- А наш ты бацюшка-князь, а наш раднюсенькi! Ды перапрасi ты князя, што памiж вамi была нязгода ды нараканне, а цяпер адзiн другому даруйце, бо вы, бывала, адзiн на другога ваўком глядзелi, а цяпер ужо няма за што гневацца.
Чакальна пазiралi людзi на Завейку. Што ж ён? Князь хвiлiну-другую нiбыта раздумваў, маўчаў, паглыбiўшыся ў сябе, а пасля павольна злез з каня, апусцiўся на каленi i, узяўшы трохi зямлi, патрос яе рукамi.
- Няхай табе Вялес дасць вырай! - прамовiў ён.
Услед за князем пакiнулi сёдлы i яго воi, сталi на каленi i, трымаючы ў руках зямлю, паўтарылi:
- Няхай табе Вялес дасць вырай!
I вось прыйшлi да жэглiшча. Высокi шчыльны плот, збiты з яловых бярвёнаў, - крада вогненная - агароджваў уладанне змрочнай Марэны. Перад брамай старцы спынiлi коней.
А людзi развiтвалiся са сваiм князем. Падыходзiлi да саней, на якiх ляжаў нябожчык, бралi з рук Воўка развiтальную чару з мёдам i, выпiўшы яе, прасiлi Жывiнбудаву душу, каб яна малiла багоў спрыяць iм. Плакалi жанчыны. Маўчалi мужчыны. Вось выпраглi з саней коней, i старцы павялi iх за краду вогненную. Воi паднялi на рукi нябожчыка i панеслi яго да жэглiшча. Загаласiлi на ўсю галаву плакальшчыцы:
- Ой, на каго ты пакiдаеш нас, бацюшка раднюсенькi!
Пайшлi да жэглiшча Лаўса, Воўк i Вышак. Нябожчыка паклалi на папону, якая ўсцiлала зверху жэглiшча, усыпанае лапкамi ядлоўцу, дым якога лiчыўся свяшчэнным. Конскае сядло стала падушкай Жывiнбуду. Ля галавы яго Знiч утыркнуў кап'ё. На яго пасадзiлi сокала i прывязалi ручнiкамi коней. Каля кап'я воi паклалi князеву зброю: шчыт, меч, лук i калчан з сямю стрэламi. З левага боку старцы паклалi нябожчыку мядзведжыя i рысiныя кiпцюры, каб яго душа магла ўзабрацца на высоку гару ў Вялесавай краiне, дзе жылi дзяды. З правага боку паклалi гладыш з мёдам - пачаставаць дзядоў, у рукi - два кавалкi сырога мяса - задобрыць вартаўнiкоў брамы бессмяротнасцi сабак Стаўра i Гаўра. Наперад выступiў Знiч.
- О вялiкi наш бог, Вялес, - падняў рукi ўгору святар, - просiм цябе, каб ты нi ў чым не замiнаў князю Жывiнбуду i бесперашкодна дазволiў яму адысцi ў тваю краiну шчаслiвых i праведных душ, куды яшчэ раней адышлi яго дзяды. Пашлi да яго водцу душ Наваця, каб князь мог лёгка прайсцi доўгi шлях.
За крадай воi ўдарылi мячамi, абухамi сякер i булавамi ў шчыты, каб пачуў iх Вялес i адчынiў браму ў вырай. I засталося самае цяжкае. Спачатку жрыца Яга кiнула нежывую курыцу ў ногi нябожчыка. I там, на нябёсах, як тут, на зямлi, у новы дом бяруць курыцу - сiмвал наваселля. Каб князева душа задавальняла сябе паляваннем, воi паўрозамi задушылi двух хортаў i сокала. Смяротная захлыска абвiла i шыi коней. Жывёлы хрыпелi, паднiмалiся на дыбкi, але моцныя рукi вояў не задрыжалi. Адзiн за адным конi павалiлiся каля жэглiшча.
- Дзяды, прымiце да сябе душу майго бацькi i жывiце з ёй добра, - прамовiў Воўк, абышоў жэглiшча i не азiраючыся накiраваўся да брамы вогненнай крады. Услед за князем адправiлiся i астатнiя. Iх сустрэла старая, якая трымала ў гаршчочку вугалi. Отрак са срэбнага рукамыйнiка палiў на вугалi ваду. Гэтай вадой кожны, хто вяртаўся да людзей з уладанняў Марэны, апаласнуў рукi i твар - ачысцiў сябе ад смерцi. Пасля бралi ў рукi з гаршчочка вугалёк i кiдалi яго праз галаву.
А ў нябёсы падымаўся дым. Агонь усё больш ахоплiваў жэглiшча. Успыхнула, падпаленая адразу ў некалькiх месцах, вогненная крада - адгарадзiла агнём жывых ад нябожчыкаў. Вакол крады скакалi на конях воi, размахвалi ў паветры мячамi i сякерамi, стралялi з лукаў - праганялi злых духаў, каб не схапiлi яны душы тых, хто адправiўся ў вырай, i не зацягнулi iх у пекла.
- Гэй, гець-ць, уцякайце, пекальнiкi! - крычалi ваяры.
Вось i застаўся ён без бацькi. Не хочацца i вяртацца ў апусцелы бацькоўскi дом. Воўк глядзеў на вогненную сцяну крады, на густы дым, што падымаўся з жэглiшча ў неба, i адчуваў сябе разбiтым. Думкi пра заўтрашнi дзень пужалi яго. Добра хоць на iмгненне забыцца пра ўсе клопаты, пра сваю бяду, каб адпачыць i сабрацца з сiламi. Як падарунак долi ўспрыняў ён прыезд Бажэны. Не ласкi яе прагнуў, а спачування, нават шкадобы да яго - яна дапамагла б яму перажыць гэтыя першыя днi, калi так балюча адчуваюцца адзiнота i пустата пакiнутага бацькам роднага дома.
Радасныя крыкi раздалiся сярод людзей. Падзьмуў вецер - закалыхалася, успыхнула ярчэй полымя. Значыць, водца душ Наваць прыляцеў сюды, каб суправаджаць душы ў iх новы дом. Шчаслiвай iм дарогi. Хоць такой маленькай радасцю людзi прагналi ад сябе змрочны дух смерцi. Жываносная сiла жыцця прабiвалася ў iх душах праз жалобу i смутак.
Тым часам княжацкiя слугi рассцiлалi на траве белыя палотны i ставiлi на iх у глiняных гаршках i мiсах ядзь: бабы i гарох, звараныя ў мядовай сыце, пiрагi з запечаным ментузом, смажаную ялавiчыну, жараныя карпы i язi, зярнiстую iкру, асятроў i многа iншай ядзi. Воўк не квапiўся на страву. Хай людзi ад душы памянуць яго бацьку.
Неўзабаве згарэла драўлянае падонне i жэглiшча з шумам апусцiлася ў яму, вырытую пад iм. Сноп iскраў узляцеў у неба. Пасля таго як агонь паглынуў жэглiшча i ад яго засталiся адны вуглi, як i ад крады, Воўк запрасiў усiх да стравы:
- Людзi мiлыя, памянём тых, хто пакiнуў нас сёння. I вас, святыя дзяды, запрашаю за пачэсны стол.
Прысутныя падышлi да накрытага 'пачэснага стала' - мужчыны па адзiн бок, жанчыны па другi. Пасярэдзiне 'пачэснага стала' стаялi асобна чары, напоўненыя мёдам, i мiсы з яддзю - для душаў. Чакалi, пакуль душы не прыляцяць на запрашэнне. Жрыцы Яге завязалi ручнiком вочы. Яна доўга маўчала, а пасля ўскрыкнула:
- Прыйшлi дзяды i дзякуюць нам за хлеб i соль.
Волак пакаштаваў куццю i перадаў гаршчок Завейку, якi стаяў побач.
Адзiн аднаму людзi перадавалi памiнальную куццю.
Тры лыжкi елi i казалi:
- Няхай яны спачываюць на нябёсах, а нам хлеба-солi засылаюць, каб нам самiм было што спажываць i iх праведныя душы памiнаць. Каб iм так добра было на тым свеце, як яны на гэтым былi добрыя да нас.
Дома Воўк абышоў усе пакоi, усе будынкi на двары, зайшоў на стайню, у хлеў i ўсюды абвяшчаў: 'Былы ваш гаспадар адляцеў у той свет. Я цяпер новы ўладар ваш'.
А праз два днi Воўк пакiнуў бацькоўскi дом. Сiлы абараняць град у князя не было. Вось i падаўся ён на чале сваёй невялiчкай дружыны ў занёманскiя пушчы. Разам з князем адправiлiся Вышак i Лаўса, а таксама тыя, хто не хацеў прызнаваць над сабой уладу рускага ўладара. Дым запаленага дзяцiнца праважаў уцекачоў у дарогу.
* * *
На месцы дзяцiнца чарнелi галавешкi i кучы попелу. Яраслаў спынiў каня.
Сумна пазiраў ён на сiратлiвыя рэшткi спаленага жытла. Кошка выбегла з разбуранай клецi i насцярожана ўтаропiлася на чалавека. I варта яму было крануцца з месца, як звярок уцёк. Каля падножжа гары князь убачыў двух маленькiх хлопчыкаў. Адзiн нёс у руках бярозавую калоду да свайго сябра, якi стаяў спiнай да вогнiшча i дубцом заўзята сцёбаў крапiву. Убачыўшы перад сабою збройнага чалавека, хлопчык выпусцiў з рук калоду. З-пад аблавухi на князя паглядалi спалоханыя вочкi. Запэцканай у сажу далонню хлопчык пацёр правае вока, пераступiў босымi нагамi.
- Не чапайце нас, дзядзечка, - папрасiў ён.
Нязвыкла для князя прагучала гэтае слова - дзядзечка. Нiхто яго так не называў. I непрыемна стала ад таго, што хлопчык спалохаўся яго, не давярае яму.
- Ты адсюль? - спытаў князь.
- Ага, - махнуў галавою хлопчык. - А вогнiк нам дазволiлi палiць.
- Як завуць гэтае паселiшча?
- Жаўны.
'Тут я пастаўлю свой град. I назаву яго Новым градам', - падумаў князь.
* * *
Была вясна. Стамiўшыся ад восеньскай непагадзi, ад зiмовых халадоў, ад пахмурных дзён, ад доўгiх тужлiвых вечароў, людзi дачакалiся яе. I, як заўсёды, чакалi з трапяткой надзеяй: вось надыдзе час Яр, спаляць Марэну i штосьцi абавязкова зменiцца ў iх самотным жыццi, зменiцца да лепшага. А моладзь жыла ў прадчуваннi кахання. I людзi радавалiся кожнай праяве вясны, кожнаму яе сонечнаму дню, крыгаходу, першай зелянiне. Яна надышла. Сонца ўжо прыпякала па-летняму. I пад яго промнямi лёталi над кветкамi матылькi, гудзелi чмялi. А наваколле звiнела ад птушыных галасоў. Зелянiна дрэў i палеткаў радавала вочы