ласкава паўтараў:
- Чарнавух - гэта добра. - Альбо так: - Маладзец, Чарнавух, добра iдзеш. Або яшчэ нешта такое, але абавязкова 'Чарнавух'.
Так за грошы людзi прадалi добрае iмя Бiма. Добра, што хоць гэтага не ведаў Бiм, як i таго, што за паперкi некаторыя людзi могуць прадаць i гонар, адданасць i сэрца. Добра сабаку, якi не можа пра гэта ведаць!
Але Бiм цяпер павiнен забыць сваё iмя. Што ж рабiць - так, выходзiць, i павiнна быць. Толькi не забудзе ён свайго сябра Iвана Iванавiча. Хоць жыццё пачалося зусiм iнакшае, нiяк не падобнае да таго, што было некалi, але тое забыць ён не мог.
Раздзел 11
ЧАРНАВУХ У ВЁСЦЫ
Вёска, куды прывялi Бiма, зусiм-такi здзiвiла яго. Тут таксама жылi людзi, але ўсё было не так, як там, дзе ён нарадзiўся i выгадаваўся. Домiкi маленькiя - проста на зямлi, без усякiх там лесвiчных пляцовак, без шматлiкiх парогаў, дзверы не пстрыкаюць замкамi. На ноч, праўда, дзверы зачыняюць на засаўку. Усе домiкi накрыты рабрыстымi шэравата-белымi лiстамi. Ранiцаю, у адзiн i той жа час, з кожнага домiка iдзе ўгору дым, але домiкi ўсё ж не едуць i не ляцяць некуды, а стаяць сабе роўненька радочкамi i дымяць цiха i мiрна, без усякага там скрыгатання. Але больш за ўсё ўразiла Бiма (зараз ужо Чарнавуха) тое, што разам з людзьмi тут жывуць i розныя жывёлiны i птушкi: каровы, куры, гусi, авечкi, свiннi, знаёмства з якiмi адбылося не адразу. У жывёлiн за кожным чалавечым домiкам былi свае хаткi, накрытыя часам саломаю, а мясцiнамi i чаротам, i адгароджаныя невысокiм рэдкаватым тынам. I нiхто нiкога не чапае нi людзi жывелiн i птушак, нi жывёлiны людзей, i нiхто нi па кiм не страляе са стрэльбы.
Першы дзень Бiму паслалi сена ў кутку ў сенцах. Чалавек прывязаў яго за вяроўку, добра накармiў i некуды пайшоў, апрануўшы плашч. Астатак дня Бiм правёў адзiнока, у цiшынi i маўклiвасцi. Адвячоркам ён пачуў, як зашорхалi капытцамi авечкi, як яны зайшлi на двор, як прамыкала карова ў хляве (нечага прасiла). А скора прыйшоў i той чалавек, але з хлопчыкам у плашчы, у ботах, на галаве шапка, а ў руках доўгая палка. Твар у яго быў гэтакi ж карычневы, як у добрага чалавека, а пах хлопчык авечкамi.
- Ну, Алёшка, глядзi новага сябра, - сказаў дарослы хлопчыку.
Яны падышлi да самага Бiма.
- Тата, а не ўкусiць?
- Не, Алёшка, такiя не кусаюцца... Ух ты, Чарнавух... Чарнавух - харошы сабака. - I чуць паляпаў яго па баку.
Бiм ляжаў i насцярожана глядзеў на хлопчыка. Той таксама пагладзiў:
- Чарнавух... Чарнаву-ух... - I сказаў да дарослага: - Тата, а калi адвяжам - не ўцячэ?
- Трохi пачакаем. - Ён пайшоў у дом.
Бiм устаў, прысеў, падаў хлопчыку лапу, гэта значыць сказаў: 'Добры дзень. Ты харошы'.
- Тата! - крыкнуў хлопчык. - Тата, хадзi!
Той вярнуўся.
- Добры дзень, Чарнавух! - падаў хлопчык руку.
Бiм яшчэ раз павiтаўся. Абодва чалавекi вiдавочна ўпадобалi ягоную ветлiвасць. Гэтыя першыя хвiлiны знаёмства былi вельмi важныя Бiму: ён даведаўся, што таго, хто прывёў яго сюды, завуць Тата, а хлопчыка Алёша. Нават звычайныя, нiчым не адметныя дварняжкi скора даведваюцца пра iмёны людзей, а Бiм... Ды што там казаць! Мы ўжо ведаем, якi гэта сабака.
Потым, ужо прыцемкамi, прыйшла i жанчына. Апранута яна была дзiўна: галава закручана ў дзве хусткi, куфайка на ёй нацягнута, як барабан, штаны гэтакiя ж самыя, як у тае добрае жанчыны, якая заганяла кастылi. Але гэтая пахла зямлёю i буракамi (салодкi такi корань, якога некалi Бiм не мiнаў). Яна зайшла ў хату, пра нешта гаварыла з мужчынамi, адразу ж патупала з сянец на двор з вядром у руках. Цяпер Бiм вызначыў, не сыходзячы з месца, што адны дзверы з сянец - на вулiцу, другiя - да жывёлiн, а трэцiя - у хату. Але да iх не дастаць - не пускае вяроўка. Вось пакуль што i ўсё, пра што даведаўся Бiм.
Ён зноў лёг.
Пахне авечкамi, моцна пахне з двара. Што такое авечкi, Бiм ведаў даўно. Яны жывуць, думалася некалi, чарадою, ходзяць па полi i нiчога не робяць, толькi ядуць i крычаць. А каля iх заўсёды чалавек у брызентавым плашчы i з доўгаю палкаю з кручком на канцы; адзiн такi падыходзiў да Бiма i Iвана Iванавiча, калi яны адпачывалi пад стогам сена, цiснуў гаспадару руку; яшчэ з iм быў вялiкi кудлаты сабака. З iм пазнаёмiўся Бiм незвычайна. Спачатку Кудлаты пёр на яго з налёту i жудасна брахаў, але Бiм тады лёг на спiну, падняў угору лапы i сказаў: 'Што такое? Хiба я з-за чаго вiнаваты?'
Далiкатнасць узяла верх над нахабствам, а Кудлаты сабака, абнюхаўшы Бiма, палiзаў жывот, крыху адышоў i распiсаўся на каменi. Бiм зрабiў тое ж самае. А наогул, гэта абазначала: мiру - мiр. А пакуль гаспадар Бiма гаварыў з гаспадаром Кудлатага, яны пагулялi ў даганялкi, i, аказалася, Бiм i быстрэйшы i вёрткi, што нават заслужыў павагу новага знаёмага. Калi яны развiтвалiся (трэба ж iсцi за гаспадарамi!), то панюхалi камень i пераглянулiся так: 'Ты прыходзь калi-небудзь сюды', - сказаў Бiм i паскакаў далей.
'Эх, работа...' - сказаў Кудлаты i паплёўся да чарады, угнуўшы галаву.
Так было. Вось i цяпер пахне авечкамi. Бiм не мог не ўспомнiць пра Iвана Iванавiча ад гэтага паху, якi трывожыў памяць: у чужых сенцах, у чужым доме, у сутоннi вечара, без людзей яму стала сумна-сумна.
Потым ён чуў, як па жалезе роўна гудзелi нейкiя струменьчыкi: жжых-жжых! жжых-жжых! Бiм не ведаў, што гэта такое - жжых! жжых-жжых! Незнаёмыя гукi сцiхлi, i адразу ж з двара з тым вядром увайшла жанчына. А з вядра пахла малако. Цудоўна пахла! У горадзе каб так пахла малако, Бiм нi разу не чуў, нi разу, а гэта - iншае, але ўсё роўна малако - гэта так. У горадзе малако не пахне чалавечымi рукамi, рознымi прыемнымi травамi i зусiм не пахне кароваю вось што дзiўна. А тут усё гэта перамяшалася ў чароўны водар, якi дзiвiў сваёй абаяльнаю, нейкаю ружаваю пахучасцю. Не будзем спрачацца: калi ўжо чалавек нiколi не адрознiць малако ад малака, то як гэтага не заўважыць нашаму Бiму, якi мае надзвычайны нюх, як не дзiвiцца паху, у якiм чалавечыя рукi змяшалiся з кветкамi i травою. Таму ён i падхапiўся хуценька, i павiляў жанчыне хвастом. Але наўрад цi яна магла зразумець Бiмава захапленне.
За доўгiя чатыры гады свайго жыцця ён, на жаль, так нi разу i не бачыў, як дояць кароў. А малако пахне ўсё-такi кароваю. Нейкая няяснасць так i засталася ў Бiма: ён сяго-таго не ведаў. Памiж iншым, цi мала чаго не ведае кожны сабака? У гэтым нiчога брыдкага няма. А калi якi-небудзь сабака i скажа, дапусцiм, што ён усё ведае i ўпэўнены ў тым, што можа вучыць, што i як рабiць i куды бегчы, то нават i курыца яму не паверыць; мала што ён здароўшы за курыцу - не паверыць. А такiя сабакi бываюць, мушу сказаць вам. Напрыклад, скоч-тэр'ер, возьмем яго: ён прытвараецца, што яго галава-цаглiна напхана рознымi iдэямi (барада, доўгiя вусы i бровы - фiлосаф!), а сапраўды бяспутны, камандуе, лаецца на гаспадара штодня, як нервовы, круцiцца бесперастанна. А толку? Нiякага! Адзiн выгляд. А ўсярэдзiне пух або зусiм пуста.
Бiм - iншая справа: ён шчыры i прамадушны. Калi чаго не ведае, то так i з выгляду: што не ведаю, тое не ведаю. Калi не любiць каго, то так i скажа: 'Нядобры ты чалавек. Iдзi адсюль! Гаў!' I забрэша часам так, што дай бог!
Жанчыну, якая дастае недзе такое цудоўнае малако, ён не мог не паважаць. Таму ён усё глядзеў i глядзеў на тыя дзверы, куды яна пайшла з вядром.
Але нехта падышоў з вулiцы i рашуча расчынiў дзверы.
'Хто? - адным словам запытаўся Бiм. - Гаў!'
Чалавек шарахнуўся назад. З дому выбег Тата, уключыў у сенцах святло i запытаўся:
- Хто тут?
- Я, брыгадзiр, - адказаў незнаёмы.
Потым ён зайшоў у сенцы, яны пацiснулi адзiн аднаму рукi (значыцца, сябры - брахаць нельга) i падышлi да Бiма. Тата прысеў на кукiшкi, гладзiў Бiма i гаварыў:
- А ты маладзец, Чарнавух. Маладзец - службу ведаеш. Харошы сабака. Адвязаў яго i ўпусцiў у пакой.
Самiае галоўнае - у хаце была i кульгавая курыца. Бiм прыцэлiўся на яе, зрабiў стойку, прыпадняўшы пярэднюю лапу, але неяк няўпэўнена, а гэта азначала, што ён гаварыў прысутным: 'Што гэта за птушка? Нешта не даводзiлася...'
- Глядзi, брыгадзiр! - крыкнуў Тата. - Гэта ж залаты сабака, Чарнавух, на ўсе рукi!
Але паколькi курыца не звярнула на Бiма ўвагi, то ён сеў, усё ж скоса пазiраючы на яе, што па-сабачы абазначала: 'От мне... Знайшлася!.. Яшчэ i ты!' I зiрнуў на прысутных.