- Ну што ж, дзякую за шчырасць. Бывайце.

- Бывайце.

Тыя ж цяжкiя крокi, гулкiя на паркеце, мяккiя, з шоргатам, на дывановай дарожцы. Скрыпнулi дзверы. Ляпнулi другiя, з таго боку.

'Бывайце'? - Гукан не помнiў, што сам першы сказаў так, але, спускаючыся па шырокай гаркомаўскай лесвiцы, успомнiў, што так адказаў Тарасаў - на 'вы'. Гэта яго чамусьцi ўразiла больш, чым уся размова. Ён спынiўся, падставiў успацелую лысiну пад струмень халоднага паветра, што цёк з адкрытай фортачкi.

Безумоўна, усё ўжо вырашана. Каму-каму, а яму вядома, як вырашаюцца такiя справы. На каго цi на што ён мог мець надзею?! Павiнен быў здагадацца яшчэ пазаўчора, калi пазванiў Шыковiчу i папрасiў сустрэцца. Як той, нахабнiк, адказаў!

'Калi ласка, Сямён Парфёнавiч! Заходзьце заўтра пасля дванаццацi ў рэдакцыю. Уваход свабодны. Сакратарак у мяне няма'.

Здзекаваўся, пiсака няшчасны!

'Ох, распусцiлi вас. Спахопiцеся!' - Ён выходзiў i пагражаў тым, хто заставаўся: маўляў, я пагляджу яшчэ, куды завядуць вас такiя метады кiраўнiцтва.

На першым паверсе яму зрабiлася цяжка дыхаць, нiбы ён спускаўся не ўнiз, а падымаўся высока ўгору. Ён спынiўся каля мiлiцыянера, патрымаўся за сэрца. Сказаў, як бы апраўдваючыся:

- Гады.

Маладзенькi мiлiцыянер стукнуў абцасамi i бадзёра пацвердзiў:

- Так точна, таварыш Гукан!

Сямён Парфёнавiч выйшаў на вулiцу. Як нiколi, яна была людная. Няспынная рака людзей, бадзёрых, расчырванелых ад марозу. I кожны трэцi з мiнакоў нёс елку. Горад пахнуў лесам. Да Новага года заставалiся два днi.

Гукану заўсёды падабалася такая перадсвяточная мiтусня, вясёлая ўрачыстасць. Гэтыя турботы, напэўна, больш прыносяць людзям радасцi, чым само свята. Ён, гаспадар, любiў у такiя днi аб'ехаць горад, паглядзець на афармленне, на ўстаноўку елак на плошчах, у скверах, часам заглядваў у крамы: як iдзе гандаль? Але яму нiколi не хапала часу, ён заўсёды спяшаўся. Хутка хадзiў, а больш ездзiў на машыне. А тут раптам адчуў, што яму няма куды спяшацца. Гэта яго спачатку спалохала, а потым дзiўна супакоiла. Ён залажыў рукi за спiну, згорбiўся больш звычайнага i рушыў па ачышчаным ад снегу тратуары. Але ачышчаны ўчастак хутка скончыўся, i якраз там, дзе асаблiва было мнагалюдна, на падыходзе да ГУМа, пешаходы коўзалi па слiзкiм тратуары. Сямён Парфёнавiч вылаяў у думках трэст ачысткi. Вось зараз ён прачысцiць iм мазгi! I пайшоў сваёй звычайнай рабочай хадой. Але тут жа схамянуўся. Навошта? Хвалявацца з-за нейкага тратуара? Цяпер ён павiнен прывучыць сябе не хвалявацца i хадзiць толькi вось так - не спяшаючыся. Каб хада была адпачынкам.

Убачыўшы людзей з пакупкамi, ён успомнiў, як жонка сказала днi два назад нiбыта жартам, а магчыма, i з крыўдай:

'Даўно ты, Сеня, падарункаў мне нiякiх не рабiў. Падараваў бы што-небудзь да Новага года'.

Сямёну Парфёнавiчу раптам захацелася быць добрым, i ён пайшоў ва ўнiвермаг.

Людзей - не прабiцца. Ён успомнiў, што паслаў ужо два пiсьмы ў Дзяржплан рэспублiкi з просьбай асiгнаваць сродкi на будаўнiцтва другой унiверсальнай крамы ў раёне новай забудовы. Горад расце.

'Пабачу, як вы пабудуеце без мяне, - зноў падумаў ён пра тых, хто заставаўся, але праз хвiлiну мусiў прызнаць: - Пабудуюць. Цяпер лёгка'. Усё, што будзе рабiцца без яго, уяўлялася яму надзвычай лёгкiм.

Рост яго дазваляў заглядваць на палiцы праз галовы людзей. Што купiць? Чаго ў яе не хапае? Што ёй хочацца? Ён доўга хадзiў з аддзела ў аддзел. Вiдаць, нехта з работнiкаў пазнаў яго, перадаў дырэктару. Той выскачыў малады, рухавы, у модным касцюме. Гукан добра яго ведаў, зацвярджаў на выканкоме, але толькi цяпер прыкмецiў, што ўнiвермагам загадвае такi малады чалавек. Гэта яму чамусьцi не спадабалася.

Дырэктар скардзiўся:

- Мала тавараў, Сямён Парфёнавiч. Канец года. Фонды выбраны. Не ўмеем планаваць.

- Парайце, што купiць у падарунак жонцы.

- Сямён Парфёнавiч! - з дакорам зазначыў дырэктар. - Пазванiлi б. Што вам самiм хадзiць?

'Падхалiм', - падумаў Гукан i строга адказаў:

- Я гэтага не люблю.

Аднак не адмовiўся пайсцi ў кабiнет дырэктара.

- Што б вы хацелi? - спытала таваравед, жанчына, ад погляду i ўсмешкi якой, здавалася, рабiлася святлей у змрочным кабiнеце.

'Штат падабраў, сабачы сын! Адна ў адну', - усё больш i больш раздражняўся Гукан супраць маладога дырэктара. Але жанчыне гэтай адказаў з добрай усмешкай:

- Далiбог, не ведаю. На ваш густ.

- Колькi год вашай жонцы? Ён уздыхнуў:

- Пенсiённы век.

У чароўных вачах тавараведкi скокнулi чорцiкi:

- Ёсць цудоўныя шалi. Ёсць венгерскiя кофтачкi.

Гукану хацелася спытаць: 'А на прылаўках яны ў вас ёсць?' Але не спытаў, цяпер яму ўсё адно.

- Давайце шаль. Давайце кофтачку.

- Вось гэта муж! - аднагалосна ўхвалiлi ўсе тры жанчыны, якiя прысутнiчалi ў кабiнеце, хоць на самiх iх былi найлепшыя iмпартныя кофтачкi, такiя, якiх яго жонка бадай што нiколi не насiла. Пра гэта ён не падумаў. Пацешыўся пахвалой: што б там нi здарылася, а ён такi добры чалавек быў i ёсць.

На плошчы каля пажарнай, дзе народу праходзiла нямнога, з Гуканам прывiтаўся хлопец у спартыўным касцюме. Ён стаяў з лыжамi ў руках i размаўляў з дзяўчынай, апранутай у прыгожае нейлонавае футра. Твар хлопца добра знаёмы, але прыгадаць, дзе i калi сустракаўся з iм, Сямён Парфёнавiч нiяк не мог. I раптам праз дзесятак крокаў хлопец гэты, без лыж, дагнаў яго, пайшоў побач.

- Не пазнаяце, таварыш старшыня? Кухараў, архiтэктар. З наступаючым Новым годам.

- Дзякую. Вас таксама.

- Мне захацелася сказаць вам, што праект, якi я прапанаваў для забудовы Выселак, на конкурсе ў Ленiнградзе атрымаў першую прэмiю.

- Вiншую вас.

- Але мне хацелася сказаць, што вы кансерватар. Так хвалiць, а пасля столькi валаводзiць i... адхiлiць...

- Тут ужо не мая вiна. Вашы калегi...

- Не валiце з хворай галавы...

Гукан спынiўся, уражаны нахабнасцю i дзёрзкасцю маладога архiтэктара.

- Малады чалавек! Не забывайце!..

- Я нiчога не забываю. Але жадаю, каб у новым годзе ў вас было больш увагi да людзей i да праектаў. Выселкi забудоўваюцца дрэнна, - хлопец адсалютаваў левай рукой i пайшоў назад, да дзяўчыны, якая трымала яго лыжы i чакала.

Нават размова з Тарасавым, размова пра самае галоўнае - пра яго далейшы лёс - не ўзрушыла так, як гэты, здавалася б, выпадковы эпiзод. Хiба не званiлi яму раней, не пагражалi, не пiсалi ананiмных пiсьмаў з самымi страшнымi пажаданнямi? Ён не звяртаў на iх увагi. Часам толькi паказваў у гаркоме, у абкоме i як бы выхваляўся: 'Зразумейце ўсю складанасць маёй работы, нiкому з вас не прыйшло нiводнага такога пiсьма'.

Але выхадка гэтага творцы ў такi дзень!..

'З Новым годам павiншаваў... Паганец! Малакасос! Распусцiлi вас. Ох, распусцiлi!'

Да апошняга моманту ён спадзяваўся, што тую вiну (ён не лiчыў яе такой цяжкай, як лiчыць чыстаплюй Тарасаў) можна будзе ў нейкай меры ўраўнаважыць сваiмi заслугамi, ваеннымi, пасляваеннымi. I раптам гэты тып, недапечаны архiтэктар, замахваецца на апошнiя заслугi - у адбудове горада. 'Выселкi забудоўваюцца дрэнна'. 'Саплякi! Папрацуйце вы столькi, колькi папрацаваў Гукан'.

Сямён Парфёнавiч глянуў на тое месца плошчы, дзе нядаўна яшчэ ўзвышаўся манумент, i цяжка ўздыхнуў.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату