Пераводзячы вочы з дарогi на прыборны шчыток, Эл сказаў:
- Малойчык гэты не тутэйшы. Гаворка ў яго не мясцовая. I адзежа таксама нейкая не такая.
I бацька паяснiў:
- Калi я заходзiў у скабяную краму, я гутарыў там са знаёмымi. I яны сказалi, што шмат такiх сюды наехала, скупляюць усё, што людзi вязуць на продаж перад ад'ездам. Заезджыя гэтыя парадкам нажываюцца на нас. А мы зрабiць не можам нiчога. Можа, трэба было Томi з намi паехаць. Ён, магчыма, даражэй прадаў бы.
Джон сказаў:
- Але ж скупшчык i браць нiчога не хацеў. Не назад жа цягнуць.
- Мае знаёмыя там, у краме, наконт гэтага мне гаварылi, - сказаў бацька. Скупшчыкi заўсёды гэтак робяць. Запужваюць людзей. Мы проста не ведаем, як з iмi справу весцi трэба. Мацi вельмi засмуцiцца. Зазлуе i засмуцiцца.
Эл сказаў:
- А калi ты, та, думаеш ехаць?
- Яшчэ не ведаю. Вечарам усё абмяркуем i вырашым. Я рады, што Том вярнуўся. З душы камень звалiўся. Том добры хлапец.
- Тут адзiн казаў, што Том даў падпiску. I быццам бы праз гэта яму нельга адлучацца з нашага штата, а калi паедзе i пападзецца, дык яго на тры гады пасадзяць.
Бацька здрыгануўся:
- Так i сказалi? Як табе здалося - яны ведаюць, што кажуць? Можа, проста трэплюцца?
- Хто iх ведае. Яны гаварылi мiж сабой, а я не выдаў iм, што ён мой брат. Стаяў побач i слухаў.
Бацька сказаў:
- Божа мой, не думаю, што гэта праўда! Нам без Тома нiяк. Я спытаюся ў яго. Непрыемнасцей i без таго досыць - не хапае яшчэ, каб за намi гналiся. Спадзяюся, гэта няпраўда. Трэба з iм пагаварыць начыстую.
Дзядзька Джон сказаў:
- Том сам ведае, як яму быць.
Усе змоўклi. Грузавiк грукатаў па дарозе. Матор барахлiў, стукацеў, тармазныя цягi бразгаталi. Колы парыпвалi, як драўляныя, са шчылiны ў каўпачку радыятара струменьчыкам вырывалася пара. За грузавiком вiўся чырвоны слуп пылу. Ён з грукатам адолеў апошнi пад'ём, калi палова сонечнага дыска яшчэ вiсела над рысай гарызонту, i, нырнуўшы ўнiз, пад'ехаў да дома, калi сонца зусiм схавалася. Тармазы завiшчалi, i гук гэты адцiснуўся ў Элавым мазгу словамi: 'Усё - пракладка паехала'.
Руцi i Ўiнфiлд з вiскам пералезлi цераз борт i саскочылi на зямлю. Яны крычалi:
- Дзе ён? Дзе Том? - I раптам убачылi яго каля дзвярэй i збянтэжана спынiлiся, потым паволi падышлi i нясмела зiрнулi на брата.
I калi Том сказаў: - Вiтанне, малыя, як справы? - яны адказалi:
- Вiтанне! У нас усё добра, - i, стаўшы ўбаку, пачалi разглядаць свайго вялiкага брата, якi забiў чалавека i сядзеў за гэта ў турме. Iм прыгадалася, як яны гулялi ў турму ў куратнiку i ваявалi мiж сабой за права быць арыштантам.
Конi Рыверс зняў з задняга борта высокую папярэчыну, саскочыў з грузавiка i памог Ружы Сарона злезцi; i яна з годнасцю прыняла яго дапамогу i ўсмiхнулася сваёй усёведнай, самазадаволенай усмешкай, неяк манерна скрывiўшы куткi губ.
Том сказаў:
- Ды гэта ж Разашарна! А я не ведаў, што ты разам з iмi прыедзеш.
- Мы iшлi пеша, - сказала яна. - Машына нас дагнала i падвезла. - I дадала: - Пазнаёмся з Конi, маiм мужам. - Яна прамовiла гэта, як велiкасвецкая дама.
Том i Конi павiталiся за руку, змерыўшы адзiн аднаго позiркам, уважлiва прыглядаючыся адзiн да аднаго, i засталiся задаволеныя гэтым аглядам. Тады Том сказаў:
- Я бачу, ты часу марна не трацiў.
Ружа Сарона апусцiла вочы на свой жывот:
- Нiчога ты не бачыш, рана яшчэ.
- Мне мама сказала. Калi ж гэта будзе?
- О, не хутка. Зiмой, не раней.
Том засмяяўся:
- Значыць, народзiш яго на апельсiнавым ранча, га? У беленькiм домiку сярод апельсiнавых дрэў?
Ружа Сарона памацала жывот абедзвюма рукамi.
- Нiчога ты не бачыш, - сказала яна, усмiхнуўшыся сваёй самазадаволенай усмешкай, i пайшла ў дом.
Вечар быў спякотны, з захаду ўсё яшчэ напорыста праменiлася святло. I, не чакаючы клiчу, уся сям'я сабралася каля грузавiка, i сямейны з'езд, сямейная рада пачала сваё паседжанне.
У вэлюме вячэрняга святла чырвоная зямля здавалася празрыстай, быццам яна раздалася ва ўсе бакi, i кожны камень, слуп i будынак набылi аб'ёмнасць i цэльнасць, не прыкметныя воку пры дзённым святле; i ўсе прадметы неяк больш, чым удзень, вылучалiся з астатнiх. Слуп быццам стаяў сам па сабе, аддзялiўшыся ад зямлi i ад кукурузных палёў, што рассцiлалiся за iм. А кожнае кукурузнае сцябло нiбы расло паасобку, не злiваючыся з астатнiмi; i касматая вярба стаяла сама па сабе, асобна ад другiх дрэў. Зямля нiбы падсвечвала вячэрняе сутонне. Заходняя сцяна шэрага, нефарбаванага дома серабрылася, як месяц. У гэтым святле шэры, зацярушаны пылам грузавiк, што стаяў на двары насупраць дзвярэй, прывiдна выступаў з прыцемак, быццам у таямнiчай далечы стэрэаскопа.
Вечарам з людзьмi таксама адбылася перамена. Яны злiлiся з бессвядомым жыццём прыроды. Яны падпарадкоўвалiся iмпульсам, што пакiдалi толькi лёгкi след у iх свядомасцi. Вочы iх глядзелi засяроджана i спакойна, i вочы гэтыя таксама здавалiся празрыстымi i яснымi ў вячэрнiм прыцемку - празрыстыя i ясныя вочы на запыленых тварах.
Сям'я сабралася на самым галоўным месцы - каля грузавiка. Дом быў мёртвы, палi былi мёртвыя, але грузавiк уяўляўся iм нечым жывым, асновай iх далейшага iснавання. Дапатопны 'гудзон' з памятым, абабiтым кажухом радыятара, са зношанымi хадавымi часткамi, скрозь аблепленымi маслянiстымi згусткамi пылу, з нашлёпкамi чырвонага пылу на месцы каўпакоў на ўтулках колаў - гэтая паўлегкавая, паўгрузавая машына, няўклюдная, з высокiмi бартамi, цяпер была iх новым сямейным ачагом, асяродкам iхняга жыцця.
Бацька абышоў наўкол грузавiка, агледзеў яго з усiх бакоў, тады апусцiўся на кукiшкi i падняў з пыльнай зямлi пруток - прыладу пiсьма. Адна нага яго ўсёй ступнёй стаяла на зямлi, другая, адстаўленая крыху назад, апiралася на пальцы, так што адно калена было вышэй за другое. Левая рука ляжала на левым калене - на тым, што было нiжэй, локаць правай рукi ўпiраўся ў правае калена, а далонь падпiрала падбародак. Так седзячы, бацька пазiраў на грузавiк. Дзядзька Джон падышоў да яго i прысеў на кукiшкi побач з iм. Вочы ў iх былi задумлiвыя. Дзед выйшаў з дома, убачыў iх, зашкандыбаў да грузавiка i сеў на падножку тварам да iх. Гэта было ядро сям'i. Том, Конi i Ной паволi падышлi i таксама апусцiлiся на кукiшкi, i цяпер усе яны сядзелi паўколам насупраць дзеда. Потым з дома выйшлi мацi i бабка, за iмi, асцярожна ступаючы, паявiлася Ружа Сарона. Жанчыны занялi месца ззаду мужчын - стаялi, упершы рукi ў бокi. А дзецi - Руцi i Ўiнфiлд - скакалi з нагi на нагу за спiнамi ў жанчын, таўкучы пальцамi босых ног чырвоны пыл, але голасу не падавалi. Не было толькi прапаведнiка. З далiкатнасцi ён сядзеў на зямлi за домам. Ён быў добры прапаведнiк i ведаў сваю паству.
Вячэрнi прыцемак рабiўся ўсё мякчэйшым, i нейкi час члены сям'i - тыя, што сядзелi, i тыя, што стаялi, - маўчалi. Нарэшце бацька, звяртаючыся не да каго-небудзь аднаго, а да ўсiх разам, пачаў сваю справаздачу:
- Абадралi нас як лiпку. Шэльма той ведаў, што чакаць нам часу няма. Выручылi ўсяго васемнаццаць даляраў.
Мацi неспакойна калыхнулася, але змоўчала.
Старэйшы сын, Ной, сказаў:
- Колькi ж усяго ў нас грошай?
Бацька пачаў выводзiць лiчбы ў пыле, мармычучы сабе нешта пад нос. Потым сказаў: