яна мужа, як загiнуў Лютавiт. Гэтае ашуканства суцяшала яе. Сны, якiя рэдка дарылi ёй сустрэчу з сынам, толькi замацоўвалi яе падман. Час адбiраў у памяцi рысы сынавага твару, i голасу яго ўжо не памятала, i боль страты сцiхаў, слабеў.

I вось праводзiць яна на сечу мужа i двух сыноў, i сэрца прадчувае бяду.

Апошнi вой схаваўся за даляглядам. Адчулi тыя, хто застаўся чакаць, нiбыта асiрацелi яны, i нагадалi выпадак з каршуном i белай галубкай - бяду павяшчае.

* * *

Дзiця сваiх пачуццяў, як хутка знайшла яна радасць у яго ласках i як у адчаi яна абдымала яго, калi яны развiтвалiся, нiбыта не жадала адпусцiць яго. 'Ты пакiдаеш мяне?' Ён марыў, каб не скончылася гэтае iмгненне iх шчасця. Але ночы мiнуў час. I цяпер, хiстаючыся ў сядле, княжыч успамiнаў iх сустрэчу. Сядзелi ў адным з пакояў гаспадарскай пабудовы. Уразiлi яе словы.

- Я радуюся шчасцю жыць, - казала Бажэна. - I хай будзе боль i няўдача, але ёсць i каханне.

Чакаў, што Бажэна прызнаецца, што ён любы ёй. Але дзяўчына змоўкла. Сядзела на невялiчкай лаве каля сцяны i паглядала на трапяткi язычок свечкi. Маўчаў i ён, а пасля падняўся, падышоў да Бажэны i апусцiўся каля яе на каленi, паклаў рукi на яе ногi. Праз iльняную сарочку адчуваў мякка-пруткую пяшчоту яе сцёгнаў. Яе частае дыханне абпальвала ягоны твар. Розум паддаўся неадольнай сiле, якая вабiла яго да дзяўчыны. I ён хацеў цалаваць дзяўчыну ў прыемным пачуццi ўлады над ёю. А Бажэна смялася: 'Хочаш патрымацца за нагу, дык патрымайся'. Ён гладзiў яе ногi. 'Ну, можаш патрымацца i тут, - смяялася дзяўчына. - Патрымаўся, i хопiць'.

Сваёй насмешлiвасцю яна прынiжала яго самалюбства. Яна смяялася з яго.

Падняўся з калень i вярнуўся на сваё месца, сеў на лаву каля дзвярэй. Яшчэ гарачая кроў бегла па жылах, але да яго вярнуўся розум. Не стане прынiжацца перад ёй. Трэба было развiтацца. 'Iдзi да мяне', - раптам папрасiла Бажэна. А ён сядзеў на месцы. Хай цяпер яна прынiзiцца перад iм. 'Нiкога не прасiла, а цябе прашу', - казала дзяўчына. I ён падышоў да яе. Не чакаў, але дзяўчына ступiла насустрач i прытулiлася да яго. Яе пальцы трапяткой хваляй прабеглi па яго валасах. Ап'янелы ад блiзкасцi дзяўчыны, ён прыпаў да дзявочых вуснаў i абняў яе за плечы. З неспатоленай прагай яны цалавалi адно аднаго. Ад удзячнасцi, ад пакутлiвай асалоды дзявочых пацалункаў, ад той памыснасцi, якiя перажываў, ён багавеў перад дзяўчынай i пяшчотна цалаваў яе твар i шыю, гладзiў валасы.

'Ну што ты? Ну што ты? - шаптала Бажэна. - Распранi мяне'. I ў знак поўнай пакорлiвасцi сама разула яго - прызнала сваiм мужам i спадаром. I ён быў шчаслiвы.

* * *

Панурыя твары, у позiрках вачэй адно - цi хутка прывал. Марудна па вузкай лясной дарозе паўзло войска князя русаў Яраслава. Маўчалi трубы i барабаны, не луналi сцягi, не чулася бадзёрых галасоў, толькi бязладны цяжкi тупат тысяч ног, цоканне конскiх капытоў, бразганне зброi i даспехаў, iржанне коней разносiлiся па лесе. Некалькi дзён таму пад вясёлы дроб барабанаў i спеў труб пакiдала раць руская Пiнск. Гарачылiся пад вершнiкамi конi, смяялiся воi. I, гледзячы на сваё войска, верыў Яраслаў, што не ўстояць перад iм лiцьвiны.

А цяпер ён i сам стамiўся ад гэтага нялёгкага паходу. Пасля дажджоў размыла дарогу, i ўсе сiлы забiрала слота. На пераправах праз рэчкi гiнулi людзi i конi. Пацягнулася глухая пушча. Высокiя дрэвы абступалi шлях, якi пракладвалi сякерамi ваяры. Сустракалiся густа парослыя зялёным мохам вялiкiя ствалы зваленых на зямлю дрэў. Гэтыя лясныя нетры, дзе скляпенне галiн хавала ад вачэй свет божы, пужалi вояў. Часта з гушчару ляцелi лiцьвiнскiя стрэлы. Наканечнiкi сваiх стрэл лiцьвiны змазвалi атрутай. I не паспявалi ваяры разрэзаць нажамi рану ў параненага таварыша i выцiснуць атруту, як ён памiраў.. Проста ў лесе i хавалi забiтых. Крыжы на iх магiлах адзначалi шлях войска русаў.

I чым далей забiралiся ваяры ў пушчу i высокiя сцены дрэваў бралi iх у палон, адгароджваючы ад астатняга свету, тым болей расло пачуццё трывогi i невядомасцi. То там то сям у неба падымалiся слупы дыму ад сiгнальных вогнiшчаў лiцьвiнаў. Нядоўгiя прывалы на якой-небудзь палянцы або ў сяле, якое пакiнулi жыхары, толькi расслаблялi вояў. Ноччу разбiвалi стан, выстаўлялi варту. Так iшлi яны на Лiтву.

Не вылучаўся сярод вояў князь Яраслаў. Нi золата, нi ўпрыгожанняў багатых, нi вопраткi князевай не надзеў ён. Такая ж простая кальчуга, як i ў вояў, наклады на нагах. Толькi востраканечны шлем з залатым крыжам вызначалi ў iм вялiкага князя рускага. Ехаў Яраслаў на канi ў сярэдзiне войска, акружаны грыдзямi. Без ахвоты выправiўся князь у гэты паход. Дапяклi папы сваiмi напамiнамi, што на межах яго княства жывуць паганцы i бягуць да iх тыя, хто не прыняў Хрыста. I вораг хрысцiянства сее плевелы сярод дарагiх расткоў божай веры. Хрыстос дакрануўся мiласцю духа свайго сэрца Яраслава, ўладара зямлi Рускай, каб забяспечыў ён межы хрысцiянскiя ад ворагаў паганцаў. Ну што ж, вось ён агнём выпалiць плевелы. Добра было б сядзець у сваiх харомах у стольным Кiеве, радавацца пражытым дням, няньчыцца з унукамi. Не такiя яго гады, каб выпраўляцца ў гэтую глуш супраць паганцаў. Як стамiўся ён разбiраць звадкi князёў, уцiхамiрваць iх свавольствы зброяй, забiваць сабе галаву думкамi пра ўстроi зямельныя, падладжвацца пад чыннасць падначаленых i, як скарамошку, iграць дабротлiвага i людалюбнага валадара, слухаць баярскiя глупствы на радах, лiслiвiць перад хiтрымi папамi - i гэта называецца кiраваць дзяржавай. Як стамiўся ён баяцца. У дзяцiнстве баяўся бацькi - князя Ўладзiмiра. Чужым i пагрозлiвым быў для Яраслава бацька. Нячаста прыязджаў ён у Лыбедзь, сяло пад Кiевам, дзе жыла яго жонка Рагнеда з дзецьмi. Цяжка сядаў на лаву, расставiўшы ногi, чырвонымi ад п'янак вачыма тупа глядзеў перад сабой i, здавалася, не заўважаў iх, сваiх дзяцей. А яны палахлiва падыходзiлi да яго. Нiколi бацька не прылашчыў нiкога з iх, i нiхто з iх так i не асмелiўся ўскараскацца яму на каленi, прытулiцца да грудзей. Яго змрочны твар, халодныя вочы i суровы голас пужалi iх. I пасля, калi бацька саслаў з Кiева Рагнеду за тое, што яна, помсцячы за свае прынiжэннi, ледзь не перарэзала яму, соннаму, горла, баяўся Яраслаў сваёй адзiноты. Не было яму да каго прытулiцца, знайсцi ласку i спагаду. Ноччу адзiн хаваўся з галавою пад коўдру, каб хоць неяк пазбавiцца жаху перад начной цемрай. Мацi ўжо не супакоiць яго. Баяўся ён рашучых ноўгарадскiх баяр, якiя, нiбыта тацi, падступiлiся да яго i патрабавалi не плацiць данiну Кiеву. Баяўся аславiцца баязлiвым. I было боязна бацькавага гневу, немiнучай вайны з Уладзiмiрам. А калi бацька пачаў збiраць супраць яго дружыну i ўжо масцiў масты i гацi, - малiў Бога, каб пазбегнуць вайны з Кiевам. Нечаканая смерць бацькi не прынесла яму палёгкi - трэба было ваяваць з братамi Барысам i Глебам. Баяўся, што стане вядома, што па яго загаду загiнулi яны ад рукi варагаў. Ды i загад не даваў; як Пiлат, умыў рукi, калi варажскi важар Эймунд папытаўся: 'Але як жа быць, валадар, калi мы дабяромся да конунга Барыса, - забiць яго цi не?' - 'Не стану я нi заклiкаць людзей да бою з Барысам-князем, нi вiнавацiць, калi ён будзе забiты'. А калi Эймунд прынёс яму Барысаву галаву, хацелася схавацца ад пранiклiвых варагаў, каб не бачылi яны, як да кончыкаў вушэй ён пачырванеў, - што мовiць iм, не ведаў. I ад страху, што пракляне яго царква, звалiў усё вiну на тураўскага князя Святаполка, маўляў, ён, акаянны, успрыняў думку Каiнаву, каб перабiць усiх братоў i валодаць Рускай зямлёй. I не саромеўся перад дружыннiкамi заяўляць: 'Не я пачаў забiваць братоў, а Святаполк, няхай будзе Бог мсцiўцам за кроў братоў маiх, бо без вiны пралiтая праведная кроў Барыса i Глеба. Вiдаць, i са мной тое самае зробiць? Судзi мяне, госпадзi, па праўдзе, няхай сунiмецца зладзейства грэшнага'. Бога не баяўся, калi манiў, бо баяўся Свята полкавай перамогi над сабой i адказу за сваё злачынства. I, як заяц, уцякаў ад Святаполка, калi ў сечы на Бузе засталiся ад яго войска толькi чатыры чалавекi. Нават у Ноўгарадзе не апамятаўся, баяўся, што тураўскi князь заявiцца сюды, i ўжо за мора плыць сабраўся, як пасаднiк з ноўгарадцамi рассек ладдзi: 'Хочам яшчэ бiцца са Святаполкам'. Са страху i перамог Святаполка, i стаў кiеўскiм князем. Вяршыня ўлады не пазбавiла яго боязi. Баяўся страцiць вялiкакняжацкi пасад i кiнуў у паруб малодшага брата Судзiвоя, дагэтуль гноiць яго; баяўся свавольных варагаў, якiя патрабавалi плату за службу, i прагнаў iх; баяўся, што не любы дружыне, бо на пiрах для яе нi моцнага пiцця, нi ядзення смачнага, нi ўслад, нi гусельных спеваў, нi плясаў не дазваляў, бо баяўся папоў, якiя пра даўнюю вiну яго ведалi, таму патрабавалi ад яго чыннасцi хрысцiянскай i не ладзiць у харомах сваiх пiцця 'бесов возвеселительной чаши', каб не было свар i лаяння сярод хрысцiянскiх вояў, каб не тварылi яны сабе п'яных шляхоў, якiя вядуць на пагубу. Як праклён, боязь валодала iм. Ён хiтрыў, асцярожнiчаў, гатоў быў саступiць, абы не рызыкаваць... i пра славiўся мудрым. Толькi без парады сваёй жонкi Iнгiгерды не прымаў нiводнага важнага рашэння. Не так слушнымi былi яе парады, як падпарадкоўваўся ён жаночай рашучасцi i забываўся на сумненнi свае i страхi. I каб выкупiць жонку, калi яна трапiла ў палон да полацкага князя Брачыслава, ён саступiў Полацкаму княству Оршу i Ўсвяты.

I цяпер Яраслаў баяўся, што лiцьвiны, як два гады таму яцвягi, дадуць яму адпор i, градаў iх так i не ўзяўшы, давядзецца вяртацца нi з чым назад.

* * *

Вось ён, вораг, - на адлегласцi трох палётаў стралы - лiцьвiны патрасалi зброяй. У баявых iх крыках гучала радасць будучай перамогi. На полi

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату