Все лес, да лес, да лес...
В глухом сыром бурьяне
Огонь блеснул - исчез...
Опять блеснул в тумане,
И показалось мне:
Изба, окно, герани
Алеют на окне...
Адзiн верш, другi, i раптам убачыла, як азарыўся Зосiн твар. Не было ў яе яшчэ такой усмешкi. Невясёлыя вершы, а смутак з вачэй яе знiк. Дзiўна. Ды iм перашкодзiла суседка: заплакала яна.
Усё адно Маша выскачыла з бальнiцы на вулiцу з надзвычай узнятым настроем. Свяцiла неспякотнае ўжо жнiвеньскае адвячоркавае сонца. Iшлi па вулiцы людзi, адны - павольна, другiя - спешлiва. Iмчалi аўтобусы, 'Волгi' i 'Масквiчы'.
Маша любiла свой горад. Любiла гуляць у парку, якi лiчыцца найлепшым у рэспублiцы. Але адной усё- такi сумна. Каб сустрэць каго-небудзь вясёлага! Яна ўспомнiла Славiка. Яна думала пра яго i раней. I пра Тараса. Пра абаiх. Употай чакала, што хтосьцi з iх захоча сустрэцца з ёй.
Але хлопцы не праяўлялi iнiцыятывы. Славiк, безумоўна, несур'ёзны суб'ект, балбатун i нахабнiк. Але Маша не магла забыцца, як ён з першага позiрку захапiўся ёю. Нiхто яшчэ так адразу не захапляўся. Часцей за ўсё яна чула: 'Глядзi, якое рыжоцце пайшло!' Гэта яе абражала. А вось Славiк, той адразу: 'Вы ж незямная'. А яна зямная, звычайная дзяўчына з палескай вёскi, i ёй, як усякай дзяўчыне, было прыемна пачуць такi шчыры камплiмент. Акрамя ўсяго, яна адчувала сябе вiнаватай - за аплявуху. Не такая ўжо яна 'кiсейная паненка', каб так абражацца за яго дурную балбатню.
Так, ёй хацелася сустрэцца. Але дзявочы гонар не дазваляў ёй першай шукаць гэтай сустрэчы.
А тут ёй раптам захацелася зрабiць нешта незвычайнае, гарэзлiвае.
Паабедаўшы ў кафэ, яна пайшла ў парк. Размянiла ў прадаўшчыцы газiроўкi пяцiкапеечную манету, папрасiла 'дзве па дзве'. Шчыльна зачынiла дзверцы будкi аўтамата. Даведалася па 09 тэлефон Шыковiча.
- Ало! - пачулася ў трубцы. Яна пазнала голас Славiка i не адказвала.
- Ало! - крыкнуў ён. - Што? Правяраеш, цi ёсць хто дома? На жаль, браток, ёсць я, верны вартавы бацькавых мiльёнаў. I май на ўвазе - узброены атамнай пушкай. Але калi ты пазычыш мне пяць рублёў, мяне тут не будзе. Залазь, рабуй. Хрэн з iмi, з мiльёнамi!
Маша ледзь вытрымала, каб не зарагатаць ад гэтай Славiкавай тырады невядомаму абаненту. Праглынуўшы смех, яна пiскнула:
- Уладзiслаў Кiрылавiч!
- О-о! - Вiдаць, яго здзiвiў жаночы голас i такi нечаканы зварот. - Хм... сапраўды, гэта, здаецца, я - Уладзiслаў Кiрылавiч. Я слухаю вас.
- Адна ашоба чакае ваш каля ўвахода ў парк, - па-старэчы прашамкала Маша.
- Колькi ёй год, ашобе гэтай?
- Шэмдзешат.
- Самы мой любы ўзрост! - засмяяўся хлопец.
- Калi вы не будзеце праз пятнаццаць хвiлiн, многа страцiце, - сказала Маша звычайным голасам i павесiла слухаўку.
Славiк быў упэўнены, што знаёмыя дзяўчаты хочуць з яго пажартаваць. Але ён нiколi не баяўся апынуцца ў смешным становiшчы. Ён сумаваў у пустой кватэры, без грошай i ўзрадаваўся выпадку хоць чым-небудзь забавiцца. Праз дзесяць хвiлiн Маша ўбачыла яго на пляцоўцы каля ўвахода ў парк. Яна стаяла па той бок агароджы за кнiжным кiёскам i ўпотай назiрала. Ён iшоў павольна, засунуўшы рукi ў кiшэнi блакiтных штаноў. Трошкi насцярожана азiраўся. Прайшоў раз да варот i назад, заглядаючы спачатку ў твары дзяўчат, потым - пажылых жанчын, нарэшце i бабуль не стаў мiнаць.
Машу гэта смяшыла. На яе з цiкавасцю пазiралi: адна, а такi гарэзлiвы выраз яе твару, такiя чорцiкi ў вачах.
Так яна памучыла яго хвiлiн пятнаццаць. I толькi калi ўбачыла, што цярпенне яго вычарпалася i ён энергiчна рушыў у парк, яна пайшла насустрач на выхад. Iшла спешлiва, глядзела ўбок - на партрэты перадавiкоў вытворчасцi. Была ўпэўнена, што мiма яе ён не пройдзе. Сапраўды, хутка пачула яго радасны воклiч:
- Маша!
Яна спынiлася, зрабiла здзiўленыя вочы, нiбы не пазнавала яго. Ён працягнуў руку. Яна не падала сваю. Але Славiк не збянтэжыўся.
- Гэта ты званiла мне?
- Я званiла вам? I не думала! Многа ў вас самаўпэўненасцi, таварыш Шыковiч.
- Нейкая бабуля назначыла мне спатканне.
- То i чакайце вашу бабулю.
- На д'ябла мне яна! Я рады, што сустрэў... вас. - Славiк раптам страцiў сваю смеласць i не адважваўся казаць 'ты'. Тут яна здалася яму яшчэ больш прыгожай, чым там, на дачы. Вельмi захацелася, каб Маша засталася з iм, пайшла ў парк. Няхай бы паглядзелi яго даўнiя сябры i пазайздросцiлi: якая дзяўчына з iм!
Але Маша глянула на ручны гадзiннiк так, быццам давала зразумець, што яна спяшаецца. Ён нясмела ўзяў яе за руку, каб утрымаць.
- Вы крыўдуеце на мяне? Я прашу прабачэння. Я не крыўдую на вас за аплявуху. Я гатовы атрымлiваць па аплявусе кожны дзень, абы быць з вамi. Хадзем пагуляем.
- Каб вы зноў сказалi якую-небудзь брыдоту?
- Клянуся. Я адкушу сабе язык, калi з яго сарвецца хоць адно непрыстойнае слова.
Маша ўсмiхнулася. Усё-такi ён пацешны, гэты балбатлiва-галантны хлопчык. З iм не засумуеш. Гэта той вясёлы чалавек, якога ёй хацелася сустрэць пад свой сённяшнi настрой.
- Веславаць вы ўмееце? На лодцы пакатаеце? - неспадзявана для Славiка, весела i проста, як малая, спытала Маша.
Славiк не ўзрадаваўся, што яна згадзiлася. Ён пахаладзеў: у яго кiшэнi было ўсяго некалькi капеек. О, якiя эпiтэты паслаў ён у той мiг бацьку, якi не даваў яму цяпер нi капейкi. Ды i сяброў па брыгадзе ўспомнiў:
'Самi, чэрцi, па дзве сотнi калупаюць, а мне далi ў аванс вучнёўскiх пятнаццаць рублёў. Вось табе роўнасць i брацтва!..'
Ён ляпнуў далоняй па нагруднай кiшэнi сваёй моднай, навыпуск, жоўта-блакiтнай сарочкi.
- Чорт, я забыўся захапiць грошы. I дакумент.
Маша прыхавала ўсмешку, успомнiўшы яго прызнанне па тэлефоне ўяўнаму рабаўнiку.
- У мяне ёсць грошы, - паказала яна сумачку i пажартавала, нечакана перайшоўшы на 'ты': - Я буду эксплуатаваць цябе.
- О, з вамi я згодзен плыць хоць да Чорнага мора. Вы былi б маiм сонцам i маяком.
- Пайшлi, - сказала яна. - А то на нас звяртаюць увагу.
Славiк толькi цяпер убачыў, што яны стаяць пасярод праходу ад плошчы да варот парку, што навокал многа людзей, i схамянуўся, што ён гаворыць залiшне гучна.
Чоўны былi ў разгоне. Прыйшлося чакаць. Маша аддала яму сумачку, скiнула басаножкi i хадзiла па мелi. Зайшоўшы глыбей, яна ледзь прыўзняла сукенку, i Славiк любаваўся яе прыгожымi каленямi з залатымi кропкамi радзiмак. Ён стаяў на беразе паважны, сцiшаны, з сумачкай у руках i з нейкiм салодкiм страхам адчуваў, што ў галаве яго як бы ўтварылася шчылiна i праз яе выцякаюць тыя скептычна-насмешлiвыя словы, якiя былi запасены там на ўсе выпадкi i якiмi ён вельмi спрытна ўмеў адгароджвацца i ад сур'ёзнага i ад смешнага. Ён падумаў, што сябры, напэўна, кпiлi б з яго, каб убачылi ў такiм стане - вартаўнiком дамскай сумачкi, нiбы ён верны муж суровай жонкi. Але адчуваў, што, каб Маша сунула яму ў рукi i басаножкi, ён з прыемнасцю трымаў бы iх, не баючыся нiякiх кпiнаў. Чаго не зробiш для такой дзяўчыны!
Яна пырснула на яго вадой. Ён адскочыў.
- Здымай чаравiкi!.. Закасвай свае модныя штаны i лезь у ваду. Так прыемна!
- Мы на лузе пакупаемся. Згода?
