Значыць, смерць яго была ў ласку Воўку, - уголас выказаў сваю боязь княжыч. Яго вочы ўмольна паглядалi на Гвая.

Вось такi разгублены i бездапаможны Воўк быў толькi ў маленстве, калi многае ў гэтым свеце адкрываў упершыню. Ён умольна паглядаў на яго, свайго дзядзьку, - растлумач, дапамажы. I бездапаможнасць гэтага ўжо даўно дарослага чалавека не раззлавала Гвая, а выклiкала ў душы шкадобу да яго.

- Князева смерць у ласку i Завейку, - прамовiў задумлiва Гвай.

- Завейку? - здзiвiўся Воўк i пасля нiбыта не згаджаўся з Гваевымi падазрэннямi.

- Сам князь укажа ўнаўцу. - I так упэўнена мовiў гэта Гвай, што княжыч даверыўся яму, ведаючы, што мудры настаўнiк заўсёды ведае ўсё.

Яны падышлi да ваяроў. Воўк пераводзiў позiрк з аднаго чалавека на другога. Нехта з iх i нанёс ноччу смяротны ўдар бацьку. Але хто? Усiх ведае добра - самi гатовы памерцi за свайго князя. На каго тут падумаць?

- Князя ўнавiлi.

Гваевы словы ўразiлi ваяроў. Яны нейкi час не маглi апамятацца, лыпалi вачыма i маўчалi, а пасля абурана закрычалi:

- Хто ён? Няма лiтасцi яму!

- Зараз кожны з нас падыдзе да князя i пацалуе яго ў лоб. Князева душа, калi ўбачыць унаўцу, дык на iмгненне вернецца ў пакiнутае цела. Князь схопiць унаўцу, - мовiў Гвай i першы падышоў да нябожчыка, апусцiўся побач з iм на каленi i пацалаваў яго ў лоб.

Адзiн за адным апускалiся перад былым сваiм правадыром воi i, цалуючы яго ў лоб, яшчэ раз пацвярджалi сваю вернасць яму. Шостым павiнен быў iсцi Лютак Воўкаў аднагодак - шыракаплечы i высокi юнак. Княжыч даўно заўважыў, што Лютак пакусваў вусны i палахлiва паглядаў на нябожчыка. Але не мог ён злачынства такое ўчынiць. Рос жа пры княжым двары. I князь не адрознiваў нi Лютака, нi iншых пасынкаў дружыны ад сваiх сыноў - садзiў за свой стол, жалаваў сваёй мiласцю i дарамi. I такая чорная няўдзячнасць.

Лютак марудна крочыў да Жывiнбуда, згорбiўся, уцiснуў галаву ў плечы. Ён спынiўся i азiрнуўся назад. За спiнай, узяўшыся за крыжы мячоў, чакальна пазiралi ваяры.

- Калi праўда твая, чаго палохаешся? - падбадзёрыў Лютака Гвай.

Юнак з усхлiпам уздыхнуў i зрабiў некалькi крокаў. Нiбыта зачараваны, паглядаў ён на мерцвяка. Кропелькi поту выступiлi на Лютакавым iлбе.

- Вочы! Ён расплюшчыў вочы! - нема закрычаў Лютак i прыкрыў твар дрыготкай рукой. - Не трэба! Я не хацеў.

Раптам Лютак, як нежывы, павалiўся на зямлю. Яго збялелы твар скрывiўся пакутлiвай грымасай жаху. Вочы закацiлiся пад лоб. Ён сутаргава хапнуў ротам паветра. Гвай падбег да ваяра.

- Хто патворац? Хто загадаў? - пракрычаў дзядзька i прыўзняў Лютакаву галаву.

- Завейка, - з цяжкасцю прашаптаў Лютак.

* * *

У Жоўнах рыхтавалiся да правежы. Жрыца смерцi Яга абмыла Жывiнбудава цела i апранула яго ў саян, пашыты з нiколi не мытага палатна ў выглядзе доўгай кашулi з шырокiмi рукавамi, якi ўкрываў i ногi нябожчыка. Яго паклалi на лаве на кутнiм месцы ў грыднiцы, перавязалi складзеныя на грудзях рукi чырвонай жычкай, а на шыю павязалi ручнiк, каб на тым свеце, стомлены доўгiм шляхам у Вялесаву краiну, мог князь выцерцi з твару пот. Каля галавы нябожчыка гарэла свяча, якая асвятляла яго душы дарогу ў вырай. Да драбнiц выконваўся старажытны абрад правежы, каб нiчым не пакрыўдзiлася Жывiнбудава душа. Тры апошнiя днi жыла яна ў княжацкiх харомах, сiлкавалася хлебам i соллю, спаталяла смагу вiном з чары - усё гэта стаяла на падаконнi. Тры днi пазiрала яна, як развiтвалiся людзi з яе целам. Забылiся яны пра свае клопаты i працу, забылiся i пра трывогу аб сваiх блiзкiх, што не вярнулiся з сечы. Вестуны ўсе гэтыя тры днi з чорным кiем хадзiлi па градзе i вакольных весях i апавяшчалi пра князеву смерць. 'Чорны кiй iдзе вакол'. Апошнюю пашану трэба было аддаць Жывiнбуду. I прыходзiлi да яго людзi, прыносiлi яствы, хто чым быў багаты. Ставiлi на стол ядзь i падалi перад нябожчыкам на каленi. 'Вось я, - называлi сваё iмя, - прыйшоў да цябе; паспытай сам, каб не галадаў, i гасцей сваiх пачастуй. Памянiце, багi, яго душу, адчынiце ёй вырай прасветлы. Ласкавы быў князь да нас i мiласцiвы. А ты, княжа, малi багоў, каб ахоўвалi яны нас, каб хлеб урадзiўся ў нас i жывёла была жывая'. Не сунiмалiся плакальшчыцы, карылi над князем:

Закацiлася нашае яснае сонейка,

Што не грэеш нас, горкiх сiрацiнак!

Веюць на нас ветры буйныя-сцюдзёныя.

I на каго ты нас, бедных, пакiдаеш

На вялiкае горачка?

Цяпер жа за нас, сiрот, некаму i заступiцца,

Нам дапамагаць, нас навучаць,

Каб не была ў нас долечка гаротная,

Каб не была ў нас долечка лiхая.

Ты ўставай-падымайся, бацюшка-князь радзiмы,

Не тая цяпер пара табе спацi ды высыпацiся...

Сядзела пры нябожчыку княгiня Лаўса ў белай вопратцы, у якой некалi брала яна шлюб з князем. Расчуленая жалямi i надрыўнымi галасамi плакальшчыц, i яна не стрымала слёз.

На трэцi дзень павезлi Жывiнбудава цела на жэглiшча. I пачалося тое дзейства, калi кожны рух i кожнае слова - знак пашаны да таго, хто яшчэ ўчора жыў. Шэсць вояў паднялi на рукi свайго былога правадыра i праз пралом у сцяне, каб смерць не ведала сямейнага парога i дзверы адчынялiся толькi для жывых, вынеслi на двор. Пранеслi над дзвюма сякерамi, якiя крыж-накрыж ляжалi на зямлi, - знак таго, што, мiнаючы iх, былы ўладар дома перадаваў яго новаму гаспадару - свайму сыну Воўку. Князя паклалi на санi, запрэжаныя двума белымi канямi - любiмым, на якiм ездзiў Жывiнбуд, i другiм, якi яшчэ пры яго жыццi прысвячаўся святаром дзеля князевай правежы, i нiхто нi разу на iм не праехаў i не ўпрог нi ў воз, нi ў санi.

Воўк пасыпаў лаву жытам, каб яно ачысцiла яе ад плюгаўства смерцi, i выйшаў з харомаў.

I рушылi да жэглiшча. Уперадзе конi цягнулi санi з нябожчыкам. За санямi iшла Лаўса. Яна iшла з высока ўзнятай галавой - велiчная i спакойная, нiбыта ведала: усё, што адбываецца вакол яе, проста ўмоўнасць, якую трэба выканаць, каб зноў сустрэцца з мужам.

Старцы неслi ў руках гаршкi з яствамi для стравы. А за iмi ўжо iшлi астатнiя - тыя, хто праводзiў князя ў апошнi шлях. Увесь час да працэсii далучалiся ўсё новыя i новыя людзi. А тыя, хто не мог пайсцi да жэглiшча, схiлiўшы галовы, стаялi на каленях каля сваiх хат i, калi паўз iх правозiлi нябожчыка, бралi ў рукi жменю зямлi, перацiралi яе далонямi i казалi: 'Няхай яму Вялес ласкавы дасць неба'. А па баках людской плынi ехалi на конях воi i трымалi лёзамi ўгору мячы. Ахоўвалi душу свайго былога водцы, якую маглi злыя пякельнiкi зацягнуць у пекла. Пад шоргат соцень ног, надрываючыся, пераходзячы амаль на крык, галасiлi плакальшчыцы:

Ай усiм жа ты быў абаронцам,

Ай усiх жа ты любiў,

Ай усiх жа ты прымячаў,

А цяпер такi стаў ганарлiвы,

Што нiкому нi слова не адказваеш.

Усе птушачкi iз выр'я ляцяць,

А ты, наш бацюшка, у вырай ляцiш...

Адразу за градам, на дарозе, жрыца запалiла вогнiшча - гарэла вопратка нябожчыка, грэбень, якiм яго апошнi раз прычэсвалi, салома i палатно, што ўсцiлалi лаву, на якой ён ляжаў, рэшткi палатна, з якога пашылi саян. Прыпынiлiся людзi паглядзець, куды, у якi бок iдзе дым, каб ведаць, у якiм месцы зноў з'явiцца Марэна. Дым плыў у бок града. Новую бяду вяшчаў ён, i яшчэ болей азмрочылiся людзi.

Старцы, што трымалi коней за ручнiкi, завязаныя на конскiх шыях, павялi iх прама да вогнiшча. Конi палахлiва вярнулi галовы i пырхалi, але прайшлi па самай сярэдзiне вогнiшча. Вогненныя языкi лiзнулi санi i дасягнулi нябожчыка. На iмгненне Жывiнбудава цела знiкла ў дыме. Усё, развiтаўся са сваiм мiлым градам князь, i цяпер чакала яго дарога ў Вялесаву краiну. Пахавальная працэсiя накiравалася да жэглiшча.

Так i не прыехаў Завейка ўшанаваць памяць князя Жывiнбуда. Смерць не прымiрыла iх. I як здзiвiўся Воўк, калi перад жэглiшчам убачыў вершнiкаў, наперадзе якiх сядзеў на канi Завейка. Жрыца Яга гучна нараспеў запрычытала:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату