хваробай. Ёй, безумоўна, трэба было дастаткова ўвайсцi ў лячэнне, а яна абмежавалася толькi тым, што паставiла банькi i напiсала рэцэпт. I нi разу не зайшла праверыць змагаючагася з захворваннем арганiзма... I яшчэ трэба дадаць, што гэтая асоба рэлiгiйная, што не можа быць у адпаведнасцi са званнем савецкага ўрача, як то: гэтая асоба, нягледзячы, што ў свой час выключалася з рабфака як дачка кулака i спекулянта цялятамi, павiнна была iзулеч для сябе ўрокi, якiх не iзулекла, паколькi гаварыла чалавеку, у якога спынiлася, што ёй прыемна было пабываць на могiльнiку каля трухлявай царкоўнай сцяны. Гэта яна матывавала тым, што на яе ўсплывалi ўспамiны маленства, калi яна каля гэтай сцяны гуляла ў малыя гады з дзецьмi. Але тут падаплёка ўпаўне ачавiдна...'
Дзядзюля раптам задумаўся: куды ж паслаць гэтую заяву? Невядома, адкуль яна сюды прыехала?
Зусiм паправiўшыся, Дзядзюля iшоў на працу. Зазiрнуўшы на могiльнiк, ён убачыў дзве акуратна абкладзеныя дзярном магiлы Вольчыных бацькоў. Магiлы былi абгароджаны новымi балясамi. 'Недзе ж такi дастала цвiкоў', - падумаў Дзядзюля. Удзень зайшоў у кааперацыю былы сусед Вольчыных бацькоў.
- Паехала? - запытаў Дзядзюля.
- Паехала, - адказаў чалавек. - Але ненадоўга. Ёй тут вельмi спадабалася, а ў раёне якраз не хапае аднаго доктара. Казала, што будзе прасiць, каб яе сюды назначылi.
'Вось цяпер i вядома, куды пасылаць заяву, - падумаў Дзядзюля. Раённым органам'.
У тыя самыя днi Волька пiсала сваёй сяброўцы:
'...Тысячы момантаў з майго маленства паўсталi перада мной як жывыя. Я пазнавала дрэвы, каменнi, узгоркi... Я прывяла да парадку магiлы бацькоў i доўга хадзiла па родных дарогах. Тут усё так блiзка i знаёма майму сэрцу. Я шаную тое, што было ў маёй душы з маленства i люблю сучаснае. Тут мне будзе весела i радасна працаваць. Сярод тых людзей, якiх я ведала заўсёды, i тым цiкавей мне цяпер бачыць iх у сапраўдным чалавечым жыццi...
Не абышлося i без непрыемных успамiнаў. Я дазналася, праз каго я тады гэтулькi перацярпела знявагi i крыўды. Але гэты прыкры эпiзод увесь у мiнулым: не перашкодзiў жа ён мне скончыць iнстытут. Я гэтага чалавека лячыла. Як мне было агiдна дакранацца да яго рукамi. Я хацела толькi аднаго: каб ён хутчэй паправiўся i каб больш не лячыць мне яго. Прыйшоўшы дадому, я доўга мыла рукi i думала: зусiм можа быць, што ён зноў пачне займацца падобным шальмоўствам. Нашто? Так сабе, з ласкi на пацеху... Адным словам чорт з iм...
Пасля сапраўднага асенняга дажджу зноў стаiць яснае надвор'е i яшчэ цвiтуць познiя кветкi...'
1938
Каментары
Друкуецца па часопiсе 'Полымя рэвалюцыi', 1938, кнiга 5-я, дзе апублiкавана ўпершыню. Дата напiсання пад тэкстам адсутнiчае.