вельмi паважная, але пры шчырым тваiм прызнаньнi, хоць i ведаеш сам абставiны часу, - можа й возьмецца што на ўвагу... Хочаш ужо йсьцi?
З радыё-дыжуркi раптам прыўшчынiлiся дзьверы.
- Слухайце, хлопцы, улучаю! - вясёла чамусьцi гукнуў дыжурны радысты, разанец Блiноў, якога Юрка 'перайменаваў' быў у 'Блiндаж', бо блiны, казаў, цяперашнiм ваенным часам - страва не сэзонная.
Вiктар кiнуўся да радыё-рэпрадуктара, якi стаяў на столiку ў куткў i пачаў услухоўвацца. О, як прагавiта ўчуваюцца ўва ўсё i як войстра чуюць чуюць зусюль гэтыя подлыя, адторклыя вушы!
- ...на ворагавыя аэрадромы, чыгуначныя вузлы, зграмаджаньнi войскаў i ваенных матар'ялаў. Напярэдаднi сьвята працоўных яшчэ раз прадэманстраваная была баёвая магутнасьць сталiнскай авiяцыi. Усе машыны зьвярнулiся на свае базы...
- Гэта - пра нас, - самаздаволена ўсьмiхаючыся, сказаў Вiктар.
- Пра нас? - адарваны ад свае бяды больш Вiктаравай заўвагай, як самым радыёпаведамленьнем, зьдзiўлена перапытаў Валiк. - Як-жа гэта - 'усе зьвярнулiся'? А Юрка, Жарабцоў? А якiя 'аэрадромы, вузлы, зграмаджаньнi'? Больнiца, найвышэй - штаб...
- I балота? - прыкусьлiва закончыў Вiктар. - Бясьспрэчна, пра нас. Ня ўсё тое кажацца, што робiцца, i ня ўсё тое робiцца, што кажацца...
- Гэта-ж хлусьня, Вiктар, ашуканства!
- Ня хлусьня, а палiтыка. I правiльная палiтыка, разьлiчаная на карысьць нашага народу, а можа й на сусьветную грамадзкую думку, на думку нашых хаўрусьнiкаў. Хлусьня, ашуканства было-б сказаць гэтак у справаздачы свайму камандваньню, зрабiўшы аэрадром з балота... Ашуканства для бальшавiка ёсьць адно тады, калi спрабуюць ашукваць ягоную партыю i ўрад - бессаромна, ня зьмiрнуўшы нат, бо, зрэшты, наагул, здаецца, ня ўмеў зусiм моргаць, - спакойна выбiваў словы Вiктар.
Так, няма больш чаго рабiць, гаварыць, толькi адно - на паветра!
- Бывай!
- Iдзеш? Дык - да заўтра.
Як агiдная, гадкая ўдвая-ўтрая гэтая склiзкая рука, нязгiнальная дошчачка i навет гэтае 'заўтра', якое Вiктар заўсёды стараўся пераламаць на 'перадавое' 'зафтра', бо за ягонае, занадта выразнае кароткае 'ў' Расейцы дражнiлi. Але, цi ад неэлястычнасьцi органаў вымовы, цi ад залiшняга стараньня выходзiў у яго пасярод слова такi прыкры гук - нейкi нi то порскат, нi то рохкат...
- Пайду й я, не дачакацца-ткi, мусiць, праўда. Хадзем, хiба, за адным скрыпам.
Яшчэ раз - дошчачка, яшчэ раз - порскат 'зафтра' - гадкае таўро, якiм пакарала хiба Бацькаўшчына свайго вырадка, адшчапенца... Мэханiчна адбiваючы крок, сягаў Валiк у сваю палатку. Раптам недалёка шпокнула ў неба ракета, зырка асьвятляючы ўсё на мамэнт. I, здаецца, такiм-жа зыркiм, бязьлiтасна-зыркiм сьвятлом праясьнiлiся адразу й думкi. Цi ёсьць ужо для яго, Валiка, сэнс у якiм-небудзь 'заўтра'? 'Можа', 'можа' - падчыркнуў i гэты правакатар аж двойчы, а калi ня 'можа', а 'напэўна' - адно, i такое яснае, гулкае, як гэтая во ракета: расстрэл... А пакуль да яго - допыты, 'шчырыя прызнаньнi', 'самавыкрываньнi' й 'самабiчаваньнi', 'адмежаваньнi', нудныя павучаньнi... I гэта ўсё пачнецца ўжо заўтра - 'зафтра'...
Дык - цi варта?.. Цi ня лепш самому, выперадзiўшы iх...
А Вера? Толькi-ж - Вера, не, лепш - вера, што пабачыць Яе хоць некалi, магла-б утрымаць пры жыцьцi... Але-ж, каб верыць гэтак, трэба ўзьверыцца перш, што можна будзе неяк, дзiвам нейкiм, такi канец абмiнуць. Не, не абмiнуць яго нiяк, бо - канец-жа, пусты канец, i гэты-ж падлей ужо зробiць усё, каб нiякае 'можа' ня вываражыла надвая...
А - 'каханы горад'? - 'Можа спаць спакойна'... Можа, iзноў - 'можа'...
Спакойна спаў у палатцы, салодка хроп ужо Ахмет. Слаўны хлопец... А можа 'можа'! Можа зь Вiктаравае сакрэтнай падвучкi раду такую добрую Валiку падаткнуў? 'Слаўны хлопец' - цi-ж не здаваўся ўжо такiм сяньня й Вiктар, як алеем увесь сплываў, i пра 'давер', а не агiдны вералом падумалася й самому...
Калi-ж не, калi запраўды 'слаўны хлопец' - дык i перад iм, перад Ахметам, рашчынiцца заўтра тое-ж 'можа' - 'можа'... Чаму не перасьцярог начальнiка, ня спынiў, урэшце - не данёс адразу? Суўдзельнiк...
...Дзiрачка ад кулi ў палатне палаткi - маленькае вакенца ў неба... Юрка... Дзе Юрка, што Юрка... Вакенца ў неба... Неба... Вера ў неба... Вера...
Так, 'вакенца ў неба' - iзноў падказвае такi просты шлях. Шлях разьвiтаньня зь зямлёй, паратунку ад нудна-пакутнага 'зафтра'... Шлях ад Веры цi - да Веры? Шлях веры...
Так, наважана.
I ўжо цьвёрдая, наважаная, як нiколi, як не свая - бязвольная рука. 'Ты тчэш, бязвольная рука'. Адкуль гэта? Цi ня ўсёроўна цяпер...
Рука - у сэрца. Дзе яно, сэрца? Гулка калоцiць-б'е нешта ў грудзёх, як не рассадзiць iх, запаўняе бiцьцём сваiм грудзi ўсе, не пазнаць, не знайсьцi яго, дзе яно, што павiнна быць - маленькi, трапяткi камячок-сэрца, што павiнна зараз - сьцiхнуць навекi.
Грудзi поўныя сэрцам, жывым яшчэ, нясьцiханным...
Ды ня здрыгнулася рука - першы й апошнi раз у жыцьцi, бязвольная рука, хоць стрэл кiравала проста ў сэрца, сабе самому ў сэрца, дзе й цяпер яшчэ - i ўжо толькi там - поўна было ўсё аднэй - Верай...
Вiктар прыбег адразу, яшчэ добра ня ўцямiўшы, чаго хоча запыханы Ахмет. Так, усё як найлепш, iзноў больш, як спадзявана. Насьмерць? Усёроўна... Трохi толькi крывёю запырсканы партрэт, зь яе партрэт - як жывая - сам, мусiць, маляваў, а не хвалiўся-ж, не паказваў нiколi й нiкому. Цяпер гэта - ягоная, Вiктарава собскасьць. Цяпер - толькi гэта, а пасьля - пасьля i жывая зусiм сама.
Што - не насьмерць? Усёроўна, усёроўна... Ахмет - па лекара... Ды дармо, усёроўна, усёроўна. Каб сабе i выжыў навет - толькi адцяжачка, адтэрмiнаваньне пэўнага, наканаванага, i нат - самым...
Але-ж, двух, можна лiчыць, усёроўна, як суступiлi. Застаецца адзiн, ён Вiктар - 'пераможац'. Яму - перамога й слава, слава й перамога, gloria-victoria.
Яму, толькi яму аднаму
усьмiхнецца
знаёмы дом, зялёны сад i той пагляд...