Яны любяць яе.
Параска не вельмi спадзявалася на доччыны здольнасцi, таму сама ўжыла сякiя-такiя захады. Неяк вечарам яна пайшла з дому i яе не было бадай-што да поўначы. Гарпуська не ведала, куды пайшла мацi. Яна раз-поразу пазiрала на вулiцу - цi не вiдаць дзе старой. А тае i почуту не было.
Параска перад тым як выйсцi з хаты прыадчынiла века скрынi, дастала бутэльку першаку, якая была схавана мiж сувоямi палатна, загарнула пасудзiну ў вышываны ручнiк i пайшла на сяло. Iдучы, часта азiралася, мусiць, баялася, каб дачка не пабачыла, куды яна пайшла. За ёй iшоў нехта назiркам, але яна разгледзела, што то быў мужчына, i не звярнула на яго нiякай увагi: ат, хiба мала чаго людзi ходзяць. Пасярэдзiне вёскi яна завярнула ў старэнькую Аўдолiну хату, завярнуў у Аўдолiн двор i той цень, якi iшоў следам за Параскай. Бабка Аўдоля, якая рэдка калi ўжо злазiла з печы, аж здзiвiлася, як убачыла Параску.
- Добры вечар, цётачка, - як мага ласкавей прывiталася Параска.
- Добры вечар, маё дзiцятка. Як жа гэта цябе бог навёў на думку хаты мае не мiнуць?
- Маўчыце, цётачка, патрэба ёсць.
- Я ж ведаю, што без патрэбы ты i дзвярэй не адчынiла б. Забылi людзi старую, забылi, - скрыпела сiпаватым старэчым голасам Аўдоля.
Параска падала на печ брусок прасоленага да жаўцiзны сала i невялiкi бохан шэрага пшанiчнага хлеба.
- От чым багата, тым i рада, вазьмiце гэта, цётка.
- Дзякую, дзякую, дзiцятка маё, - прасiпела старая. - А што ж бо табе рупiць, маё дзiцятка?
- Маўчыце вы, Гарпiнку маю абмiнаюць кавалеры, а яна ж, дзякаваць богу, не зломак якi, не няўдалiца. Яна ж i зрабiць i пагаварыць, яна ж i пасалiць i зварыць.
- Дзiва што, дзiцятка маё. Дык чаго ты хочаш? Можа, каб прыварот намовiць?
- То ж бо то.
Бабка Аўдоля не па-старэчаму вёртка ссунулася на палок, неяк страпянулася, як перад важнай работай.
- А цi прынесла ж ты чаго, мая рыбачка? Я магу i на вадзе, але хто ж тую ваду ў рот возьме. Цяперашнiя хлопцы не пойдуць на такую прынаду.
- Ды от жа прынесла. - Параска разгарнула ручнiк i паставiла перад бабкай чорную бутэльку, заткнутую пакуллем.
- Добра, маё дзiцятка. А на каго ж табе той прыварот казаць, як хлопца завуць?
- Сяргеем, бабка. Але цi паможа гэта? - спытала для большай упэўненасцi Параска.
- Калi ён вып'е процi ночы ды пад абразамi, дык нiдзе не дзенецца, прыхiнецца да тваёй Гарпуськi.
- Ды i моцная ж, - не ўтрымалася, каб не паспытаць першаку бабка Аўдоля. Тонкiя сiнiя губы яе аж трэслiся. Яны, гэтыя ссiнелыя губы, нешта шапталi. Параска, услухоўваючыся ў Аўдолiн шэпт, пачула: 'Прыйдзi, прыварот, да Гарпiнiных варот, пераступi парог ды прынясi пiрог у Гарпiнiну хату ад Сяргеевага свата. Хай яны нiколi не бяруцца за чубы, а мiлуюцца, як галубы. Прыварот, прыварот, перайдзi з гэтае пляшкi да Сяргея ў рот, запалi каханнем яго сэрца, каб гарэла яно аж да самае смерцi. Няхай ён Гарпiну век свой любiць i, як голуб галубку, галубiць. Амiн'.
Бабка Аўдоля тры разы перахрысцiла бутэльку, падзьмухала на яе, тры разы плюнула ў куток прыпека, а потым палезла ў зашыек печы, узяла нейкi сухi карэньчык i ўкiнула ў бутэльку. Падаючы бутэльку Парасцы, Аўдоля сказала:
- Адразу, маё дзiцятка, не давай, няхай устоiцца, а праз тыдзень якi пачастуй, дык ён нiдзе не дзенецца.
- Кажаце, нiдзе не дзенецца? - перапытала акрылёная надзеяй Параска.
- Яшчэ нiколi не было, каб пасля майго намаўлення не прыгарнуўся хто да каго.
Параска падзякавала старой бабцы i заспяшалася дадому па асенняй начной цемры. Нi старая Аўдоля, нi Параска не бачылi са святла хаты, што раз-поразу праз запацелую шыбу блiскалi чыесьцi вочы ды час ад часу прылiпала, як прыклеенае да шыбы, вуха.
Сяргей сама ўвайшоў у смак работы. Яго радавала тое, што трэцяя брыгада ўвачавiдкi правiлася. Цяпер не толькi брыгадзiра не крытыкавалi на праўленнi, а, наадварот, пачалi ставiць у прыклад iншым. Вунь ужо скончана i малацьба, i брыгадзiру выпала вальнейшая часiна. Да гэтае пары ён нiдзе не паказваўся на гульбiшчах. Ягоная мацi i тая пачала дакараць сына.
- Праз гэта сваё брыгадзiрства ты свету белага не бачыш.
Сяргей наважыў не толькi пабачыць белы свет, але i сябе паказаць у гэтым белым свеце. У суботу ён адзеў свой вайсковы гарнiтур, добра наваксаваў боты i пайшоў у клуб. Там ужо аж падлога стагнала ад скокаў. 'Лявонiха', нiбы вiхура, гуляла па прасторнай зале. Сяргей, увайшоўшы з цеменi, спачатку не мог разгледзець танцораў. Затое яго ўсе адразу ўбачылi. I першай убачыла Волька, якая сядзела з Чыгараўцом на ўслоне. Чыгаравец нешта ёй горача гаварыў, i таму, што музыка i тупат ног заглушалi ягоныя словы, ён блiзенька прыхiнуўся да Вольчынага твару. А Волька не спускала вачэй з Сяргея. Чыгаравец гэта заўважыў i блiскаў на яго злоснымi вачыма. Сяргей стаў у дзвярах, не ведаючы, што рабiць. Хоць ён i стараўся прыглушыць, загнаць у нябыт пачуццё рэўнасцi, яно неяк мiмаволi ўспыхвала, скаланала ўсё нутро, выклiкала боль. А можа i Вольцы было балюча бачыць, як перасмыкаўся Сяргееў твар, хоць хлопоц i не хацеў нiкому паказваць сваёй узрушанасцi? Ён пашукаў вачыма Гарпуську i пашкадаваў, што яе тут няма. Тым часам дзяўчаты адна за адной падбягалi да Сяргея i запрашалi танцаваць.
- Баюся, што падноскi паадбiваю, - адказваў жартам Сяргей на запрашэннi, хоць яму i не да жартаў было. Выбраўшы момант, калi сама ў разгар увайшоў танец, Сяргей цiхенька выйшаў з клуба. Неўзабаве ён ужо вiтаўся са старой Параскай i Гарпуськай.
- Распранайся, сядай у нас, - запрашала Параска.
Сяргей, распрануўшыся, скiнуў шапку i павесiў разам з шынялём на цвiк, убiты ў вушак дзвярэй. Гарпуська, як зiрнула на хлопца, дык сэрца яе аж затрымцела. Яна стаяла i не спускала вачэй з яго стройнай фiгуры, з яго абветранага смуглявага твару. Ёй здалося, што Сяргей сёння такi прыгожы, якiм яна нiколi яго не бачыла.
- Можа, ты яшчэ i не вячэраў? - спытала Параска.
- Дзякую, я яе хачу, дома павячэраю.
- Дома гэта не ў знак. Ты ж у нас госць, - настойвала на сваiм старая.
А Гарпуська не то саромелася, но то знарок трымала сябе сцiпла, каб Сяргей не мог адразу заўважыць яе пачуццяў. Дзяўчаты ж заўсёды гэтак робяць: няхай лепш за ўсiх на свеце каторай падабаецца хлопец, яна пастараецца быць з выгляду абыякавай, каб мацней усхваляваць хлапечыя пачуццi.
Мацi тым часам спякла на трыножцы перад цялеснiкамi патэльню яешнi. На стале з'явiлася мiса рудаватых гуркоў, квашаная капуста. Потым старая адчынiла скрыню i паставiла бутэльку, заткнутую пакуллем.
- От гэта ж яшчэ з леташняга года стаiць. У нас пiткоў няма, дык яна i стаiць.
- Дык хiба гэта бутэлька мяне чакала? - спытаў жартам Сяргей.
- Канечне, цябе, - уставiла сваё Гарпуська.
- Значыць, я ў вас госць чаканы?
- А можа! - праказала Гарпуська.
- Ну, калi так ужо чакала мяне гэтая бутэлька, дык можна сесцi i за стол, хоць я i не вялiкi пiток.
А мацi завiхалася ля стала. Яна паставiла дзве невялiкiя чаркi для сябе i дачкi, а перад Сяргеем - гранёную шклянку, дастала з палiцы другую бутэльку з падчырвоненай вадкасцю.
- Гэта жаночая, слабенькая, а табе вось гэтай, - казала Параска, налiваючы поўную шклянку крыху жаўтаватага, настоенага на тым коранi, што ўкiнула Аўдоля, першаку. Сяргей патрабаваў, каб старая i Гарпусьцы налiла з тае цёмнае бутэлькi, але Параска - нi блiзка, хоць Гарпуська сама i не супраць была. Яна магла б з любым чалавекам выпiць i мацнейшае, не канечне ёй пiць гэты падчырвонены квас. Чокнулiся, пабудзьздароўкалiся i выпiлi па адной. Гарпуська прыкмецiла, што мацi неяк незвычайна глядзела на Сяргея. Дзяўчына заўважыла, што хлопец падабаецца старой. Дык ён жа i ёй, Гарпусьцы, вунь як падабаецца! I яна ўжо сама падлiвала ў гранёную шклянку з цёмнае бутэлькi.
Пачастунак цягнуўся парадкам часу. Сяргей добра-такi захмялеў. Параска заўважыла гэта i паспяшалася развiтацца, каб не замiнаць сваёй прысутнасцю маладым.