возьме гарэлкi ў рот, глядзець на яе не будзе. Але дзе там! Хiба ж можа Гарлач не глядзець на гарэлку. Ён ужо гэтак прызвычаiўся: як толькi ранiцай выйдзе з хаты, дык нос яго так i нюхае, дзе пахне гарэлкай. Старшыня-такi недарма трывожыцца за трэцюю брыгаду. Ён употай прыглядаецца ўжо да людзей, прыкiдваючы, каго б з мужчын прызначыць за брыгадзiра. Але пакуль вока яго не нагледзела такога чалавека, якi мог бы паставiць брыгаду на абедзве нагi.
Дзяўчаты, паразгiнаўшыся, гаварылi са старшынёй. Раптам увагу ўсiх прыцягнуў чалавек, якi iшоў па дарозе, што выбягала з густога ляшчэўнiку. Яго постаць мерна пакалыхвалася, i калi чалавек падышоў ужо да старой бярозы, усе разгледзелi, што ён у вайсковым адзеннi. У правай руцэ нёс чамадан, а праз левую быў перакiнуты шынель. Волька, убачыўшы, неяк аж збялела i ўскрыкнула:
- А родненькiя мае, цi не Сяргей Андрэйчык дадому з салдатаў iдзе?
- Ды ўжо ж ён, - пацвердзiлi дзяўчаты.
Яны то здагадалiся, чаго збялела Волька. Яшчэ перад тым як Сяргея ўзяць у армiю, яны моцна кахалiся. Людзi казалi, што гэтакiх любошчаў i вадой не астудзiш. Але ж тым часам iх не давялося вадой астуджваць. Волька з год якi пiсала лiсты Сяргею, а потым неяк пад восень ёй упаў у вока брыгадзiр трактарнай брыгады Гарась Чыгаравец. I ўжо колькi Сяргей нi пiсаў да Волькi лiстоў, яны нiбы ў прорву падалi.
З цягам часу ён зразумеў, што не варта пераводзiць паперу, кроiць болем свае пачуццi, i перастаў пiсаць. Нiхто, вядома, не знаў, апрача яго самога, цi ён гэтак жа i з думак выкiнуў Вольку. Мог i выкiнуць. Час жа здольны загойваць i не гэтакiя балючыя раны, тушыць, як вадой, чалавечыя пачуццi, калi яны яшчэ не вельмi разгарэлiся. Аднак Волька ўсё-такi не магла абыякава сустрэць Сяргея. Як толькi ён падышоў, яна спачатку збялела, нiбы чаго спалохаўшыся, а потым пачырванела гэтак, што здавалася, вось-вось пырснуць кропелькi крывi з яе абветранага i абпаленага сонцам прыгожага твару.
Сяргея сустрэлi ўсе па-рознаму. Старшыня агледзеў яго пiльным вокам, нiбы вывучаючы, а потым спытаў:
- Дык гэта вы ў адпачынак цi ўжо назусiм, таварыш старшы сержант?
- Назусiм! - ляснуўшы абцасамi, адказаў па-вайсковаму Сяргей.
- То добра, калi назусiм. Нам людзi вунь як патрэбны.
Варакса моўчкi чакаў, цi не скажа Сяргей, як некаторыя казалi, што от крыху адпачну дый паеду шукаць суджанага шчасця. Ён гэтага не сказаў, а, падумаўшы крыху, па-вайсковаму вымавiў:
- Асвойтаюся трошкi, дый за работу.
Дзяўчаты ўлавiлi i Гарпусьчын позiрк. Ва ўсякiм разе, ён быў не такi, як ва ўсiх. Гарпуська, здавалася, працiнала iм хлопца навылет.
На Сяргея i сапраўды можна было заглядзецца. За гады службы ў армii ён неяк вылюдзеў, пасталеў. Постаць яго стала зграбнай i па-мужчынску дужай. Таму, вiдаць, i Гарпуська не магла адвесцi вачэй ад такога хлопца. Пазiрала на яго цiшком i Волька, але ёй было сорамна, i як толькi яе позiрк сустракаўся з Сяргеевым, яна свой хавала ў ражок хусткi. Па Ямiшчы ўжо хадзiла пагалоска, што Волька з Чыгараўцом - брыгадзiрам трактарнай брыгады - ладзяцца згуляць вяселле. I цяпер, вядома, Вольцы не было як гарнуцца да Сяргея. А ён хлопец прыгожы, асаблiва ў гэтым вайсковым адзеннi, з пагонамi. Каб Волька не таiлася перад сяброўкамi, яна магла б прызнацца iм, што як толькi ўбачыла яго, Сяргея, дык сэрца яе аж затрапяталася. Але прызнацца ў гэтым яна не магла нiкому, нават самой сабе.
Сяргей, можа, з якой паўгадзiны забавiўся на полi, i калi ён, развiтаўшыся, пайшоў па дарозе дадому, Гарпуська ледзь не кiнулася следам за хлопцам. Дзяўчаты гэта заўважылi i цiхенька, кожная сама сабе, усмiхнулiся. Але дзiва, Гарпуська, якую часта раней залiвала чырвань сораму, на гэты раз нават i на макавае зерне не пачырванела. Наадварот, яна нiбы з нейкiм выклiкам глядзела ўслед Сяргею, любавалася iм.
Аж да самага вечара Гарпуська больш не адлучалася ад звяна. Калi дзяўчаты пачалi яе дацiнаць тым, што яна хоча прывярнуць да сябе хлопца, ёй чамусьцi прыемна было слухаць, i яна на кепiкi дзяўчат адказала:
- Як захачу, дык i прывярну, дзе ён дзенецца..
Месяцы праз два пасля таго як Сяргей вярнуўся ў Ямiшча, яго выклiкалi на праўленне. Хлопец сумеўся: чаго б гэта яго маглi выклiкаць туды? Ён яшчэ не вельмi i ў работу ўкiдаўся. Калi-нiкалi выходзiў з касою на поплаў ды аднаго разу паездзiў дзень на коннай жняярцы. Надвор'е было спякотлiвае. Жанчыны адразу за жняяркай вязалi снапы i састаўлялi iх у мэндлiкi. Гарпуська ўсё гэтак цаляла, каб быць блiжэй да Сяргея. Неяк ён суняў коней, каб падладзiць жняярку, i акурат у гэты момант падышла Гарпуська.
- Сярожа, можа б ты сёння ўвечары на музыку прыйшоў, а то здзiчэеш дома, нiкуды носу не паказваючы.
- Не магу, Гарпiна Свiрыдаўна, на праўленне выклiкаюць, - амаль афiцыйна адказаў Сяргей.
А ў самога ў глыбiнi грудзей нешта варухнулася, i з думак ужо бадай-што да самага вечара не выходзiла Гарпуська. Нельга сказаць, каб яна ўжо вельмi падабалася Сяргею. Волька, вядома, яму была больш да спадобы, але ж яна так абышлася з яго пачуццямi! Зрэшты, i гэтая ж Гарпуська не якая там нягеглая. Дзяўчына як дзяўчына. Да яе ж вунь колькi хлопцаў заляцалася, а што яны адкiдвалiся, дык гэта ж не таму, што яна iм не падабалася, а, наадварот, таму што яна кожнаму з iх давала адбой. А што яна старэйшая за яго, дык i ён жа не маладзёнак. Гэтак думаў Сяргей, седзячы на жняярцы. I ўсе яго думкi схiлялiся да таго, каб прыняць Гарпусьчына запрашэнне. I калi толькi Гарпуська перад тым як трэба было канчаць работу сказала:
- Дык ты б, можа, калi i ў хату зайшоў, наш парог невысокi, пераступiш...
- Добра, можа калi i пераступлю, - бадай-што згадзiўся Сяргей, бо сказаў такiм тонам, якi абнадзеiў Гарпуську.
Вядома, Гарпуська яшчэ не бачыла ў Сяргеевых вачах таго бляску, той радаснай усмешкi, якiя адны могуць пасведчыць, што гэты чалавек не можа ўжо не зайсцi. Яна сама сабе падумала: 'Няхай ён толькi адзiн раз прыйдзе, а там паглядзiм, не можа быць, каб на другi адмовiўся'.
Сяргей увайшоў у кантору калгаса, калi ўжо запалiлi святло. Пры сценах вялiкага пакоя, хто на ўслонах, а хто на крэслах, сядзела нямала людзей. Каб з усiмi не здароўкацца i не займаць увагi занятых людзей, ён, пакланiўшыся, даў усiм 'добры вечар' i прысеў у кутку, дзе было вольнае месца. Старшыня, як толькi ўбачыў Сяргея, ледзь прыкметна ўсмiхнуўся:
- От добра, што вы, Сяргей Антонавiч, з'явiлiся.