нават цiхенька-цiхенька затрухаўся подбегам. Якiя жывучыя сабакi i як скора адыходзяць!

Калi глянуць збоку, нiчога незвычайнага тут не было: па чыгуначнаму палатну трухаўся хворы сабака. I ўсяго.

Блiжэй да горада з аднае чыгункi стала дзве: яшчэ пара суцэльных жалезных палосак выцягнулася побач. Потым iх стала тры. Непадалёку ад будачкi неспадзявана замiргалi ўперамежку два чырвоныя вокi: левае, правае, левае, правае - кiдалiся збоку ўбок. Чырвонае ўсiм звярам непрыемна: ваўку, напрыклад, нестае сiлы пераскочыць цераз лiнiю чырвоных сцяжкоў, лiса, абкладзеная iмi, застаецца ў акружэннi па двое-трое сутак, а то i болей. Таму i Бiм вырашыў абмiнуць вялiзныя чырвоныя жывыя вочы. Ён сышоў на трэцюю каляю, прыпынiўся, узiраючыся ў чырвонае морганне, яшчэ не адважыўся iсцi далей. I тут пад нагамi нешта скрыгiтнула...

Бiм завыў ад страшнага болю, але нiяк не мог адарваць лапу ад рэйкi: на стрэлцы лапа трапiла ў магутныя цiскi. З Бiмавага выцця можна было распазнаць толькi адно: 'Ой, балiць! Памажэ-эце-е!'

Людзей паблiзу не было. Адгрызцi сваю лапу, як гэта часам робiць воўк у пастцы, сабака не можа, ён чакае дапамогi, ён спадзяецца на чалавечую дапамогу.

Але што гэта? Два вялiзныя яркiя белыя вокi асвятлiлi пуцi i самога Бiма, яны асляпiлi яго, наблiжалiся паволi i няўмольна. Бiм сцяўся ад болю i страху. I сцiх ад прадчування навалы. Але грымучая iстота з гэткiмi вачыма спынiлася крокаў за трыццаць, у паласу святла выскачыў з цемры чалавек i падбег да Бiма. Потым адразу паказаўся i другi.

- Як жа ты ўшчамiўся, бядняга? - запытаўся першы.

- Што ж рабiць? - запытаўся ў першага другi.

Яны пахлi амаль што гэтаксама, як i шафёры, абодва былi ў фуражках з вялiкiмi медалямi.

- За прыпынак нам перападзе, хоць мы i побач са станцыяй, - сказаў першы.

- Цяпер усё роўна, - адказаў першы i пайшоў да будачкi.

Наш бедны Бiм здагадаўся па iнтанацыi (не па словах): гэта яго збавiцелi. Ён чуў, як звонка зазванiў у будачцы званок, а праз хвiлiну цiскi выпусцiлi лапу. Але Бiм не рухаўся, ён здранцвеў. Тады чалавек узяў яго i занёс за лiнiю дарогi. Там Бiм закруцiўся на месцы, як юла, залiзваючы раздушаныя пальцы. I аднак (якiя сабакi назiральныя!) ён чуў гаворку з акон i дзвярэй цягнiка; цяпер, не аслеплены святлом, ён бачыў цягнiк з цемры збоку; розныя галасы паўтаралi словы 'сабака' i 'паляўнiчы', словы вельмi зразумелыя.

Бiм быў удзячны добрым людзям. Вось так. Дзесьцi нехта перавёў стрэлку на той дарозе, па якой iшоў Бiм. I таму 'нехта' цяпер нiякага клопату ад таго, што нейкаму сабаку прышчамiла нагу i ён стаў калекам. Што б яно нi было, але цяпер ён ужо нiколi не пойдзе па чыгунцы: гэта ён зразумеў гэтак жа, як i змалку, што там, дзе бегаюць машыны, нельга хадзiць.

Бiм паскакаў на трох нагах, змучаны, скалечаны. Ён часта прыпыняўся i лiзаў анямелыя i ўжо прыпухлыя пальцы хворае лапы, кроў пакрысе ўнялася, а ён усё лiзаў i лiзаў да таго часу, пакуль кожны падушаны палец не стаў iдэальна чысты. Гэта было вельмi балюча, але iншая рада не служыць: кожны сабака ведае, што балiць, але цярпi, балiць, а ты лiжы, балiць, а ты маўчы.

Да родных дзвярэй ён прыкульгаў запоўнач. Няма! Зноў няма слядоў Iвана Iванавiча. Бiм хацеў падрапаць за дзверы, як i звычайна, але аказалася, што нельга: з хвораю нагою немагчыма не толькi стаць на заднiя лапы, але нават i сесцi, - толькi стой на трох нагах або ляжы лежма. Тады ён прыткнуўся носам да кутка дзвярэй i праверыў пах у сярэдзiне ў кватэры: гаспадара не было. Значыцца, паехаў назусiм. Так ён стаяў доўга, быццам падтрымлiваў галавою саслабелае цела. Потым падышоў да дзвярэй Сцяпанаўны i моцна, коратка, роспачна сказаў: 'Гаў!' (Я тут.)

Сцяпанаўна ахнула:

- А божа ты мой! Дзе ж гэта цябе так? - Адчынiла дзверы ў кватэру i ўвайшла разам з iм у пакой. - От сабака ты, сабака, няшчасны сабака, што ж мне цяпер рабiць табе? I што скажа Iван Iванавiч?

Бiм толькi быў лёг пасярод пакоя, выцягнуўшы ногi, але... Як жа так? 'Iван Iванавiч'? Бiм падняў галаву, павярнуў яе да Сцяпанаўны i з намаганнем глядзеў, глядзеў на яе, не спускаючы вачэй, ён пытаўся: 'Iван Iванавiч? Дзе?'

Сцяпанаўна не ўмела ладзiць з сабакамi, не ведала, як кармiць i даглядаць, аднак умела пашкадаваць. Магчыма, жаласлiвасць i дапамагла ёй зараз зразумець Бiма, здагадацца, што словы 'Iван Iванавiч' абудзiлi ў хворага сабакi проблiск надзеi.

- Ага, ага, Iван Iванавiч, - пацвердзiла яна. - Пачакай жа: я зараз прыйду. - Спяшаючыся, пайшла i зараз жа вярнулася з лiстом у руках, паднесла яго Бiму да носа: - Вось бачыш? Лiст прыслаў Iван Iванавiч.

Бiм, бедны Бiм, якi памiраў i ўваскрэс, якога задушылi i выратавалi, хворы i без крупiнкi спадзявання, Бiм задрыжаў. Ён уткнуў нос у лiст, потым прайшоўся ноздрамi па краях: ага, ага, ага... вось ён моцна правёў пальцам па канверце туды-сюды... Калi Сцяпанаўна падняла з падлогi канверт i вытрасла з яго лiст, Бiм з намаганнем устаў i падаўся да яе; цяпер яна дастала з таго ж самага канверта зусiм чысты аркуш паперы i паклала яго перад Бiмам. Ён завiляў хвастом: тут знарок напiсаны пах пальцаў Iвана Iванавiча, ага, гэта ён знарок цёр пальцамi.

- Табе ж i прыслаў, ага, - сказала Сцяпанаўна. - Так i пiша: - Дайце Бiму гэтую чыстую паперку. - Яна блiзка паказвала на паперку, прыгаворваючы: - Iван Iванавiч... Iван Iванавiч...

Бiм раптам расслаблена апусцiўся на падлогу i выцягнуўся, паклаўшы галаву на лiст. З вачэй яго пакацiлiся слёзы. Бiм плакаў першы раз у жыццi. Гэта былi слёзы надзеi, шчаслiвыя слёзы, скажу я вам, лепшыя ў свеце слёзы, не горшыя за слёзы радасцi ад сустрэчы i шчасця.

...Дай жа божа, дарагi чытач! Але павер мне: сетэр умее смяяцца i плакаць.

...Сцяпанаўна пачынала разумець сабаку, але яна зразумела i тое, што ёй адной не саўладаць, не справiцца. Доўга яна сядзела пры Бiму i думала пра сваё жыццё. I так ёй захацелася ў вёску, дзе яна нарадзiлася i вырасла, так стала сумна ад гэтых каменных клетак, дзе людзi цэлыя гады не ведаюць нiчога адзiн пра аднаго, жывучы ў адным доме, нават у адным пад'ездзе. А ўсё ж здагадалася даць Бiму вады.

Ой, як яму трэба была вада! Ён, чуць прыпадняўшыся, пiў прагна, капаючы на падлогу, а потым зноў лёг так, як i ляжаў. Бiм заплюшчыў вочы, здавалася, задрамаў.

Ужо досвiткам Сцяпанаўна выйшла так цiха, быццам баялася патрывожыць цяжка хворага чалавека.

А пасярод пакоя ляжаў усяго толькi адзiнокi сабака.

Колькi Бiм спаў, ён не ведае: магчыма, некалькi гадзiн, магчыма, i суткi i ачнуўся ад пякучага болю ў назе. Быў дзень, таму што свяцiла сонца. Нягледзячы на боль, ён панюхаў аркушык. Пах гаспадара быў слабейшы i быццам далёкi, але гэта не мела цяпер значэння. Галоўнае, самае важнае тое, што ён ёсць, недзе ёсць i яго трэба шукаць. Бiм устаў, напiўся з мiскi i захадзiў па кватэры на трох нагах; балела, але ён хадзiў, хадзiў, хадзiў з пакоя ў пакой, у прыхожую i назад, кружыў па пакоi. Iнстынкт яму падказваў: калi адлежаў адзiн бок, калi балiць, то трэба хадзiць. Скора прылаўчыўся хадзiць, каб не балела раздушаная лапа: яе трэба чуць падымаць угору, а не цягаць па падлозе, тады менш балiць. Калi ж Сцяпанаўна прынесла яму есцi, ён павiляў ужо ёй хвастом, парадаваў, а потым i пад'еў. I чаму, уласна, не есцi, калi ёсць надзея i ўзнiклi ў сабачай галаве два магiчныя словы - 'шукаць' i 'чакаць'.

Але колькi ён нi прасiўся, колькi нi патрабаваў, Сцяпанаўна не выпускала яго (сядзi дома, ты хворы). Але нарэшце i яна здагадалася, што Бiм iстота жывая, што яму таксама ёсць патрэба выйсцi. Яна, бясспрэчна, не ведала, што здаралiся выпадкi, калi сабакi памiралi ад таго, што лопалiся кiшкi цi задыхалiся ад запораў, калi тых сабак не выпускалi больш чым тры днi. А такiя выпадкi былi не адзiн раз.

Вялiкая чалавечая спагада i дабрата душы вялi Сцяпанаўну па жыццi. Толькi i ўсяго. Яна зачапiла павадок за ашыйнiк i пайшла. А Бiм закульгаў побач.

У двары, у самым далёкiм кутку, стаялi двое: старая сiвая жанчына i кульгавы худы сабака - вось што выходзiла за карцiна.

Дзецi выбягалi з пад'ездаў, спяшалi да школы, але многiя з iх падбягалi i пыталiся:

- Бабулька, бабулька, чаму Бiм на трох нагах?

Або так:

- Бiмка, балiць табе?

Але ў школу бегчы трэба: гэта вялiкая адказнасць - хадзiць да школы, самая першая адказнасць у жыццi - перад сям'ёю, перад настаўнiкам, перад сябрамi. Таму яны i не затрымлiвалiся, беглi. Гэта здавалася вельмi важным i Сцяпанаўне i Бiму, хоць яны нiчога i не падазравалi, а проста пайшлi дадому, калi прыйшла пара.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату