Эллин Стенли
Плата (на белорусском языке)
Стэнлi Элiн
ПЛАТА
Чацвёра на борце 'Бялiнды II' сачылi за верталётам берагавой аховы, якi са стракатаннем ляцеў у паўднёвым кiрунку, патрулюючы ўзбярэжжа Маямi-Бiч.
- Зручная штучка, - сказаў Бродэрык, а Ейц, як заўсёды, падтакнуў шэфу.
- Вельмi зручная.
- Гледзячы для чаго, - кiсла заўважыў Дэл i зiрнуў на Чэпi, якi адмоўчваўся.
Бродэрыку i Ейцу было гадоў па сорак пяць, абодва - мажныя, з жыватамi, якiя выпучвалiся пад марскiмi кiцелямi. Чэпi i Дэлу крыху за дваццаць. На стройных фiгурах - толькi плаўкi. Бродэрык скоса зiрнуў падобнымi на шкляныя колеру кукурузнага вiскi вачыма на гадзiннiк.
- Трыццаць пяць хвiлiн. Мiнулы раз было трыццаць тры. Для большай пэўнасцi хай будзе нават паўгадзiны. - Ён абвёў позiркам зверху ўнiз постаць Чэпi. - Ты ўпэўнены, што паспееш за такi час?
- Паспею, - адказаў Чэпi i зноў пачаў тачыць лязо складанага нажа аб камень, якi Бродэрык адшукаў недзе на вельбоце. Лязо, даўжынёй дзесяць сантыметраў, было падобна на лязо паляўнiчага нажа.
Бродэрык, круцячы штурвал адной рукой, прывёў вельбот у раўнавагу, скiраваўшы нос наперарэз хвалям у бок берага, i перайшоў амаль на халасты ход.
- Ты абсалютна ўпэўнены?
- Ну, ты ж чуў, што ён сказаў. Якога чорта ты назаляеш?
- Таму што мы зводзiм да мiнiмуму элемент адгаворкi, - адказаў Ейц. Ён быў такi ж жалезабетонны, як i Бродэрык, а твар яшчэ больш счырванелы ад ветру i вiскi 'Джым Бiм'. - Таму што мы б не хацелi чуць пасля, калi табе гэта не ўдасца, што праз гэтую стракаталку не хапiла часу. Альбо яшчэ нейкiя адгаворкi.
- Ну, што ж, адгаворак вы не пачуеце, - сказаў Дэл, а Чэпi шчоўкнуў нажом, складаючы лязо, i дадаў:
- Супакойся. Дарулюй толькi гэты свой човен да месца.
Пакуль Дэл з дапамогай каната буксiраваў за 'Бялiндай II' шлюпку, Чэпi засунуў нож у цэлафанавы пакет з-пад бутэрброда, туга закруцiў яго i засунуў за пояс плавак. Падвесны рухавiк ужо быў прымацаваны да кармы шлюпкi. Чэпi скокнуў на нос шлюпкi, адвязаў канат i адпiхнуў яе ад 'Бялiнды II'. Бродэрык падышоў да Ейца, якi стаяў каля парэнчы, i яны абодва праводзiлi шлюпку з аднолькавымi крывымi ўхмылкамi. Бродэрык склаў рукi рупарам i крыкнуў скрозь шум рухавiка шлюпкi:
- Засталося дваццаць восем хвiлiн.
Да мноства гатэляў i шматпавярховых гмахаў, што ўзвышалiся над узбярэжжам, заставалася каля дзвюх мiль. Сонца пякло на ўсю моц, але дзякуючы павевам марскога ветру можна было неяк трываць гэтую нясцерпную спёку. Дэл накiраваў нос шлюпкi ў бок вялiкага гатэля 'Роял-Ашэанiк', якi ўзвышаўся проста перад iмi, каб трымацца дакладнага курсу i не адхiляцца занадта ўбок па дарозе да берага. Ён пазiраў на Чэпi, якi сядзеў на кукiшках у насавой частцы, гойдаючыся разам з лодкай з абыякавым выразам на твары.
- Ну, а калi планiроўка перамянiлася i ўжо не такая, як яе апiсаў Бродэрык? - спытаў Дэл, кiўнуўшы ў бок гатэля.
- Як перамянiлася?
- Ну, я маю на ўвазе пакоi, калiдоры. Прайшло ж гады два з таго часу, як ён там жыў. Маглi тое-сёе пабурыць, а нешта перабудаваць, тут усё мяняецца.
- Ты занадта хвалюешся, - сказаў Чэпi.
- Мне проста не падабаюцца такiя справы. Мы б i ў гэтую справу не ўлезлi б, калi б гэты хвалько Бродэрык , не дзейнiчаў так на нервы. Ну, цi не праўда?
- Што праўда - то праўда.
- Ведаеш, - Дэл сур'ёзна пакiваў галавой, - сёння ўсё пайшло неяк не так. Я маю на ўвазе тое, што там, у Пам-Бiч, яны сказалi, што паедзем разам, i падкiнулi нас да самага Фрыпорта. Там, фактычна, у мяне i склалася першае ўражанне.
- Адзiны спосаб даведацца больш пра чалавека - гэта сумесна пажыць з iм, адгукнуўся Чэпi.
Яны наблiжалiся да берага. На хвалях, па якiх iмчала лодка, з'яўлялася ўсё больш грабянёў, якiя разбiвалiся аб паласу бруднага на выгляд пяску перад гатэлем. Сярод набягаючых хваляў стаяла некалькi чалавек. Адзiн з iх, прыклаўшы да вачэй далонь, паглядзеў у бок шлюпкi. Дэл павярнуў нос лодкi ў адваротны бок - у напрамку мора - i заглушыў матор. Потым ён устаў, каб паглядзець, колькi засталося да берага.
- Можа, метраў трыццаць, - сказаў ён. - Запомнi месца - там, дзе нiзкi адхон.
- Ты таксама не забудзь, - сказаў Чэпi. Ён пералез цераз борт, нырнуў у ваду, потым выплыў, адкiдаючы з вачэй валасы. - Паводзь сябе так, каб не падумалi, што ты некага чакаеш. Быццам проста катаешся. Калi вернешся, зрабi выгляд, што заглух рухавiк.
Ён нырнуў глыбока пад лодку, энергiчна паплыў наперад, i калi, апынуўшыся на грэбнi хвалi, азiрнуўся, то ўбачыў, што шлюпка адплывае ў паўночным кiрунку. Чэпi лёг на набегшую хвалю, i тая пранесла яго амаль палову адлегласцi, што заставалася да пляжа. Калi ён стаў на ногi, аказалася, што вада дастае толькi да жывата. Але адразу ж страцiў раўнавагу, збiты з ног новай хваляй. Падаючы, Чэпi адчуў, што цэлафанавы пакет з нажом слiзгае па назе. Ён паспрабаваў затрымаць яго, але не змог, схапiўшы замест нажа жмут тонкiх, забруджаных нафтай водарасцяў. Ён адхiнуў iх убок. Потым убачыў, што пакет ужо паспеў раскруцiцца, нож выпаў адтуль i ляжыць на беразе якраз там, куды даляталi хвалi. Вiдаць, тыя, хто плаваў побач, не звярнулi асаблiвай увагi на Чэпi, якi кiнуўся да пакета, вылiў адтуль ваду, як мага тужэй закруцiў у iм нож i засунуў скрутак, як i раней, за пояс плавак.
Ён спынiўся на некалькi секунд, стоячы тварам да мора. 'Бялiнда II', якая была падобна адсюль на белую плямку, трапiўшы ў Гальфстрым, хутка памяншалася ў памеры.
Верталётаў не было вiдаць. Нiхто навокал не звярнуў увагi на тое, што адбываецца, i не зацiкавiўся нi кацерам, нi шлюпкай, нi пасажырам, якi прыплыў на ёй.
Чэпi павярнуўся i пакрочыў цераз пляж да агароджанай тэрасы гатэля. Да тэрасы, прызначанай для сонечных ваннаў, вялi бетонныя прыступкi. Уверсе шырокай лесвiцы, перакрыжаваўшы рукi на грудзях i не зводзячы вачэй з пляжа, стаяў выратавальнiк у белых майтках i майцы з назвай гатэля. Ён перавёў вочы на Чэпi, калi той праходзiў побач, але, слiзгануўшы па iм позiркам, зноў утаропiўся на пляж.
Большая частка тэрасы была застаўлена роўнымi шэрагамi шэзлонгаў. Астатнюю прастору займаў вялiкi плавальны басейн, яго глыбейшая частка выходзiла да мора, а больш плыткая - да ўвахода з тыльнага боку гатэля. Многiя шэзлонгi былi заняты, а ў басейне не было амаль нiкога.
Чэпi нетаропкiм крокам накiраваўся да басейна i ўжо ступiў на край.
- Гэй, ты.
Чэпi застыў на месцы. Ён зiрнуў цераз плячо i ўбачыў, што той, хто быў на яго думку выратавальнiкам, наблiжаецца да басейна, паказваючы пальцам у яго бок.
- Ты што робiш? - сказаў выратавальнiк i паказаў пальцам на ногi Чэпi. Цягаеш пясок з пляжа. Хiба сэр не ведае, што перад басейнам трэба схадзiць пад душ, - ён кiўнуў у бок збудавання, падобнага на тэлефонную будку з брызентавымi сценкамi. - Душавая вунь там.
Чэпi паволi перавёў дых. Трымаючы вялiкi палец за поясам i прыкрываючы рукой тое месца, дзе пад плаўкамi вылучаўся нож, ён пакрочыў да душавой, зайшоў унутр i, набраўшыся смеласцi, стаў пад струмень халоднай вады.
Калi Чэпi выходзiў з душавой, выратавальнiк кiўнуў яму i ўсмiхнуўся, i ён у адказ таксама кiўнуў i ўсмiхнуўся. Потым спачатку апусцiў у басейн ногi, прыцiскаючы руку да пояса, i толькi тады перайшоў на звыклы стыль плавання. Праплыўшы амаль увесь басейн пад вадой, ён вынырнуў у тым канцы, дзе было плытка. Да ўвахода ў гатэль заставалася ўсяго некалькi крокаў. Ён прайшоў праз дзверы i апынуўся ў галерэi - з аднаго боку была кавярня, а з другога сувенiрная крама. Пасля сляпучага сонца галерэя здалася халодным, сырым i цёмным склепам, але, мiнуўшы кавярню, ён паспеў прызвычаiцца да штучнага асвятлення. На наступных дзвярах, адразу пасля кавярнi, быў надпiс: 'Саўна для мужчын', i праз iх туды ўвесь час заходзiлi i выходзiлi людзi.
Чэпi прайшоў праз дзверы i апынуўся ў шырокiм доўгiм калiдоры, ад якога па баках пачыналiся больш вузкiя праходы. Тут было горача i цяжка дыхалася, i чым далей ён iшоў, лiчачы колькасць паваротаў, тым паветра рабiлася ўсё больш гарачым i вiльготным, а калi звярнуў убок, апынуўся ў чацвёртым калiдоры