а Юрку гэта адразу абурыла так, што ён ледзь не размахнуўся ўжо, каб згарачага 'качануць' гэтую, плюгавую яму раптам, 'Качку'. Якое ён мае права кпiць iз гэтага так, якое меў i мае права наагул да Яе - да Веры - кранацца сваiм дурным, 'каччыным' тупаслоўем? Але-ж сам ён, Юрка, цi ня меншае яшчэ права мае цяпер? Забойца... I, ня ўзьняўшыся, мусiла апусьцiцца рука, хоць жаданьне даць усё-ж 'у мызу' гэтаму iдыёту, проста так, залегла нейдзе ў глыбi.

Як праходзiлi паўз могiлкi, Юшка зноў загаманiў.

- А на могiлкi колькi ўсадзiлi - i чаго? Нябожчыкам ужо быту не даюць, ня тое, каб жывым. I ведаеш, якая здарылася праява? Памятаеш-жа, атруцiўся калiсьцi наш хэмiк, а мы злажылiся й паставiлi яму на магiлцы помнiк iз чырвонаю зоркаю? Дык бомба якраз акуратненька адбiла да лiха гэную зорку. Значыцца, вось якi знак! Праява, цуд, Божы цуд!

'Цаляў у крыжык, а лучыў у савецкую зорку - таксама знак?' - I Юрку прыкра прыгадалася ягонае ўчарайшае дарэмнае паляваньне на 'крыжык', i як нядобра зрабiлася раптам тады...

- А ты што, верыш у цуды? - спытаўся ён, успомнiўшы, што ў школе-ж гэты 'Качка' быў 'упаўнаважаным' 'Бязбожнiка'. Праўда, што ўся ягоная 'работа' палягала вылучна бадай на зьбiраньнi сяброўскiх складак...

- А як-жа, што ты, увяраю. Мае бацькi заўсёды былi 'рэгiлiёзныя'...

'Скончыў дзесяцiгодку, а й такога слова правiльна ня вымавiць', мiльганула ў Юркi.

- ...i мяне, хоць крыючыся, а так гадавалi. Дый, падумаўшы-ткi, нешта ёсьць...

'Нешта ёсьць', - прыгадалася зноў учарайшае Юрку.

- Нешта й тут знойдзем, ня можа быць, - ня даў далей думаць 'Качка', адчыняючы дзьверы ў нейкi цёмны калiдорчык. - Форзыхт, прыступкi! Налева!

Яны ўвайшлi ў поўную людзей, дыму, чаду й п'яное гаманы 'кнайпу'.

XI

Юрка адразу выпiў адным духам поўную шклянку нейкае, мусiць, самагонкi, даволi-ткi гадкае на смак. 'Качка', хоць i дужа хвалiў яе перад гэтым i, вiдаць, вельмi хацеў дараўнавацца ў выпiвацкiм гэройсьцьве Юрку, адужаў усяго ледзь палавiну. Закусiлi кiслай капустай, ужо, праўда, вельмi смачной, як умеюць яе квасiць хiба што толькi ў нас у Беларусi.

Гарэлка анi не ўзяла Юрку, i ён моўчкi, панура разглядаўся па 'кнайпе' i ейных гасьцёх, хоць за густым, ядучым дымам разнастайнага тытуну ваеннае прадукцыi й цяжка было каго цi што разгледзець. Паўтарылi яшчэ. 'Качка', падплятаючы ўжо крыху языком, пачаў 'раскрываць сваю душу' перад Юркам. Цяпер ён канчальна стаецца вынаходнiкам - ягонае, яшчэ школьнае лятуценьне, хоць якраз фiзыка давалася яму ў школе туга, i як сьлед 'вынаходнiк', пэўна, i цяпер яе ня ведаў ды ня мог-бы даць рады з прасьценькiм разьлiкам. Ды дармо у яго ўжо разьлiчаны й зусiм распрацаваны такi вынахад, такi вынахад... Поўны пераварот у сьвеце, а найперш - у гэтай вайне. Борздая перамога новай Эўропы над бальшавiзмам, над плютакратамi, а адкуль? Зь Беларусi, якая тым самым заваюе сабе першае месца ў гэтай новай Эўропе. А патэнт у каго? У Беларусi, у Юшкi Кiпця ў руках. 'У кiпцях', - панура мiльганула ў Юркi, баржджэй ад прывычкi да гульнi словаў, i ён таксама паглядзеў на 'Качкавы' кiпцi з густой чорна-сiняй 'жалобай' пад iмi... Але-ж, жалоба - гэта ў яго, у Юркi, запраўдная жалоба, чорна-чорная...

А 'вынаходнiк' хвалiўся далей, што пачаў ужо будаваць мадэль свайго нязвычайнага вынахаду. Праўда, тугавата з гэтым - вайна, правiнцыя, няма патрэбных частак, матар'ялаў, майстроў... Юрка слухаў яго зусiм бязуважна, горка думаючы пра тую сваю жалобу, i 'Качка' мусiў нагнуцца да яго блiзенька, узяць за штрыфлi марынаркi й адкрыць яму ўжо сакрэт, калi таму так ужо цiкава, хоць цiкавасьць гэтая анiчым яшчэ ня выявiлася, а баржджэй наадварот, пачынала паказвацца абрыджонасьць. I Юрка моўчкi, але станоўка, адчапiў Юшкавы пальцы-кiпцi ад сваiх штрыфляў. Ну, калi Юрка ўжо так хоча, дык яму скажацца: гэта мае быць - груба кажучы, толькi груба, як ляiку - вялiзарны магнэс, якi мамэнтальна прыцягвае да сябе, ськiдае далоў на зямлю самалёты. Га, што за штучка? Адразу перамога на тым баку, якi будзе мець гэткую машыну: ворагавая авiяцыя спаралiжаваная, свая дзеiць бесьперашкодна, i ўсё ў шапцы. А тады Юшка возьмецца за другi, яшчэ большы вынахад, якi ў iдэi ў яго зусiм гатовы й прынясе шчасьце ўжо цэламу, чалавецтву, ды зноў-жа - з рук Беларусi, зь ягоных, Юшкавых рук... Гэта няпраўда, што вечны рухавiк - 'пэрпэтуй мабiль', сказаў 'Качка' - немагчымы. Ён давёў адваротнае, усё выходзiць... А тады ого, тады! Тады Юшку даецца ўся ўлада ў рукi - ну, значыцца, пiшацца паперка, што ўся ўлада - Юшку, i ён уладжвае ўсё пасвойму. Трэба мець толькi ўладу, ну, паперку, i ўся маса пойдзе за табою. Калi адразу й ня надта захоча йсьцi можна крышку й падашукаць, як бальшавiкi ў сямнаццатым годзе...

Юрка ўсёроўна ня слухаў, i 'Качка' крыху перасьцiх. Але неўзабаве, выснаваўшы, мабыць, iз свайго разумаваньня над прычынаю Юркавае бязуважнасьцi да такiх цiкавых пытаньняў, ён выпалiў:

- Начхнi ты на гэтую Верку, браце. I яна зусiм спэцкалася была апошнiм часам, iз палiцыянтамi круцiць пачала, i гэта не з адным, а з двума адразу...

- Вера? - пракруцiў ацяжэлым, яму здавалася - толькi цяпер, языком Юрка. У яго зноў уздымалася аднекуль iз глыбi залеглае там яшчэ раней жаданьне таксама цяжка аплявушыць гэтага болбатня.

- Ну але. Вунь, адзiн зь iх цi не сядзiць у тэй кумпанii, - 'Качка' паказаў галавой у кут. Юрка зiрнуў туды. Там сядзелi й гаманiлi ўсе адразу, мусiць, добра ўжо пацягнуўшы, нейкiя маладыя хлапцы ў чорнай, вайсковага тыпу ўнiформе. 'Дык гэта такiя ў iх палiцыянты, - падумалася Юрку, - добра ведаць!' - хоць ён i ня мог-бы вытлумачыць, чаму гэта яму 'добра ведаць'. I раптам Юрка прыцягнуў ужо 'Качку' за штрыфлi, як той Юрку перад тым, толькi мацней, i пачаў, i сам ня ведаючы наперад, што скажа й што так - i перад кiм? прагаворыцца:

- А ты... ведаеш, адкуль я й чаго?

- Ну-у? - аж спалохаўся i, так i застаўшыся разьзяўленым, працягнуў 'Качка'. Ён успомнiў, што праўда, пытаўся аб гэтым Юрку, але цi не дачакаўся адказу, цi забыўся...

I Юрка, ня зусiм гладка ўжо i зь перапынкамi, зь пераскокамi, проста ў Юшкаву разьзяўленую губу - як- бы той мусiў слухаць i чуць ёй, а ня вушыма, вылажыў усю праўду аб сваiх учарайшых i сяньняшнiх прыгодах.

- Iдзi ты! - толькi працягнуў, усё яшчэ ня верачы, 'Качка'.

- То-ж бо й то, што няма цяпер, зусiм няма куды йсьцi, - працадзiў Юрка й змоўк. Абодва нейкi час маўчалi. 'Качка', вiдаць, стараўся ператравiць такую неспадзяваную й адразу неверагодную, а разам iз тым - чаму не праўдападобную? - Юркаву гiсторыю.

- Дык кажаш, iз парашутам - дальбог? - працягнуў ён нарэшце. Юрка толькi моўчкi i ўжо зусiм пап'яному целяпнуў галавой. Iзноў маўчалi. Тады 'Качка' раптам пачаў ёрзаць на сваiм месцы, а далей устаў i ўзяўся за капяляюш.

- Дык я... тут зараз... нешта капуста пушыць. Ты пачакай гэтта, - ён панёс капялюш да галавы, але, не данёсшы - вiдаць, раздумаўшыся, апусьцiў i паклаў на свой услон. - Хай гэта тут... будзе занята, як хто - скажаш: 'Бэзэц!' Я вомiрг! - Юрка зноў целяпнуў галавой, i 'Качка', з павялiчанай яшчэ больш цяпер амплiтудай свае валюхатае хады, паплыў да выйсьця, манэўруючы мiж п'янымi й яшчэ цьвярозымi.

Юрка выпiў яшчэ шклянку, i цi ад яе, цi ад рэзкае кiсьлiнi закускi капустаю - пачаў нёк iзноў цьвярозець. Чорт пацягнуў яго за язык перад гэтым боўдзiлам! 'Пайшоў даносiць, няйначай, - мiльганула ў яго. - Зараз прывядзе гэтых палiцаяў цi так як... Мо заробiць што для свайго магнэсавага 'пэрпэтуя'. - Ну, i няхай, - iзноў апанавала бязуважнасьць, - няхай бяруць, калi так. Пачакаем!' - I ён выпрастаўся на сваiм месцы, ськiраваўшы пагляд туды, куды адплыў 'Качка'. Але рука ўсё-ж сьцiснула, i моцна, дармо, што п'яны рэвальвэр у кiшэнi.

'...А Вера, кажа, з палiцыянтамi... 'Па руках пайшла'... Значыцца, запраўды дрэнь, i цi варта'... - цяжка варочалiся думкi. Але тут-жа абураўся сам на сябе за такое думаньне: 'Як важышся так, забойца?!' I няхай- бы сабе была, хоць-бы сабе й з палiцыянтамi гуляла, няхай... А цяпер якраз-бы ён, Юрка, шась - i, пэўна, яна тых палiцыянтаў - вон, па баку, адстаўка! Пэўна-ж, ён - лепшы... 'Лепшы' - забойца...

Дзе-ж той 'пэрпэтуй', чаму ня йдзе, не вядзе?

Нiхто ня йшоў. А мо надарма ўся гэтая трывога? Можа той - проста... Казаў-жа - 'капуста пушыць'... Ну, i няхай...

Юрка зноў нахiнуўся над сталом, узлокцiўшы цяжкую такую цяпер галаву. Здаецца, пачынала 'развозiць', цягнуць на сон...

XII

- Выбачайце!..

Што, ужо прыйшлi, прывёў? Няслухмяная рука не трапляла адразу ў кiшаню па рэвальвэр. Дый навошта? Няхай... Юрка пакiнуў гэтыя дарэмныя намаганьнi. Дый сьмех - аказалася толькi жанчына, маладая, прыгожая жанчына, уся ў чорным. Уся ў чорным?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату