ЛЯ АПОШНIХ ДЗВЯРЭЙ. ТАЯМНIЦА ЖАЛЕЗНАГА ФУРГОНА
Прачнуўся Бiм яшчэ досвiткам. Не хацелася пакiдаць такое цёплае, гасцiннае месца, дзе нiхто не патрывожыў яго сон. Яму здалося, што ў яго ўжо стала болей сiлы, - паспрабаваў устаць на ногi, але адразу не выйшла. Тады ён сеў. Гэта ўдалося, але закружылася ў галаве (гэтак, як i пасля ўдару ў грудзi): сцены пахiснулiся ў адзiн бок, лесвiчныя балясы загойдалiся, задрыжалi, а прыступкi злiлiся ў суцэльны ўзгорак i загойдалiся гармонiкам, лямпачка захiсталася разам са столлю. Бiм сядзеў i чакаў, што ж з iм будзе далей, сядзеў цяпер, апусцiўшы галаву.
Галавакружэнне кончылася гэтак жа нечакана, як i пачалося. I Бiм папоўз на жываце па прыступках унiз. Дзверы пад'езда былi адчыненыя, паляжаў крышку на асвяжальным холадзе i ўсё-такi ўстаў на ногi. Амаль падаючы ў вобмарак i таму не адчуваючы болю, ён слухаючы невядомую людзям сабачую волю, пайшоў з двара, хiстаючыся, быццам ачумелы.
Наўрад цi ён дайшоў бы да свайго дома, калi б не наткнуўся на памыйку, дзе гробся маленькi сабачка. Бiм падышоў i сеў. Сабачка, шарсцiсты i гразны, абнюхаў яго i павiляў хвосцiкам.
'Ты куды?' - спытаў такiм чынам Кудлатка.
Бiм адразу пазнаў Кудлатку - з iм ён некалi пазнаёмiўся на лузе таго самага дня, калi той грыз карэньчык чароту. Таму адказаў даверлiва i сумна, аднымi вачыма: 'Дрэнна мне, дружок'.
Сабачка вярнуўся да памыйкi, быццам бы запрашаў госця, там павярнуў да Бiма галаву i завiляў хвастом, што абазначала: 'Тут тое-сёе ёсць. Iдзi ж'.
I што вы думаеце? Таго-сяго па кавалачку, па скарыначцы, па галоўцы ад селядца - Бiм наеўся-такi. Сiла памаленьку вярнулася, а скора, аблiзаўшыся i падзякаваўшы Кудлатку, пайшоў далей, пайшоў крыху мацней.
Не, памыйка ў лiхую часiну ў жыццi - вялiкая рэч! З гэтага часу Бiм стаў бы адносiцца з павагаю да такiх мясцiн, калi б...
Цяжка расказваць пра такое.
Шэрым досвiткам, калi астаткi ўчарашняга смогу аселi да зямлi лёгкаю празрыстаю сiнечаю, Бiм нарэшце дабраўся да свайго дома... Вось ён! Вунь i акно, з якога разам з Iванам Iванавiчам, бывала, яны глядзелi на ранiшняе сонца. Цi не выйдзе ён да акна i зараз? Бiм сеў з другога боку на вулiцы i глядзеў, глядзеў, глядзеў з радасцю i спадзяваннем. Яму стала добра. Пайшоў цераз вулiцу, хоць i не спяшаючыся, але падняўшы ўжо галаву, быццам усмiхаючыся, быццам вось-вось спаткае незабыўнага сябра. Гэта была хвiлiна ў чаканнi шчасця. Ды i хто з жывых не быў шчаслiвейшы ў тыя хвiлiны, калi чакае шчасця, чым у хвiлiны самога шчасця.
Так, пасярод вулiцы, перад родным домам, ужо недалёка ад тых самых дзвярэй, Бiм быў шчаслiвы ад надзеi, якая зноў узнiкла.
Але раптам ён убачыў страшнае: з аркi дома выйшла Цётка! Бiм сеў, вылупiўшы ад жаху вочы i дрыжучы ўсiм целам. Цётка папусцiла ў яго цаглiнаю. Бiм паспешна адышоў на супрацьлеглы тратуар.
Людзей на вулiцы ў такую рань не было, нават дворнiкi яшчэ не выходзiлi з мяцёлкамi. Адна толькi Цётка ды Бiм глядзелi адно на аднаго. Яна яўна рашыла стаяць i не пускаць, яна нават паставiла ногi шырэй, абмацавалася, як помнiк, упёршыся рукамi ў бакi; на Бiма яна глядзела звысоку, пагардлiва i знiшчальна, з гонарам, з усведамленнем свае вартасцi, перавагi i праваты. Бiм жа быў бездапаможны, але ў яго заставалiся цалкам надзейныя толькi адны зубы, таксама страшныя ў перадсмяротнай хватцы. Ён гэта ведаў, ён пра гэта не забыўся, таму нават чуць прыгнуўся i прыпадняў верхнюю губу, паказаўшы пярэднiя зубы. Чалавек i сабака глядзелi адно на аднаго не адводзячы вачэй. Хвiлiны здавалiся Бiму доўгiя.
...Пакуль чалавек i жывёлiна, не адводзячы вачэй, цiкавалi за кожным рухам адно аднаго, вернемся да Цёткi, хоць крыху мы яе i ведаем з папярэднiх гiсторый пра Бiма. Цётка была зусiм вольная жанчына: вольная ад эксплуатацыi капiталiста, ад якiх-небудзь самых аддаленых паняццяў пра свой абавязак перад сацыялiзмам, вольная ад працы. Але яна ўсё-такi заставалася рабою страўнiка, не адчуваючы гэтага ярма. Яна ўставала, напрыклад, раней за ўсiх жыхароў мнагалюднага дома, яшчэ досвiткам. Сваiм першым абавязкам яна лiчыла наступнае: прасачыць, хто чужы выйшаў свiтаннем з таго цi iншага пад'езда; у каго гарыць у вокнах святло, калi ўсе спяць моцным здаровым сном; хто паехаў на рыбалку цi на паляванне i з кiм; хто першы, яшчэ прыцемкам, панёс нешта на памыйку. Потым яна паглядзiць i вызначыць, што здарылася, мяркуючы па памыйцы: бутэлькi калi - значыць, ад жонкi хаваў; старое непатрэбнае палiто - значыць, скнара, хаваў непатрэбную анучу, прытухлае мяса выкiнута - значыць, гаспадыня размазня, i гэтак далей. Калi ж дзяўчына прыйдзе дадому досвiткам, то Цётцы гэта было - цераз верх радасцi. Сабак i iх гаспадароў яна ненавiдзела, таму назiранне за iмi было адно з самых важных Цётчыных мерапрыемстваў, пры гэтым яна кiдала iм услед непатрэбныя словы, запас якiх у яе быў бясконцы, а гэта гаварыла i пра вялiкую памяць i эрудыцыю.
Усё гэта было iстотна неабходнае для штодзённае iнфармацыi, калi яна разам з некалькiмi, таксама вольнымi жанчынамi, будзе доўга сядзець на клапатлiва пафарбаваных лавачках i даносiць, хто ёсць хто; i тут ужо нiхто не будзе забыты i нiшто не будзе забыта. Талент! Падобны недрукаваны бюлетэнь яна выпускала штодня рэгулярна. I гэта, яна лiчыла, яе другi абавязак перад грамадствам. Такая дасведчанасць датычылася i мiжнародных падзей (сама чула: вайна вось-вось, крупамi трэба запасцiся, соллю); чутка iшла далей пры судзеяннi суседзяў, падобных на яе, але ўжо са спасылкаю на 'такога-то', а ён дацэнт i хлусiць не будзе, сам 'слухаў'.
Пры ўсiм гэтым Цётка, як ужо вядома, называла сябе не iнакш як 'савецкая жанчына', ганарылася гэтым, цалкам перакананая, што гэта так, што яе цёмная сумленнасць не што iншае, а прыклад для пераймання. Каб было ў яе дзiця, якi б выйшаў чалавечышча!
Але два днi ў тыдзень былi ў яе выхадныя: у нядзелю яна нешта купляла на базары ў калгаснiкаў, а ў панядзелак прадавала тое ж самае. Таму, не маючы агарода, курэй, рыбалоўных сетак, яна прадавала яйкi, самiх курэй, памiдоры, свежую рыбу i ўсё, што патрэбна чалавеку, каб жыць. Дзякуючы такому, трэцяму абавязку (у выхадныя днi!) Цётка мела ашчадную кнiжку i жыла нябедна, таму нiколi i нiдзе не працавала. Iснавала ж яна ў кватэры з выгодамi, якiя адпавядалi яе высокай культуры (дзве шафы на адзенне, тры люстры, карцiна з базара 'Дзяўчына i лебедзь', вялiкi глiняны арол i кветкi з габлюжак, халадзiльнiк, тэлевiзар). Усё ў яе было, што трэба, i нiчога непатрэбнага...
Такiм чынам, Цётка стаяла пасярод аркi, i абысцi яе Бiм не мог. Трэба было яму пайсцi прэч, але ён не мог адысцi ад роднага дома. Ён вырашыў чакаць з выскаленымi зуамi, чакаць, пакуль не пойдзе вораг, чакаць, колькi б на гэта нi трэба было часу. Хто - каго?
Але тут у шэраватай халоднай iмгле паказаўся аўтафургон i неспадзявана спынiўся памiж Цёткаю i Бiмам. Фургон быў цёмна-шэры, абабiты бляхаю, без вокан. З яго выйшлi двое i пакiравалiся да Цёткi. Бiм уважлiва назiраў за iмi, не кранаючыся з месца.
- Чый сабака? - спытаўся вусаты, паказваючы на Бiма.
- Мой, - надменна адказала Цётка, не задумваючыся.
- А чаго не забiраеш? - спытаўся другi, малады хлопец.
- Паспрабуй забяры. Бачыш, канец вяроўкi на шыi - перагрыз i кусае кожнага. Ускруцiўся, сволач. Сапраўды ўскруцiўся.
- Прывяжы, - сказаў вусаты, - а то ж забяром.
- Я сама пiсала заяву. I хадзiла, i прасiла - забярыце. Дзе там! Бюракрат на бюракраце! - Яна ўжо закрычала: - Душу дасталi, бюракраты.
- Давай, - сказаў вусаты да бязвусага.
Той узяў з аўтамабiля малакалiберку, а вусаты дастаў замацаваную збоку на фургоне доўгую жэрдку з абручом на канцы i сеткаю, быццам сачок лавiць матылькоў, ростам з авечку. Першы падышоў той, з вiнтоўкаю, за iм другi, падрыхтаваўшы сачок.
Бiм убачыў стрэльбу, завiляў хвастом: 'Стрэльба! Стрэльба! Ведаю стрэльбу!'
- Лашчыцца, - сказаў хлопец. - Нiякi ён не кручаны. Заходзь.
Вусаты выйшаў наперад. Бiм пачуў, што ад яго пахне сабакамi.
'Ну, вядома ж, вы добрыя людзi!' - гаварыў ён усiм выглядам.
Але тут раптам у фургоне праскуголiў сабака, безнадзейна, i горка. Бiм усё зразумеў: падман! Нават стрэльба - падман. Усё - падман! Ён шарахнуўся было ўбок, але... позна: сачок накрыў яго. Бiм скочыў угору i апынуўся ў сетцы, цяпер перкiнутай iм самiм цераз край абруча...
Бiм грыз вяроўкi, скрыгатаў зубамi, неўтаймавана хрыпеў i кiдаўся, кiдаўся сутаргава, быццам