каля града Ўслонiма сустрэлiся дзве рацi.

- Надышоў час нашай славы. Мы, нiбыта новыя Макавеi, пашыраем межы хрысцiянскага свету. Недруг роду чалавечага, вораг веры - д'ябал - чынiць розныя перашкоды i, пранiкнуўшы ў сэрцы лiцьвiнаў, штурхае iх да мяцяжу на загубу веры i хрысцiян. Хай наш востры меч знiштожыць плоць паганскую, - так казаў Яраслаў перад сечай. Цяпер ён быў адзеты ў панцыр з пазалочаных пласцiн, на галаве шлем з чырвоным ялаўцом. На белым канi ў абабiтым залатымi клёпкамi сядле сядзеў перад рускiм воiнствам Яраслаў i заклiкаў яго да бiтвы.

Думалi русы, што лiцьвiны бясчэсны бег учыняць. Доўгiмi шэрагамi стаялi яны наперадзе ў хрысцiянскага войска - д'ябал штурхаў iх на бой супраць хрысцiян.

Апошнiя хвiлiны перад сечай. Навостраны мячы, нацягнуты цяцiвы, пастроены дружыны. Апошнiя хвiлiны, а там бiтва, там патрэбна будзе адвага i цвёрдая рука, нянавiсць да ворага.

Жывiнбуд са сваёй дружынай стаяў на левым краi саюзнага войска. Побач з бацькам на конях сядзелi сыны: Волак i Вышак. Волак, прыклаўшы да лба далонь, пазiраў на невялiчкую стайку галубоў, што лётала ў небе над полем будучай сечы.

У гэты час у рускiм войску зайгралi свiрэлi i загрукаталi барабаны. З шэрагаў вояў выехаў на гнядым канi вiцязь у кальчузе з мячом у руцэ, пагнаў каня на сярэдзiну поля. Храбры рус прагнуў ветшбы вiцязевай i выклiкаў на паядынак вiцязяў з лiцьвiнскага войска, каб пачаць з iм сечу.

Вось падышоў доўгачаканы час, калi споўняцца яго юнацкiя мары пра подзвiг i славу. Воўк выняў з похваў меч i пацалаваў яго жалезнае лязо, губамi адчуваючы жалабок для сцёку крывi.

- Князь, я гатовы.

Жывiнбуд паклаў на плячо сыну руку. Блiзка перад сабой убачыў ён рашучыя вочы сына. Не, яго ўжо не спынiш, не адгаворыш.

- Беражы сябе, - толькi i мовiў у адказ Жывiнбуд.

Два вершнiкi скакалi насустрач адзiн аднаму, сцiскалi ў руках апушчаныя ўнiз мячы. Тысячы вачэй напружана глядзелi на iх. А ў небе высока кружлялi галубы, i нiхто iх не бачыў. Не бачыў i Воўк. Наблiжаўся да яго рускi вiцязь. Зiхацелi на iм браня i шлем. Усё блiжэй i блiжэй ён. Можна разгледзець скамянелы твар i сцiснутыя вусны.

Вершнiкi праскакалi адзiн каля аднаго, ледзь не ўдарылiся страмёнамi. Жалеза мячоў, якiя сустрэлiся ў паветры, пырснула iскрамi. I зноў два чалавекi пагналi сваiх коней адзiн на аднаго. Рус асадзiў каня i, прыўстаўшы ў страмёнах, падняў меч над сабой. Воўк паспеў падставiць пад удар абцягнуты валовай шкурай шчыт i тут жа ў адказ сам апусцiў меч на шчыт свайго працiўнiка.

Доўга секлiся памiж сабою яны. Рыкалi конi, хапалi адзiн аднаго зубамi. Немыя крыкi вырывалiся з глотак людзей, пот цурчэў па iх тварах. Перамога чакала таго, хто захавае болей сiл, хто выматае свайго ворага, каб нанесцi яму смяротны ўдар. Звiнелi мячы. Дзве рацi назiралi на гэты паядынак. I тая i другая чакала перамогi свайго вiцязя. Прыўзняўшыся ў страмёнах, Воўк узмахнуў мячом. Усю сваю злосць i адчай уклаў ён у гэты ўдар. Меч маланкай мiльгануў у паветры. Рус выкiнуў наперад шчыт. Пад ударам мяча драўляны шчыт разляцеўся. Адзiн з кавалкаў балюча стукнуў па галаве каня рускага воя. Ад болю жывёла не паслухалася паводдзяў, iрванулася наперад. I Воўк паспеў нанесцi другi ўдар на гэты раз па абцягнутым скурай драўляным шлеме руса. Вой адразу абмяк, выпусцiў з рукi меч. З-пад шлема тоненькiм струменьчыкам пацякла на твар кроў. Рус павалiўся грудзьмi на луку сядла.

Радасны клiч пракацiўся па шэрагах лiцьвiнскага войска. Воўк павярнуў свайго каня i паскакаў да сваiх.

* * *

I пачалася крывавая сеча. Тысячы людзей з баявымi крыкамi, выхапiўшы зброю, рынулiся насустрач адзiн аднаму. Зямля гудзела ад конскiх капытоў i тупату людскiх ног. Наперадзе рускага войска высокiя конi неслi на сваiх спiнах закутых у кальчугi вершнiкаў, доўгiя дзiды ў iх руках упiралiся ў лукi сёдлаў. Здавалася, адным ударам разаб'юць русы лiцьвiнаў, што скакалi насустрач iм на лясных конях. Нямала лiцьвiнаў наляцела на вострыя дзiды русаў: выбiтыя з сёдлаў, падалi пад конскiя капыты. Пачалася малацьба на смяротным полi. Смерць касiла людскiя жыццi. Лiцьвiны не вытрымалi цiску русаў i павярнулi сваiх коней. Русы ўслед за ўцекачамi дасягнулi лiцьвiнскага стану. I тут са сховiшчаў, з-за дрэў, хмызняку выскачыла некалькi соцень пешых вояў. Рослыя, моцныя, апранутыя ў звярыныя шкуры, лiцьвiны малацiлi мачугамi i сякерамi ворага. Сцягвалi вершнiкаў з коней i дабiвалi на зямлi.

А на левым краi лiцьвiнскага войска князь Жывiнбуд чакаў часу весцi сваю дружыну ў бой. Ён сядзеў на канi, якога за вуздэчку трымаў грыдзi, i, прыжмурыўшы вочы, напружана назiраў, што адбывалася на полi сечы. Нiбыта гуляў са смерцю князь - вакол гудзелi стрэлы, а ён не зважаў на iх.

А калi павёў Жывiнбуд ваяроў у бой, дык не шкадаваў сябе - бiўся з ворагам у першым шэрагу. У запале не адчуваў стомы. Меч маланкай мiльгаў у яго руцэ. А побач змагалiся з ворагам яго сыны Вышак i Воўк. Колькi ўжо доўжыцца гэтая бiтва? Хвiлiна - як вечнасць. Рука стамiлася ад напружання, i за кожным разам цяжэў меч. Пот залiваў вочы. А вораг насядаў, i толькi роспач i злосць надавалi сiлы. Трэба было змагацца, i яны змагалiся.

* * *

З васьмю вершнiкамi вырваўся князь Жывiнбуд з сечы. Уцекачы гналi коней па глухiх лясных сцежках. I толькi калi конi стамлялiся i з разарваных цуглямi пыс падалi шматкi чырвонай пены, воi спынялiся на кароткi адпачынак. I зноў у шлях. На ноч спынiлiся ў лесе. Высокiя хваiны, здавалася, надзейна хавалi iх ад ворага.

Жывiнбуд сядзеў на сядле каля вогнiшча. Не пазнаць было князя. На змарнелым твары глыбей запалi зморшчыны; памiж густымi бровамi пралягла пакутлiвая складка, куточкi вуснаў апусцiлiся ўнiз. Маўчаў Жывiнбуд, паглядаў на полымя. Вось ён ганебна ўцякае, заблытвае сляды. Дружына яго склала галовы на крывавым малацьбiшчы, а ён жывы-здаровы. Як паказацца яму на вочы свайму народу? Доўга не мог заснуць князь. Ляжаў на лапнiку каля вогнiшча i ўсё думаў пра бiтву i пра новыя бiтвы з русамi. Трывожна было на душы ў Жывiнбуда. Ужо даўно заснулi знясiленыя за нялёгкi дзень ваяры, толькi вартавы сцярог iх сон. З патрэскваннем гарэлi ў вогнiшчы дровы. Пырхалi прывязаныя да дрэваў конi. Князь пачуў нечыя асцярожныя крокi, нехта падышоў да яго. Жывiнбуд расплюшчыў вочы. У цемры вiднелiся абрысы схiленага над iм чалавека.

- Што здарылася? - спытаў князь.

Шырокая далонь зацiснула Жывiнбуду рот, i ў той жа момант ён адчуў пад сэрцам пякучы боль ад уколу нечым вострым.

Прачнуўся Воўк ад таго, што нехта трос яго за плячо. Расплюшчыў вочы. Ужо развiднела. Першыя промнi сонца праз прасветы мiж галiн падалi на зямлю.

- Княжа, - схiлiўся над iм Гвай.

Па яго ўстрывожаным твары здагадаўся, што нешта здарылася.

- Лiха, - мовiў дзядзька.

- Што? - падняўся Воўк i знерухомеў, не верачы сваiм вачам.

Васковы твар бацькi, безжыццёвыя шкляныя вочы, нерухомыя сцятыя вусны адразу зразумеў: бацька нежывы.

- Та-та! - закрычаў Воўк i апусцiўся на каленi перад Жывiнбудам. Душа, сэрца, розум - усё ў Воўку супрацiўлялася прызнаць гэтую горкую праўду. На iмгненне здалося, што ўсё адбываецца ў сне, - такiм чужым выглядаў гэты падобны на яго бацьку нежывы чалавек. Але гэта быў бацька. I гэта быў не сон. Холад бацькоўскiх рук, да якiх Волак дакранаўся, забраў у яго апошнюю надзею. Як жа так? Яшчэ ўчора... а вось сёння...

Навошта ў такi нялёгкi момант пакiнуў яго?

Адчуў, як набягае на вочы сляза.

Убаку моўчкi стаялi ваяры.

- Трэба зiрнуць тулава, - апусцiўся побач з Воўкам Гвай. - Заплюшчы вочы, каб не ўгледзеў жывых.

Воўк дакрануўся пальцамi да павек i закрыў бацькавы вочы.

- Княжа, - паказаў Гвай пальцам на сiнявата-чырвоную кропку пад левым смочкам. - Не Марэна чорнай ноччу ўсыпiла Жывiнбуда. Унавiлi яго.

- Як? - вырвалася ў Воўка.

- Гэта макавае зерне пад сэрцам у князя - след iголкi. Князя ўнавiлi.

Здавалася, што Воўк з цяжкасцю разумеў тое, што пачуў, утарапела паглядаў перад сабой i маўчаў. Нiбыта задыхаўся, высока падымалiся яго грудзi, ён з шумам дыхаў. Гвай чакаў адказу. Нарэшце Воўк няўпэўнена прагаварыў:

- Калi ўнаўцу не знойдзем, дык падумаюць на мяне - пасля бацькавай смерцi я адзiны яго спадкаемца.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату