Юркавы сябры, дармо, што й безь яго, а пачувалi сябе няблага. Вiктар, бядуючы дзеля прылiку па такой цяжкой для зьвязу страце, як бясстрашны, запраўдны пiлёт (цяпер ужо, а раней - рызыкант, навет хулiган) Юрка, душою быў у падвойным задаваленьнi: Юрка скруцiўся яшчэ баржджэй i раней, як ён спадзяваўся. Адзiн ужо напэўна суступiў зь ягонае дарогi. Але й гэты другi нейкi падозрона-спакойны, усьмiхаецца нейкай лятуценнай, нябёснай усьмешкай, як сьвяты. Цi ня Веру пабачыў мо з высакосьцi? Не, мусiць проста рады, што абмiнуў шчасьлiва 'знаёмы дом' - гэтак зрабiў, як меркаваў наперад Вiктар. Але як канкрэтна (Вiктар дужа любiў гэтае слова, як любяць яго ўсе тыя, што запраўды 'канкрэтна' нi гаварыць, нi рабiць ня звыклi)? Ня можа быць, каб выйшаў сухiм iз вады. Гэны гук - якраз у ягоным баку, не, гэта ня Юрка, а мусiць, што гэты 'аблягчыўся'. Трэ будзе, канечна трэба 'прамацаць'.

Валiк i праўда быў у спакойным, бадай радасным навет настроi. Пэўна, шкада было Юркi й навет Жарабцова, але затое была поўная - мо эгаiстычная? задаволенасьць сабой, што сам выйшаў чыстым i перад 'каханым горадам', i перад Ёю. Цi адчувала хоць яна тады, што ён тут, зусiм блiзка быў, думаў аб ёй i зрабiў усё, каб абмiнула яе тая навала?... I яшчэ крыху нядобра - трэба хавацца з гэтым усiм, як злодзею. I што Вiктар чуў, пэўна-ж, як ён 'згружаў' у балота, хоць i ня ведае праўды - таксама ня зусiм добра... Але ўсё гэта дармо, спачатку толькi трэ будзе крыху патрымацца. Галоўнае - каб не чырванець, гэтым можна зрадзiць сябе, хоць i тое, зрэшты, праўда, - усе прывыклi, што ён чырванее заўсёды. А там абляжацца ўсё, забудзецца, i будзе ўсё добра. Гэта-ж не з благой, злой справай хавацца трэба, а з добрай якраз, - толькi ў iх заўсёды добрае перакручваецца благiм i злачынным, i наадварот...

Ночны халадок крыху праймаў на лётавiшчы, але й гэта нек прыемна вязалася з тым, што пачуў i адчуў там:

Мае босенькiя ножкi,

Сьцюдзёна стаяць...

I да Вiктара нат ня было цяпер жалю, як перад стартам. Можа навет i лепш, што ён Валiку тую 'сьвiньню падлажыў'. Будзь-жа ў тым раёне якi Юрка - мала чаго нарабiць мог iз сваiм дурным рызыканцтвам - вось-жа няма й дагэтуль. I калi Вiктар запрапанаваў пачакаць яшчэ крыху ў 'чырвоным кутку', у будынку 'дыжуркi', бо на дварэ ўжо крыху зябка - Валiк ахвоча згадзiўся, не падазраючы нiчога благога й не спадзяваючыся цяпер новае 'сьвiньнi' ад Вiктара.

- Так вось i няма нашага Юрачкi, нашае Галушачкi, - пачаў iзноў бедаваць Вiктар, але выходзiла гэта ў яго так штучна, так драўляна й прыкра-штучна, асаблiва ў гэтых зьмяншальна-ласкальных, што Валiка ўсяго аж пакарэжыла неяк. - Ды мне ўсё здаецца - завiтае яшчэ вось-вось сакалок, - хлусiў Вiктар далей, будучы сам у душы цьвёрда-пэўным у зусiм адваротным, прынамся, хочучы быць пэўным.

- Баюся, што ўжо не, такi рызыкант, - пэўна, загiнуў...

- Бадай, маеш рацыю што да рызыканцтва. Зусiм што iншае тут - чыстая работа! - пачынаў адразу, сваiм заўсёдным 'самасуйскiм' звычаем, хвалiць сам сябе Вiктар. - Штаб - нашая школа - адразу, не здрыгануўшыся, трапнымi лучаньнямi - да ўсiх чартоў сабачых! Чыгуначнае дэпо - хто зраўнаваў? Больнiца - паводля вестак, зь iхнымi раненымi - уся, як сьвечка!

'Паводля вестак' - 'пэўныя весткi', - падумаў Валiк i жахнуўся: раненыя як раненыя, але-ж у гэтай больнiцы за старажыху была й тут-жа жыла Вiктарава мацi... Вось дзе запраўдная 'бальшавiцкая бязжаласнасьць', бязьлiтасная драўлянасьць - ня дзiва, што й Валiка туды, дзе бацькi, пасылаў - якая тут 'свiньня'...

- А як нашыя ўдачы, Валечка? - цягнуў далей, вiдаць, аж надта гэтым разам задаволены сабой Вiктар, у знак асаблiвай пяшчоты цi што, паклаўшы руку Валiку на калена. - Праўда, у цябе ня было паважных аб'ектаў... Вось ты зразу скуксiўся быў на мяне, кусьлiва дзякаваў 'за давер'. А падумай цяпер сам - не даваць-жа было мне гэтаму, кажаш сам, рызыканту Юрку, i ня браць сабе - бачыш, якi я... ('драўляны', - падумаў iзноў Валiк), - нiчога не пашкадаваў... i я, праўда, знарок, сьведама даручыў табе той раён, дзе нашая Вера, - ён прыцiснуў на слове 'нашая', i Валiку гэта здалося асаблiва прыкрым, як гук ад зялеза па шкле, - ведаючы, што ты будзеш шанаваць, як вока... Я нат сказаў гэта Юрку можаш спытацца ў яго, калi вернецца можа. Так што й быў давер, бяз усякае гэтае твае гiронii, найбольшы давер. Ну, а што й бацькi твае ў гэтым самым раёне - гэта ўжо трудна... Пэўна-ж, добра й з гэтым абылося?

- Ня ведаю, як там... - выкруцiўся Валiк, пачуваючы, што ўжо чырванее пад аляiстым, ды ўсё-ж мёртва- драўляным паглядам круглых Вiктаравых вачэй.

- Ну, што там - 'ня ведаю'! Папраўдзе кажучы, каб я быў на тваiм месцы... Аб'ектаў-жа там ня было, значыцца, задача адна: дэманстрацыя магутнасьцi, моцы. I калi, адлятаючы ўжо, я пачуў той гук - а быў ён якраз iз твайго, з твайго, - падчыркнуў ён аж двойчы, - боку, i я ня мог яшчэ анiяк гадаць, што мо гэта гiне бедны наш Юрачка (шчасьце, каб гэта было ня так) - дык тут-жа падумаў: гэта, мусiць, манiфэстуе 'наша Валя', i няблага манiфэстуе... Дык як?

- Так... - цiха, неазначана яшчэ, але разам iз тым неяк прыбiта, адказаў Валiк, выразна пачуўшы сябе ўжо злоўленым. Ён ня мог больш адарвацца ад гэтых, як пугачовых нейкiх, вачэй - не схавацца ад iх, усё бачаць, як пачулi й гэтыя гадкiя, адторклыя вушы той гук...

- У руiны пакiдаў, цi ў рэчку, цi так? - не даючы адхланьня, бiў далей у тую самую кропку i ўжо дабiваў, здаецца, Вiктар...

- Так... - iзноў гэтаксама, ды яшчэ цiшэй, азваўся Валiк, адчуваючы, як запраўды нек пачынае таяць, бы тая самая сьнягурка. Хоць iзноў маўчалi крыху, але добра ведаў ужо Валiк - ня зьвернуць кiрунку гаворкi гэтыя моўчкi, трэ будзе нешта сказаць, i мусiць...

- Куды? - раптам грозна крыкнуў, моцна стукнуўшы кулаком па стале, Вiктар. Аляiстасьць зьнiкла ў мамант iз вачэй, засталася зноў адна драўлянасьць, мёртвая ўжо зусiм i бязжаласная, 'бальшавiцка' бязжаласная. I Вiктар вельмi добра разьлiчыў гэты свой рэзкi зварот у гаворцы, ад якога iншы хто, вытрыманы цi спрактыкаваны 'злачынец', лёгка мог-бы перайсьцi якраз у контратаку, у вабурэньне. Iншы хто, але толькi ня Валiк, у якога адразу цiха, быццам само, як выпала:

- У балота...

- Усе?

- Усе...

Iзноў змоўклi, i цяпер ужо маўчалi даўжэй. Вiктар мусiў перажыць, не паказваючы, радасьць ад гэтае свае, i другое, i падвойнае зноў удачы: i так лёгка зыходзiў з дарогi другi - зусiм, зусiм бадай так, як было спадзявана (Вiктар навет падумаў: 'уплянавана'), i так лёгка, яшчэ лягчэй выкрыць яго ўдалося. I яму можна, нат трэба даць пярэдых - уседна, дзе дзенецца цяпер?

- Так, - абарвала нарэшце маўчанку, ды ўжо ня Валiкава цiхое-неазначанае, а станоўка мёртвае Вiктарава 'так', як кропка, як пункт над усiм. - Спадзяюся, што заўтра прачытаю аб гэтым усiм падрабязна ў вадмысловым дакладзе, таварыш Сьнягурскi, - якiя матывы й гэтак далей...

Валiк маўчаў. Гэны рэзкi зварот, на якi так папаўся адразу, гэты тон i 'таварыш Сьнягурскi' - гаварылi ўсё. I як подла падвёў! А ён баяўся толькi, каб не пачырванець, а на большае й ня ўздумаў - такi вось спрытны, спрактыкаваны круцель... Не, не яму было спадзявацца на свае сiлы ў такой гульнi, не яму... Ды што? усёдна - як iначай было? Толькi дарма сам ашукваў сябе тым спакоем... Хоць i тут - цi шкадаваць? Нечага, меней сябе пагрыз, а крыху адпачыў...

- I Вы-ж (так, i 'Вы' цяпер на месцы зусiм, як i 'таварыш Сьнягурскi'), i Вы, - цягнуў Вiктар, не дачакаўшыся адказу, - добра ўсьведамлялi сабе й павiнны ўсьведамляць цяпер, што так груба 'выкарысталi', груба-супрацьзаконна права 'аблягчэньня' ў крытычным выпадку, калi такога выпадку зусiм ня было. I да чаго можа павесьцi гэткае 'выкананьне заданьня', такая iнтэлiгенцкая маладушнасьць, такая...

Што? Валiк яшчэ не зразумеў, хоць увесь ход быў такi лёгiчны. Няўжо, хiба - яшчэ большая подласьць?

- Ты-ж сам, Вiктар, кагадзе казаў, што каб быў на маiм месцы... абы дэманстрацыя... - нек нi то просячы, нi то спадзяючыся яшчэ, што ня так зразумеў, што жарт можа ўсё, што ня будзе-ж так подла падводзiць прыкра-жаласьлiва аж для самога сябе, як ня выенчыў Валiк.

- Так, казаў 'каб' i казаў 'на тваiм', але-ж сам - сам што зрабiў, бяз 'каб', на сваiм месцы - цi не расказваў табе перад гэтым? Нiшто сабе 'дэманстрацыя' - груз бомбаў, дэфiцытны, каштоўны матар'ял, сьмерць сотняў варагоў, народныя, працоўныя грошы - у балота? - аж да патасу пачаў ужо ўзносiцца Вiктар.

'Падлюга' - раптам устаўшы, хацеў крыкнуць яму, ды ня мог ад раптоўнае навалы агiды Валiк. I адразу-ж астыг: на сябе, на сябе толькi трэ абурацца было, як мог думаць iначай, навет нейкiя добрыя намеры ў 'сьмярдзюху' гэтым дапушчаць. Не, вон адсюль, на чыстае паветра - баржджэй!

- Справа паважная, - пераходзячы тымчасам iзноў на разважна-навучальны тон цягнуў Вiктар, - вельмi,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату