за нашымi галовамi была ў хаце за паненку, дык чаго яна яшчэ цяпер тут свае камэды паказвае. Дзе яна дзяецца! Я не пасаромеюся i перад людзьмi скажу.

У Матыльды жоўты i злосны ад прыроды твар яшчэ пажаўцеў:

- Надулася, як смоўж, i сядзiць у бакоўцы.

- Чаго яшчэ ёй трэба? Анэта!

- Ат, можа, яна нездарова, пускайце, мае родныя, чарку, - падагнала Аўгiння.

Хведар раптам зноў сеў i прыгнуўся да Варывона:

- Ну то давай нечага будзем канчаць гаворку, трэба ж рабiць якi-небудзь лад.

- Я, васпане, не адказен хоць цяпер лад зрабiць... Што ж, Зося засталася бяздзетнаю, малое яе як памерла...

- Гэта то ўсё нiчога. Што ты мне пра гэта гаворыш... Пра дзецi ўспамiнаеш? Дык што, калi ў мяне на руках iх двое - майму чацвёрты год i яе, нябожчыцы, - восьмы год. Што ж з таго! Большы ўжо гатовы пастух. А ў мяне гаспадарка!

- А як, васпане?

- А так што, я ж кажу, мы лiшне спрачацца з табою не будзем...

- Не, не, васпане, што не - то не, спрачацца не будзем...

Аўгiння зноў устрапянулася:

- А дзе ж гэта дзецi? Хай бы яны па паўчарачкi выпiлi. Шмат не можна, а трошкi - няхай паспытаюць.

Зося адразу выявiла клапатлiвасць новай мацi:

- Але дзе ж гэта малыя?

Агледзела трохi санлiвымi ад гарэлкi вачыма хату i, кiўнуўшы галавою Матыльдзе, вылезла з-за стала. Яна ўжо назвала Матыльду братаваю:

- Хадзем, братавенькая, да малых.

I ўзяла Матыльду пад руку.

У маленькай бакоўцы стаялi два ложкi i памаляваны столiк. Скрозь на сцяне вiсела адзежа, i вельмi было тут цесна.

На ложку сядзела заплаканая Анэта i трымала на каленях малога хлопчыка. Большы сядзеў на другiм ложку, як стары, успёршыся локцямi на каленi i падпёршы iмi твар. Ён наморшчыў лоб, падняў вочы i глянуў на Зосю i Матыльду. Зося пагладзiла яго па галаве.

- Няхай бы ты, сынок, туды, да таты, падышоў.

I Матыльда падышла да яго:

- Можа, ты з'еў бы чаго?

У Анэты зморшчыўся твар. Зося села поплеч з ёю. Матыльда, глянуўшы на яе, сцiснула губы.

- Нешта, мусiць, нездарова, Анэта, што сядзiш тут адна?

Зося прыхiнулася блiжэй да яе i пастаралася паказаць ласкавай усмешкай шчырае спачуванне. Анэта блiжэй прыгарнула да сябе малога. Тады ўскочыла вёрткая Аўгiння:

- Дайце ж сюды сыночка, няхай жа ён да стала падыдзе. Хадзем жа да таткi.

Яна папрабавала сцягнуць з ложка большага.

- Не хачу!

- Чаму? Чаму ж ты не хочаш?

- Не чапайце яго! - жорстка сказала Анэта.

- Чаму? - шчыра здзiвiлася Аўгiння.

- Таму...

Матыльда пастаралася ўлагодзiць усiх, каб спынiць гэтакiя непаразуменнi:

- Няхай бы ты, Анэта, гасцям гарбату падала.

- Добра.

I Анэта выйшла ў кухню. Тады Аўгiння сiлком узяла пад пахi большага i падвяла пад гасцей. Варывон Вiлач паглядзеў на хлапчука:

- Расце, васпане. Расцi, расцi, гаспадаром будзеш.

Аўгiння налiла паўчаркi гарэлкi i дала малому. Той узяў i баязлiва паглядаў на ўсiх.

- Пi, сынок, пi.

Малы нясмела глянуў на айчыма Хведара, як бы баючыся, што той скажа.

- Пi, - сказаў той, нагiнаючыся да Варывона, каб зноў загаварыць пра жаробку.

Усё застолле ўпарта пацвердзiла:

- Пi, сынку.

Малы памачыў губы i скрывiўся.

- Пi, пi.

Малы пацягнуў, белымi худымi рукамi шпарка паставiў чарку назад i моцна закашляўся.

- А-а, трэба было, васпане, разам!

Малы кашляў, цёр кулакамi па твары слёзы.

- Не, жаробкi я, васпане, не дам, - адразу схiлiўся да Хведара Варывон.

- А Зося як сама захоча?

- Мы з ёю, васпане, не дзялiлiся i не сварылiся...

Анэта прынесла гарбату i ўбачыла: малы кашляў, за iм стаяла Зося i трымала на руках меншага. Аўгiння нешта тлумачыла суседу.

- Хоць бы хто адвёў яго ад стала назад. Нашто яго тут трымаць, сказала з пагардаю Анэта.

Хведар ускочыў:

- Чаго ты ўсё бурчыш? Чаго ты дзьмешся, сястрыца, на мяне! Што ты перад людзьмi мне брыдка робiш?

- Цiха, васпане.

- Бо я калi добра, дык добра, а як захаджуся, дык...

Зося занесла ў бакоўку малога i прыйшла назад, збянтэжаная.

- Мне як добра, дык добра, а не - дык я не пагляджу.

- На што ты не паглядзiш?

- На ўсё. За шыю ды з хаты, як жабу. Перад людзьмi гавару.

- Няможна, васпане.

- Каб у мяне тут у хаце!..

Анэта не даслухала, моўчкi пайшла ў бакоўку. Матыльда глянула на Хведара.

- Не крычы, Хведарка, што табе здалося...

Яна, вiдаць, трымала яго руку. Гасцям зрабiлася не па сабе.

- Пускайце, пане Варывоне, чарку.

- Я, васпане, не адказен. Здароў будзь, Хведар.

Але нiякавасць гэтак шпарка не прайшла. Зося пайшла следам за Анэтаю, а за Зосяю Хведар.

- Не варт iсцi, васпане, - зазлаваў раптам, сам не ведаючы з якой прычыны, Варывон Вiлач.

- Ты што гэта? - сказаў Хведар Анэце яшчэ здалёк.

- Вам, можа, што трэба сказаць, братавенькае, цi што...

- Ат, - з'явiлася раптам Матыльда, - што тутака лiшне браць у шух. Калi ўжо на тое пайшло, дык тут жа льга сказаць у адкрытую.

- Але, васпане.

Ён ужо стаяў у дзвярах, вялiкi, плячысты, як гара.

- Панна Анэта, васпанна.

- Я не панна i не васпанна!

- Ого!

- Я вас прашу, iдзiце вы i не чапайце вы гэтых малых! Што яны вiнаваты перад вамi цi перад кiм!

- Ого!

- Што табе не падабаецца?

Анэта закрыла рукамi твар i пайшла. Перад ёю расступiлiся ў дзвярах, далi ёй дарогу. Малыя кiнулiся за ёю:

- Куды ты, цёця!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату