струны ў Слуцку? - раптоўна абярнуўся ён да Данiеля, каб паказаць, што гаварыць-то я гавару, але i дзела не забываю. I, не чакаючы адказу, зразу загаварыў далей к грамадзе мужчын: - Гэта, бачыце, у мяне адна струна, лiха ёй, стала дрынгаць. Абы смыкам да яе дабяруся, дык усё роўна, як цвiкам па шклу. Але потым нiчога, - дадаў ён, каб яшчэ больш паказаць сваю здольнасць ва ўсякiм дзеле, - нiчога, умеючы можна зрабiць, што гладка зыдзе, як на тое i трэба. У мяне нiколi нiхто фальшы не знойдзе. - I, падмiргнуўшы ўсёй грамадзе, ён важна дадаў: - Трэба ўмець як выкруцiцца, на ўсё трэба лоўкасць.

- Як жа ты выкручваешся? - запытаў нехта ззаду.

- Я?! Як толькi дабяруся да гэтае струны, дык у той жа момант таркану нагой бубнага Фабiяна Свiнкоўскага. А ён ужо ведае, што гэта значыць, i зразу з усiх сiл як урэжа ў барабан, дык i заглушыць усё. Тады трасцу разбярэ там хто якую фальш.

- Ха-ха-ха... О гэта дык музыканты, - зарагаталi ў грамадзе.

- Музыканты! - раззлаваўся Гаронiм. - Пры чым жа тут музыканты? Тут струна вiнавата, а не музыканты. А ён - музыка-а-нты! Вунь папытай у Фабiяна.

- Ат, што гаварыць, - абазваўся бубнач хутаранскай капэлы Фабiян Свiнкоўскi, якi даўно чакаў ужо якое-небудзь прычыны, каб уставiць сваё слова. - Кажа, музыканты яму нядобрыя, а таго не ведае, што гэтыя музыканты гралi ў касцёле на хорах, як прыязджаў бiскуп.

- Уй, гралi яны ў касцёле, - зацягнуў, смеючыся, вясковы Марцiн. - Каб гэтак лiхi на свеце жыў i быў, як гэта праўда. Чуеце, браткi, што гэта ён плявузгае?

- Ат, усякi ўсё ў свой бок горне, - абазваўся нехта ззаду.

- Можа, i ты з сваiм бубнам быў на хорах, га? Фабiян! - запытаўся скрозь смех Марцiн i вызваў гэтым доўгi i моцны рогат.

Фабiян, бачачы, што ўгаварыўся, махнуў рукою i недзе згiнуў. Засмуцiлiся нават i Гаронiм з Данiелем i гэтаксама адышлiся назад. I ўся грамада стала разбiвацца на новыя кучкi.

А тым часам сталi падыходзiць вясковыя. Час ад часу паволi адчынялiся скрыпучыя дзверы i прапускалi ўсярэдзiну шэрых ад змроку людзей.

Прыйшоў чырвоны, як бурак, Тодар Грыб, у чырвонай мультановай кашулi, выпушчанай з-пад камiзэлькi, i ў суконным халаце наапашцы.

Моцна i густа сапучы з-пад сваiх велiзарных вусоў, ён некалькi хвiлiн пастаяў каля дзвярэй, разглядаючы, к якой тут лепш грамадзе прыстаць з гутаркамi, потым паволi пайшоў у самы цёмны кут, дзе Грыгор Шамяцiла, шапяляючы на гукi 'ж' i 'ц', не спяшаючы расказваў 'гiсторыю пра Бога i яго слугу - чалавека'.

- Тым часам, - цягне ён сваё нуднае апавяданне, - пазваў Бог анёла Архiстрата, ды i каза: 'Павiнен ты, анёле, зляцець на зямлю i зрабiць, каб людзям было добра зыць'. 'Пане Бозе, - каза анёл, - як за я гэта зраблю, калi людзi грэсныя?'

Апавяданне яго вяла, як бы нехаця, спаўзае з яго языка i мала будзiць цiкавасцi сярод слухачоў. Але яны слухаюць, бо любяць глядзець, як Грыгор кiваецца, пыхкае люлькаю, калупае ў ёй кiпцем i вярзе нейкую пляту, якую, напэўна, сам выдумаў i якую яны ўжо чулi ад яго тысячу разоў.

Паволi скрыпнуўшы дзвярыма, уваходзiць Хама Скрут, адзеты ў 'будзённы спiнжак'. Чухаючы ў сваёй касматай, трохi пасiвеўшай барадзе i моцна грукаючы сваiмi велiзарнымi ботамi, ён зразу iдзе к сталу, дзе некалькi кучак вядуць розныя гутаркi i спрэчкi. Хама не прапускае нiколi нiводнага сходу, бо любiць 'абстайваць праўду'. I цяпер, скора падышоўшы к сталу, ён зразу пытае: 'У чым дзела, хлопцы?' - i, не чакаючы адказу, зразу заглушае ўсiх сваiх зычным голасам.

Неўзабаве яўляецца Юзiк Сучок, вясёлы 'чудак' гадоў пад трыццаць. Ён садзiцца на пустым месце, i к яму зразу пачынаюць сцягвацца i малыя i старыя - усе, хто толькi хоча пасмяяцца ўволю.

Некалi Сучок рыхтаваўся выйсцi за дзяка, i хоць экзаменту не вытрымаў, але навучыўся многа розных 'кандакоў i пракiмнаў', якiя i любiў, каб пасмяшыць людзей, выспеўваць i расказваць на свой лад.

- А браткi-i ж мае, - крычыць ён весела, - колькi тут гэтых хутаранскiх ягомасцяў назбiралася, а гвалт!.. Вось будзе работы, - дабаўляе ён, не баючыся, што 'ягомасцi' ўсё чуюць, - як выберам шляхецкi сельсавет.

- Не ўсё роўна?! - абзываецца адзiн пакрыўджаны гэтым 'ягомасць'.

- Х-хэ, усё роўна! - адказвае Сучок. - Ты ж нiколi са мною ў адну дудку граць не будзеш, усё роўна як той дзяк з папом.

Вочы ў Сучка смяюцца; а яго слухачы падблiжаюцца к яму, знаючы, што скора гэты 'чудак' што-небудзь 'выпалiць'.

- Цягне поп 'пракiмен', - канчае Сучок, - 'у памяць вечную будзе праведнiк, ад слуха зла не ўбаiцца', а п'яны дзяк, не прыслухаўшы, паўтарае за iм: 'У памяць вечную будзе праведнiк, асла i казла не пабаiцца'.

Зразу пачынаецца рогат.

З цёмнага кутка чутна гарачая спрэчка. Спрачаюцца Грыгор Шамяцiла i Антонi Вельскi. Грыгор, брыты i сагнуты, не пакiдаючы пыхкаць люлькаю, шыпучым ад злосцi голасам крычыць:

- А я табе, Антонi, казу, што Iсус Хрыстос уваскрос у нядзелю.

- Не ў нядзелю, а ў суботу, - гэтаксама злосна адказвае Антонi старэнькi чалавечак з сiвенькаю кароценькаю бародкаю i рэдкiмi, мяккiмi валасамi на галаве.

- У нядзелю - я табе казу!..

- Ды я табе ўсю Бiблiю перагарну, - не здаецца Антонi, - там нiдзе не сказана, што ён уваскрос у нядзелю.

- Дурань ты з сваёю Бiблiяю, - гукае Грыгор.

Аблаяны Антонi абварочваецца назад i бачыць перад сабою Сучка, якi, разам з цэлаю грамадою зацiкаўленых мужчын, падышоў, каб 'развесцi дурняў'.

Растапырыўшы рукi, Антонi колькi хвiлiн стаiць моўчкi, а потым просiць Сучка:

- Такi-та ж вы, Сучок, вучоны па гэтай часцi, растлумачце гэтаму дурню, калi 'ён' уваскрос, у суботу цi ў нядзелю!..

- У чацвер, - важна адчаканьвае Сучок i вызывае доўгi, несцiхаемы рогат сярод усiх мужчын.

Апусцiўшы голавы, Грыгор i Антонi разыходзяцца.

- А мне што, - моцна i адрывiста расказвае нешта, стоячы каля сцяны, Тодар Грыб.

- Маё дзела такое - дзень ды ноч, i суткi ўпроч. Бяры, кажу, крывулю ды бi ў рыла!..

Некалькi зацiкаўленых мужчын цiха слухаюць.

Нек зразу, неўзаметку, Тодар пераходзiць на палiтыку. Тады каля яго пачынае збiрацца вялiкi гурт. Тодар гаворыць спакойна - расказвае, але неўзабаве падыходзiць другi, не менш заядлы 'палiтык', Хама Скрут, i пачынаецца гарачая спрэчка: Хама лiчыць сябе лепшым палiтыкам i стараецца 'падсячы' Тодара.

- Вы думаеце, браткi, гэтак i будзе, - моцна i адрывiста гаворыць Тодар, - вось пагледзiцё, як вясною заварушацца. Будзе вайна. Вось пабачыце. Усё роўна спакою i парадку не будзе.

- Гэта ў цябе ў галаве няма спакою i парадку, - перабiвае яго Хама, чудзiла ты. Падумай сам, якая тут можа быць вайна: Францыя i Англiя думаюць сабе - ат, як спакойна, то i добра. Сядзем сабе цiха, бо як заварушымся, дык як паднiмуцца!.. Ты думаеш, не паднiмуцца?..

- Хто гэта? - пытае Тодар.

- А камунiсты тамашнiя; ты думаеш, там мала камунiстаў?

Тодар гладзiць пальцам па лбу i думае, што б тут сказаць.

- Дык вось, - кажа ён, пачакаўшы, - калi так многа камунiстых, дык тыя яшчэ скарэй заварушацца, каб змясiць iх.

- Ну, - сярдзiта цягне Хама, - недаждалi яны яшчэ iх змясiць.

- А ты думаеш, я вельмi чакаю, каб яны iх змясiлi, - апраўдваецца Тодар, - я зусiм гэтага не хачу... Я толькi кажу, што як нi круцi - вясною ўсё роўна нешта будзе.

- Што?

- Што-небудзь!

- Ат, ты ўсё роўна нiбы там быў i ўсё бачыў. Францыя i Англiя не такiя дурнi, як табе здаецца. Чаго яны маюць лезцi на ражон?

Тодар пачынае ўжо путацца, ён нiяк не можа зразумець, цi ёсць якая-небудзь карысць 'варушыцца'

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×