Ля пад'езда iх спаткаў Палцiтыч (Павел Цiтыч Рыдаеў) i сказаў да Сцяпанаўны:

- Такое дзела, значыць. Псiна гэты - сабака варты, i яго трэба берагчы. Калi ўжо гаспадар даручыў табе, то вось табе парада: вазьмi на ланцуг. Абавязкова. Iнакш уцячэ. Не ўпiльнуеш. Выскачыць у дзверы - i каюк.

- Ды як жа можна такога разумнага сабаку - на прывязь? - няўпэўнена запярэчыла Сцяпанаўна.

- Што: i цябе вучыць трэба? Запомнi: без гаспадара i без ланцуга сабака пачуе волю. I - каюк.

- Ды ён жа спаганiцца, як на прывязi стане.

- Зразумей ты, цёмны ты чалавек! Паганы стане - затое жывы будзе. На прывязь, на прывязь - вось табе i ўся мая iнструкцыя. Дабра хочучы, кажу: на прывязь!

Не паслухацца старшынi Сцяпанаўна не магла, таму яна купiла ланцужок за рубель дзесяць i на iм выводзiла Бiма на двор. Але дома адчэплiвала ад аброжка i кiдала ў куток. Хiтрая бабулька Сцяпанаўна - i ваўкi сыты, i авечкi цэлы. Мiж iншым, самой ёй давялося выходзiць з Бiмам усяго толькi два-тры разы, а прычынай таму былi незвычайныя падзеi, якiя пачалiся вакол Бiмкавага iмя.

Раздзел 9

МАЛЕНЬКI СЯБАР, ХЛУСЛIВЫЯ ЧУТКI, ДАНОС СПАДЦIШКА НА БIМА I АЎТАРСКАЕ АДСТУПЛЕННЕ

У школе, хвалячыся навiнамi, дзецi на першым жа перапынку пусцiлi чутку: у iхнiм двары ёсць сабака - хадзiў на трох нагах, а зараз на чатырох, i худэрбiна-худэрбiна, а быў не худэрбiна, быў сыты, а цяпер ускудлачаны, быў вясёлы, а цяпер сумны, i завуць яго Бiм; гаспадара павезлi ў Маскву на аперацыю, а водзiць яго зараз бабулька Сцяпанаўна.

Чутка дайшла да аднаго настаўнiка-метадыста, той на чарговай раённай нарадзе на наступны дзень у сваiм цiкавым выступленнi расказаў недзе гэтак: расце маладое пакаленне, выдатнае, яно 'далучаецца да iдэi дабраты, якая ўключае ў сябе спачуванне да ўсяго жывога на зямлi'. Усё гэта ён падмацаваў тым вялiкiм iнтарэсам аднае школы нават да нейкага невядомага сабакi з чорным вухам, гаспадара якога надоўга паклалi на аперацыю.

Тры днi запар ва ўсiх школах гарадскога раёна настаўнiкi расказвалi дзецям пра спачуванне i спагаду да жывёлiн, расказвалi, як добра i прыязна аднеслiся ў адной школе да адзiнокага сабакi. Але найбольш асцярожныя папярэдзiлi, што сабака ў такiм выпадку не павiнен быць шалёны, гэтага трэба сцерагчыся. У школе, дзе вучыўся Толiк, настаўнiца расказвала пра гэта ж самае, толькi проста i з душою.

- Ну, падумайце, дзецi, вы толькi падумайце! - гаварыла яна. - Нейкi жорсткi чалавек адарваў сабаку нагу. (Крыху так перамянiлася чутка сярод настаўнiкаў: чутка i ёсць - чутка!) Гэта не варта савецкага чалавека. А няшчасны сабака з чорным вухам навек калека. - Яна адгарнула сшытак на патрэбную староначку i працягвала: - Цяпер, дзецi, напiшам сачыненне, маленькае i цёплае, на вольную тэму 'Я люблю жывёлiн'. Каб лягчэй пiсалася, каб нiчога не наблыталi, вось вам план-пытаннi.

I яна напiсала мелам на дошцы, гледзячы ў сшытак:

1. Як завуць вашага сабаку?

2. Белы ён, чорны цi якi?

3. Вострыя ў яго вушы цi абвiслыя?

4. З хвастом ён цi з кароценькай куксаю?

5. Якое ён пароды, калi гэта вядома дома?

6. Ласкавы ён цi злосны?

7. Цi гуляеш ты з iм, а калi гуляеш, то як?

8. Кусаецца ён цi не? Калi кусае, то каго?

9. Цi любяць яго тата i мама?

10. За што ты любiш сабаку?

11. Якiя ў цябе адносiны да iншае жыўнасцi (куры, гусi, авечкi, аленi, мышы i астатнiя)?

12. Цi бачыў ты калi-небудзь лася?

13. Чаму кароў дояць, а лася не дояць (свойская жывёла i дзiкая)?

14. Цi трэба любiць жывёлiн?

Толiк сядзеў быццам на iголках, ён не мог нiчога пiсаць. У агульнай цiшынi ён запытаўся, не вытрываў:

- Анпална, а як завуць сабаку з чорным вухам?

Настаўнiца паглядзела ў блакнот i сказала:

- Бем.

- Бiм! - крыкнуў Толiк, узбунтаваўшы крыкам увесь клас.

- Адпусцiце мяне, Анпална. Калi ласка! Я пайду шукаць Бiма, я яго ведаю ён вельмi добры. Калi ласка! - прасiў ён жаласна, гатовы ад удзячнасцi цалаваць рукi Анпалне.

- Толя! - строга сказала да яго Анна Паўлаўна. - Ты перашкаджаеш працаваць iншым. Думай i пiшы сачыненне.

Толiк сеў. Ён глядзеў на чыстую староначку сшытка, а бачыў Бiма. Здавалася, ён засяродзiўся на вольнай тэме гэтак, як i астатнiя, але ён напiсаў толькi загаловак: 'Я люблю жывёлiн'. Толькi незадоўга перад званком ён пачаў скоранька-скоранька прыдумляць адказы. Нават i пасля званка ён крыху затрымаўся, а Анна Паўлаўна, як i звычайна ў такiх выпадках, сядзела за сталом i цярплiва чакала. Нарэшце Толiк, насуплены, невядома чым незадаволены, паклаў перад Аннай Паўлаўнай сваё сачыненне. I пайшоў.

Работа яго, такiм чынам, была зроблена апошняй, таму, як i заўсёды, Анна Паўлаўна прачытала яе першую (зверху ляжыць).

Толiк дакладна, нават залiшне, адказаў на ўсе пытаннi вольнае тэмы, яго твор уключаў нават i паэтычныя спробы, хоць i з яўным плагiяцтвам з моднае песенькi, якую ведае кожны малы.

А цалкам усё гэта было вось так: 'Я ЛЮБЛЮ ЖЫВЁЛIН'

Яго завуць Бiм. Ён белы з чорным вухам. Вушы абвiслыя. Хвост сапраўдны. Парода паляўнiчая, не аўчарка. Ласкавы. Гуляў толькi раз, але нейкi дзядзька-зануда адабраў, такi стары дурань, што i не расказаць. Не кусаецца. Тата i мама яго любiць не могуць, таму што ён чужы, з таблiчкаю на шыi. За што люблю, не ведаю, проста так. Курэй, гусей, авечак, аленяў, мышэй люблю, але мышэй баюся. Лася пакуль што не бачыў, яны не жывуць у горадзе. Кароў дояць, каб было малако ў магазiнах i каб выконваць план. ('А ён жа з дэфектам!' падумала Анна Паўлаўна.) Лася не дояць таму, што ў магазiнах не бывае ласiнага малака, i яно нiкому не патрэбна. Жывёлiн любiць трэба, а сабака - лепшы сябар чалавека. Я склаў зараз песеньку:

I лось добра,

I алень добра,

I мыш добра,

А сабака лепш.

Яшчэ я спрабаваў гадаваць марскiх свiнак, але мама сказала, што ад iх у кватэры пахне, хоць нос затыкай, i аддала чужой дзяўчынцы. А Бiма я ўсё роўна знайду, хоць мяне нават i не пусцiлi. Усё адно знайду, сказаў знайду - i знайду. Хоць вы i Анна Паўлаўна, мне ўсё роўна'.

У Аняы Паўлаўны вочы пад лоб пайшлi: 'Ён жа з рамак выскачыў! Ён жа чортведама пра што думае. У цiхiм балоце...' Апошняе яна не дадумала да канца, бо была педагог, а проста адчуваючы сваю правату ад таго, што выконвае абавязак, паставiла двойку.

Вось так яно i атрымлiваецца. Анна Паўлаўна была ў лiку лепшых, дзецi яе, здаецца, любiлi i слухалi, за выключэннем некаторых, без якiх, мiж iншым, не бывае нiводнага класа. Выхаванне - рэч складаная, складанейшая, мушу сказаць, вiдаць, таму Толiк i напiсаў так адно з першых сваiх сачыненняў: перш- наперш, ад незразумелае крыўды i несвядома, калi мець на ўвазе, што пра марскiх свiнак у Анны Паўлаўны нiякiх пытанняў не было ў тэме. Магчыма, падросшы, ён i зразумее сваю памылку, але пакуль што яму гэтага не змыслiць. Ён нават не вярнуўся ў клас пасля перапынка. А гэта ўжо - ЧП!

Толiк паехаў са свайго новага раёна ў другi, стары, у тую школу No... i распытаўся-такi ў дзяцей пра ўсё: калi яны бачылi Бiма i дзе ён жыве. Сабе на радасць, ён даведаўся яшчэ, што нага не адарвана, а толькi вiсiць. I пайшоў з дзецьмi да таго дома, да Бiма.

Ён нацiснуў на кнопку званка. Бiм адказаў пытаннем: 'Гаў!' (Хто там?)

- Гэта я - Толiк! - крыкнуў госць. Потым пачуў, як Бiм, прытулiўшы да шчылiны нос, фыркнуў i нюхаў паветра. - Бiм, гэта я, - Толiк.

Бiм вiскнуў, забрахаў. Так ён крычаў: 'Добры дзень, Толiк!'

I хлопчык яго зразумеў, упершыню зразумеў цэлы сказ па-сабачы.

Сцяпанаўна, пачуўшы брэх i гаворку чалавека з сабакам, выйшла:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату