яе да тэлефона, амаль таямнiча паведамiўшы:

- Трэцi раз звонiць.

Маша падумала, што гэта Славiк, i пайшла незадаволеная, сярдзiтая, збiраючыся добранька прабраць яго.

Ды раптам зусiм другi голас, усхваляваны да невыразнасцi:

- Маша? Маша! Я прашу прабачыць. Можа, адарваў вас ад работы? Прабачце. Гэта Тарас... Маша... Помнiце? Ну, Ганчароў.

Яна павiталася сур'ёзна, стрымана:

- Добры дзень, Тарас.

Ён ажно засмяяўся ад радасцi, што яна помнiць яго.

- Добры дзень, добры дзень... Маша! Вы прабачце. - I раптам выпалiў на адным дыханнi: - Я запрашаю вас на канцэрт Дзяржаўнай капэлы ў клуб Ленiна. Сёння ў восем.

Яна анямела ад нечаканасцi. Успомнiла, што паабяцала Славiку сустрэцца з iм. Яна нiколi не была такой ветранай, каб ад аднаго бегчы да другога. Праўда, да яе раней не надта заляцалiся. I раптам два такiя хлопцы, розныя i цiкавыя! Каго ж выбраць? Адмовiцца ад спаткання з Тарасам ды яшчэ на канцэрце, на якi немагчыма дастаць бiлетаў? Не, не, не.

Пра Тараса яна думала больш, чым пра каго другога. Падвесцi Славiка? Яму можна пазванiць. Не, не трэба i званiць. Няхай паблукае па парку. У яго залiшне самаўпэўненасцi, хоць учора пад канец ён i быў сур'ёзны. Няхай не думае. Ёй зрабiлася смешна, калi яна ўмiг уявiла, як Славiк будзе шукаць яе. Два днi, учора i сёння, быццам нейкi вясёлы чорцiк штурхаў яе на гарэзлiвыя ўчынкi. Пакуль мiльгалi гэтыя думкi, яна чула, як цяжка дыхаў у слухаўку Тарас.

'Хвалюецца... Няўжо хвалюецца?'

Адказала весела, гучна:

- Дзякую, Тарас. Я з прыемнасцю пайду з вамi. Дзе мы сустрэнемся?

Ён задыхнуўся ад шчасця:

- Дзе хочаце.

- На пераходным мосце. А палове восьмай. Добра?

Яна паклала слухаўку i вясёлымi вачамi пераможна агледзела сваiх калег маладога лекара i дзвюх сясцёр.

- Хто гэты Тарас? - спытала адна, старэйшая, замужняя i незадаволеная сваiм замужжам.

- Ярашаў сын.

- Антона Кузьмiча? О-о!

- Нiшто сабе!

- Цэлiш правiльна!

Маша засмяялася. Яна, напэўна, зарагатала б, каб ведала, што адбылося на заводзе.

Славiк з'явiўся на працу такi шчаслiвы, нiбы за ноч ён засвоiў усе таямнiцы зборкi i заняў месца брыгадзiра цi нават начальнiка цэха. Да гудка частаваў хлопцаў 'Казбекам'.

- Ого! Цi не атрымаў ты спадчыну? - пажартаваў Косця.

Славiк кiнуў Тарасу мiж iншым:

- Табе прывет.

- Ад каго?

- Адгадай.

- Што мне гадаць!

- Ад Машы.

- Ад той?

- Ад той.

- Дзе ты яе бачыў?

- Сустрэў на вулiцы. Яна пыталася пра цябе.

Ён не схлусiў. Маша сапраўды пыталася ў яго пра Тараса.

Косця адразу ж, як толькi адышлi ўбок, накiнуўся на свайго брыгадзiра:

- Ну што, не казаў я табе? А ты - вось. - Ён моцна i злосна стукнуў сябе кулаком у лоб. - Я ж бачыў, што яна не зводзiла з цябе вачэй. Дагэтуль не сустрэцца! Аблавух! А яшчэ ў армii служыў. Памрэш ты халасцяком.

Тарас не крыўдзiўся i не адбiваўся. Ён думаў пра Машу. Яму вельмi хацелася сустрэцца. Але як гэта зрабiць?

- Ведаеш што? - не адставаў мiж тым Косця. - Я аддаю табе свой бiлет на сённяшнi канцэрт. Запрасi яе.

- Як?

- У дваццатым стагоддзi iснуе тэлефон, майстар. Калi ты баiшся, я пазваню ад твайго iмя.

Рэдка калi Тарас адрываўся ад работы. А то раптам знiк да абеду на добрыя паўгадзiны.

У яго, як у намеснiка сакратара, быў другi ключ ад пакоя камiтэта камсамола. Падпiльнаваўшы, калi сакратар пайшоў на чарговую нараду ў райком, ён нырнуў у пакой. Можа, дзесяць разоў падымаў тэлефонную слухаўку i клаў назад, часам набраўшы тры лiчбы з чатырох. Па-першае, баяўся наскочыць на бацьку. Кнiжка i даведачная станцыя паведамлялi той жа нумар, па якiм ён званiў Ярашу. Урэшце адважыўся, вырашыўшы, што калi нават слухаўку возьме i бацька, то ён усё адно папросiць паклiкаць Машу. Што тут такое? Бацька - гэта нават лепш, бо ён, на жаль, не ведае прозвiшча дзяўчыны.

Адгукнуўся жаночы голас.

- Паклiчце, калi ласка, аперацыйную сястру Машу.

- Лiтвiн? Яна на аперацыi.

Так, так, гэта яна Лiтвiн, ён бачыў гэтае прозвiшча ў Ярашавых паперах апiсаннях аперацый.

Другi раз ён званiў смялей, чамусьцi ўпэўнены, што яе не паклiчуць. Трэцi раз, пасля абеду, зусiм смела. Але калi пачуў i пазнаў яе голас, то спалохаўся, пачаў заiкацца.

З'явiўся ў цэх як удачлiвы змоўшчык. Прашаптаў аднаму Косцю:

- Запрасiў.

- Згадзiлася?

- Ага.

- А што, не казаў я табе? Заяц! Будзеш тыдзень паiць мяне пiвам.

Але самае смешнае, што Косцю не прыйшлося ахвяраваць у iмя дружбы сваiм бiлетам. Ад канцэрта адмовiўся Славiк. У канцы змены ён з посным выразам твару сказаў:

- Нешта мацi званiла, прасiла прыехаць на дачу. Хлопцы, хто прадасць мой бiлет?

- Дай мне, - падскочыў Косця. - Да мяне сястра прыехала. Сама ў калгасным хоры спявае.

У хлопцаў былi дарагiя месцы, у другiм радзе. Апрануты яны, як дыпламаты: у новых гарнiтурах. Косця i Генрых нават у чорных, па апошняй модзе, у Генрыха i гальштук - бабачка; блiшчалi манжэты накрухмаленых сарочак, зiхацелi дарагiя запанкi. Iшлi па зале ўсе разам. Яна сярод iх - як вогненная кветка. Менш бачыла вачамi, больш адчувала аголенымi рукамi, шыяй, патылiцай, спiною, што яе працiнаюць позiркамi, разглядаюць усе: мужчыны - з захапленнем, з цiкавасцю, жанчыны - з рэўнасцю, асуджэннем, скептыцызмам, пагардай. Гiпноз соцень вачэй моцна i незвычайна хваляваў: радаваў i страшыў.

Добрая палавiна залы - музыкальная публiка, яны калi не былi знаёмы памiж сабой, то помнiлi адзiн аднаго па сустрэчах на канцэртах, у тэатры. Натуральна, што iх зацiкавiла група добра апранутых маладых людзей, якiя прабiраюцца да пярэднiх радоў.

- Хто? Адкуль? - пыталiся шэптам сусед у суседа.

- Ды гэта з кiнагрупы, што фiльм на рацэ здымаюць, - адказаў адзiн з тых, што ведаюць усё на свеце.

- Актрыса?

- Як прозвiшча?

Маша пачула гэта. I Косця, якi iшоў побач, пачуў. Дакрануўся да яе рукi:

- Чулi?

Маша нервова засмяялася. Ёй зрабiлася яшчэ больш весела ад таго, што яе прымаюць за кiнаактрысу. Але чамусьцi боязна, быццам перад адказным экзаменам. Яна так навучылася трымацца сярод людзей,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату