- Я ня вас пытаю, - суцiшыў крыкуна старшы сяржант. - Лепш скажэце мне, грамадзянiн, дзе тая згвалтаваная жанчына?
- Я...
Мiлiцыянты нiчога не ўстанавiлi. Яны забралi з сабою Зiну й Сьцяпана. Допыт у камiсарыяце таксама ня даў вынiкаў; пад вечар дзяўчыну выпусьцiлi. 'А вы - пасядзеце', - сказалi Сумленевiчу. I ён цiхмана прайшоў у арыштанцкi пакой. Уночы разбудзiлi яго й завялi да сьледчага, якi ўжо шмат ведаў пра ўсё.
Сумленевiч - нi то ад страху за далейшыя наступствы, нi то застаючыся ляяльным у дачыненьнi да дзяўчыны, - не адступiўся ад узьнiклай вэрсii падзеi. Назаўтра былi прад'яўленыя яму паказаньнi сьведкаў - працаўнiка адмiнiстрацыйнай сэкцыi, рэфэрэнта з аддзелу паслугаў, працаўнiка сэкцыi па справах грамадзкага самакiраваньня й iнш.
Сьцяпан не раскалоўся.
Ён выратаваў перш за ўсё самога сябе. (Нядаўна расказвалi яму, як старшыня, даведаўшыся пра здарэньне зь Зiнай, папрасiў дзяўчыну да сябе ў габiнэт i намаўляў яе, каб яна абвiнавацiла Сьцяпана ў згвалтаваньнi: дэкляраваў ёй павышэньне на службе. Адказала яму: 'Я, пане старшыня, не раздумала выйсьцi замуж'.)
32
На працу Сьцяпан Сумленевiч не пайшоў. Не вярнуўся ён i дамоў - спачатку ня могучы прабачыць Кiры, што яна не даведвалася, дзе ён i што зь iм.
Штосьцi каля тыдня начаваў Сьцяпан у знаёмых, ад якiх наслухаўся ён усякай усячыны.
Пераначаваў - i ў члена камiсii, якi афiцыйна паведамiў Сьцяпана:
- Вас шукаюць з позвай на суд. Ну, адпачывайце ў мяне, а я пайшоў - трэба абкапаць бульбу.
Позву, у той-жа вечар, Сьцяпан паквiтаваў на цэнтральнай пошце; хатнi адрас на ёй быў закрэсьлены i, вiдавочна, лiстанош надпiсаў: 'Адрасат невядомы'.
Адбыўся суд.
Суд як суд. Адвакату абвiнавачаньня засьвяцiлiся вочы, калi пачуў ён тлумачэньнi Сьцяпана, падсуднага. 'Высокi суд! У васобе Сьцяпана Сумленевiча мы можам наглядаць тое бессаромнае круцельства, патанаючы ў якiм да самога дна, абвiнавачаны не завагаўся чыстае й высакароднае зьмяшаць зь нiзкiм, брудным i подлым...'
Усё прышылi яму.
Уляпiлi Сумленевiчу дзiўна нямнога, гадоў нешта паўтара. Нечуванае: без грашовай рэкампэнсацыi пацярпеламу!
Турэмны выхавальнiк неяк наладзiў дыскусiю аб маральнасьцi, яе сутнасьцi й скрыўленьнях. Сумленевiч меў палымянае выступленьне; ён моцна зьдзiвiўся, калi пасьля гэтага дыспуту запрапанавалi яму працу ва ўнутраным радыёвузьле турмы. Там было ўжо двух: юрыдычны дарадчык, якога пасадзiлi за камбiнацыi, i будаўнiчы iнжынер, што пракраўся на цыманьце. Сьцяпан пiсаў перавыхаваўчыя гутаркi (памерам да дзесяцi хвiлiнаў), зь якiх яго незвычайныя супрацоўнiкi рабiлi жарты. Ён абураўся на iх, i дайшло да нашумелай авантуры, пасьля якой Сумленевiча перавялi ў брыгаду па будаваньню дарогаў. Непрызвычаенаму да фiзычнай працы Сьцяпану Сумленевiчу цяжка даўся там першы месяц - смылелi яму нават костачкi!
За прыкладныя паводзiны ён быў умоўна выпушчаны з турмы пасьля году. Зь пяцiдзесяцiтысячным заробленым капiталам, на той час вартым паезджанага аўта.
На ўскраiне Беластоку купiў Сьцяпан малюткую хацiну, от, пакоiк з куханькай. З дрывотняй ды акрайцам агароду. Сам сяк-так змайстраваў неабходную сабе мэблю й палiцы на кнiжкi, на ўсю сьцяну.
Беласток, 1977-1993