народныя тыпы. Мэта аўтара-псiхааналiтыка: 'непрыкметна душой увайсцi ва ўсе таямнiцы, што ў жывых iстотах захованы, увайсцi ласкава i цiха, з чыстымi думкамi i адчуваннямi'. Пiсьменнiка цiкавiць у чалавеку ўсё: як той адносiцца да жыцця i як да смерцi? як у людской iстоце ўзнiкае пачуццё закаханасцi? у чым бачыць сэнс жыцця? як адносiцца да iншых людзей? Калi ў раннiм апавяданнi 'Жалезны крык' аўтара захапляў 'жалезны душой' чалавек, якi насмiхаецца над 'цiхiмi, палявымi людзьмi', то ўжо ў апавяданнi 'Новыя людзi' (1925), а яшчэ больш у апавяданнi 'Па дарозе' такi позiрк 'зверху' на блiжняга яго насцярожвае. А ў апавяданнi 'Трагедыя майго настаўнiка' расказваецца, як гiне стары чалавек, якога ўласныя дзецi гоняць з хаты, каб не замiнаў жыць. Ёсць тут свой 'тэарэтык', журналiст, якi, азнаёмiўшыся са скаргай настаўнiка, лёгка вырашае пытанне: маўляў, той ужо аджыў сваё, таму павiнен саступiць новаму! З аднаго боку, 'агульны закон', 'формула' ('пастолькi паколькi'), з другога - трагедыя жывога чалавека. Чорны згодзен, што 'ласкавае слова - саматужнiцтва', але, калi можаш, то лепш дапамажы чалавеку. Яго насцярожвае тое, што развялося шмат 'пiсароў', якiя за паперай не бачаць чалавека.
Творчы рост Чорнага адбываўся вельмi шпарка: так шмат патрэбна было яму сказаць i за сябе, i за сваiх землякоў-цiмкаўцаў, i за ўсiх беларусаў, асуджаных на бязмоўе. Услед за першым зборнiкам 'Апавяданнi' на працягу толькi 1925-1926 гадоў выйшлi яго кнiгi 'Па дарозе', 'Срэбра жыцця', 'Пачуццi', 'Хвоi гавораць'. Малады празаiк хутка пазбаўляўся 'дзiцячых хвароб' пачаткоўца: ад досыць павярхоўнага захаплення новым у жыццi вёскi i горада, у чым ён зблiжаўся з iншымi маладнякоўцамi, шлях вёў у глыбiнi чалавечай душы, дзе вiравалi вялiкiя буры пачуццяў i думак, дзе якраз i выспявалi будучыя ўчынкi. Лiтаратура, сцвярджаў ён, адрознiваецца ад 'агiткi', бо ў яе iншая задача. Разам з сябрамi-аднадумцамi У.Дубоўкам, А.Бабарэкам, Я.Пушчам, К.Крапiвой, стваральнiкамi лiтаратурнай суполкi 'Узвышша', такiмi ж, як сам, маладымi i дзёрзкiмi, К.Чорны падпiсаў дэкларацыю, надрукаваную ў першым нумары часопiса 'Узвышша', дзе быў заклiк пiсаць творы, якiя 'ўбачаць вякi i народы'. Цi не залiшне гучна? Эпахальна? Вялiкi замах пры небагатых на той час магчымасцях? Так здавалася многiм, i 'Узвышша' ад пачатку трапiла пад асаблiва пiльны нагляд крытыкаў-'аглабельшчыкаў', якiя спавядалi сваё разуменне лiтаратуры як прапаганды партыйных iдэй 'у вобразнай форме'. Тым не менш большасць надрукаванага ва 'Узвышцы' за няпоўныя 5 гадоў яго iснавання перажыло час. Многiя мастацкiя шэдэўры 'ўзвышаўцаў' прадказвалi далейшы ход падзей у краiне. Народ, якi абуджаўся, павiнен быў вылучыць са свайго асяроддзя таленты эўрапейскага маштабу, i ён iх вылучыў.
Як сведчыць гiсторыя савецкай лiтаратуры 20-х гадоў, тое, пра што пiсалi, аб чым папярэджвалi лепшыя тагачасныя пiсьменнiкi, было надзвычай своечасовым. Захоплены iдэямi 'культурнай рэвалюцыi', паверыўшы ў тое, што гэта не проста чарговая палiтычная кампанiя, а жыццёвая патрэба, Чорны раскрываў праграму барацьбы 'за лiтаратурны сталiчны Менск, супраць Менска як губернскай правiнцыi, з кансерватарскiмi поглядамi на лiтаратуру i традыцыямi губернскага маштабу'. Ён адвяргаў тых, хто, у адпаведнасцi з кан'юнктурай, лiчыў, што 'лiтаратура ёсць зброя класавага змагання', i не мог 'адрознiць канцылярскую iнструкцыю ад мастацкага твора' ('некаторыя асобы ў Менску'). У лепшых сваiх творах празаiк iмкнуўся выявiць гуманiстычны патэнцыял беларускага сялянства i iнтэлiгенцыi, бо надышла апошняя праверка новай улады i новай iдэалогii - праверка iх адносiнамi да чалавека як непаўторнай асобы. З твора ў твор не стамляўся ён паўтараць: жыццё само па сабе, безадносна да 'iдэi', радаснае; свет складаны ('i смяецца, i маўчыць, i плача, i пакутуе, i цешыцца зямля'); душа чалавека поўная супярэчнасцей ('i ў цiшынi буры, i ў бурах - цiшыня'); нiхто не мае права лезцi ў чужую душу ('напоўнiся вялiкай пашанай... насi ў сабе вастрату хараства'). Жорсткасць грамадзянскай вайны, перанесеная ў мiрны час, небяспечная сваiмi непрадказальнымi, катастрафiчнымi вынiкамi. Творы Чорнага вылучаюцца балюча- страснай пастаноўкай праблемы 'чалавек i свет', трансфармаванай у новы час у праблему 'чалавек i рэвалюцыя'. Празаiк пiльна ўглядаўся ў стыхiю, абуджаную падзеямi, намагаўся ўгадаць будучыню. Яго абвiнавачвалi ў 'дастаеўшчыне', 'змадэрнiзаванай андрэеўшчыне', а ён адчуваў, што без дакладнай ацэнкi сiтуацыi iсцi наперад небяспечна: занадта шмат з'явiлася людзей, для якiх няма ў свеце нiчога 'нi вышэйшага, нi нiжэйшага', на ўсё гатовых. Шукаючы адказу на няпростыя пытаннi, Чорны прагнуў ведаць усю праўду пра чалавека, якi ён ёсць i якiм можа быць, калi трапiць у надзвычайныя акалiчнасцi: 'Тады, пачуўшы аб сабе праўду, чалавек, можа, хутчэй адкiнуў бы ад сябе ўсё паскудства, што ўрасло ў яго з самых цёмных далей вякоў i, будучы часам нават малым, псуе вялiкае хараство чалавека'.
Эстэтычныя катэгорыi 'хараства' i 'паскудства' выяўлялiся Чорным на канкрэтным матэрыяле жыцця беларускай вёскi i горада, калi пад нацiскам спрошчаных класавых ацэнак падмiналiся агульначалавечыя каштоўнасцi. 'Ён жа чалавечай душы не прызнае!' - жахаецца стары Радзiвон Цiвунчык, 'слаўны чалавечнасцю' герой рамана 'Сястра', калi сустракаецца з чэрствасцю тых, хто 'рабiў рэвалюцыю'. А героя наступнага рамана 'Зямля' старога Тамаша больш за ўсё хвалюе тое, што 'чалавек ад чалавека далёка'. У самiх назвах гэтых першых буйных твораў Чорнага заключаецца асаблiвы фiласофскi сэнс. Менавiта ў Манi Iрмалевiч бачаць героi сваю сястру - у евангельскiм разуменнi слова: увасабленне душэўнасцi, жаноцкасцi, спагадлiвасцi, хараства ('Сястра'). Маня вабiць да сябе такiя супрацьлегласцi, як Абрам Ватасон, былы камiсар, якi ў часы нэпа стаў цырульнiкам, але не страцiў сваёй класавай пiльнасцi, Казiмiр Iрмалевiч, хiрург, для якога чалавек - недасканалая iстота, бо часта хварэе i патрабуе ўрачэбнага ўмяшальнiцтва. Вось чаму ёй блiжэй няўрымслiвы Ваця Бранiславец, якi нiяк не адшукае сваё месца ў жыццi, 'сiстэму духовых паводзiн', увесь час спрачаецца з нейкiм 'членам цi сакратаром', з ягонай канцэпцыяй 'чалавека-шрубкi'. 'Сухiя, сухiя вы вельмi ўсе. Жывое душы больш патрэбна чалавеку', - кiдае папрок Маня тым, хто зачарствеў у 'класавых баях'. Паняцце 'зямля' таксама займае асаблiвае месца ў сiстэме поглядаў селянiна-беларуса на свет ('Зямля'). Усе гаворкi герояў рамана адбываюцца вакол 'зямельнага пытання', а заезджы каморнiк - адна з цэнтральных фiгур вёскi. Аднак 'зямля' асэнсоўваецца Чорным у фiласофска-паэтычным плане як месца, дзе дзеецца мiстэрыя чалавечага жыцця - ад нараджэння i да смерцi. Твор завяршаецца перапiскай закаханых маладых герояў, каморнiка Андрэя i вясковай дзяўчыны Ганны, якiя збiраюцца пабрацца, стварыць новую сям'ю, жыццё, дзе не будзе дробязных згрызот i непаразуменняў, што прынiжаюць чалавека як iстоту найперш духоўную, надзеленую неўмiручай душою.
Для перабольшвання пранiклiвасцi Чорнага няма падстаў. Ён быў сынам свайго часу i не бачыў сапраўдных прычын духоўнай катастрофы, хоць многае чуў душою. Да ўсяго, ён, таленавiты мастак слова, выдатна засвоiў урокi сусветнай класiкi, помнiў, як грунтоўна вывучалi свет А.Бальзак i Э.Заля, на каго заклiкаў у пачатку 30-х гадоў раўняцца, якiм быў узровень маральнасцi ў творах Л.Талстога i Ф.Дастаеўскага. Нездарма крытыка 30-х гадоў параўноўвала задуманую празаiкам серыю раманаў пра гiсторыю беларусаў 'ад паншчыны i да нашых дзён' з 'Чалавечай камедыяй' Бальзака. Як сапраўдны мастак-фiлосаф, псiхолаг, гiсторык Чорны напружана шукаў адказ на пытанне, што адбываецца з чалавекам, з краiнай, з народам. Сапраўды, чаму зло ў свеце, дзе столькi разумных i нармальных людзей, не толькi не адступае, але i часам святкуе перамогу над справядлiвасцю, чалавечнасцю, чысцiнёй, красой?! Можа, таму, што зло iрацыянальнае i чалавечая падсвядомасць нараджае яго зноў i зноў...
Менавiта псiхалогiя, падсвядомае ў чалавеку, нават бiялагiчнае зацiкавiла Чорнага ў аповесцi 'Лявон Бушмар' (1929), напiсанай у той гiстарычны момант, калi iдэi ўласнiцтва ў Савецкiм Саюзе аб'явiлi 'апошнi i рашучы бой' i пачаўся наступ на яе натуральнае асяроддзе, 'дробнабуржуазную стыхiю'. У Беларусi гэту стыхiю найперш увасабляла сялянства, вёска, хутаранская сiстэма, якая там-сям ужо ўсталявалася. Лясны хутар Лявона Бушмара - апошнi астравок, што сiмвалiзуе непарушнасць векавечнага побыту мужыка, земляроба, 'сейбiта i кармiцеля'. Сам гаспадар хутара, магутны, нiбы стогадовы дуб, з'яўляецца ахоўнiкам iнстытута ўласнiцтва: вобраз, намаляваны рукой мастака, што ўжо адчуў, у чым яго моц. Лявон упэўнены ў сваёй гiстарычнай неабходнасцi i праваце, а таму з усяе сiлы, якою ён не абдзелены матухнай-прыродаю, абараняе сваю цытадэль. Ён нутром звера, загнанага ў аблогу, чуе наступ 'новага свету' i адбiваецца, як умее, наiўна, амаль па-дзiцячы (у тэксце частае параўнанне яго з дзiцем). Iмкненне адгарадзiцца ад усяго свету, засланiцца на хутары лесам i адлегласцю, iнстынктыўнае, прадыктаванае пачуццём слабасцi. Магутная постаць Лявона Бушмара, што ўнушае ўсяму наваколлю страх i вымушаную павагу, адзiнока ўзвышаецца, быццам апошнi рэлiкт мiнулай эпохi. Ён i свайго натуральнага саюзнiка, такога ж абаронцу ўласнасцi, Вiнцэнтага не падпускае блiзка, а калi той, па натуры больш эластычны, хiтры i хцiвы, усё ж неасцярожна пераступае мяжу хутара, па сутнасцi, зводзiць яго са свету. У вобразе, натуры, ладзе жыцця Лявона празаiк бачыць з'яву, якая атрымлiвае ў творы абагуленую назву 'бушмароўшчына': яна сiмвалiзуе 'цёмнае' ў чалавечай iстоце, не асветленае розумам, што ўяўляе сабой немалую небяспеку. Бушмар супрацьстаiць маладым 'калектывiзатарам': яны ў аповесцi выглядаюць досыць кволымi, калi параўноўваць iх з вобразам галоўнага героя.