- Гэтае месца занятае?
- Занятае... - Юрка намагаўся ўспомнiць тое нейкае, нямецкае пэўна, слова, якое сказаў быў тады 'Качка', думаючы, што мусiць яго канечна трэба цяпер дадаць.
- Ну але, я бачу - капялюш. Але - гэта? - яна паказала на трэйцi, вольны ўслон пры тым самым столiку, справа ад Юркi.
- Гэта? Здаецца, не.
Жанчына села, шаснуўшы спаднiцаю. Юрка агледзеў яе. Чорныя вочы, чорныя валасы, бездакорна правiльныя рысы маладога жаноцкага, напэўна, не дзявоцкага ўжо твару. Вусны падмаляваныя зьлёгку, мала знаць, таксама й бровы. У вопратцы - чорнай (дзе гэта бачыў такую, i сяньня?) - поўная строгасьць. Толькi чаго ёй тут, у гэтай кнайпе? Хiба-ж ня з гэтых... з прастытутак. Тыя-ж павiнны быць размаляваныя, разьвязныя, паўголыя... А тут-жа яны могуць, павiнны навет быць. Што-ж, можа 'незнаёмка' - з таго вершу, што так любiць чытаць Валiк, як троху чарку возьме (i Юрка любiць вершы, ды толькi непамкi заўсёды, чые яны забываецца). Якраз там нешта пра чорны шоўк, якi шастае. I дзе ён чуў гэтае шастаньне?
- Дазвольце аганьку? - зьвярнулася 'незнаёмка'.
Ну, калi курыць - дык напэўна ўжо з 'гэтых', яны-ж, кажуць, усе кураць. А вонкавасьць, строгасьць - часам знарок на сябе напушчаюць, каб прынадзiць лягчэй, Юрка чытаў нейдзе гэтак. Але ён, усё-ж, як мог, пакавалерску дастаў з кiшанi сярнiчкi, не даючы прыкурыць ад ягонае папяросы, што, праўда, да таго-ж i згасла ўжо няма ведама, калi. Жанчына закурыла й кiўнула галавой, дзякуючы.
Мабыць, ад суседзтва 'незнаёмкi' за адным сталом хмель iзноў пачаў бiць у галаву Юрку. Суседка выдавалася што раз больш павабнай i прыгожай. Навет тое, што яна курыць, было ёй нек асаблiва да твару, прыгожа й асаблiва ўзбуджала. I Юрка зусiм бясцырымонна ўзорыўся ў гэтую 'незнаёмку', як-бы хацеў яе выпiць вачыма, яшчэ больш ахмялiцца ёю. Але тая на яго, як быццам-бы, анi зважала, прымружанымi крыху вачыма пiльна выглядаючы некага сярод кнайпавае публiкi. Каго яна шукае?
Ды раптам чорная 'незнаёмка' павярнулася да Юркi i з павабнай цi завабнай усьмешкай, гледзячы проста ў вочы, сказала:
- Дык гэта вы - той парашутысты? Ня бойцеся, я - так званая (яна прыцiснула на гэтым слове) жонка гаспадара гэнага дзiвацкага капялюша, - яна кiўнула на 'Качкаву' аздобу на ўслоне.
Юрка адразу нек нiчога не зразумеў. Жанчына моцна зацягнулася папяросай i, нахiнуўшыся да Юркi блiжэй, не зьмяняючы тае-ж усьмешкi, але цяпер паўшэптам, нейкiм пасьпешным i, здавалася, гарачым, пачала яму тлумачыць. Ён мала разумеў i цяпер, больш любуючыся, як разам iз словамi выскокваў у яе дым, то гусьцейшы, то зусiм далiкатна-сiвенькi, i так доўга, як-бы гэта не ад папяросы, а загарэлася ў яе што ўнутры, i адтуль - i гэты дым, i гарачы такi шэпт. Юрка ня бачыў яшчэ нiколi, каб гэтак курылi жанчыны, ды яшчэ - маладыя, такiя прыгожыя. I ён куды больш глядзеў на гэткую дымную вопратку словаў, як услухваўся i ўдумваўся ў iхны сэнс. Усё-ж, нарэшце i з большага да яго дайшло: 'Качка' i запраўды пабег даносiць, а яе, сваю 'жонку', прыслаў сюды пiлнаваць. Толькi Юрка можа быць зусiм спакойным. Адно, што той нiкога цяпер ня знойдзе сьвята, усе такiя во, як i тут, а каб i знайшоў, дык нiчога ня будзе: ня будуць i слухаць такога, таксама-ж п'янога, дый наагул, яны такiя-ж няпiльныя, такiя наiўныя, што да даверу людзям, i зусiм ня цэняць даносаў i даношчыкаў. Цi раз ужо праштырвалi з гэтым i 'Качку'... А нарэшце, i галоўнае - на тое й яна тут. Праўда, страшэннай неасьцярогай было зь Юркавага боку зьвярацца з гэтым, хоць сабе й свайму школьнаму сябру, але такому, хай Юрка прабачыць, дурню (апошняе Юрка моўчкi пацьвердзiў, целяпнуўшы галавой). Ейны праўдзiвы муж - таксама тут, недалёка, працуе з 'нашымi' ў лесе й таксама нядаўна з парашутам... А гэты так - часовая шырма. Як iз мужа - зь яго невялiкае што. Садзiць усе грошы на нейкi iдыёцкi вынахад - пэўна-ж, хвалiўся Юрку? I каб па iм - даўно трэ было-б сям'i дацца з голаду. Загрувазьдзiў усю хату дзiвацкiмi сваймi прычындаламi, мусiла выкiнуць iх у хлеўчык. Ды зь iм лёгка даць рады. А яна зараз можа ськiраваць Юрку, куды трэба. Не? Значыцца, ведае сам... Ён яшчэ пабудзе тут? Толькi-ж - асьцярожнасьць, гарэлка - заўсёды благое апраўданьне. Ну, яна яшчэ можа наведаецца сюды... - i, загасiўшы аб стол недакурак, бо попелкi ня было, жанчына адыйшла з усё тэю-ж усьмешкаю й шастаньнем шоўку.
Ага, цяпер Юрку ўспомнiлася. Гэта цi не яна прашастала каля яго там, на могiлках, абудзiўшы з таго адраньцьвеньня? Уся ў чорным, але, гэта яна. Хто яна?
У добра п'яной ужо галаве ўсё блыталася. Раптам выйшла нек, што яна - гэта Вера, хоць на самой рэчы мiж iх нi ў чым ня было нi макулiнкi падабенства. Вера! 'Пайшла па руках', з палiцыянтамi, i курыць, як прастыт... Не, але-ж якая - яшчэ прыгажэйшая! I няхай-бы была, хоць якая, абы была. А так - уся ў чорным... Усё чорнае зацягвае, засьцiлае ўсё... нячорнае. I ў дыме чорнай цемры - вогнiшча толькi, i Мечык, хлопчык Мечык...
Мечык - меч... Якая дурнiна: Мечык - меч, - гэта-ж усё - толькi гульня словаў. I толькi сьнiцца, трызьнiцца, ды сп'яну. А меч у Юркавых руках - як зiгацiць! Не, гэта крыж, той учарайшы крыж зiгацiць, мяняецца. 'Меч i крыж' здаецца, кiно такое было калiсьцi...
Але-ж, меч i крыж. I зь мячом, зь Мечыкам - гэта-ж ён вырас у меч - зь мячом - на каго? На крыж? Не, накрыж... Накрыж яго перачыркнулi. Хто? 'Нашыя', пэўна... 'Працуе з 'нашымi' ў лесе'. Хто 'нашыя'? 'Юзiкавы хлопцы'?
А сам 'Юзiк' - сам Iо-сiф Вi-са-ры-са... i ў мазгох не пракруцiш, яшчэ як п'яны... Юрка-ж бачыў яго самога, 'вялiкага правадыра', а тут ён - як маленькi: 'Юзiк'... Дый маленькi-ж - добра бачыў яго, як быў выпуск iхнае школы. Не, зусiм не 'вялiкi', а малы, касалапы, i твар у восьпiнах - адно малююць гэткiм прыгажуном. Адно малююць, а так - усё няпраўда, усё ў iх няпраўда, ён ведае даўно... 'Маняць, як малююць'. I мана, няпраўда, што 'Сталiн': сталь - вось на гэтым мячы. Дык зь iм - на яго, на iх, на 'нашых'? А хто-ж - 'нашыя', дзе 'нашыя', дзе 'вашыя'? 'Нашы вашых падвязуць'...
Як-жа зiгацiць - меч - аж глядзець баляць вочы... Прыплюшчыць вочы... Прыплюшчаным вокам - нехта глядзiць, пiльна глядзiць. Гадэнка - ажыў i глядзiць? Не, гэта Мечык прапушчаў ад вогнiшча прыплюшчаным вокам. I гэтая - у чорным - плюшчыла вочы, выглядала кагось у дыме. Вера? 'I той пагляд'... Пагляд прыплюшчанага вока... Будзе гэтак глядзець цэлы век, i трэ будзе нешта рабiць, каб заплюшчыць яго, цi засыпаць - пяском. Не, завязаць - чорным, чорныя бываюць павязкi на воку. Уся ў чорным - i яна ад 'Юзiка', яны ўсе чорныя, ад чорных, чорненькiя - дробненькiя 'Юзiкi'. Чорнае - агнiстым мячом расьсячы! А вока ўсё роўна будзе прыплюшчанае век, iз тым самым дакорам, вялiкае вока, як у кiно, людзкое вока, як у казках... Казкi там, у лесе... 'Пуга, торбачка, гразь па калены, адпачынак на балоце, ля вагня'...
Нехта моцна трос за плячо. Кнайпа пустая ўжо, толькi дым, i дым у галаве, у душы, халодны дым. Ага, трэба ўжо зачыняць? Плацiць? Калi ласка, калi ла-асачка, колькi хочаце, ня лiчачы навет. А шапка, дзе шапка? Ня было-ж шапкi, праўда. Быў дзiвацкi капялюш - Юшкаў, 'Качкаў', з загнутым пяром адзадзя. Дзе-ж ён? I яго ўжо няма. А так-бы ёмка цяпер зафутболiць у той вунь кут - капялюш. I Юшку - па капялюшку - заюшыць. Што, данёс? 'Качка' - толькi гадкiя 'качкi' пушчаць. 'Беларусь', 'зь Беларусi', 'для Беларусi'. Для Веры. У што веры? Няма Веры, няма веры, а Беларусь ёсьць, ёсьць Мечык...
Што? Ужо, ужо...
Цяжкiмi, няслухмянымi нагамi выбраўся Юрка з кнайпы. Нехта памагаў? Дурнiна, с-сам.
Вясьняны цёплы брызок далiкатна пырскаў на твар. А як-жа цёмна, чорна-цёмна, анi ясачкi...
Перастаўляў ногi, кiруючыся наманы, праз тую чорную цемру - да нейкага вогнiшча, хоць нiякага ня было нiдзе. Кiравала, усплыўшы, зноў тое: 'Пуга, торбачка, гразь па калены, адпачынак на балоце, ля вагня'...
XIII
На Юрку яшчэ доўга чакалi на лётавiшчы, хоць ужо ясна было: ня вернецца... Не вярнуўся-ж i тамбоўскi герой Жарабцоў, i сябры зь ягонага зьвязу самi бачылi, як, загарэўшыся, кулём рынула далоў ягоная падстрэленая машына. Гэтак загiнулi два найбольшыя рызыканты эскадрыльлi. Не далiчылiся й яшчэ сяго-таго, двух не зьвярнулася з паветранага бою, да якога яны былi змушаныя ворагавымi зьнiшчальнiкамi, што перанялi iх падарозе назад. Хоць, праўда, i згаджалiся ўсе, што налёты былi неспадзяванымi для ворага, i абарона ўсюды ўваходзiла ў справу не адразу, 'праспаўшы', але ўсё-ж гэтая абарона была, i 'пэўныя весткi', што яе быццам няма, толькi абуралi ўсiх.
На Юрку чакалi даўжэй за ўсiх, бо нiхто ня бачыў ягонае катастрофы. Праўда, Вiктар ужо пад канец чуў страшэнныя выбухi, гул ад якiх проста зьлiваўся - можа, Юрка 'сеў на свае'? Але гэта як-бы было зусiм не ў ягоным баку... Валiк здагадваўся добра аб запраўднай прычыне чутага Вiктарам, ды, пэўна-ж, маўчаў...
Усё-ж адправу па ахвярах, дзеля пэўнасьцi, пастанавiлi зрабiць па сьвяце мо яшчэ й вернецца хто 'пехатой на самалёце', як любiў казаць - нябожчык? Юрка.
Настрой у бальшынi 'сакалоў' ад усяго гэтага быў ня вельмi, каб 'сакалiны'. Толькi якраз першы зьвяз,