злева, дзе адчуў непрыемны пах поту. Сцены ў гэтым адсеку былi абкладзены белай кафельнай плiткай, а на дзвярах прымацаваны шыльды: 'Парыльня', 'Сухая пара', 'Душавая', 'Абслугоўваючы персанал', 'Паслугi'. Дзверы ў пакой для паслуг заставалiся шырока адчыненымi дзякуючы гумаваму фiксатару. Праходзячы каля яго, Чэпi заўважыў там палiцы з ручнiкамi i прасцiнамi. У куце нехта, амаль нябачны з дзвярэй, браў з палiцы ручнiкi.

Дайшоўшы да канца калiдора, Чэпi абапёрся аб сцяну i нахiлiўся, нiбыта разглядаючы костачку, а на самай справе скiраваў позiрк у бок адчыненых дзвярэй пакоя для паслуг. Адтуль выйшаў юнак у сандалях i плаўках, несучы пад пахай стос ручнiкоў. Як толькi ён знiк з вачэй, павярнуўшы за рог, Чэпi зайшоў у пакой i ўзяў там бярэма ручнiкоў. Ён панёс iх назад у канец калiдора, якi ўпiраўся ў кароткi праход i быў падобны на верхнюю частку лiтары 'Т'.

Дзверы ў гэтым праходзе былi пранумараваны. Чэпi асцярожна, усяго на некалькi сантыметраў, прачынiў дзверы пад нумарам адзiн i зазiрнуў усярэдзiну. За дзвярамi быў маленькi пакойчык без акон, з абстаноўкi - толькi стол для масажу ды на сцяне палiца з бутэлькамi i флаконамi. На стале ляжаў мажны мужчына з фiгурай рэгбiста, якому масажыст рабiў масаж.

Чэпi пакiнуў дзверы прачыненымi i зазiрнуў у наступны пакой. Там было пуста. А ў трэцiм пакоi нехта быў. На масажным стале пад яркiм святлом кварцавай лямпы ляжаў на спiне голы мужчына ў цёмных акулярах з цыгарай у зубах. Мужчына быў сiвы, хударлявы, увесь у маршчынах i настолькi загарэлы, што скура здавалася дубленай. У святле, якое падала ад лямпы, выразна была вiдаць непрыемнага колеру татуiроўка на высахлай руцэ. Скручаная грымучая змяя, а вакол яе словы тоўстымi друкаванымi лiтарамi: 'Не наступай на мяне'.

Чэпi азiрнуўся цераз плячо. Нiкога з персаналу паблiзу не было, непадалёк хадзiлi толькi клiенты ў шлёпанцах з накiнутымi на голае цела прасцiнамi. Ён зручней абхапiў стос ручнiкоў i зайшоў у пакой. Там было поўна дыму ад сiгары i даволi горача, таму ён паспеў спацець, пакуль цiхенька зачыняў за сабой дзверы. Ён адчуў, як кроплi поту пакацiлiся па лбе i грудзях.

Мужчына пачуў, як шчоўкнуў замок.

- Бенi? - спытаў ён, застаючыся ляжаць нерухома.

- Не, сэр, - адказаў Чэпi. Ён накiраваўся да стала. - Але ён паслаў мяне праверыць.

- Праверыць? - перапытаў мужчына. - Якога чорта ён сабе думае, абслугоўвае каго папала ды яшчэ з выглядам нiбыта ласку робiць?

- Не, сэр. Але ён сказаў, што вам трэба менш цяпла спераду i больш спiне.

Калi ён iшоў па пакоi, ад удара нагi адляцела ўбок нешта такое, што ляжала побач са сталом. Гэта была пластмасавая попельнiца з попелам ад сiгары. Вакол на падлозе таксама было панасыпана попелу. Чэпi склаў ручнiкi стосам у нiжняй частцы стала i падабраў попельнiцу. Калi ён гэта рабiў, нож балюча ўпiраўся ў пахвiну. Са словамi 'калi вы не супраць, сэр' ён выцягнуў сiгару з зубоў мужчыны i паклаў яе на попельнiцу. Потым паставiў попельнiцу назад на падлогу i засунуў далёка пад стол.

Шкло акуляраў было настолькi цёмнае, што, калi Чэпi нахiлiўся над мужчынам, ён не мог разгледзець яго вочы. Галава чалавека ляжала на скручаным ручнiку. Чэпi прыўзняў галаву роўна настолькi, каб выцягнуць ручнiк, намоклы ад поту. Ён кiнуў яго на падлогу i асцярожна апусцiў галаву на месца.

- Вам дапамагчы перавярнуцца, сэр?

- Ты, хлопча, вiдаць, тут навiчок.

- Так, сэр.

- Я так i думаў. Ну, што ж, калi ведаеш, як трэба зрабiць паслугу, то дапамажы перавярнуцца як мага лаўчэй i асцеражней, каб я не адчуў болю. Пракляты бурсiт мяне даканае. Так што лаўчэй i асцеражней.

- Так, сэр, - адказаў Чэпi.

Калi Чэпi варочаў мужчыну, той крактаў i стагнаў.

- Якому чорту ты беражэш гэтыя ручнiкi? Гэта не стол - а нейкая пральная дошка.

- Так, сэр, - сказаў Чэпi.

Ён узяў са стоса ручнiк, склаў яго i палажыў на стол. Мужчына паклаў на яго галаву.

- Ну, добра, - сказаў ён, - а зараз можаш iсцi.

Чэпi зiрнуў на зачыненыя дзверы. Потым ён падышоў на дыбачках, нiбы тарэадор, якi цэлiцца ў быка сваёй пiкай, узняўшы рукi i адставiўшы левы локаць, як бы папярэджваючы нападзенне. Правая рука мiльганула ў паветры, i ён спрактыкавана, з усяе моцы, нiбы сякерай ударыў краем далонi па патылiцы старога. Здубянелае тулава канвульсiўна тузанулася, ногi ад каленяў тарганулiся ўгору, потым звалiлiся на стол, i адна з iх закалацiлася. Чэпi зноў стаў на дыбачкi i ўдарыў яшчэ раз. Нага перастала калацiцца. Цела абмякла, здавалася, на стале ляжыць куча цеста. Жылаватая рука са скурчанымi пальцамi саслiзнула з паверхнi стала i заматлялася ўнiзе.

Чэпi выцягнуў з-за пояса цэлафанавы пакет, дастаў адтуль нож, адкрыў лязо. Ён сцягнуў цёмныя акуляры высока на лоб чалавека, каб яны яму не перашкаджалi, i потым адным ударам нажа адсек вуха. Кроў не палiлася цурком, толькi пацякла кволым струменьчыкам па самой ране. Чэпi таропка абцёр лязо нажа чыстым ручнiком i паклаў вуха ў пакет.

Выходзячы з галерэi на яркае святло, ён аслеп ад сонца i, накiроўваючыся да басейна, ледзь не збiў з ног пару. Ён хутка паплыў да глыбейшага канца, стараючыся трымацца далей ад трамплiнаў для скачкоў у ваду, але ўжо каля лесвiцы ў канцы басейна пачуўся моцны ўсплёск вады, вада шуганула яму ў твар, па галаве нешта ўдарыла, i проста перад iм з'явiлася нейкая перашкода.

Гэта збоку скокнула ў басейн дзяўчына i цяпер перабiрала рукамi ў вадзе, сутыкнуўшыся нос у нос з Чэпi. Ёй было гадоў шаснаццаць-сямнаццаць, твар амаль схаваны за пасмамi доўгiх прамых валасоў. Адкiнуўшы iх убок, дзяўчына загаварыла занепакоена:

- Праўда, я не хацела. Усё ў парадку?

- Зразумела, так, - адказаў Чэпi. Ён паклаў далонi на плечы дзяўчыны, i тая не ўспрацiвiлася. Вiдаць, ёй гэта падабалася.

Чэпi заўважыў, што некалькi чалавек, якiя стаялi каля басейна, глядзяць у iх бок. Ён адпусцiў дзяўчыну i палез уверх па лесвiцы.

- Гэй, - крыкнула яму ўслед дзяўчына, - вы жывяце ў гэтым гатэлi?

Але ён не адгукнуўся i нават не азiрнуўся.

Той самы тып, падобны на выратавальнiка, па-ранейшаму стаяў на верхняй пляцоўцы лесвiцы, што вяла да пляжа. Чэпi сцiшыў крок, прайшоўшы мiма яго i ўнiз па лесвiцы прагулачнай хадой. Ён, не спяшаючыся, прайшоў цераз пляж i зiрнуў у бок светла-зялёнай вады. Сярод набягаючых на бераг пенiстых хваляў пагойдвалася шлюпка; рухавiк быў павернуты гарызантальна, i Дэл рабiў выгляд, што яго наладжвае. Недзе на самым гарызонце ледзь бачна бялела 'Бялiнда II'. Яна здавалася нерухомай, але з такой адлегласцi было цяжка сказаць дакладна. Чэпi зiрнуў угору. Верталётаў не было вiдаць.

Ён зайшоў у ваду i, пераадольваючы набягаючыя хвалi, паплыў да шлюпкi. Пакуль ён узлазiў на нос лодкi, Дэл апусцiў рухавiк назад пад ваду, тузануў за вяроўку, i той, зарыкаўшы, зноў ажыў. Калi шлюпка, цяжка гойдаючыся на хвалях, узяла курс на 'Бялiнду II', Чэпi сказаў:

- Пастарайся зрабiць так, каб не падумалi, што мы ўцякаем. Прыцiш хаду.

Дэл збавiў хуткасць.

- Ты гэта зрабiў? - спытаў ён, зiрнуўшы на Чэпi.

- Так, я гэта зрабiў.

- Давялося папацець?

- Не. Ён усё роўна ледзь рыпеў. Акрамя таго, можна было даплыць проста да дзвярэй. Нават не трэба было праходзiць каля людзей. - Чэпi плюнуў за борт, каб пазбавiцца салёнага смаку марской вады ў роце. - Там маэстра па масажу, якога завуць Бенi, хутка напаткае сюрпрыз. Можа, нават ужо. - Ён не мог стрымаць усмешкi, думаючы пра гэта.

- I ўсё ж, стары, - сказаў Дэл, - такiмi дамовамi нават на хлеб не заробiш. А ў Бродэрыка грошы ёсць. Я не жартую, ён на самай справе мяшок з грашыма.

- Мне трэба толькi тое, што мне належыць. Каб трэба было больш, я б яму так i сказаў.

- Ну, зразумела. Але ведаеш, колькi, як мне сказаў Ейц, каштуе гэты кацер 'Бялiнда'? Сорак тысяч. А той iхнi 'кадылак' у Пам-Бiч? Колькi ў iм усяго панапхана, не хапае, бадай, толькi аўтамата па продажы 'кока- колы'.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату